Трыццатага верасня споўнілася б 90 гадоў з дня народзінаў апошняга з васьмі народных паэтаў Беларусі, выдатнага фалькларыста, публіцыста, навукоўца, педагога, заслужанага дзеяча навукі Рэспублікі Беларусь, грамадскага дзеяча Ніла Сымонавіча Гілевіча. Яго імя мы адразу ўзгадваем, пачуўшы стаўшыя народнымі радкі: “Вы шуміце, шуміце нада мною, бярозы…”. Ніл Сымонавіч – аўтар адзінага, унікальнага для нашай літаратуры вершаванага рамана “Родныя дзеці” і культавага “Сказа пра Лысую гару”. Класіка нашай літаратуры не стала 29 сакавіка 2016-га… У сваім спачуванні з нагоды смерці слыннага літаратара Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка адзначаў: “Творчасць Ніла Гілевіча блізкая чытачам розных пакаленняў і па праву займае асаблівае месца ў айчыннай літаратуры. У яго паэзіі знайшлі адлюстраванне высокія маральныя ідэалы, любоў да Радзімы, павага да людзей”.
Прапануем нашым шаноўным чытачам незвычайны матэрыял – размову нашага пастаяннага аўтара Уладзіміра Барысенкі, журналіста і пісьменніка, з мэтрам беларускай літаратуры, якая адбылася ў ягонай кватэры… 25 гадоў таму, напярэдадні 65-годдзя Паэта. Гэтую размову Ніл Сымонавіч вельмі ўважліва вычытваў і перачытваў, удакладняючы кожнае слова, кожны знак прыпынку! Звярніце, даражэнькія, увагу, як надзённа, актуальна, моцна і прадказальна гучаць словы класіка сёння.
– Ніл Сымонавіч, хацеў адразу ж вас з некім параўнаць, але перадумаў. Відаць, гэта не сур’ёзна. А як вы асабіста адносіцеся да параўнанняў у літаратуры?
– Кожны сапраўдны талент у любым родзе мастацтва – самабытны, мае сваё ўласнае, непадобнае на іншых, аблічча, і ў гэтай адметнасці яго каштоўнасць, гэтым ён цікавы, гэтым і апраўдана яго “прэтэнзія” на ўвагу грамадскасці. Два паэты ці пісьменнікі зусім падобныя па творчай фізіяноміі – па светаўспрыманні, па стылі, па мове, па пісьму, – навошта яны? Аднаго хопіць! Прырода так і распарадзілася. І калі мы усё ж бачым двух літаратурных блізнят – значыць, адзін з іх талент арганічны, прыродны, самастойны, а другі – ягоны эпігон.
Не бачу сэнсу ў параўнанні самабытных талентаў як творчых велічынь. Пустая марная справа. Які б ні быў вялікі Пушкін – ён мне як чытачу не заменіць нікога са сваіх няхай сабе і менш геніяльных сучаснікаў – ні Кальцова, ні Баратынскага, ні Цютчава… Гэтак жа Янка Купала не заменіць мне, скажам, Уладзіміра Жылку, ці Язэпа Пушчу, ці Паўлюка Труса… Параўноўваць для таго, каб сказаць: ён не дацягвае да маштабаў Купалы – неразумна і, мякка кажучы, некарэктна, бо “ён” і не думаў з некім цягацца ў творчай моцы, мерацца славай, месцам і роляй у літаратуры: ён мае свой голас, вядзе свой матыў, сваю песню – і ўсё: большага з яго не пытайце.
Калі талент самабытны – ён непараўнаны, якое б сціплае месца ў літаратуры не займаў.
Задача літаратурнай крытыкі – паказаць прыродную адметнасць кожнага сапраўднага таленту, і ў гэтым плане, у фізіянамічным, пэўныя параўнанні могуць быць. І карысць ад іх будзе такая, што чытач лепш убачыць усю разнастайнасць, усё багацце талентаў. І яго духоўны свет пашырыцца і пабагацее на яшчэ адно паэтычнае бачанне жыцця. І ён, напэўна, у большай меры стане чалавекам. Бо паэзія ж прыйшла на зямлю дзеля гэтага.
