У нашай грамады ёсць жнівеньская добрая традыцыя, якую мы прапусцілі толькі летась з-за каронавіруса. Штогод мы едзем у Мсціслаў на рыцарскі фэст. 7 жніўня ТБМ імя Ф. Скарыны горада Магілёва накіравалася ў краязнаўчую вандроўку па маршруту: Магілёў – Мазалава – Пустынкі – Мсціслаў. Па трасе Чавусы – Мсціслаў мы спачатку спыніліся ў мястэчку Мазалава.
Праязджаючы пойму невялікай рачулкі з прыгожай назвай Белая Натопа, з левага боку па шляху узвышаецца царква Ушэсця Гасподняга, каля якой мы і спыніліся, каб аглядзець храм і краявіды. Пра Мазалава, на вялікі жаль, гістарычных звестак не багата. Але дзякуючы руплівай працы вядомага археолага і гісторыка Андрэя Мяцельскага нешта ўдаецца нам дазнацца. У Мазалаве ў 1665 годзе быў заснаваны Спаса-Праабражэнскі Успенскі праваслаўны жаночы манастыр. Згодна з гістарычнымі крыніцамі ў манастыры было дзве царквы – Святога Спаса і Прааабражэння Гасподняга. Дачка мсціслаўскага стольніка Мікалая Сухадольскага Марыяна дала фундуш на заснаванне святыні. Марыяна ахвяравала на манастыр наступную маёмасць: млын з фолюшам на рацэ Белая Натапа і тры вёскі – Мазалаўшчына з 11 гаспадарамі, Балакараўшчына з 17 гаспадарамі і Малахава з 1 гаспадаром. А ў 1678 годзе гэты фундуш сойм зацвердзіў. Праваслаўным манастыр заставаўся да 1727 года, а потым перайшоў да ўніятаў і з Пустынскага манастыра сюды засяліліся сёстры-базыльянкі. З 1788 года манастыр зноў перайшоў да праваслаўных. Зачынены манастыр быў ужо толькі ў савецкі час недзе ў 1924 годзе, калі Мазалава ўваходзіла ў склад Калінінскай акругі. Да нашага часу захавалася царква Ушэсця Гасподняга, якая пабудавана ў пачатку 19 стагоддзя ў стылі класіцызму. Доўгі час храм стаяў занядбаны, але ў апошнія гады царкву адрэстаўравалі.
Далей мы накіраваліся ў Пустынкі, якія знаходзяцца ўжо за Мсціславам на самай мяжы з Расіяй. Згодна з легендай манастыр быў заснаваны яшчэ ў 1380 годзе Мсціслаўскім князем Сямёнам Лугвенам, сынам Вялікага князя літоўскага Альгерда. У савецкую эпоху манастыр зачынілі, і тут існавала школа. А потым гэтыя мясціны прыйшлі ў поўны заняпад. За часы незалежнасці Беларусі манастыр быў адноўлены, і зараз сюды прызжае вялікае мноства паломнікаў і турыстаў. Самым старажытным будынкам святыні з’яўляецца Успенскі касцёл, які быў пабудаваны нарыканцы 18 стагоддзя з элементамі двух стыляў: барока і класіцызму. Са старажытных будынкаў засталося некалькі гаспадарчых карпусоў і стромкая званіца 19 стагоддзя, якая велічна дамінуе над наваколлем. Летась пасля рэстаўрацыі была адкрыта Пакроўская царква 19 стагоддзя…. Мы набралі вады ў крыніцы, а ахвочыя наведалі таксама і крыніцу Ефрасінні Полацкай. А затым накіраваліся ў Мсціслаў на рыцарскі фэст.
На ускрайку горада прыпыніліся на паўгадзіны на беразе рэчкі Віхра. Пасля невялікага перакусу на прыродзе пашпацыравалі на экскурсію па Мсціславе. Падышлі да былога каталіцкага кляштара 18-19 ствагоддзяў. Былы касцёл зараз знаходзіцца на рэстаўрацыі. Пасля таго, як кляштар ад езуітаў перадалі праваслаўным, менавіта ў гэтых будынках існавала праваслаўная семінарыя, дзе пэўны час дырэктарам быў выбітны этнограф і фалькларыст Іван Насовіч.
Некалькі год таму, дзякуючы намаганням нашай арганізацыі пры падтрымцы мясцовых уладаў на адным з карпусоў семінарыі была ўсталявана памятная шыльда І. Насовічу. Тут жа каля касцёла знаходзіцца помнік нашаму асветніку Пятру Мсціслаўцу.
Цікавая акалічнасць, што ў невялікім гарадку Мсціславе ёсць аж два помнікі друкару П. Мсціслаўцу!!! Насупраць касцёла знаходзіцца белы гмах будынка былой мужчынскай гімназіі, у якім вучыліся і працавалі многія беларускія творцы: А. Куляшоў, С. Шушкевіч, Я. Бялькевіч, З. Астапенка, З. Півавараў, Ю. Таўбін і многія іншыя. Ад гімназіі за паркам знаходзіцца адноўлены будынак Траецкай царквы 19 стагоддзя. Побач месціцца корпус былой рэальнай вучэльні, дзе навучаліся выбітныя гісторыкі Сямён Дубноў і Міхась Ткачоў. Далей рушылі да Замкавай гары праз кармеліцкі касцёл.
Сам касцёл і кляштар кармелітаў быў пабудаваны ў 17-18 стагоддзях і славіцца перадусім сваімі ўнікальнымі фрэскамі. Але на гэты раз у касцёл нам патрапіць на вялікі жаль не ўдалося. Замкавая гара, як заўсёды, нас уразіла сваёй веліччу і прасторам. Менавіта тут адбываліся асноўныя мерапрыемствы рыцарскага фэсту. Наведалі музейную экспазіцыю на гары, якая прысвечана самой старажытнай гісторыі Мсціслава, затым ужо з задавальненнем назіралі за рыцарскім турнірам.
Прыемна ўразіла сёлета тое, што нягледзячы ні на што фэст жыве і людзей прыехала досыць шмат. А дужа сумна тое, што самыя старажытныя, самыя каштоўныя помнікі горада знаходзяцца ў аварыйным стане і невядома калі яны зноў прымуць гасцей і турыстаў.
Алег Дзьячкоў.
Магілёў.
На фота: 1. Мы ў Пустынках. 2. Помнік Пятру Мсціслаўцу. 3. Кармеліцкі касцёл.