Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Таццяна Барысюк: Чаргаві як новая цвёрдая форма верша (да 75-гадовага юбілею Ганада Чарказяна)

Таццяна Барысюк: Чаргаві як новая цвёрдая форма верша (да 75-гадовага юбілею Ганада Чарказяна)

2 лістапада 2021, 23:15 Культура 55
Таццяна Барысюк: Чаргаві як новая цвёрдая форма верша (да 75-гадовага юбілею Ганада Чарказяна)

18 кастрычніка споўнілася 75 гадоў вядомаму беларускаму паэту і празаіку курдскага паходжання Ганаду Чарказяну, які піша на курдскай, армянскай і рускай мовах. З’яднаць лёс з нашай краінай яму дапамагло каханне: у 1973 годзе, ажаніўшыся з беларускай, паэт пераехаў у Менск.

Так атрымалася, што мы з Ганадам Бадрыевічам нарадзіліся ў адзін дзень, з інтэрвалам у 25 гадоў. Мне, як жанролагу, было цікава назіраць за публікацыямі ў “ЛіМе” і ў “Полымі” новай цвёрдай формы верша-чатырохрадковіка, створанай гэтым паэтам – чаргаві (што перакладаецца з курдскай мовы як “чатыры крокі”, схема рыфмоўкі радкоў – абаб). Маё падабенства з Ганадам Бадрыевічам было і ў тым, што я таксама стварыла новую цвёрдую форму верша-трынаццацірадковіка – “залатое сячэнне” (абааб вгвгдеде) і напісала больш за 10 вершаў такой формы.

Адразу заўважу, што ёсць такія вядомыя ўсходнія цвёрдыя формы чатырохрадковіка, як рубаі (з рыфмоўкай ааба, і яго разнавіднасць з аманімічнымі рыфмамі – туюг і айрэн (аааа). Трэба заўважыць, што творы Ганада Чарказяна паводле іх ідэйна-вобразнага напаўнення не ўступаюць лепшым узорам вышэй названых чатырохрадковікаў.

У чаргаві Ганада Чарказяна хочацца асабліва адзначыць мудрасць яго лірычнага героя. Асацыятыўна згадваецца, як бахцінская “памяць жанра” (тут “памяць чатырохрадковіка”), мудрасць рубаі маіх любімых паэтаў Умара Хаяма і азербайджанскага паэта Насімі. Невыпадкова, відаць, залацінкі светапоглядных высноваў адліваліся і адліваюцца ў сціслую мінімалісцкую форму чатырохрадковіка. На сённяшні дзень многія паэтычныя формы маюць тэндэнцыю да мінімалізму. Бо ў ХХІ стагоддзі час імклівы, і вялікія па аб’ёме творы, як лічаць многія літаратуразнаўцы, не будуць карыстацца шырокім попытам у сучасным грамадстве. Таму, відаць, невыпадкова вялікая папулярнасць і хайку ў сучаснай беларускай і рускай паэзіі.

Мудрасць і светапоглядная глыбіня пранікнення ў рэчаіснасць – як квінтэсенцыя чаргаві Ганада Чарказяна. Упэўніцца ў гэтым можна праз наступныя ўзоры яго філасофскай лірыкі:

Час імкліва і мутна цячэ.

Як спасцігнуць яго глыбіню?

Дзень пражыты – не вечнасць яшчэ.

Дай адстаяцца дню.

 

Марыць чалавек скарыць Сусвет –

Гэтакую вотчыну займець!

Стане нават Богу ён сусед,

Але мары абрывае смерць.

 

Сябе надзеяю не лашчы,

Бо беспрасветна забыццё.

Ты – камень, выпушчаны з прашчы.

І той палёт – тваё жыццё.

(У перакладзе Алы Канапелькі.)

 

Паэт, народжаны пад знакам Шаляў, нездарма задумваецца аб справядлівасці:

Ці вынайдуць калі такія шалі,

Каб важыць справядлівасць, як муку,

Каб лайдаку яны не дадавалі,

А набаўлялі больш працаўніку?..

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

 

У сваіх чаргаві Ганад Бадрыевіч асэнсоўвае і пытанні паэтычнага мастацтва:

Вось пяро, і папера, і час у запасе –

То стварай, колькі сілы стае.

Ды падумай, пакуль шчэ сядлаеш Пегаса:

Ці патрэбны тварэнні твае.

Хоць думка баразну глыбока верне,

Пачуццяў каласуе жніва, –

Мастацтва залатое зерне

Не кожная народзіць ніва.

 

Чаргаві мае высокі жанрава-тэматычны патэнцыял і дазваляе праз сябе выяўляцца не толькі філасофскай лірыцы, але і інтымнай:

Абняць цябе, стаіць дыханне

У валасах – яны цякуць ракою.

Мудрэц ты ці вар’ят – каханне

Не дасць выратавальнага спакою.

 

І пейзажная лірыка паспяхова выяўляе маляўнічасць сваіх вобразаў праз чаргаві:

Мне любы час таемны вечароў.

Душа і зоркі ў небе – у адным.

А поўня – выраб паднябесных ганчароў,

Святлом наліта незямным.

(У перакладзе Алы Канапелькі.)

 

Ёсць у паэта і сатырычныя чаргаві:

Чалавек схапіць як болей марыць,

Каб не гаспадарыць – валадарыць.

Ды, ад ненажэрнай прагі потны,

Забываецца, што ён смяротны.

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

 

Ёсць сатыра і з маральна-этычным ухілам – аб празмернай рацыяналізацыі балансу “браць” і “даваць” у стасунках з іншымі:

Свет меркантыльны ўсё кладзе на вагі.

Выгода з мора змроку іскру выкрасае.

Шукаем і любові, і павагі…

Але каго ўзамен мы любім самі?

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

 

Сэнс жыцця шукаюць паэты-філосафы. І Га-над Чарказян – не выключэнне з гэтага правіла:

У капканах старых нашы думкі й звады.

Закончыцца шлях наш, і зробімся тлом.

Хвала таму, хто паверыць рады,

Што цяжкое жыццё пражыў са святлом.

(У перакладзе Рыгора Барадуліна.)

 

Віншуючы Ганада Бадрыевіча з 75-годдзем, зычу яму новых чаргаві, напоўненых мудрасцю, любоўю і святлом.

11.10.2021 г.

 

На фота: Задыякальна-паэтычны праект “12 сузор’яў” паэтычнага тэатра Арт.С. у Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. Сустрэча адзінаццатая: Шалі (2008). На здымку – прадстаўнікі знака Шаляў, акрамя вядоўцаў (Аксаны Спрынчан, Зміцера Арцюха) і майго сына Петрыка (у мяне на руках). На фота злева направа стаяць: Максім Клімковіч, Аляксей Чубат, Ганад Чарказян, Зміцер Сідаровіч, Пётр Падгорны, Таццяна Барысюк, Зміцер Арцюх. Сядзяць: Аксана Спрынчан і Валярына Кустава.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3417
Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня
Мова

Тэксты для 13-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Уладзімір Караткевіч. Беларуская песня

10 лютага 2020, 21:2816
У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята
Грамадства

У Лідзе грэка-католікі адзначылі парафіяльнае свята

25 верасня 2018, 00:2515
З калядамі!
Культура

З калядамі!

7 студзеня 2019, 10:0615
Далучайцеся да нас