У менскім выдавецтве “Адукацыя і выхаванне” пабачыла свет кніга “Віктар Лазебнік”, якая стала працягам, заснаванай у 2014 годзе Уладзімірам Ліпскім і Аляксандрам Супранові-чам, серыі “Асобы”. Час паказаў, што кнігі-біяграфіі вядомых людзей карыстаюцца ў чытачоў вялікай папулярнасцю. І гэта зразумела: заўсёды цікава ведаць жыццёвы шлях той ці іншай асобы, даведацца, што паспрыяла яе па-спяховасці, як гартаваўся характар і сталеў чалавек. У серыі пабачылі ўжо свет кнігі “Віктар Парфёнаў” (доктар біялагічных навук), “Уладзімір Ліпскі” (пісьменнік), “Віктар Пякарскі” (палкоўнік крымінальнага вышуку), “Пётр Клімук” (касманаўт), “Уладзімір Гаркавы” (герой афганскай вайны, разведчык), “Аляксей Скакун” (вучоны-эканаміст), “Рыгор Бабчанок” (пісьменнік), “Валерый Анісенка” (тэатральны рэжысер і акцёр).
У гэты раз героем расповеду стаў ветэран крымінальнага вышуку, апошні начальнік легендарнай Менскай сярэдняй спецыяльнай школы міліцыі імя М. В. Фрунзэ МУС СССР, народны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР 12-га склікання адстаўны генерал-маёр міліцыі Віктар Міхайлавіч Лазебнік. Кніга-біяграфія прысвечана апошняму міністру ўнутраных спраў БССР В. А. Піскарову і першаму міністру ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь У. Д. Ягораву.
АНКЕТНЫЯ ДАДЗЕНЫЯ. Віктар Міхайлавіч Лазебнік нарадзіўся 1 студзеня 1937 года ў горадзе Васількаў Кіеўскай вобласці. Скончыў Менскую сярэднюю спецыяльную школу міліцыі і Вышэйшую школу Міністэрства аховы грамадскага правапарадку СССР. Цягам дзесяці гадоў з’яўляўся намеснікам старшыні савета ветэранаў Меншчыны. Сябра рэспубліканскай міліцэскай арганізацыі ветэранаў. Заслужаны работнік МУС СССР. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і “Слава” ДРА, медалём “За выдатную службу па ахове правапарадку”, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР і СССР.
Аўтограф Вячаслава Кебіча
ПЕРАД ТЫМ, як пазнаёміць чытачоў з жыццёвым шляхам адметнай асобы, укладальнік выдання і аўтар дакументальнай аповесці “Тры вайны генерала міліцыі” журналіст Аляксандр Каменчукоў прапанаваў слова сябрам, калегам і вучням Віктара Лазебніка, што надало ягонаму вобразу асаблівую глыбіню і праўдзівасць. Сярод 14 аўтараў невялікіх эсэ – і былы старшыня Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь Вячаслаў Кебіч, які сустрэўся з героем кнігі яшчэ напрыканцы 80-х, калі займаў пасаду другога сакратара Менскага абкама партыі, а Віктар Лазебнік быў намеснікам начальніка абласной міліцыі. У 1990-м, калі апошняга абралі дэпутатам ВС БССР, Вячаслаў Францавіч узначаліў рэспубліканскі Саўмін, і яны супрацоўнічалі ўжо ў сценах парламента.
У сваім кніжным водгуку “Час пераасэнсаванняў” былы старшыня галоўгага выканаўчага органа краіны адзначае, што сітуацыя пасля “паўлаўскай” грашовай рэформы была крытычнай – падскочылі цэны, з прылаўкаў крамаў зніклі тавары, пачалі прабуксоўваць заводы, у рабочых знізіліся заробкі… Народ масава вываліў на вуліцы, у цэнтр Менска, да Дома ўрада на мітынг. Тое, што тварылася на плошчы, як у люстэрку, адбівала стан спраў у нашым рознамасным парламенце, пра які шмат напісана…
Да ліку дэпутатаў, на якіх “можна было ў пераломны для краіны час разлічваць”, Кебіч аднёс і Віктара Лазебніка. Шостага снежня 1993-га прэм’ер падпісаў пастанову аб прысваенні былому старшаму аператыўнаму супрацоўніку МУС СССР у Афганістане Віктару Лазебніку звання “генерал-маёр міліцыі”. Дарэчы, высокіх званняў Кебіч, які сваімі дзеяннямі здзівіў не толькі Белавежскую пушчу і народ на першых прэзідэнцкіх выбарах, надаваў у свае часы шмат каму. Казалі, пасля ён пра гэта шкадаваў… У згаданым вышэй артыкуле Вячаслаў Францавіч шчыра прызнаўся, што гэта быў той выпадак, калі ён асабіста добра ведаў чалавека, якому ўручаў генеральскія пагоны. Пры гэтым ніколі не сумняваўся ў тым, што гэты чалавек годны такога высокага звання.
