30 верасня – 90 гадоў з Дня народзінаў Народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча, публіцыста, грамадскага дзеяча, доктара філалагічных навук, прафесара БДУ, першага старшыні ГА “ТБМ імя Ф. Скарыны”, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР, аўтара 23-томнай спадчыны, чыё імя насіў зачынены Універсітэт пры ТБМ.
Ніл Гілевіч нарадзіўся 30 верасня 1931 года ў вёсцы Слабада на Лагойшчыне. Там прайшлі яго дзіцячыя і падлеткавыя гады, тры з якіх выпалі на час нямецкай акупацыі. Пачатковую школу ён закончыў у Слабадзе, сямігодку – у Гайне. Ніл Гілевіч быў студэнтам Менскага педагагічнага вучылішча (1947-1951), філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта (1951- 1956), аспірантам (1956-1959). У 1963 годзе ён абараніў дысертацыю па гісторыі беларускай паэзіі ХХ стагоддзя.
Ніл Сымонавіч працаваў выкладчыкам і прафесарам кафедры беларускай літаратуры Белдзяржуніверсітэта (1960 – 1986), быў першым сакратаром Саюза пісьменнікаў БССР (1980 -1989), старшынёй Фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1985-90) і старшынёй пастаяннай камісіі Вярхоўнага Савета па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны (1990 -1995), узначальваў Таварыства беларускай мовы з 1989 года.
Клопат, думкі і словы яго сёння надзвычай актуальныя! Калі б быў сёння жывы Ніл Гілевіч, то, напэўна, узняў бы ён свой рашучы голас у абарону Таварыства беларускай мовы і ў абарону Саюза беларускіх пісьменнікаў.
Перагортваю старонкі кнігі публіцыстыкі “Выбар” за 1993 год, у якую ўвайшлі гутаркі, інтэрв’ю з Нілам Сымонавічам, дзе захаваліся рэаліі і клопаты 90-тых гадоў, успаміны пра прыняццё Закона аб мовах, пра дзейнасць першага з’езда ТБМ.
“Найпершы мой клопат, якім я дзесяткі гадоў жыў і жыву сёння, – пісаў Ніл Гілевіч, – лёс нашай роднай мовы і культуры, а значыць і лёс беларускай нацыі. Усё, на што я выдаткоўваў час і сілы, так ці іначай было падпарадкавана гэтаму. Гэты клопат ахоплівае ўсю маю і літаратурную, і навуковую, і грамадскую чыннасць. Гэта найчасцей прымушала мяне браць у руку тое пяро, з-пад якога паявіліся на свет мае паэмы і вершы, проза і артыкулы, публіцыстычныя і літаратурна-крытычныя артыкулы. Дзеля гэтага дваццаць пяць гадоў я чытаў студэнтам Універсітэта лекцыі, выдаў пяць тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах і сем навуковых манаграфій, прысвечаных народна-паэтычнай творчасці і літаратуры”.
“Ніл Гілевіч быў сярод тых лідараў адраджэнцкага руху, якія здзейснілі беларускі цуд дваццатага стагоддзя – угаварылі кансерватыўны, у бальшыні сваёй камуністычны і рускамоўны Вярхоўны Савет БССР прыняць Закон аб мовах, паводле якога родная мова карэннага насельніцтва краіны абвяшчалася дзяржаўнаю. Не была пакрыўджана і пануючая расійская мова, ёй быў нададзены статус “мовы міжнацыянальных зносін”. З той пары пачалося пяцігоддзе найбольшай грамадскай актыўнасці Ніла Гілевіча,” – успамінаў Уладзімір Конан.
За пяць гадоў Ніл Сымонавіч шмат зрабіў для вяртання народу нацыянальнай культурна-гістарычнай спадчыны сваёй узважлівай, але цвёрдай арыентацыяй дзяржавы і грамадства на пераход навучання ў школах і вышэйшых навучальных установах на беларускую мову, на ажыўленне культурна-асветніцкай дзейнасці. Ніл Гілевіч як палітык здолеў павярнуць частку абыякавых да лёсу незалежнай Беларусі на бок яе абаронцаў, актывізаваць адраджэнцкі рух пафасам сваёй публіцыстыкі, дэпутацкіх прамоў у Вярхоўным Савеце ды на іншых грамадскіх і палітычных форумах. Яго публіцыстыка была гранічна адкрытая, палемічная, асветніцкая, а яе сэнс – у рыцарскай абароне Беларусі, яе спрадвечных каштоўнасцей, – адзначаў У. Конан.
“Па-першае, скажам так: Таварыства ёсць, яно жыве і працуе, будзем даражыць тым, што напрацавана, што дасягнута і ісці наперад, паколькі і галоўныя цяжкасці і галоўныя перамогі – наперадзе, – пісаў Ніл Гілевіч у тыя часы. – Каму сёння балюча за стан нашае мовы, трэба ясна ўсвядоміць неабходнасць кансалідацыі і згуртавання нашых шэрагаў, зразумець, якую вялікую шкоду прычыняе справе адраджэння беларускай мовы і культуры неразумная канфрантацыя, разлад і нязгода…
Колькі стагоддзяў назад за жыццё нашай мовы змагаліся Скарына, Будны, Цяпінскі, Сапега і іншыя вялікія асобы, паўтараста ці трохі менш гадоў назад пра яе жыццё рупіліся Дунін-Марцінкевіч, Каліноўскі, Багушэвіч і іншыя вялікія, на пачатку ХХ стагоддзя за жыццё роднага слова змагаліся Купала, Колас, Цётка, Багдановіч, Гарэцкі і іншыя вялікія людзі, пазней – за яе жыццё пайшлі на Калыму, на Салаўкі або ў Курапаты тысячы і тысячы і вялікіх, і радавых патрыётаў Бацькаўшчыны.
