Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Сакрат Яновіч казаў, што толькі нацыя мае будучыню

Сакрат Яновіч казаў, што толькі нацыя мае будучыню

21 верасня 2021, 19:55 Культура 33
Сакрат Яновіч казаў, што толькі нацыя мае будучыню

З беларускім пісьменнікам з Беласточчыны Сакратам Яновічам (1936-2013), якому 4 верасня споўнілася б 85, я пазнаёміўся 22 красавіка 1989 года ў Слоніме, хаця яго творы ў беларускім беластоцкім тыднёвіку “Ніва” чытаў даўно. Тады ён з групай гарадзенскіх літаратараў наведаў Слонім, пабываў у рэдакцыі раённай газеты, дзе адбылася творчая гутарка пра сучасны стан беларускай літаратуры, пра ўзаемаадносіны літаратур краін-суседзяў. У канцы сустрэчы Сакрат дастаў з партфеля сваю кнігу на польскай мове “Belarus, Belarus” і хуценька паставіў аўтограф: “Паважанаму Сяргею Чыгрыну на памятку. Сакрат Яновіч. 22.04.1989. Слонім”.

У другой палове 2000-х гадоў сустракаўся з ім часцей. Ён любіў гутарыць з тымі, хто прыязджаў з Беларусі, асабліва з тымі, хто жыў не ў Менску, а ў беларускай правінцыі, як, напрыклад, я. Хаця, і мы ўсе гэта добра ведаем, з Сакратам Яновічам размаўляць любілі многія, і ён любіў і паважаў усіх. Праўда, з ім не так і проста было весці гутарку, асабліва ў апошнія гады яго жыцця. Ён быў шмат чым незадаволены і пра гэта адкрыта казаў. Але спадар Сакрат быў шчаслівы і радаваўся тым, чым ён займаўся, радаваўся сустрэчам, радаваўся БЕЛАРУСКАСЦІ, якою жыў. Ён заўсёды быў адкрыты, як дзверы ў бацькоўскую хату. Не ведаю, можа толькі з асобнымі людзьмі ён мог адкрыта гутарыць, разважаць, казаць праўду-матку. Вядома, ён быў і застаўся сучасным чалавекам у літаратуры і жыцці. Іншая рэч, што ён, як старэйшы па гадах, любіў свой час, сваё пакаленне. Але Сакрат Яновіч любіў і нас, хаця прэтэнзій да маладых і не толькі да творчых людзей, у яго было нямала. Неяк сядзім з ім, гутарым, а ён кажа: “Вось унучка ў мяне, калі ёй трэба злотыя і хоча, каб я ёй даў, размаўляе са мной і просіць іх у мяне па-беларуску. А калі злотыя ёсць, дык тады па-польску”. “І вы, вядома ж, адразу ёй даяце злотыя?” – кажу. “Даю, бо на роднай мове ласкава пытае. Як тут не даць!”, – адказваў Сакрат.      

Сакрат Яновіч, мне здаецца, сам сабе пярэчыў. І гэтае пярэчанне прысутнічала ў яго пастаянна. Прыгадваецца яго герой Сцяпан Кішкель з кнігі “Хатняе стагоддзе” (Крынкі, 2008). Памятаеце: “Выклікае злосць у Сцяпана непашана да бацькоўскіх пажыткаў, заядлае выкідванне маладымі ў ямы шафаў, сталоў, табурэтак, крэдэнсаў, перагародак. Фанатычнае змаганне моладзі мець грошы на ўсенька навюткае, моднае. Што – магчымае, вынішчаючы датла вёску. Выводзячы з яе апошнія капіталы. Абсцябаўшы бацькоў. Без пагібелі вёскі гарадскі дабрабыт дзя-цей застаўся б утопіяй. Цікава, на чым будзе грунтавацца раскошны быт унукаў? Без вёскі ўжо. Урослай тым часам лесам. Без вёскі не было б горада. Але той жа горад, разрастаючыся глынае вёску. У прыродзе гатунак паядае гатунак. Беларушчына – гэта падла расейцам і палякам?..”. І ў той жа час, калі я з ім рабіў інтэрв’ю у 2008 годзе, у гутарцы Сакрат Яновіч казаў: “Крынкі – гэта мой свет… Крынкі для мяне – адкрыццё… Што Крынкі, што Варшава – усюды можна выдаваць добрыя кнігі…”. Вядома ж, Сцяпан Кішкель у “Хатнім стагоддзі” казаў вуснамі Сакрата. І казаў тое, што тады думаў аўтар, што думаў, наогул, пры жыцці.

Я ў Сакрата пытаўся, а чаму вашыя бацькі далі вам такое рэдкае імя – Сакрат? Можа, гэта ў гонар старажытнагрэчаскага філосафа Сакрата? Ці ведалі вашы бацькі пра грэчаскую філасофію?

– Гэта мяне маці так назвала. Яна была ў бежанстве ў Расіі за Самараю. Там пэўны час хадзіла ў расійскую школу. І аднойчы яе настаўніца пасадзіла са сваім сы-нам за адну парту. А таго сына звалі Сакрат. Мама дрэнна вымаўляла словы па-расійску, дык ёй заўсёды дапамагаў сын настаўніцы. І калі мае бацькі вярнуліся з тае няшчаснае Расіі на Радзіму, і калі мама выйшла замуж і нарадзіўся я, то яна заўпарцілася і ахрысціла мяне Сакратам. Хаця яна зусім не разумела і не ведала пра Сакрата нічога. Але ў яе памяці заўсёды быў той расійскі хлопчык Сакрат.