Пасля сыходу Кебіча з пасады прэм’ер-міністра аднадумцы зблізіліся яшчэ больш. Пра характар іх асобых узаемаадносін сведчаць не толькі частыя сустрэчы і размовы ды шмат адпускоў, якія яны разам правялі ў санаторыі “Радон”, але і памятны аўтограф Вячаслава Францавіча на тытульным лісце ягонай кнігі “Белавежскі гамбіт”: “Лазебніку Віктару Міхайлавічу, блізкаму, не, самаму блізкаму сябру і аднадумцу з пажаданнем здароўя ад аўтара (14. 01. 2014)”.
Асколак міны маджахедаў
ДАРЭЧЫ, У ЗОНУ адказнасці “Поўдзень”, дзе палкоўнік Лазебнік мужна ваяваў з 1986 па 1988 год, уваходзілі Кандагар, Заболь, Гільменд і Урузган. Аднойчы ноччу, пры выстаўленні пастоў бяспекі (прыводзіць, крамя іншага, факт у сваім артыкуле “Добры прыклад для маладых калег” адстаўны палкоўнік міліцыі Валеры Страмбурскі, які ведае генерала не адзін дзясятак гадоў) група савецкіх дарадцаў трапіла ў засаду душманаў. Адзін з бэтээраў яны падарвалі. Да падыходу падмацавання, нягледзячы на атрыманую кантузію, Лазебнік умела арганізаваў абарону, што не дазволіла баевікам захапіць бронемашыну, і забяспечыў медыцынскую дапамогу параненым, якіх эвакуявалі. Быў момант, калі палкоўнік змог правесці перамовы з правадырамі мясцовых плямён, старэйшынамі кішлакоў і верхаводамі бандфарміраванняў, у склад якіх уваходзілі больш за дзве тысяы чалавек, і дамовіцца аб спыненні баявых дзеянняў. Працяглы час гэтая дамова выконвалася, што садзейнічала захаванню многіх жыццяў з абодвух бакоў. Дарэчы, падчас знаходжання ў Афгане ўзаемадзейнічаць давялося напрамую з вядомым генералам Мухамедам Хакімам, які стаў у 1986-м намеснікам прэм’ер-міністра ДРА. З часам беларускі сармушавер (у перакладзе з фарсі – старшы дарадца) усё часцей і часцей узгадваў афганскую прыказку: “Вера часта пераходзіць у сумнеў”… Пра ваенную замежную эпапею падрабязна распавядае ў артыкуле “Тайна кандагарскага неба” журналіст і пісьменніца Ларыса Кучарава. Гэтай жа, у асноўным, тэме прысвяціў свой матэрыяле “Мой стары баявы таварыш” і адстаўны вайсковы палкоўнік Уладзімір Шокаў, які сябруе з героем кнігі з часоў афганскіх падзей. Па словах Уладзіміра Ільіча (ён з’яўляецца сёння намеснікам старшыні Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане), Віктар Міхайлавіч удзельнічае практычна ва ўсіх праектах арганізацыі.У кожным раёне Менска існуюць выдатныя музеі, у якіх шырока адлюстравана афганская тэматыка. А ў сталічнай школе № 223 створаны музей 70-й гвардзейскай асобнай мотастралковай брыгады. У ім ёсць падраздзел, прысвечаны Віктару Міхайлавічу Лазебніку. У экспазіцыі – ягоны кіцель, фуражка, кавалачак сіняга афганскага лазурыту, выняты з сядзення крэсла ў памяшканні, дзе пражываў, асколак міны…
Рапарт міністру Клімаўскому
ЗА ШЭСЦЬ ГАДОЎ да сустрэчы з горнай і пясчанай краінай Віктар Лазебнік працаваў намеснікам начальніка Упраўлення крымінальнага вышуку МУС БССР. Пра дзейнасць яго на гэтай пасадзе вядзе гаворку ў сваім эсэ “Гісторыя аднаго рапарта” былы першы намеснік міністра ўнутраных спраў генерал-лейтэнант у адстаўцы Канстанцін Платонаў. Ён паведамляе, што афіцэр валодаў не толькі вялікім вопытам аналітычнай работы, але паказваў высокія асабістыя вынікі ў раскрыцці злачынстваў і прынцыповыя, канкрэтныя, неабходныя ў той ці іншы момант падыходы да выканання складаных праблем. Ён сканцэнтраваў свае намаганні і намаганні падначаленых служб па аналізе аператыўнай абстаноўкі з 1971 па 1981 год. Галоўную ўвагу скіравалі на забойствы, рабаванні, разбоі, згвалтаванні і крадзяжы.