І што ж? Барацьба працягваецца! І сёння наша мова застаецца на асобым становішчы. І сёння мы думаем і клапоцімся аб тым, як яе ўратаваць, што маем рабіць, каб беларускі народ не страціў нашу мову канчаткова. Што гэта за такая праклятая доля, калі на працягу цэлых стагоддзяў мы вымушаны адваёўваць для роднае мовы права на жыццё? Ці не задоўга гэтае змаганне цягнецца? Ці не пара рашуча пакончыць з гэтым бяспраўным становішчам народа і яго культуры?”
“Не трацьце веры і мужнасці, сябры, – прамаўляў Ніл Гілевіч у слове да выкладчыкаў беларускай мовы ў 2001 годзе.- Па-першае, не трацьце мужнасці ў супрацьстаянні тым чорным сілам, што задумалі ліквідаваць свабоду і незалежнасць Беларусі. Помніце: за ліквідацыяй нашага дзяржаўнага суверэнітэту наступіць канчатковае знішчэнне нашай мовы, нашай гісторыі, нашай нацыянальнай духоўнасці. Гэтага мы не можам дапусціць!
Па-другое, трэба з новым дыханнем весці самую актыўную і дзейсную прапаганду роднага слова ў народзе, а найперш – у школах, гімназіях, ліцэях. Статут ТБМ абавязвае да гэтага. Гаварыце і гаварыце моладзі аб тым, якая вечна маладая, жывучая і жыццяздольная наша мова, якая прыгожая, мілагучная, гнуткая і выразная, з якімі невычэрпнымі і сэнсатворнымі і вобразнымі магчымасцямі. Гаварыце і пераконвайце фактамі, аргументамі, канкрэтнымі прыкладамі. І перш за усё фактамі, што, нягледзячы на ўсе трагічныя ўмовы, беларуская мова выжыла і жыве. 300 гадоў назад яе забаранілі для афіцыйнага ўжытку палякі, яе выраклася свая ліцвінская арыстакратыя, 150 гадоў таму яе забараніў для грамадства расійскі цар, яна не загінула, не ўмёрла – яна жыла! Жыла, каб нарэшце, на пачатку ХХ стагоддзя, набрыняць сілай і паклікаць да жыцця магутную паэзію, прозу, драматургію, каб даць прастор для генія Купалы, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, для Цёткі, Гаруна, Бядулі, затым – для Куляшова, Танка, Панчанкі, Броўкі, Глебкі, Мележа, Геніюш, Быкава, Скрыгана, Стральцова, Янішчыц, Пташнікава і іншых. Дала жыццё літаратуры, з якой можна годна, з належнай сама-павагай выходзіць у вялікі свет. Дык жа і выйшла! Свет ужо ведае Беларусь…”.
У 1991 годзе Нілу Гілевічу была нададзена годнасць Народнага паэта Беларусі. Высока ацэнена і навуковая дзейнасць Н. Гілевіча: яму было прысвоена ганаровае званне Заслужанага дзеяча навукі.
Пры жыцці Ніл Гілевіч падрыхтаваў да выдання Збор твораў у 23-х тамах, які ахапіў многія вершы, якія друкаваліся ў газетах, часопісах і кнігах, публіцыстычныя артыкулы, інтэрв’ю і нататкі, апавяданні і нарысы, драматургію. Таксама ў Збор твораў увайшлі фальклорныя запісы і курс лекцый на гісторыі беларускай літаратуры.
Другая іпастаць творчай асобы Ніла Гілевіча была цесна звязаная з першай, пісьменніцкай, – гэта яго навуковая дзейнасць у галінах літаратуразнаўства і фалькларыстыкі. Прафесар Н. С. Гі-левіч быў вядомым літаратуразнаўцам, аўтарам кніг па праблемах мастацкага перакладу, народнасці літаратуры, моўнага майстэрства пісьменніка і іншых.
Ён быў укладальнікам і навуковым рэдактарам пяці тамоў беларускага фальклору ў сучасных запісах. Паэзія Ніла Гілевіча прываблівала ўвагу кампазітараў А. Багатырова, Д. Смольскага, Э. Зарыцкага, Э. Ханка, Л. Захлеўнага, І. Лучанка. Творы Ніла Гілевіча, перш за ўсё вершы і паэмы, а таксама літаратурна-крытычныя і публіцыстычныя творы перакладзены на многія мовы свету. За плённую літаратурную і грамадскую дзейнасць Ніл Гілевіч быў узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы Народаў, медалём Фр. Скарыны, балгарскім ордэнам Кірыла і Мефодзія 1 ступені, дзяржаўнымі ўзнагародамі Літвы і Украіны. Ніл Гілевіч стаў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі імя Я. Купалы (1980) і Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева (1986).
Няхай жа аўтарытэт першага кіраўніка ТБМ імя Ф. Скарыны, народнага паэта Беларусі Ніла Сымонавіча Гілевіча дапаможа абараніць арганізацыю сёння, каб яна далей працягвала сваю плённую дзейнасць!
Падрыхтавала
Э. Дзвінская.