Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах

Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах

13 верасня 2021, 22:36 Грамадства 38
Свята беларускай паэзіі ў Зачэпічах

У суботу, 28 жніўня, у вёсках Зачэпічы і Жукоўшчына на Дзятлаўшчыне адбылося Гарадзенскае абласное свята беларускай паэзіі. Пяты па ліку фэст паэзіі паклікаў да сябе творчых людзей з Гародні, Ліды, Беліцы, Слоніма, Наваградка і Дзятлава. Удзельнікі свята сабраліся каля мемарыяльнага знака тром зачэпіцкім паэтам, але ішоў моцны дождж. Таму ўсе ўдзельнікі мерапрыемства наведалі мясцовыя могілкі, дзе пахаваны Гарасім Прамень і Пятрусь Граніт, і ўсклалі кветкі на іх магілы, а таксама сфатаграфаваліся на памяць на вуліцы Петруся Граніта ў Зачэпічах.

А потым свята працягвалася ў Жукоўшчынскім сельскім клубе. Са сцэны мясцовага клуба гучалі вершы і выступленні пісьменнікаў Валянціна Дубатоўкі, Алы Петрушкевіч, Святланы Абдулаевай, Святланы Адамовіч, Міколы Канановіча, Станіслава Судніка, Анатоля Брусевіча, Янкі Трацяка, Алены Абрамчык, Раісы Лакізы, Сяргея Чыгрына, Міхася Зізюка, Мечыслава Курыловіча, Галіны Самойлы і іншых удзельнікаў паэтычнага свята. Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея, распавёў пра цікавыя знаходкі пра паэтаў Дзятлаўшчыны Васіля Струменя і Петруся Граніта. А Сяргей Чыгрын прэзентаваў першы выпуск дзятлаўскага літаратурнага альманаха “Ятранка”, які выйшаў пры дзейнай падтрымцы газеты “Наша слова”.

Падчас пятага свята беларускай паэзіі на Дзятлаўшчыне кіраўнікі Гарадзенскага абласнога аддзялення СБП Янка Трацяк і Валянцін Дубатоўка, а таксама пісьменнік Сяргей Чыгрын уручылі літаратурную прэмію імя Анатоля Іверса Гарадзенскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Валерыю Петрыкевічу – дзятлаўскаму краязнаўцу і грамадскаму актывісту, старшыні Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ імя Ф. Скарыны. Прэмія Валерыю Петрыкевічу была ўручана за актыўную прапаганду твораў беларускіх пісьменнікаў і за ўшанаванне пісьменнікаў-землякоў на Дзятлаўскай зямлі.

Свята аздаблялі песнямі фальклорная група з Дзятлава “Ятранка”, барды Сяргей Чарняк з Ліды і Міхась Зізюк з Наваградка.

Барыс Баль,

Дзятлаўскі раён.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5430
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0016
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1116
Далучайцеся да нас