– Чаму сёння паэзія не знаходзіць такога шырокага, як раней, выйсця на жыццёвы прастор, да чытачоў?
– Паэзія – спажытак духоўны, хлеб для душы. І попыт на яе залежыць ад таго, у якой меры грамадства жыве патрэбамі духоўнасці, маралі, сумлення, кіруецца ідэаламі дабрыні, чуласці, справядлівасці. На жаль, умовы жыцця для большасці жыхароў Беларусі склаліся так, што аб духоўным, высокім, светлым, думаць проста няма калі. Трэба думаць аб хлебе надзённым, аб тым, што пакласці ў рот, што апрануць і абуць, як дабрацца да месца працы ці, горш таго, да бальніцы. Натуральна ў грамадстве, у свядомасці і псіха-логіі шырокіх мас народа, усё мацней запаноўвае дух гандлярства, разліку, дыктат рынку, да таго ж – дзікага, у самых прымітыўных і вульгарных формах. Пра якое ж вы-йсце паэзіі на прастор чалавечай душы можа ісці гаворка? Як ні сумна, давядзецца змірыцца з тым, што аматараў паэзіі (як і прыгожай музыкі, і непачварнага жывапісу) будзе ў нас заўтра яшчэ менш, чым ёсць сёння. І калі дасягнем высокага матэрыяльнага дабрабыту – ужо нічога ў адносінах да паэзіі не зменіцца. На маё перакананне, чым больш мы будзем амерыканізаваць свой быт, сваё жыццё і забываць у сабе сваю ўласную, у значнай меры ідэалістычную (а не меркантыльную) душу, пераварочваць і ляпіць яе на заходні капыл, тым менш спатрэбіцца нам паэзія і наогул сапраўднае мастацтва: яго паспяхова будзе замяняць тая друкаваная брыдота, якою кішаць кніжныя прылаўкі, і тое мярзотнае паскудства, якое падаецца нашай моладзі з тэлеэкранаў і з падпольных відэакасет.
– А што можна сказаць увогуле пра сённяшні стан беларускай літаратуры? Можа, класікі ўжо ўсё зрабілі?
– Класікі, вядома, зрабілі вельмі шмат, пакінулі спадчыну, якая стала трывалым ідэйна-эстэтычным падмуркам для літаратурнай будучыні. Але ж іх спадчына – гэта іх запавет наступнікам, тым, што будуць пісаць кнігі пасля іх. Класікі не лічылі, што на іх літаратурны працэс абрываецца, – яны былі адукаванымі людзьмі і ведалі гісторыю культуры.
Сучасны стан беларускай літаратуры адназначна не ацэніш. Занадта вялікія падзеі і перамены адбыліся ў жыцці народа, у лёсе краіны, каб літаратура магла і далей самасцвярджацца ў спакойным паступальным руху. З раней-шага адрэгуляванага ідэйна-філасофскага рэчышча яна выйшла, вырвалася на волю, яна ўся – у пошуках новых маральных і сацыяльных ісцін, у здабыцці новых эстэтычных крытэрыяў. Асвойваць неўсталяваную, узбунтаваную, няспынна зменлівую рэчаіснасць няпроста, але спробы такога асваення ёсць і, на мой погляд, досыць паспяховыя. Вядома, шмат паяўляецца і выпадковага, павярхоўнага, нявынашанага, маральна неакрэсленага. Але гэта застаецца на абочыне шляху, якім рушыла наша найноўшая літаратура. А на магістралі – тое, што ідзе ад запаветаў Багушэвіча, Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Гарэцкага, што кроўна звязана з гістарычным жыццём-быццём народа, з ідэаламі беларускага нацыянальнага адраджэння. Вельмі радасна, што на гэты адзіна плённы шлях выходзіць і сённяшняя літаратурная моладзь. Паколькі яна таленавітая – я моцна веру ў заўтрашні дзень беларускай літаратуры.
