У менскім выдавецтве “Белпрынт” пабачыла свет кніга “Тапонімы роднага краю і побыт яго насельнікаў”. Гэта вельмі ці-кавы пазнавальна-адукацыйны краязнаўчы нарыс пра мясціны Пухавіцкага раёна, у якіх адбываліся тыя ці іншыя гістарычныя падзеі. Аўтарамі адметнага выдання пра сваю малую радзіму сталі студэнтка біяфака БДУ Арына Клімовіч і былы выпускнік філфака ўніверсітэта, яе дзед, адстаўны міліцэйскі падпалкоўнік Станіслаў Іванавіч Крэпскі.
Калі для ўнучкі гэта першая спроба пяра, дык на творчым ра-хунку цяперашняга выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі Менскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя № 7 будаўніцтва гэта ўжо шостая кніжка. Раней выйшлі з друку ягоныя кніжкі “Кросны жыцця”, “Вайсковыя прыгоды”, “Маня-Марыя”, “Зазірнуць за небасхіл” і “Ліквідатары”. Другая па ліку прысвечана светлай памяці дзеда аўтара, удзельніка грамадзянскай вайны на Беларусі Антося Варатніцкага. Апошняя з названых – ліквідацыі ў Хойніках наступстваў катастрофы на ЧАЭС, у якіх у ліпені 1986-га маёр Крэпскі прымаў самы актыўны ўдзел, а гэтаксама ягоным таварышам- саслужыўцам. У іх ліку – генерал-маёр Алег Уладзіміравіч Прылуцкі, які стаў аўтарам прадмовы да выдання.
ПРАПАНОВА НАСТАЎНІЦЫ
Роўна пяць гадоў таму выкладчыца беларускай мовы Менскай СШ № 23 прапанавала васьмікласніцы Арыне напісаць на гарадскі конкурс працу пад назвай “Тапаніміка”. Дзяўчына, продкі якой з пухавіцкай вёскі Раўчак, дзе жыве сёння прабабуля Надзея Сцяпанаўна, пагадзілася і прынялася за нялёгкую справу.
Першым чытачом і крытыкам стаў дзядуля. Ён адразу ж заўважыў, што напісана ўсё энцыклапедычна суха, няма неабходнай жывінкі, больш шырокага аповеду пра ўзгаданыя мясціны, а менавіта – што і чаму адбылося ў часе паходжаннем назваў. У выніку вырашылі, што гэтыя мясціны павінны распавесці пра сябе вуснамі іх старых жыхароў. Акрамя сваякой і блізкіх знаёмых у іх ліку аказаліся прадстаўнікі аграгарадка “Пухавічы” Галіна Іванаўна Мароз, Ніна Пятроўна Лопан, Валянцін Радкевіч і Георгій Лінскі. У выніку з 11 старонак на аркушах А-4 нарыс павялічыўся да 50. Ды вось бяда – конкурс кудысьці знік… Аўтарка, вядома ж, шкадавала, што дарэмна патраціла гэтулькі часу. І тут пачула ад дзеда ягонае выратавальнае: “Не расстройвайся, не перажывай і не сумуй, зробім асобнае выданне, я прафінансую!”. Ведаючы пра тое, што Арына актыўна працягвае сваё даследаванне, яе запрасілі паўдзельнічаць у гарадскім конкурсе вучнёўскіх прац, па выніках якога прысудзілі прызавое месца. Станіслаў Іванавіч быў шчыра рады за ўнучку і так захапіўся працай, што не змог не далучыцца да яе сам. Пры гэтым вырашыў распавесці не толькі пра тапонімы роднага краю, але і пра побыт ягоных насельнікаў. Так з’явілася кніга, якая ад агульных намаганняў толькі выйграла. Аўтары натхнілі нас быць не Іванамі няпомнячымі, а быць тымі, хто ведае, хто і адкуль мы пайшлі, чаму так завёмся. Яны запрашаюць нас зазірнуць у далёкае мінулае, “адкапаць” свае карані і паказаць іх нашчадкам праз назвы лясоў і палёў, крыніц і ўзгоркаў, рэчак і балот, тых жа населеных пунктаў. Дзед з унучкай звяртаюць нашую ўвагу не толькі на паходжанне назваў буйных населеных пунктаў, рэк, азёр, пушчаў ды іншага, але і на больш дробныя аб’екты. Яны, як высвятляецца, былі ў свой час буйнымі, і не толькі ў сваіх памерах, але і ў гістарычных падзеях. З часам яны проста страцілі былое палітычнае, альбо культурнае значэнне. А там жа нарадзіліся многія знакамітыя землякі, якія тварылі гісторыю тых, іхніх часоў. На вялікі жаль, сёння гэтыя аб’екты апынуліся, падкрэсліваюць аўтары, на задворках жыцця і паціху выміраюць… Але памяць пра іх памерці не павінна.
