Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тастамент Генадзя Бураўкіна

Тастамент Генадзя Бураўкіна

7 верасня 2021, 10:51 Культура, ТБМ 53
Тастамент Генадзя Бураўкіна

“Мы розныя,

Ды нас усіх яднае,

Спазнаная душою спаквалля,

Сунічная, крынічная, лясная

Пясчаная бацькоўская зямля.

Радзінны край,

                       цярплівы і збалелы,

Гасцінны, як рассцелены абрус,

У тысячах навалаў ацалелы,

З благаславеным імем Беларусь.”

Г. Бураўкін.

 

28  жніўня спаўняецца 85 гадоў з Дня  нараджэння  самабытнага і яркага  беларускага паэта і актыўнага грамадскага дзеяча Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, былога старшыні ГА ТБМ імя Ф. Скарыны, аўтара шматлікіх кніг паэзіі, дакументальных аповесцей, нарысаў, публіцыстычных і крытычных артыкулаў і сцэнарыяў, стваральніка цудоўнай лірыкі і папулярных песень.

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін нарадзіўся 28 жніўня 1936 года на поўначы Беларусі ў в. Шуляціна. Суровае, поўнае небяспекі пасляваеннае дзяцінства яго праходзіла ў Тродавічах, а потым – у Полацку. У 1954 годзе Генадзь скончыў Полацкую сярэднюю школу №1 і паступіў на аддзяленне журналістыкі філфака БДУ. У 1952 годзе шаснаццацігадовы юнак надрукаваў свой першы верш, а ў 1960-тым выдаў першы зборнік “Майская просінь”. А потым паляцелі да чытачоў яго кнігі “З любоўю і нянавісцю зямной”, ” Жніво”, “Варта вернасці” і іншыя.

“Пяць гадоў бурлівага студэнцкага жыцця праляцелі хутка, і малады журналіст паступіў на працу, якую ён атрымаў у часопісе “Камуніст Беларусі”, а потым перайшоў працаваць на Беларускае радыё, быў загадчыкам аддзела і намеснікам галоўнага рэдактара ў газеце “Літаратура і мастацтва”, – успамінаў У. Някляеў.

 У 1968-72 гадах Генадзь Бураўкін  працаваў карэспандэнтам па Беларусі газеты  “Праўда”, з 1972 па 1978 год узначальваў рэдакцыю часопіса ” Маладосць”, які быў тады друкаваным органам ЦК камсомола і Саюза беларускіх пісьменнікаў. З “Маладосці” Генадзь Бураўкін, у якога энергія біла ключом, трапіў на міністэрскую пасаду старшыні Дзяржкамітэта БССР па тэлебачанні і радыё (1978-1990). Гэтая пасада забрала шмат сіл і здароўя, але прынесла паэту высокі грамадскі і партыйны статус. Генадзь Мікалаевіч атрымаў дэпутацкае крэсла ў Вярхоўным Савеце БССР (1980 – 1990) і членства ў ЦК КПБ ( 1981-1990). З 1990 па 1994 год ён быў пастаянным прадстаўніком Рэспублікі Бела-русь у ААН і жыў у ЗША.

“Вярнуўшыся на радзіму ён зноў заняўся журналістыкай,”– пазначаў прафесар Дзмітрый Бугаёў у артыкуле “Матчына слова дапамагала мне”. (“Служэнне Беларусі”, 2003).

За беларускае слова, беларускую пазіцыю заўсёды вялася барацьба. Уладзімір Някляеў у сваёй прадмове да зборніка твораў паэта цытуе ўспаміны Генадзя Бураўкіна за 1970-ты год:  “А тым часам трэба было ажыццявіць яшчэ адну насамрэч грандыёзную задуму – стварыць незалежную ад Цэнтральнага тэлебачання самастойную беларускую праграму і выдаваць яе на тэрыторыі рэспублікі замест маскоўскай. Нашых запалоханых, зацюканых, правераных інтэрнацыяналістаў панічна палохалі самі тэрміны – “незалежная”, “самастойная” ды яшчэ ў спалучэнні з “беларускай”, а замахвацца на адну з праграмаў ЦТ падавалася нечуваным святатацтвам…”

У той час змагацца за беларускае было вельмі складана. Не проста здымалі з пасады і выключалі з партыі – выкідвалі з жыцця,- канстатаваў  У. Някляеў. – Нават, каб замяніць праграму “Спокойной ночи малыши” на родную ” Калыханку”, трэба было пераадольваць бюракратычныя бар’еры.