– Калі вы адчулі сябе больш-менш упэўнена ў паэзіі?
– Пачуццё пэўнасці, што жыць паэзіяй наканавана мне лёсам, прыйшло да мяне досыць рана: думаю, што гэта сталася адразу ж пасля першых выступленняў з вершамі ў друку (а было мне тады пятнаццаць). Помню, што з таго часу нішто іншае мяне ўжо так не вабіла і не займала, як жаданне выказаць свой настрой ці нейкую думку вершам. Думаю, што і марыў я тады толькі пра такую, “паэтычную” будучыню, хоць, можа, і не прызнаваўся сам сабе ў гэтым. Калі б было не так – адышоў бы ад гэтага паэтычнага палу, астыў бы і захапіўся чым-небудзь іншым. Але гэтага не здарылася – астуда так і не найшла на мяне.
– Можна сказаць, што паэт – гэта прафесія?
– Калі прафесія, дык не тая, якой можна авалодаць па жаданні, сілаю волі, а тая, што становіцца тваім пастаянным “рабочым” клопатам з ласкі Божай. З уласнай жа сілы, волі, не маючы прыроднага прызвання, можна стаць досыць прафесійным вершаробам, але не паэтам. Варта жалю доля – жыць пладамі гэтага “незаконнага” вершаробства, набіць на рыфмаванні руку і выдаваць плёны сваіх “творчых” высілкаў за паэзію.
– У вас было за жыццё столькі пасад і даручэнняў, што цяжка ўявіць, як вы пры ўсім тым столькі напісалі…
– Службовых, чыноўніцкіх пасад у мяне за ўсё жыццё было не “столькі”, а толькі дзве: у Саюзе пісьменнікаў (першы сакратар праўлення) і ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі (старшыня камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны). Але яны забралі ў мяне пятнаццаць самых лепшых для творчай працы гадоў – у тым спелым узросце, калі яшчэ і жыццёвай сілы-энергіі багата і ўжо нямала набыта прафесійнага вопыту. Калі б гэтыя пятнаццаць гадоў (1980-1995) я ахвяраваў на свае творчыя клопаты – колькі яшчэ змог бы ажыццявіць з тых задум, што і да сёння ляжаць у маіх паперах няздзейсненымі. Па некаторых з іх проста “душа плача”. Малю Усявышняга, каб яшчэ хоць сёе-тое з намечанага даў мне здзейсніць… (За ўласны кошт Ніл Сымонавіч паспеў выдаць, хай і невялікім накладам, 23-томны збор сваіх лепшых твораў, напісаных больш як за 60 гадоў. – Ул. Б.) Ну, а калі ўсё-такі чытачоў уражвае “столькі напісанага”, дык гэта, апрача ўсяго іншага, тлумачыцца проста: ніякага хобі, якое б забірала час, ніколі не меў і не маю, практычна ніводнага выхаднога за ўсё жыццё сабе не дазволіў. Праца, праца і праца – штодзённая, неадкладная, несканчоная…
– З кім з вядомых літара-тараў давялося ў жыцці сустракацца, у каго, скажам так, узялі штось карыснае, як проста чалавечае, так і прафесійнае? З кім сябруеце зараз?
