Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Празаік, казачніца, перакладчыца пакінула разнастайную літаратурную спадчыну

Празаік, казачніца, перакладчыца пакінула разнастайную літаратурную спадчыну

25 жніўня 2021, 07:05 Грамадства, Культура 26
Празаік, казачніца, перакладчыца  пакінула  разнастайную літаратурную спадчыну

На 99-тым годзе жыцця адышла найстарэйшая пісьменніца Беларусі Алена Сямёнаўна Васілевіч, заслужаны работнік культуры БССР (з 1978 года).

Алена Васілевіч нарадзілася 22 снежня 1922 года ў засценку Даманшчына, (цяпер вёска Ліпнікі), Слуцкага раёна Менскай вобласці ў сям’і ляснога аб’ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця і выхоўвалася ў сваякоў.

Таленавітая дзяўчына скончыла літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута ў 1941 годзе. У час Вялікай Айчыннай вайны яна працавала бібліятэкаркай у шпіталі, пісаркай шыхтовай часткі, начальніцай бібліятэкі.

У 1946 г. яна скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала літкансультанткай у Курскім абласным выдавецтве (1946-1950). З 1950 г. яна была загадчыцай аддзела культуры часопіса “Работніца і сялянка”, а ў 1972-1980 гг. – загадчыцай рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у 1981-1983 гг. – загадчыцай рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва “Юнацтва”.

У літаратуру Алена Васілевіч прыйшла як празаік. Першы мастацкі твор, аповесць “У прасторах жыцця”, яна  надрукавала ў 1947 годзе  ў часопісе  “Беларусь”.

Выходзілі яе творы: “Шляхі-дарогі” (1950), кніжкі апавяданняў: “Блізкія знаёмыя” (1954), “Заўтра ў школу” (1956), “Сябры” (1958), “Апавяданні” (1959), “Падслухала сэрца” (1960), “Калінавая рукавічка” (1963), “Я з вамі” (1964), “Пісар страявой часці” (1969), “Адно імгненне” (1975), “Шурка Рэмзікаў” (1985), зборнік апавяданняў і аповесцей “Мыс Добрай Надзеі” (1977).У цэнтры ўвагі пісьменніцы знаходзіліся жыццё і праца сучаснікаў, праблемы асабістых узаемаадносін, маралі, выхавання дзяцей. На аўтабіяграфічным матэрыяле ёй была напісана тэтралогія “Пачакай, затрымайся…”, якую склалі аповесці “Расці, Ганька” (1966), “Доля знойдзе цябе” (1968), “Новы свет” (1968), “Пачакай, затрымайся…” (1970), дзе паказаны нялёгкі шлях у жыццё сялянскай дзяўчыны, духоўнае сталенне чалавека. У 1980-тыя гады А. Васілевіч выступіла аўтаркай кніг: “Люблю, хвалююся, жыву” (нататкі, эсэ, 1986), “Элегія” (апавяданні, эцюды, эсэ, 1988).

Засведчыла Алена Васіле-віч і талент казачніцы: даўно любімым творам дзяцей стала яе казка “Калінавая рукавічка”, якая ўвайшла ў беларускую дзіцячую класіку.

Пісьменніца пераклала на беларускую мову аповесць М. Стэльмаха “Гусі-лебедзі ляцяць” (1975), раман Д. Дэфо “Дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза” (1976), аповесць Г. Башырава “Зялёная мая калыска”(1981) і іншыя.

Творы Алены Васілевіч дакладныя ў апісанні побыту і раскрыцці характараў чалавека, у іх паэтычнае бачанне свету, стрыманая, даверлівая манера апавядання, жывая народная мова. Былі выдадзены выбраныя творы пісьменніцы ў 3 тамах (1982-1983).

Алена Васілевіч узнагароджана Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР і Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР, ордэнам “Знак Пашаны”, медалямі. За тэтралогію “Пачакай, затрымайся…” ў 1976 годзе ёй прысуджана Дзяржаўная  прэмія БССР.

 У 2002 годзе выходзіла кніга пісьменніцы “Першая жонка нябожчыка”. У яе ўвайшлі апавяданні, напісаныя ў апошнія гады.

Падрыхтавала Э. Дзвінская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Даследаваў мову нашых продкаў
Мова

Даследаваў мову нашых продкаў

7 жніўня 2024, 09:5215
Далучайцеся да нас