ВОТЧЫНА КНЯЗЁЎ
З кніжкі, пра якую гаворка, я ўпершыню з вялікім здзіўленнем даведаўся, што назва Пухавічаў пайшла ад назвы маёнтка князёў Пуховічаў. Згодна даследаванням аўтараў, уладальнікі пабудавалі ў 1504 годзе свой маёнтак такім чынам, каб з Усходу яго прыкрывала Свіслач, а з Поўдню – Цітаўка. Пасля тога, як тут пачаў сяліцца просты і няпросты люд, і ўтварылася вёска Пуховічы. У Пухавічы ж яна перайменавалася пад уздзеяннем рускай арфаграфіі. Націск перамясціўся, і літара “у” стала націскной. Браты Пуховічы, якія моцна сябравалі з панам Ваньковічам, падчас руска-шведскай вайны далі бой захопнікам і загінулі, як героі… Пасля іх мястэчкам валодалі ў розныя гістарычныя перыяды Ваньковічы, Ярашэвічы і Дамброўскія.
У сярэдневеччы Пуховічы падтрымлівалі водныя сувязі з Кіевам, Валынню, Паўночным Прычарнамор’ем, мелі прамыя стасункі з Прыбалтыкай. Гэта быў так званы шлях з “варагаў у грэкі”. Не, зусім невыпадкова старажытны населены пункт стаў улюбёным месцам прадпрымальнага і майстровага люду – яўрэяў. Менавіта яны “прыдалі некалі нязначнаму паселішчу ўсходніх славян рысы мястэчка. Праз пэўны час яўрэі сталі самай вялікай (пасля беларусаў) нацыянальнай групай. Цікава, што ў XIX стагоддзі, ды і па-сля адмены прыгоннага права амаль у кожнага пана быў свой “жыд”, які кіраваў гаспадаркай.
Мястэчка некалькі разоў знішчалася і зноўку адраджалася. Пасля вайны 1654-1667 гадоў тут налічвалася толькі… дзесяць дамоў. У 1865-м усю мясцовую шляхту, якая падтрымала паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, рэпрэсавалі.
Недалёка ад Пухавічаў ёсць вёскі, паходжанне назваў якіх аўтарам удалося вызначыць, дзякуючы мясцовым жыхарам. Напрыклад, Зацітава Слабада знаходіцца за Цітаўкай, а назва Слабада – ад віду паселішча. Між іншым, праз вёску пралягаў Кацярынінскі шлях. Падчас яго актыўнага функцыянавання Аскіркі, Аўсянікі, Няпомнікі, іншыя тутэйшыя адпачкаваліся і стварылі сваю вёску Грабаўё. Яе назва паходзіць ад слова “граб”. Такіх дрэў навокал хапае. Дзядуля Станіслава Іванавіча расказваў унуку, што менавіта ў тых мясцінах рос такі магутны граб, крона якога накрывала… палову гектара. А вакол расло мноства яго маладых сыноў. Вёска вымерла як бесперспектыўная. Як жа я ненавіджу гэтае слова з часоў колішняга камуністычнага лідара Беларусі Машэрава! Божа, Божа, колькі ж у нас такіх сельскіх паселішчаў, з якіх усё некалі пачыналася і на вялікае шчасце майго пакалення нейкі час працягвалася! Трагічны лёс і шматлікіх дарог ды шырокіх шляхоў, што пралягаюць праз памятныя, незабыўныя мясціны… У 30-я гады мінулага стагоддя ў Грабоўі рэпрэсавалі 28 заможных гаспадароў, восем з якіх расстралялі. Цяпер у Зацітавай Слабадзе – пакінутыя дамы, зарослыя пустазеллем агароды, лецішчы з закратаванымі вокнамі.
