У выдавецкім Доме “Звязда” пабачыла свет новая кніга “Акрыленыя родным словам”, якая выйшла накладам у 1000 асобнікаў, прысвечаная 150-годдзю з дня нараджэння Лесі Украінкі і 145-годдзю з дня нараджэння Алаізы Пашкевіч.
– Яркі талент, асабістае жыццё і грамадскае становішча Лесі Украінкі пастаянна вяртаюць нас да разважання пра яе невычэрпную сілу духу і вялікую веру ва Украіну, – адзначыў надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.- У юбілейны год амбасада сумесна з украінскай дыяспарай у Беларусі і мясцовымі ўладамі правяла шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных Лесі Украінцы ў Менску, Мар’інай Горцы, бо з гэтымі гарадамі яе яднала і дружба, і любоў. Тут пасля напісання знакамітай паэмы “Апантаная” раскрыўся яе лірычны талент. Урачыстыя мерапрыемствы прайшлі сёлета ў горадзе Шчучын і пасёлку Астрына Гарадзенскай вобласці, на малой радзіме пісьменніцы Цёткі, якая была духоўнай сястрой Лесі Украінкі.
Лёс А. Пашкевіч быў звязаны з Украінай. Яна вучылася ў Львоўскім універсітэце ў 1907-1910 гадах і навакольнае культурнае жыццё натхняла яе на вершы. У гэты перыяд у Жоўкве пры падтрымцы мітрапаліта А. Шаптыцкага яна выдала паэтычны зборнік, які змяшчаў знакамітую паэму “Суседзям у няволі”. Леся Украінка і Цётка – не толькі паэткі, але і змагары за свабоду, за адраджэнне нацыянальнай свядомасці сваіх народаў. З дня нараджэння дзвюх вядомых жанчын прайшло паўтара стагоддзя. Украіна і Беларусь сцвердзіліся як незалежныя дзяржавы, але творчасць гэтых паэтак застаецца актуальнай, – адзначыў Ігар Кізім.
Пасольства Украіны і Шчучынскі райвыканкам пры падтрымцы Валынскага ўніверсітэта імя Л. Украінкі падрыхтавалі праект, прысвечаны 150-годдзю Л. Украінкі і 145-годдзю Цёткі – выданне біяграфічнага і паэтычнага зборніка выбраных твораў вядомых паэтак на ўкраінскай і беларускай мовах.
Ларыса Пятроўна Косач-Квітка (1871-1913) – самая вядомая ўкраінская пісьменніца, перакладчыца, публіцыст, фалькларыст, культурны і грамадскі дзеяч стала класікам украінскай літаратуры.
Алаіза Сцяпанаўна Паш-кевіч ( 1876-1916), (вядомая пад псеўданімамі – Цётка, Мацей Крапіўка, Гаўрыла з Полацка, Банадысь Асака і іншымі) вядомая як паэт, празаік, публіцыст, перакладчык, настаўніца, артыстка, сястра міласэрнасці, літаратурны рэдактар часопіса, аўтар першага падручніка для дзяцей.
У новую кнігу ўвайшлі агляд творчасці Л. Украінкі і Цёткі, які зрабіў прафесар, доктар філалагічных навук Вячаслаў Пятровіч Рагойша, успаміны пра Лесю Украінку яе мужа Клімента Квіткі, пісьменніка і грамадскага дзеяча Івана Франка, паэта і перакладчыка Івана Драча, літаратуразнаўцы Марыі Мокліцы і іншых, прывітальнае слова старшыні ТБМ Алены Анісім, успаміны Анатоля Клышкі і іншых.
Зборнік упрыгожылі лепшыя паэтычныя творы Лесі Украінкі і Цёткі на ўкраінскай і беларускай мовах.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.