Аднойчы па ўказанні тагачаснага пер-шага намесніка міністра Паўла Жука кіраўнік спецыфічнага падраздзялення выехаў на дзесяць дзён у Полацк, каб асабіста праверыць, як на месцы шукаюць без вестак зніклых жанчын. Аказалася, туташніх сіл на гэта не хапае, на што ў абласной міліцыі, лічы, ніяк не рэагавалі. Пра гэта камандзіраваны і далажыў Жуку. Пры гэтым усе пошукавыя справы па зніклых на Віцебшчыне жанчынах прапанаваў аб’яднаць у адну вытворчасць і ўзмацніць склад мясцовай аператыўнай групы лепшымі спецыялістамі, у тым ліку з Менска. Гэтаксама забяспечыць групу аўтатранспартам, бо колькасць заяў павялічвалася як снежны ком. Ды першы намеснік не прыняў аніводненькай прапановы. Загадаў правесці спецпаседжанне пазаштатнай ведамаснай камісіі, кіраўніку якой настойліва рэкамендаваў прызнаць работу Лазебніка ў Полацку незда-вальняючай! Вось гэтак, ні больш – ні менш! Сам жа, тым часам, адправіў яго туды ж у камандзіроўку яшчэ на дзесяць дзён. Пасля вяртання заставалася напісаць рапарт на імя міністра Аляксея Клімаўскога з пералікам усіх прапаноў. На вялікі жаль, заўважае Канстанцін Платонаў, нагодай для хуткага рэагавання не стаў, бо… вярнуўся да таго ж Паўла Жука, які паклаў яго пад сукно… Неўзабаве Клімаўской памёр, а Генадзя Жабіцкага, які прыйшоў яму на змену, так і не праінфармавалі. Пасля і Жуку, і Жабіцкаму давялося пакінуць свае пасады.
Віктар Лазебнік да расследавання кры-мінальных спраў па знікненні ў вобласці жанчын з той пары не прыцягваўся. Больш за тое, хутка ён стаў намеснікам начальніка менскай абласной міліцыі. Акрамя іншага, з яго непасрэдным удзелам, адзначае ў сваім артыкуле “Прафесіянал з шостым пачуццём” адстаўны міліцэйскі генерал-маёр Віктар Басалыга, на базе Менскага райаддзела была створана эксперыментальная пляцоўка па выяўленні злачынцаў пры дапамозе дасягненняў крыміналістычнай адаралогіі – навукі, якая вывучае пахі рэчываў.
Толькі ў 1985 годзе арыштавалі сексуальнага маньяка і забойцу Міхасевіча, які здзейсніў 36 даказаных злачынстваў. Пазней, у ходзе следства, вывады рапарта Лабезніка поўнасцю пацвердзіліся… У кнізе ён сцвярджае: калі б працягнуў далейшае расследаванне – ужо б тады стоадсоткава выйшаў бы на след рэдкага, тым больш для Беларусі, маньяка. Прыкрае непа-разуменне, узнікшае між ім і Жуком, адсунула, па ягоных словах, раскрыццё страшэнных злачынстваў мінімум на год! Адначасова ў яго няма сёння адказу на некаторыя дэталі і асаблівасці нашумелай на ўвесь былы Саюз “Віцебскай справы”. І праз дзесяцігоддзі ён успрымае гэтую спараву, як трагедыю вышукнога прафесіяналізму. Нямала старонак ёй прысвяціў у кнізе аўтар дакументальнай аповесці “Тры вайны генерала міліцыі” Аляксандр Каменчукоў.