– У гэтым сэнсе мне, здаецца, пашчасціла. Лёс падарыў мне блізкае знаёмства або нават сяброўства з многімі выдатнымі паэтамі і пісьменнікамі Беларусі і розных замежных, перш за ўсё славянскіх, краін. Усіх пералічыць не выпадае, але некалькі імён я ўсё ж назаву. І першым – імя таго, з кім звязаны бадай што самы дарагі ўспамін маёй літаратурнай маладосці. Я паспеў не толькі шмат разоў бачыць і слухаць Якуба Коласа, але і адчуць бацькоўскі поціск яго рукі, калі ён мне, студэнту-другакурсніку, дзякаваў на сваім юбілейным вечары за прысвечаныя яму вершы…
З пачуццём удзячнасці і любові ўспамнаю тых, з кім разам перагорнуты многія старонкі жыцця, – такіх дарагіх і блізкіх мне людзей, як Міхась Лынькоў, Іван Мележ, Пімен Панчанка, Максім Танк, Юрка Гаўрук, Васіль Вітка, Алесь Звонак, Мікола Лобан, Аляксей Пысін, Уладзімір Калеснік, Сцяпан Гаўрусёў, Уладзіслаў Нядзведскі, Яўгенія Янішчыц… Многа іх, як бачыце, мудрых і слынных, добрых і мілых, што з цягам доўгіх гадоў дарылі мне сваю душэўную цеплыню і ласку, падтрымлівалі сваім даверам і шчырым сяброўскім словам. Горка, што ўжо нікога з гэтых сяброў-настаўнікаў, сяброў-равеснікаў, сяброў-вучняў, былых маіх студэнтаў я не спаткаю і не пачую: адышлі ў пантэон беларускай славы.
Дзякую за сяброўства, за неаднойчы падзеленыя са мной нягоды і радасці, клопаты і трывогі тым, хто сёння побач, у адным страі і пад адным сцягам. Радуюся шчыраму плёну іх працы, радуюся кожнай магчымасці пабачыцца, пабыць разам, пагутарыць, пабедаваць над нашым праклятым лёсам беларускім дый абнадзеіцца, што выстаім, перажывём, прычакаем і больш светлых дзён для Бацькаўшчыны.
Шмат дарагіх мне імён і ў літаратуры Расіі, Украіны, Балгарыі, Славеніі, Літвы, Малдовы і іншых краін. Згадваю іх абліччы і постаці, усмешкі і абдымкі, разгортваю іх кнігі з аўтографамі, у тым ліку і перакладзеныя мной на беларускую мову, успамінаю эпізоды нашага творчага супрацоўніцтва – і светла на душы і цёпла ад успаміну, і зноў жа скрушна і горка: многіх з іх, на жаль, ужо няма, адышлі ў пантэон нацыянальнай славы свайго народа…
– Што вы можаце сказаць сёння пра нацыянальныя культуры на тэрыторыі былога Саюза, у тым ліку і пра беларускую?
– Не вельмі дасведчаны, як жыве-пажывае сёння культура ў былых рэспубліках Саюза, але думаю, што ўсюды – цяжка, каб не сказаць мацней. Думаю таксама, што пры ўсім тым у самым брыдотным становішчы знаходзіцца сёння наша беларуская культура. Чаму? Таму што агульны стан любой нацыянальнай культуры вызначаецца агульным станам нацыянальнай мовы, якая ёсць першааснова і для літаратуры, і для тэатра, і для кіно, і для песеннай творчасці, і для эстрады, і наогул адыгрывае першаступенную ролю ў фарміраванні духоўнага аблічча нацыі. Ну, а па становішчы нашай мовы на нашай роднай зямлі Беларусь параўнаць няма з кім – нідзе да такой ганьбы грамадзяне краіны не апусціліся. З’ездзіце ў Прыбалтыку, у Арменію, у Туркменію, на Украіну, нават у аўтаномную рэспубліку Татарстан і паглядзіце, як там абыходзяцца са сваёй род-най мовай. Пакуль карэнным чынам не зменяцца ў нас – і на дзяржаўным, і на бытавых узроўнях – адносіны да беларускай мовы, – пра паляпшэнне стану беларускай нацыянальнай культуры, тым больш пра яе ўздым, гаворкі не можа быць. Проста таму, што такіх цудаў – каб мова была ў ганебным заняпадзе, а культура на ўздыме – ніколі нідзе ў свеце не было, няма і быць не можа. Але зразумець гэ-тую элементарную ісціну мы ўсё яшчэ не жадаем. Усё яшчэ робім выгляд, прытвараемся, хітруем, выдзяляем сродкі, – а глядзець на ўсё гэта мутарна, бо ўсё – дарэмна, усё ўпустую! Забяспечце нармальнае дзяржаўнае становішча беларускай мове – і ўся культура тут жа ажыве, загамоніць, закаласуе і пойдзе ўгору з падгопцам! І нейкага асаблівага догляду ёй не спатрэбіцца, ды і з фінансаваннем будзе лягчэй, бо найлепшае фінансаванне – гэта творчы энтузіязм людзей, на ніве культуры невы-падковых, нераўнадушных.
