Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Ён ніколі не здраджваў роднай мове

Ён ніколі не здраджваў роднай мове

9 верасня 2021, 21:21 Культура 43
Ён ніколі не здраджваў роднай мове

Да 85-годдзя беларускага пісьменніка Яўгена Міклашэўскага

Даўно збіраўся напісаць пра паэта, перакладчыка, празаіка і публіцыста Яўгена Міклашэўскага, ды ўсё нешта не атрымлівалася, не ставала часу, як сёння мы любім казаць. А час ляціць імкліва – глянуў у каляндар: Яўгену Міклашэўскаму было б 85. Але 10 гадоў, як яго ўжо няма сярод нас.

Нарадзіўся пісьменнік 9 жніўня 1936 года ў вёсцы Лыскі Беластоцкага павета Беластоцкага ваяводства. Праз дзесяць гадоў сям’я пакінула родныя мясціны і пераехала на Нясвіжчыну. У 1957 годзе Яўген скончыў Пінскае педвучылішча, а ў 1965 годзе – Менскі педагагічны інстытут замежных моў.

Першыя творы Яўгена Міклашэўскага былі апублікаваныя ў часопісе “Полымя” ў 1959 годзе, а першая кніга паэзіі пабачыла свет у 1968 годзе, яна называлася “Свежасць”. Пра яе адразу станоўча адгукнуліся розныя выданні. Зборнік вершаў паэта называлі поклічам часу, вясной паэта, настройкай голасу, жыццём у паэзіі. І сапраўды, зборнічак атрымаўся ўдалым, вершы падкуплялі чытачоў сваёй шчырасцю:

Журботны лісця шолах…

Кляновы лістапад.

У полымі прысад –

Прасветы клёнаў голых.

Асенні санцапёк…

Сачу, зачараваны,

Як падае, сарваны

Дыханнем дня, лісток.

З якою навіною

Ляціць ён на зямлю?..

І я яго лаўлю,

Як матылька вясною.

 

Найбольш плённым час быў для паэта Міклашэўскага, калі ён працаваў літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі (1981-1991г.г.). Тады з друку выйшлі яго кнігі вершаў “Світальны водбліск”, “У спрадвечным руху”, “Зара-заранка, зара-вячэрніца”. У іх паэт услаўляў сваю Радзіму, вяртаўся ў думках на Беласточчыну да бацькоўскай хаты, паэтызаваў чалавека працы, каханне, прыроду. Пісаў пісьменнік і сатырычныя творы. Усім вядо-ма яго кніжка сатыры і гумару “Ганна з Пухавіч” (Мн., 1976).

З празаічных твораў варта адзначыць аповесць Яўгена Міклашэўскага “Чатыры дарогі”, якая прысвечана духоўнаму свету, маральна-этычнаму абліччу людзей 70-х гадоў мінулага стагоддзя. А таксама цудоўную кнігу “Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча” (Мн., 1995). Кніга пра Максіма Багдановіча – далёка не літаратуразнаўчая праца, а своеасаблівы раман-даследаванне, які чытаецца лёгка, проста, даступна. Такіх кніг, дарэчы, у нашай літаратуры бракуе. А яна найперш разлічана на моладзь, якую ў наш час здзівіць нечым вельмі няпроста.  

Яўген Міклашэўскі быў яшчэ выдат-ным перакладчыкам. Перакладзена ім на родную мову шмат твораў Д. Уолеса, Э. Хемінгуэя, М. Пехаля, М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Кальцова, Р. Кіплінга, Э. Колду-эла і многіх іншых замежных аўтараў. Неяк пры жыцці запытаў у Яўгена Васільевіча:

– Пра што найлепш пішацца і думаецца?

Дык ён адказаў, што закончыў аповесць “Пастухі і пастушкі”, якую задумаў ажно чвэрць стагоддзя назад. Яна прысвечана жыццю беларускай пасляваеннай вёскі і, прынамсі, пра вучобу, абавязкі, і гульні дзяцей вайны. А яшчэ пісьменнік дадаў:

– Я заўсёды любіў у паэзіі ўсмешку, дасціпнасць, жарт і відавочна таму ў апошнія гады захапіўся паэтычнымі мініяцюра-мі (напісаў цыклы “Свет каляровых сноў” і “Беларускія фрашкі”. Шмат увагі аддаю перакладам з рускай (лірыка XIX-XX стагоддзяў), з англійскай (Кіплінг), са стараўзбекскай (Наваі, Машраб) і з іншых. Марыў да 200-годдзя А.С. Пушкіна апублікаваць свой пераклад “Евгения Онегина”. Не атрымалася. У 1999 годзе пераклаў лібрэта оперы С. Манюшкі “Галька” (аўтар – Уладзімір Вольскі). Вершы і пераклады паціху друкую ў часопісе “Маладосць”, “Настаўніцкай газеце”, “ЛІМ”-е.

– А думаецца, – казаў Яўген Васільевіч, – пра трагічны лёс беларускай нацыі. Напісаў два артыкулы, прысвечаныя роднай мове: “Разбураны храм” і “З тарашкевіцай – у трэцяе тысячагоддзе!”. На жаль, “Настаўніцкая газета” друкаваць іх адмовілася… .

Калі Яўген Міклашэўскі працаваў у часопісе “Тэатральная Беларусь” (часопіс закрылі, ужо даўно не выходзіць), ён часта там друкаваў свае публіцыстычныя артыкулы-разважанні пра мастацтва сцэны, пра нацыянальную драму, пра інтэлігенцыю за… кулісамі і г.д. У адным з артыкулаў пісьменнік піша: “Мова, калі яна жыве, як і ўсё, развіваецца – самаўдасканальваецца і ачышчаецца ад чужародных наслаенняў. І асноўнае – даць ёй магчымасць жыць і жыць там, дзе яна нарадзілася, гэта значыць, асноўная наша задача – адрадзіць мову”.

У імклівым руху літаратуры нялёгка было ўтрымацца і выжыць. Яўген Міклашэўскі неяк трымаўся, паціху друкаваўся. Ён ніколі не здраджваў сваёй мове, творчасці і Бацькаўшчыне. А гэтыя сціплыя радкі няхай будуць светлай згадкай пра яго.

Сяргей ЧЫГРЫН.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0427
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5423
Пакліканы несці Боскую энергію людзям
Грамадства

Пакліканы несці Боскую энергію людзям

16 ліпеня 2019, 08:5322
Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава ці Зьдзецел?
Мова

Гарады з «памылкамі» ў назвах: Дзятлава ці Зьдзецел?

29 жніўня 2019, 15:3621
Далучайцеся да нас