Сама ж аповесць атрымала такую назву таму, што ў ёй распавядаецца пра страшныя гады Вялікай Айчыннай, якія захаваліся ў дзіцячай памяці генерала, пра вайну ў Афга-ністане і вайну са злачыннасцю ў Беларусі. Дэталёва пра ўсё гэта лепей прачытаць у самой кнізе, якая выйшла накладам у 500 асобнікаў са шматлікімі здымкамі, зробленымі ў самыя роз-ныя перыяды жыцця. А прачытаць твор пажадана таму, што гэта своеасаблівы дапаможнік па гісторыі не толькі нашай краіны.
Аўтар распавядае пра свае знаёмствы і сустрэчы з будучым неаднаразовым чэмпіёнам свету і алімпійскіх гульняў Аляксандрам Мядзведзем, маршалам Сямёнам Цімашэнкам, зоркай савецкага кіно і эстрады Леанідам Уцёсавым, міністрам аховы грамадскага парадку БССР Аляксандрам Аксёнавым, камандуючым афганскім Цырандоем Хайдарам, міністрам унутраных спраў Афганістана Саідам Махамадам Гулябзоем, камандуючым 40-й арміяй Барысам Громавым, генералам Валянцінам Варэннікавым, міністрам унутраных спраў СССР Мікалаем Шчолакавым, міністам унутраных спраў БССР Віктарам Піскаровым, журналістам Мікалаем Матукоўскім, міністрам унутраных спраў СССР, грамадскім дзеячам Вадзімам Бакаціным…
Не забыў Віктар Міхайлавіч і пра сваіх таварышаў з вайсковай палкавой школы, якая рыхтавала для 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі камандзіраў аддзяленняў і памочнікаў камандзіраў звязаў. Пасля яны вучыліся ў шыфравальнай школе штаба БВА і атрымалі званне малодшых лейтэнантаў.
У іх ліку былі такія выдатныя спецыялісты, як Анатоль Рудакоў, Эдуард Буслаеў, Валянцін Ішчанка і мой верны старэйшы сябра, які ўзначальвае сёння ўнітарнае прадпрыемства “Канстанта-91”, Генадзь Мікалаевіч Чачанец. Я прысвяціў гэтаму разумнаму, светламу, спагадліваму, небезуважнаму, чалавеку-працаўніку нарыс “Афіцэрскі рамень” і верш “Дзіця вайны”:
Глядзіць праз час падвал суседкі Веры,
у якім ты з братам-немаўлём і матуляй
дарэмна ў цемры апраметнай свята верыў,
што бацька вернецца і выжыве Красуля…
Ад свісту, звону, крыку, грукату, пажару
трымцела цела, разрывала грудзі сэрца
ад невыноснага, нясцерпнага кашмару
і страху – не дай бог, брацік зайдзецца…
Душа гарэла, крывёй мокла ад пакутаў,
і плюшкі мёрзлыя за шчасцейка былі
са шчаўем конскім, крапівою і трыпутам,
карэннем скрыпеню з параненай зямлі…
Яна ў кветках той сустрэчы патанала,
калі між танкаў і гарматаў, між машын
ты бег па цукар да салдат, пашанцавала
на сыр, кансервы, сухары ды маргарын.
Дзіця вайны, не перастану віншаваць
цябе заўжды са святам нашай Перамогі,
хачу ізноўку табе, дружа, пажадаць
цярпення, веры, міру, цвёрдае дарогі.
Да ўсяго застаецца дадаць, што Віктар Міхайлавіч Лабезнік рэгулярна ўдзельнічае ў мерапрыемствах Менскай гарадской арганізацыі ветэранаў-афганцаў “Памяць”, старшынём савета старэйшын якой ён з’яўляецца.
Уладзімір Барысенка.