– Што можна пажадаць сёння пачаткоўцам у літаратуры?
– Перш за ўсё – думаць і дбаць пра сваю грамадзянскую пазіцыю. Гэта і яшчэ раз гэта! Талент даецца ад Бога, але і талент можа зачахнуць і выпетраць, калі яго не жывіць сокамі грамадзянскасці, сокамі патрыятычнай любові і высакароднага гневу.
– Я вашу апошнюю кніжку знайшоў толькі ў адным з аршанскіх калгасаў, у мясцовым магазіне. Факт бясспрэчны: вас чытаюць! Гэта, напэўна, галоўнае, ці што можаце ўдакладніць?
– Увогуле, я не магу крыўдаваць, што чытачы абыходзяць мае кнігі ўвагай, дзякаваць Богу – цікавяцца, чытаюць. Пра гэта сведчаць і іх шматлікія лісты да мяне. Але калі ў кнігарнях няма – гэта яшчэ не значыць, што іх раскупілі; гэта можа значыць, што іх і не завозілі туды, што тыраж быў мізэрны і асеў у гарадах, а да глыбінкі не дайшоў. Гэта можа значыць і тое, што кнігі паэта ці пісьменніка даўно не выдаваліся. Мой апошні зборнік вершаў “На высокім алтары” выйшаў больш як два гады назад, вясной 1994-га. Што ж за дзіва, што за гэты час ён разышоўся? На рабочым стале ўжо даўно ляжыць рукапіс новай паэтычнай кнігі, як і рукапіс публіцыстыкі, але выдаваць няма каму. Так што – хай шаноўныя чытачы выбачаюць.
– Сёння мы шмат чаго гаворым пра наш Саюз пісьменнікаў. Якім вы яго бачыце зараз і ў будучым?
– Калі па шчырасці, то кепска я гляджу на яго сёння і нічога добрага не бачу ў будучым. Не выключаю, што ён увогуле разваліцца, распадзецца на літаратурныя суполкі, больш мэтазгодныя і прыдатныя для пісьменніка і для літаратуры. Ва ўсякім разе яго сённяшняя роля ў грамадзянскім жыцці краіны зведзена амаль на нішто. У паўсядзённай рабоце ён падменьвае сабой Літаратурны фонд і Дом літаратараў. А ролю асяродка, які б аб’яднаў, збіраў і выхоўваў літаратурныя сілы для вялікай справы нацыянальнага адраджэння, ён не выконвае. Ад гэтага і сумна, і прыкра. Пара ўсім пісьменнікам задумацца.
– Ніл Сымонавіч, два апошнія пытанні. Першае: якія жыццёвыя факты больш за ўсё запомніліся? Другое: што б хацелі пажадаць усім беларусам, калегам, сябрам, можа, каму асабіста?
– Мацней за ўсё запомніліся падзеі і эпізоды з гадоў нямецка-фашысцкай экупацыі. Найперш тыя, калі я, дванаццаці-трынаццацігадовы падлетак, цудам выходзіў з лап смерці. А найперш – дзень вызвалення, калі ўбачыў, як стомленыя, брудныя ад поту і пылу, але са “Священной войной” на вуснах, уваходзілі ў вёску савецкія салдаты, калі ўпершыню ў жыцці ад шчасця я не стрымаў слёз. Раней плакаў ад болю, ад крыўды, а тут…Такое не забываецца.
На развітанне ўсім беларусам зычу пачувацца гаспадарамі на роднай зямлі, жыць і працаваць, помнячы пра сваю чалавечую і нацыянальную годнасць. Усім калегам зычу гэтага самага. Усім сябрам – таксама.
Гутарыў Уладзімір Барысенка.
Верасень 1996 года.