Старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім па-ранейшаму не верыць, што ўлады гатовыя закрыць ТБМ, паразважала на тэму супрацоўніцтва з дзяржавай і адказала на пытанні Віталя Цыганкова.
– Як выглядае сітуацыя на працэсе наконт магчымага закрыцця ўладамі Таварыства беларускай мовы? Які ваш прагноз на вынік гэтага працэсу?
– ТБМ атрымала два папярэджанні ад Міністэрства юстыцыі ў сувязі з праверкай дакументаў. І, натуральна, мы чакалі далейшых крокаў. Аднак пра тое, што ў Вярхоўным судзе будзе паседжанне 27 жніўня, мы даведаліся толькі з СМІ. Атрымаўшы дакументы, мы пачалі раіцца з юрыстамі. У выніку 26 жніўня я падала скаргу на другое папярэджанне міністэрства, бо не закончыўся месячны тэрмін з дня нашага азнаямлення з папярэджаннем.
На паседжанні я заявіла хадайніцтва аб пераносе паседжання Вярхоўнага Суда ў сувязі з тым, што наша скарга яшчэ не разгледжана. Суддзя і пракурор пагадзіліся, што трэба перанесці і спачатку адказаць на нашу скаргу. У мяне стварылася ўражанне, што яны проста чакалі, ці заяўлю я хадайніцтва, і былі гатовыя да гэтага.
– Вы так падрабязна апавядаеце пра гэтыя абставіны, але ўзнікае пытанне, які ў гэтым сэнс. Няўжо вы не разумееце, што калі дадзены адпаведны палітычны загад, то ТБМ закрыюць у любым выпадку?
– Вы слушна сказалі, што калі прынята палітычнае рашэнне, то мы ні на што паўплываць не можам. Я, аднак, спадзяюся, што такое палітычнае рашэнне не прынята. Што проста Міністэрству юстыцыі далі разнарадку ліквідоўваць грамадскія арганізацыі, і яны гэта робяць.
Я разумею такую рэч. Для беларусаў, якую б пасаду яны не займалі, ліквідаваць ТБМ – гэта тое самае, што адмовіцца ад саміх сябе. То-бок прызнаць, што мы – не беларусы і права на беларускую мову ў нас няма. Я толькі на гэты момант і магу спадзявацца.
– На такое спадзяваліся і многія прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, і людзі, якія траплялі пад рэпрэсіі, маўляў, “мы адзін народ, мы беларусы”, але ўлады паказалі, што яны такіх сентыментаў не маюць.
– Цягам мінулых гадоў уладамі ствараліся паралельныя структуры: праўладны саюз журналістаў, саюз пісьменнікаў. Маўляў, ніхто не забараняе быць журналістам ці пісьменнікам – няхай туды ўступаюць, няма ў нас ніякай забароны на прафесію. Але ствараць паралельнае Таварыства беларускай мовы – на гэта, я думаю, ніхто не пойдзе.
– А яно ім патрэбна?
– Гэта козыр ім будзе не лішнім. Калісьці зноў з’явіцца патрэба размаўляць з цывілізаваным светам. І таму я і кажу, што спадзяюся толькі на гэтую логіку. Я разумею, што нас можна закрыць адной левай. І, калі яны гэта зробяць, мы ўсе зразумеем канчаткова, што ўсе масты зруйнаваныя і для ўлады адна дарога – на Усход.
– Якой можа быць стратэгія ў абароне беларускай мовы ў цяперашніх палітычных умовах? Бо раней, падчас “мяккай беларусізацыі” (як бы ні ставіцца да гэтага тэрміну) можна было звяртацца да дзяржаўных структураў, апеляваць за закону. Улада нават часткова адгукалася на нейкія патрабаванні беларусізацыі, не перашкаджала дзеянням актывістаў. Цяпер грамадзянскай супольнасці ўжо не варта спадзявацца на законы, не варта спадзявацца на дзяржаву?
– Я не разумею такой пастаноўкі пытання. Вы неяк аддзялілі “быць грамадзянскай супольнасцю” і “звяртацца да дзяржавы”. А што, грамадзянская супольнасць не мае неабходнасці звяртацца да дзяржавы?
Мы пастаянна звяртаемся. І не таму, што моцна яе любім, але таму, што ёсць пытанні, якія толькі дзяржава і можа вырашаць.
Калі нам трэба арганізоўваць клас у школе, то мы звяртаемся да дзяржавы, да каго яшчэ?
– Ну вось пытанне ў тым, што калі людзі хочуць стварыць беларускамоўную групу ў садку, ці ім звяр-тацца ў афіцыйныя структуры, альбо самім ствараць цалкам прыватны садок – без дапамогі дзяржавы?
– Я, вядома, раман-тык, але не ў такой ступені. У нас ёсць паралельная Бе-ларусь? Не. Калі сённяшняя ўлада імкнецца захавацца, то яна вымушаная вырашаць і тыя пытанні, якія ёй не падабаюцца. Адкрываць беларускія садкі, бо падаткі плацяць усе грамадзяне, у тым ліку беларускамоўныя. У Канстытуцыі напісана, што беларуская мова дзяр-жаўная.
Якая б улада не была ў Беларусі, яна павінна ведаць, што тут ёсць грамадзянская супольнасць, якая будзе ўздымаць пытанне паўнавартаснага функцыянавання беларускай мовы. І ў гэтым галоўны сэнс фун-кцыянавання нашай арганізацыі…
P.S. 15 верасня ў 15.00 у Вярхоўным Судзе Рэспублікі Беларусь – разгляд скаргі ТБМ на 2-е папярэджанне Міністэрства юстыцыі.