– А бацька не быў супраць, каб яго сын насіў такое імя?

– А бацька ўвогуле не ведаў, у чым справа. Ды яго гэта мала цікавіла. Як назвала жонка – так і добра.

– А ў школе з вас не смяяліся?

– Спачатку смяяліся, бо не разумелі майго імя. Называлі мяне – крот. Але аднойчы святар Антон Савіч у сваёй пропаведзі згадаў, што быў такі грэчаскі філосаф, які пацвердзіў, што чалавек мае душу, што мудрасць – аснова высокамаральных учынкаў. Тады ўсе ад мяне адсталі.

– А цяпер вы, мабыць, з гонарам носіце імя Сакрата? Дый гучыць – Сакрат Яновіч! А ні Юрка Яновіч ці Міхась Яновіч…

– Пэўна так! Бо гэта імя не штодзённае. Дый Юркаў і Міхасёў цэлыя копы, а Сакрат у Беларусі адзін… Такая ў нас тады адбылася размова.

 

Падчас сустрэч з  Сакратам Янові-чам, я стараўся запытацца ў яго пра ўсіх, хто быў родам з яго родных Крынак, што на Беласточчыне. Пытаўся і пра Янку Геніюша з Ларысай Геніюш. Неяк не вельмі ахвотна іх успамінаў ён, але ж, калі я спытаўся, то шаноўны Сакрат павінен быў адказаць. Ён казаў, што з Ларысай Геніюш двойчы сустракаўся. Першы раз, дзякуючы Аляксею Карпюку з Гародні, калі наведалі ў Зэльве Ларысу і Янку Геніюшаў. А пасля яна была ў Беластоку ў сына, дзе яны таксама мелі сустрэчу. Гутарка тады была трагічная. Бо яе жыццё было трагічным. “У Беласток паэтка прывезла мне стэнаграму выступлення Аляксея Карпюка на V з’ездзе Саюза пісьменнікаў БССР у Менску 13 мая 1966 года. Яна была ўзрушана гэтым выступленнем. І я напісаў ліст Аляксею, выказаў сваю згоду з яго меркаваннямі і падтрымку. Але ж Аляксей Карпюк быў наіўным чалавекам і пачаў гэтым пісьмом хваліцца, што, маўляў, малады аўтар з Белас-точчыны падтрымлівае яго. І тады зацікавілася мною савецкае КДБ. І я з-за гэтага страціў працу, быў беспрацоўным. Але мне шмат дапамагалі палякі…”, – адкрываў мне тайну Сакрат Яновіч.

У Крынках Сакрат Яновіч пісаў найчасцей прозу і вёў свае дзённікі, бо заўважыў, што дзённікаў ніхто не пісаў. Пісаў ён у апошні час вельмі марудна. Ды, як ён казаў, наша сялянскае асяроддзе не любіць пісаць дзённікаў. Ён запісваў факты, якія адбываліся і якія хутка знікнуць, і пра іх ніхто не будзе нічога ведаць. А для нашчадкаў жыццёвыя факты трэба захаваць. І ён занатоўваў іх.

У апошні час Сакрат Яновіч часта мне казаў, што беларускую літаратуру, культуру, мастацтва трэба еўрапеізаваць. Таму што ўвесь час беларуская літаратура з’яўляецца філіяй рускай, а так не павінна быць.

Сакрат Яновіч быў суб’ектыўным і розным і ў адносінах да беларускай культуры. Успамінаю яго радкі з дзённіка, якія былі апублікаваныя ў “Czasopise” у № 07-08 2004 года і якія мяне вельмі ўсхвалявалі (я пра гэта пісаў), калі я прачытаў іх. Яны не даюць спакою мне і да сённяшніх дзён. А справа ў тым, што Сакрат Яновіч прыгадаў тое, як падчас сустрэчы са студэнтамі Берасцейскага ўніверсітэта Ян Чыквін вясною 2004 года сказаў (даслоўная цытата па дзённіку Сакрата Яновіча): “Янка Купала не быў той веліччу, якая нам уяўляецца: з мізэрнай адукацыяй, нядбайным пяром, з засцянковай ненаеднасцю, лёгка “куплены” саветамі і штучна ўзвышаны імі, тармазіў таленты, напр. Багдановіча, Арла. З перапевамі Mlodej Polski”. Вось аказваецца, якім быў наш беларускі песняр Янка Купала! Пры сустрэчах я некалькі разоў пытаўся пра гэта ў Сакрата Яновіча і ён пагаджаўся з Янам Чыквінам. А сказанае пра Янку Купалу добра пракаментаваў па маёй просьбе народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін: “Янку Купалу саветам так і не  ўдалося зрабіць сваім. Давялося знішчыць фізічна… Але Янка Купала – неба беларускай нацыі. А неба хапае на ўсіх…”.

Вось такім і застаўся ў маёй памяці Сакрат Яновіч. У нечым я пагаджаўся з ім, у іншым – не. Але да сённяшніх дзён памятаецца яго рэпліка: “Толькі нацыя мае будучыню, ніколі насельніцтва, зазвычай бяздумнае, бо кіруецца не душою, а жы-ватом, тоўстай кішкаю…”.

Шаноўны, дзядзька Сакрат, мы, беларусы, – нацыя! Вялікі еўрапейскі народ, з якога і вы выйшлі родам і на мове якой пісалі свае творы.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас