Хвалім настойлівасць у дзеяннях спадарыні Алены Анісім у абарону ТБМ і былую працу спадара Алега Трусава, энергічнага па выпуску газеты, спадара Станіслава Судніка і ўсіх, хто разам быў і ёсць у плыні супраць штурмавога завіхрэння сілы змывання беларускай мовы і ўсяго нацыянальнага! Вы, сябры-кіраўнікі, і ўсе мы разам стараліся даказаць, што Радзіме-Айчыне і дзяржаве, якая пастаўлена на давер яе людзей, недапушчальна мець раскол у пытанні: які павінен быць твар незалежнай Беларусі? Карэнная мова – аснова культуры, найпершая прыкмета незалежнасці. Доўга чужыя мовы грубай сілай прыгнята-льнай гучнасці гаспадарылі на нашай зямлі (гісторыя пацвердзіла). Дык мы ўзрушыліся радасцю адраджэння патрыятычнай гісторыі, культуры, нацыянальнай годнасці, атрымаўшы незалежнасць краіны. І чым заканчваецца доўгі клопат?!
Сп. Алена, вы некалі выказаліся прыкладна так (у прыватнай размове са мной, памятаю): “Мы спакойна, культурна-тлумачальна, без прымянення кроплі знявагі, напору, паступова ўнясем яснасць у свядомасць кіраўніцтва, што значыць мова як сіла патрыятычная, для абароны аўтарытэту дзяржавы”. Вы мелі надзею на ўзаемаразуменне. Я такога спадзеву не мела, але ўсё ж… Мы працавалі духоўна разам. А колькі лістоў рассылаў сп. Алег Трусаў дзяржаўным структурам! Культурна, напорыста перамаўляўся з прычыны моўнай адсутнасці там, дзе, здавалася б, яснай, як дзень, патрэба мовы. Вы трывожыліся пры такім небяспечным двухмоўі, вы верылі ў паразуменне з дзяржавай, яе згоду на існаванне беларускасці і дзейсную падтрымку мовы. Вы імкнуліся супрацоў-нічаць.
Дык вось што вышла? Ваша слова (далікатнае, ласкавае і лагічнае) выклікала такі супраціў? Як думаць? Лагічнасць існавання, жывая прысутнасць мовы прызнаецца збройнай сілай? Моцнай? Дык жа мова як зброя не пагражае плоці. Чую ад людзей: “Там ўсеагульная неахвота вучыць мову”. Але ж таму, хто кіруе, патрабуецца інтэлектуальны рост.
Мовы ж няма на афіцыйным узроўні. Не відаць, не чуваць ні ў выканкамах, ні ў школах, ні ў садках дзіцячых, нават, у культустановах, акрамя афармлення ў бібліятэках; сям-там пракрадваецца на чыгуначным шляху, з шыфроўкай хітрасці: звонку – назва станцыі беларуская, а ўнутры вакзала ва ўсіх абвестках змест рускамоўны, толькі загалоўкі для адводу вачэй. Для смеху. Гэта там, дзе я жыву. Ідзе шматгадовая ліквідацыя мовы. Вырасла пакаленне, якое не можа расчытаць мой выразны, беларускі верш. Не разумее мову, на якой я ўмею захапляльна пісаць, выказвацца душой, што люблю тое месца, дзе я нарадзілася і ўсё жывое, светлатворнае, і Беларусь, і хачу ёй шчасця і прыгажосці духоўнай.
Дык яшчэ больш забойна: на афіцыйным узроўні не дазволена беларускім пісьменнікам быць разам? На чарзе недазвол ТБМ? Забаронена публічна гаварыць з людзьмі і ўладамі, што няма мовы? Выходзіць так? Дык думку ж і малітву, раду духоўную як забароніш?
Вось я і кажу не на развітанне, а з большай устойлівасцю веры: усе, хто ў ТБМ-е, у СБП, хто гаворыць, моліцца, піша і спявае па-беларуску, шчасліва ўсім! Дапамажы нам, Святло Божае! Я ж не перастаю быць сябрам гэтых згуртаванняў духам, розумам, талентам і любоўю. І святлазычліва стаўлюся да ўсіх іншых, хто умее глядзець і думаць, спрыяць хоць нейкім рухам светлай свядомасці.
Год 1999. Створана наша суполка. Гледзячы на лічбы, не забудзешся. Яна папаўнялася людзьмі, якім цікава было разам, бо дзе яшчэ заўважыць колер, голас, мелодыю Беларусі? І ад пачатку ззяла мастацкая праца. Не ззяў толькі давер раённага кіраўніцтва да нашых прыгожых мерапрыемстваў. І яно аднойчы, ці не ў 16-м годзе 21 стагоддзя, спанталычалася да абсурду – маланкава забараніла гасцёўна-фальклорнае выступленне. Дык і ў 20-м не ахвяравалася пусціць нас з мастацкім словам і музыкай ні ў бібліятэку, ні ў музычную школу – ажыццявіць свята мастацкага сяброўства. Так мы і не адзначылі эстэтычна 20-ці годдзе нашага згуртавання. А ў суполку паступалі просьбы аб прыёме ў сябры. Напрыклад, Валянціна, якая старанна выпісвала “Наша слова” аж дзве заявы падала. Дык лёс (афіцыйна быць сябрам таварыства) не збыўся. І ўсё ж застаемся разам.
Марыя Баравік,
сябра ТБМ і СБП, Падсвілле.