Што тычыцца паходжання найменняў іншых мясцін, то Беразянкай адну з вёсак назвалі з-за месца яе знаходжання на высокім правым баразе Свіслачы. А вось на нізкім (левым) яе беразе – Падбярэжжа. На гэтым жа беразе ракі, якая пачынаецца недалёка ад валожынскай вёскі Шапавалы, месціцца і Балачанка, дзе ў гаспадара Дзяткі любіў адпачываць Якуб Колас. Гэтае паселішча – у месцы ўпадзення ў Свіслач аднайменнай з ім рэчкі. На Балачанцы і вёска Балоча, назву якой тлумачыць, як разумееце, не трэба.
Ёсць на Пухаўшчыне вядомы лес Бойня. Позняй восенню 1812-га расійскія войскі разграмілі ў ім атрад адступаючых французаў, тут жа іх, дарэчы, і пахавалі. Таму і адпаведная назва крывавага лесу. За ім раскінулася поле пана Антонія Асоўскага, рэпрэсаванага за ўдзел у паўстанні Каліноўскага. Яго выслалі у сібірскі горад-астрог Омск. Нашчадкі, якія там аселі, наведалі ў 2020-м Пухавіцкі краязнаўчы музей-сядзібу свайго продка і падаравалі ўстанове грунтоўны фаліянт пра свой род. Дарэчы, Станіслаў Крэпскі, з якім мы ўжо шмат гадоў знаёмыя, расказаў мне ў мінулым красавіку, як у кастрычніку 2020-га разам з настаўнікам гісторыі Мар’інагорскай школы Барысам Ібрагімавічам Мухам ён абследаваў былы маёнтак. Аказалася, левае крыло сядзібы сярэдзіны XVIII стагоддзя – з дубу, а правае – з лістоўніцы. Прайшлі вякі, а гэтым пародам дрэў – усё не па чым! Прыкладам таму – і слупы з лістоўніцы ў Цітаўцы, на якія абапіралася частка млына. Стаяць яны, пачарнелыя, ў вадзе, і часу для іх не існуе. Вось была б гэткай моцнай і трывалай нашая агульная памяць! Дзед і ўнучка даказваюць сваёй адмысловай працай, што такой яна, усё ж, можа быць!
З поўначы і захаду поле згаданага вышэй Асоўскага прытулілася да магутнага сасновага бору, таму ўладальнік і называў яго Баравое. Ад асноўных земляў яно знаходзілася далекавата, і было аддадзена ў арэнду. У выніку на гэтым месцы ўзнікла вёска Баравая. Пасля таго, як Асоўскі прыкупіў у пана Ёдкі яшчэ гектараў пяцьдзясят зямлі, ён назваў свой чарговы надзел Новым полем і гэтаксама аддаў яго арэндатарам. Баравая тым часам разрасталася, і тутэйшыя пачалі перасяляцца на Новае поле. На ягоным вольным пляцы яны пабудавалі вёску, якую назвалі Наваполле.