“…Будучы ўсёю сваёю сутнасцю грамадска-актыўнай і шчыра-даверлівай асобай, ён адгукаўся і на сацыяльныя заказы часу, і на настойлівыя заклікі ідэалагічных камісараў. З імпэтам, а то і з замілаванасцю пісаў ён пра грандыёзныя пасляваенныя будоўлі, і пра антываенныя гучныя акцыі, і пра адважны прарыў у космас. І паколькі ўсё гэта было сагрэта арганічным унутраным хваляваннем, адухоўлена выдатным талентам, дык і вершы на “надзённую тэму” нярэдка атрымліваліся па-сапраўднаму прачулымі і засталіся жыць, натуральна і лёгка пазбавіўшыся прывязання да канкрэтнай падзеі ці даты. Але самыя высокія ўзлёты натхнення прыпадалі на перыяды гістарычных духоўных узрушэнняў роднага краю, калі да мастака прыходзіла надзвычайная свабода выказвання”, – адначаў Масей Сяднёў.

Няма двух Бураўкіных, ёсць суцэльны архіпелаг паэзіі Бураўкіна – чалавечай паэзіі, арганічна патрыятычнай.  Не дэкларацыйна, а ўсёй моцай душы паэт Бураўкін любіць сваю зямлю Беларусь, якую ён “абцалаваў песнямі і вершамі”.

“Калі з расонскімі хлапчукамі хадзіў я, трохі спалоханы і шчасліва ашаломлены, па цэнтры Полацка, я думаў, што трапіў  у адзін з найвялікшых гарадоў на зямлі. Пабываўшы ў Маскве і Нью-Ёрку, Кіеве і Сан-Францыска, Лондане і Варшаве, я цяпер ведаю, што гэта не так – ён зусім не вялікі, мой родны Полацк. Але калі я пад’язджаю да яго здалёк, бачу купал Сафіі і блакітны выгін Дзвіны – сэрца ў мяне б’ецца так соладка і радасна, як нідзе болей”, – успамінаў паэт.

Генадзь Мікалаевіч Бураўкін узначальваў Таварыства бела-рускай мовы імя Ф. Скарыны з 1997 года і ўсёй сваёй дзейнасцю спрыяў адраджэнню і пашырэнню ўжытку беларускай мовы ў дзяржаўным, грамадскім і духоўным жыцці народа. Не аднойчы ён праводзіў літаратурныя сустрэчы ў Менскай сядзібе ТБМ, у Чырвоным касцёле, выступаў перад навучэнцамі школ, каледжаў і ВНУ.

“Ён быў чалавекам каласальнай энергіі, перакананасці ва ўсіх глабальна-дзёрзкіх задумах і пачынаннях, непахіснай прынцыповасці, смеласці і дальнабачнасці”, – успамінае народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка.

Генадзь Бураўкін  быў членам Беларускага Пэн-Цэнтра, сябрам Рады беларускай інтэлігенцыі. З 2008 года ён з’яўляўся кіраўніком назіральнай рады беларускамоўнага тэлеканала.

“Перачытваючы тваю кнігу “Паміж зоркай і свечкай”, – пісаў Сяргей Законнікаў свайму сябру, – я пастаянна адчуваў супрацьстаянне Асобы, якая прагне свабоды, праўды і справядлівасці, з задушлівым, прымітыўным, дурным таталітарызмам”.

Апошнія гутаркі з Генадзем Бураўкіным падчас яго хваробы запісваў у траўні 2014 года журналіст Сяргей Шапран.  Успаміны пра Генадзя Мікалаевіча яго сяброў і паплечнікаў – Васіля Быкава, Сяргея Законнікава, Уладзіміра Содаля, Уладзіміра Арлова, Уладзіміра Някляева, Святланы Алексіевіч, Аляксандра Фядуты, Змітра Падбярэзскага, Алены Макоўскай і іншых, эсэ і апошнія сумоўі Сяргея Шапрана  склалі аснову кнігі “Перадусім Беларусь”, якая выходзіла  ў 2016 годзе ў Смаленску. Апошні зборнік вершаў Г.М. Бураўкіна  “Мой боль і запавет” быў выдадзены ў 2021 годзе ў выдавецкім Доме “Звязда”.

” Для тых, хто застанецца ў мяне адна вялікая просьба: берагчы Беларусь, прадаўжаць тое, што зрабілі  і  не дарабілі яе сыны лепшыя. І спадзявацца, што ўсе мы – і тыя, што былі, і тыя, што будуць, і тыя, што ёсць, усе мы – вечныя. Вечныя  ў нашай мове, вечныя  ў нашай гісторыі, вечныя ў беларускай зямлі, у беларускім слове”, – пакінуў запавет Генадзь Бураўкін.

  Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3124
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1419
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5417
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0217
Далучайцеся да нас