95-тыя ўгодкі з дня народзінаў адзначыў вядомы беларускі грамадска-палітычны дзеяч, гісторык і палітолаг Янка Запруднік.
Я. Запруднік, сапраўднае імя – Сяргей Вільчыцкі – нарадзіўся 9 жніўня 1926; выступаў у друку пад псеўданімамі Сяргей Ясень Аркадзь Будзіч, Арсень Загорны, Рыгор (Ягор) Ліцьвін, Т. Смаленскі, М. Беластоцкі.
Сяргей Вільчыцкі нарадзіўся ў мястэчку Мір на Карэліччыне, калі гэтая частка Беларусі была пад уладай Польшчы. Яго бацькі, настаўнікі па адукацыі, гаспадарылі на зямлі. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР сям’я Вільчыцкіх падлягала высылцы ў Сібір, але гэтаму перашкодзіў напад нацысцкай Германіі на СССР.
У гады нямецкай акупацыі Сяргей Вільчыцкі закончыў у Міры пачатковую школу (1942), затым у Баранавічах – прагімназію і тры курсы (з чатырох) гандлёвай школы (1943-44). Ён належаў да Саюза беларускай моладзі. Набліжэнне Савецкай арміі да Баранавіч вымусіла Сяргея Вільчыцкага да адыходу ў Германію: ён запісаўся ў дапаможную службу нямецкай авіяцыі (Luftwaffehelfer). За месяц да капітуляцыі Германіі быў пераведзены ў дывізію “Беларусь” (пад камандаваннем Францішка Кушаля), якая пад канец красавіка 1945 перайшла ў Баварыі да амерыканцаў. З 1945 ён быў скаўтмайстрам “Згуртавання Беларускіх Скаўтаў на чужыне”. Потым паступіў на медыцынскі факультэт Цюбінгенскага ўніверсітэта. Да траўня 1946 знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных у амерыканскай зоне акупацыі.
Сяргей Вільчыцкі пасля палону прыехаў у беларускі лагер для перамешчаных асоб у Рэгенсбургу, які ў ліпені 1946 быў пераведзены ў Міхельсдорф. Як былому ваеннапалоннаму атрымаць статус перамешчанай асобы яму было немагчыма, таму давялося “згубіць” дакументы, з якімі яго адпусцілі з амерыканскага палону, і ўзяць прозвішча Яна Запрудніка з Вільні, што па нейкай прычыне пакінуў лагер. З гэтага часу Сяргей Вільчыцкі стаў Янкам Запруднікам, захаваўшы гэта прозвішча на ўсё жыццё.
У лагеры дзейнічала Беларуская гімназія імя Янкі Купалы, якую Янка Запруднік скончыў у 1947. У студзені 1948 ён выправіўся ў Вялікабрытанію, дзе працаваў на шахтах цэнтральнай Англіі. Удзельнічаў у грамадска-культурнай нацыянальнай працы, выданні часопіса беларускай моладзі “Наперад!”, далучыўся да дзейнасці Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі.
Неўзабаве Янка Запруднік атрымаў стыпендыю з Ватыкана і, дзякуючы гэтаму, у 1950-54 гг набываў вышэйшую адукацыю на гістарычным факультэце Лювенскага ўніверсітэта (Бельгія). Навучанне сумяшчаў з удзелам у грамадскай, культурна-асветніцкай працы беларускай грамады. Быў адным з арганізатараў беларускага моладзевага руху, у 1953-54 навучальным годзе быў старшынём Беларускага студэнцкага згуртавання ў Лювене, стаў адным з ініцыятараў аднаўлення часопіса “Наперад!” і яго аўтарам. За гады навучання ён наведаў шэраг краін Заходняй Еўропы.
Пасля заканчэння ўніверсітэта з адзнакай Янка Запруднік прыняў прапанову Амерыканскага камітэта вызвалення ад бальшавізму (ад 1956 – Амерыканскі камітэт вызвалення) і ў верасні 1954 пачаў працаваць журналістам беларускай секцыі радыёстанцыі “Вызваленне” ў Мюнхене, у ліку беларускіх замежных вучоных уключыўся ў працу Інстытута вывучэння СССР.
У 1957 Янка Запруднік пераехаў у ЗША, дзе працягваў працу ў Нью-Ёрку да 1991 на той жа радыёстанцыі (ад 1964 – “Свабода”). У 1969 г. у Нью-Ёркскім універсітэце абараніў дысертацыю і атрымаў ступень доктара гістарычных навук. Выкладаў гісторыю Расіі і СССР у Квінскім каледжы Нью-Ёрскага гарадскога ўніверсітэта (1970-1975), гісторыю і сучасную палітыку Беларусі ў Калумбійскім універсітэце (1994).
Навуковая дзейнасць і публіцыстыка Янкі Запрудніка прысвечана гісторыі Беларусі, жыццю беларускага народа.
Яго высновы адрозніваліся ад канцэпцыі гісторыі беларускай дзяржаўнасці, якая існавала ў БССР. У працах “Савецкія канцэпцыі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага” (“Запісы”, 1974, кн. 12) і “Дзяржаўнасць Беларусі ў дасавецкую пару” (“Запісы”, 1977, кн. 15) аспрэчваецца сцвярджэнне савецкіх гісторыкаў аб тым, што беларускі народ упершыню прыступіў да стварэння сваёй дзяржавы толькі пры савецкай уладзе.
Янка Запруднік падкрэсліваў, што Першы Усебеларускі з’езд – важная веха дзяржаўнага будаўніцтва, разглядаў абвяшчэнне БНР як акт аднаўлення беларускай дзяржаўнасці, паказваў уплыў беларускага нацыянальнага руху на ўтварэнне БССР, якая ўзнікла ў процівагу БНР. Я. Запруднік крытыкаваў нацыянальную палітыку КПСС і КПБ за ігнараванне нацыянальных інтарэсаў, фармальнасць суверэнітэту БССР, абсалютную залежнасць ад партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва СССР. Як гісторык Янка Запруднік выступіў аўтарам шэрагу кніг: дакументальнай аповесці “Дваннацатка”, агляду “Беларусь на гістарычных скрыжаваннях” (Belarus: At a Crossroads in History, 1993). – Мн., 1996, “Гістарычнага слоўніка Беларусі” (Historical Dictionary of Belarus, 1998). Ён таксама выдаў кнігі: “Беларускія фэстывалі й выстаўкі. Палітычная інфармацыя мовай мастацтва (1948-2011)” – пра беларускія фестывалі ў ЗША, якія рэгулярна праводзяцца, “Па гарачых слядах мінуўшчыны. Лісты 1952-1959 гг.”, “Кантакты”, заснаваныя на лістах, што пісалі бе-ларусы з метраполіі Янку Запрудніку, “Берагу майго зарніцы”.
Янка Запруднік быў узнагароджаны медалём да 100-годдзя БНР Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Сёлета юбілей Янкі Запрудніка ўрачыста адсвяткавала беларуская грамада ў Саўт-Рыверы. На свята сабраліся розныя пакаленні беларускай эміграцыі ЗША.
Падрыхтавала
Э. Дзвінская.