РОДНЫ РАЎЧАК
Паўднёвей Баравой і Наваполля з’явілася ў даўнія часы родная вёска аўтараў краязнаўчага нарыса – Раўчак. Уздоўж яе “працякаў гаманлівы ручэй з невялікім грукатлівым, асабліва вясной, вадаспадам. Цяпер на ім месціцца даволі ладнае вадасховішча з карасямі, якое мясцовыя называюць Копанка”. Прыкладна за кіламетр ад Раўчака размясцілася ўзвышша, якое называюць Маяк. Тут знаходзіўся драўляны геадэзічны маяк. Ён спарахнеў і быў дэмантыраваны, але ж назву, падкрэсліваецца ў даследаванні, мяс-цовыя пакінулі. Праўда, зацітава-слабодцы і ўзвышша, з якога праглядваецца непаўторнае ўрочышча Блужскі Бор, і прылеглыя лясныя масівы называюць Барчакамі
Новы сацыялістычны праект прадугледжваў у Раўчаку шырокую вуліцу, па абодва бакі якой размяшчаліся дамы. Асобна ад вёскі, пры лесе Ёдкаўшчына, прыцягвала вока сядзіба Астапа Александровіча па мянушцы Мунька. Таму гэтую гаспадарчую пабудову з садам і агародам і называлі Мунькаў Кут. А пры лесе Барок, пры дарозе, што кіравалася на суседнюю Катоўшчыну, знаходзілася сядзіба Тэклі Фурс, муж якой геройскі загінуў на мінулай вайне, падчас якой раён страціў 11328 сваіх жыхароў. У гонар былога гаспадара сяляне самі, без усялякага сельсавета, назвалі месца Фурсавым клінам…
Урочышча Катоўшчына, высветлілі Арына і Станіслаў Іванавіч, належала некалі пану Катовічу з Пухавічаў і мела назву Катовішчына, якую люді спрасцілі. Так атрымалася і яшчэ ў адным выпадку. З назвы вёскі Маркаўшчызна выкінулі, для больш зручнага вымаўлення, адну шыпячую літару, у выніку атрымалася – Маркаўчызна.
На новым пляцы Раўчака прыцягвалі калісьці ўвагу землі такіх дбайных, багатых гаспадароў, як браты Міхась і Кастусь Казакі ды Марцін Масілевіч. Апошняга, як міраеда і класавага ворага, саслалі ў Заходнюю Сібір. Падчас Вялікай Айчыннай ён бесперашкодна вярнуўся дадому і да сваіх 104 гадоў даглядаў вялікую гаспа-дарку дачкі Броні, расказваючы ўнукам Антосю і Алёнцы пра свой лёс ды савецкую ўладу…
Што тычыцца мясцовых дарог, то іх называлі па іх накірунку да населеных пунктаў: маш-чонаўская, восаўская, грабаўская, пухавіцкая, слабацкая, маркаўшчызнянская, раўчацкая. Па машчонаўскай і раўчацкай перавозілі сена, нарыхтаванае ў нянадта топ-кім балоце з сакавітымі духмянымі травамі Казлоў Рог. Каля Восава яно было шырокае, а далей, да Свіслачы, звужалася ў крывы клін, нагадваючы рог казла. Належала пры гэтым, тут нельга не рассмяяцца (!) пану Казелу. Завочна местачковыя клікалі яго казлом. Так і не зразумела: ці то за падабенства, ці то за прыналежнасць утварылася гэтая інтрыгуючая назва.
Час на месцы, вядома ж, не стаіць, і некаторыя назвы, заўважаюць даследчыкі, адыходзяць у нябыт. Мала хто ўжо ведае, дзе знаходзіліся Дземідовічаў сенакос, Доўнарава поле, Крапівішча, у якім быццам бы вынашвалі супраць калгасаў свае тэрарыстычныя планы кулакі Раўчацкія, Бараўскія, Навапольскія ды Грабаўскія…
Кніга Арыны Клімовіч і Станіслава Крэпскага не можа не ўражваць не толькі іхніх землякоў, але і тых беларусаў, якія, нягле-дзячы ні на што, працягваюць цікавіцца сваім сапраўдным мінулым шукаюць свае карані. Даследчая праца дзеда і ўнучкі заслугоўвае вялікай павагі і ўвагі з прычыны таго, што грунтуецца не толькі на частцы раней здабытых навукоўцамі фактах ды новых архіўных знаходках, але і на памяці тых, хто яшчэ жыве на сваёй малой радзіме.
Застаецца шчыра падзякаваць аўтарам за глыбокую даследчую дзейнасць, за тую велізарную і каштоўнейшую працу, якая даходліва, яскрава і душэўна адлюстроўвае розныя бакі жыцця і дзейнасці беларусаў, дапамагае нам вызначыць сваю самаіндэнтыфікацыю, заставацца адданымі роднай зямельцы людзьмі.
Уладзімір Барысенка.