17 верасня, калі ўся краіна адзначала Дзень народнага адзінства, у летапіс Лідскай зямлі была ўпісана яшчэ адна значная старонка. Па ініцыятыве старшыні раённага выканаўчага камітэта Сяргея Ложачніка з мэтай умацавання культурнага і турыстычнага патэнцыялу рэгіёна, захавання найболей значных момантаў нашай гісторыі і патрыятычнага духу маладога пакалення на трасе М-6 каля павароту на аграгарадок Ваверка ўрачыста адкрылі памятны знак. Фундатарам малой архітэктурнай формы выступіла мясцовае прадпрыемства ААТ “БМТ № 19”. Памятная таблічка была зроблена на заводзе ЗАТ “Каскад”.

Новы аб’ект – памяць пра мірнае пагадненне 1392 года, падпісанае паміж Ягайла і Вітаўтам у наваколлях Ліды.
Мірнае пагадненне 1392 года паміж каралём польскім і вялікім князем літоўскім Ягайлам ды яго жонкай каралевай Ядвігай з аднаго боку і князем Гарадзенскім Вітаўтам ды яго жонкай княгіняй Ганнай было падпісана недзе кіламетраў за 6-8 ад гэтага месца ў двары Востраў. Па рацэ Дзітве праходзіла мяжа паміж уладаннямі Ягайлы і Вітаўта. Двор Востраў стаяў на адлегласці з паўкіламетра ад Дзітвы ва ўладаннях Ягайлы, а знак пастаўлены недзе за тыя ж паўкіламетра ад Дзітвы ва ўладаннях Вітаўта.


Мірная дамова стала знакам братэрскага пагаднення і яднання народаў ВКЛ. Пасля яго заключэння браты разам нанеслі паразу крыжакам на палях Грунвальда ў 1410 годзе, а Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, цэнтральнай часткай якога былі беларускія землі, неўзабаве дасягнула свайго найвялікшага дабрабыту і магутнасці.
– Тое, што сёння, у Дзень народнага адзінства, на Лідчыне з’явілася яшчэ адна малая архітэктурная форма, вельмі сімвалічна. Гэтым мерапрыемствам яшчэ раз хочацца падкрэсліць, што яднанне народа ва ўсе часы было галоўным для нашай краіны. Усім нам важна захоўваць адзінства беларускага народа, не дапускаць разладаў, ні палітычных, ні рэлігійных, ні нацыянальных. Таму што, калі мы страцім гэтае адзінства, тады мы страцім свой народ, сваю дзяржаву, – выступаючы перад прысутнымі, адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Владыка.
Генадзь Анатольевіч прыклаў найбольшыя намаганні для ўстаноўкі знака. Ён жа разам са старшынёй Лідскага райсавета Інэсай Генадзеўнай Белуш і адкрываў знак.


Лідзяне паважаюць кожную важную старонку сваёй гісторыі. Стварэнне памятнага знака сімвалізуе пераемнасць пакаленняў, устойлівасць і самадастатковасць нацыі і дзяржаўнасці. Аб’яднаны адной гісторыяй, традыцыямі, культурай, духам згуртаванасці і салідарнасці, наш народ, заўсёды будзе рабіць Беларусь яшчэ мацнейшай, прыгажэйшай, багацейшай, – падкрэслівалася на цырымоніі адкрыцця памятнага знака.


На адкрыццё памятнага знака сабраліся прадстаўнікі ўладаў, грамадскасці, школьнікі бліжніх школ, прэса.

Паводле Вольгі Капцевіч,
lidanews.

