Маё знаёмства са спадаром Валерам, якое неўпрыкмет перарасло ў добрае сяброўстава, налічвае каля трох дзясяткаў гадоў. І што цікава: прыгадваючы нашы сустрэчы, тэлефонныя размовы, я не прыпомню, каб ён калі выказваў вялікі клопат пра асабіста-пабытовыя рэчы, хоць гаспадар-чых спраў у яго хапае: адзін хутар каля Ахрэмавіч – спадчына сялянска-шляхецкага роду Дранчукоў-Рымашэўскіх – вымагае шмат старанняў. Але ад продкаў ён атрымаў у спадчыну не толькі радзіннае гняздо – у яго светаадчуванне трывала закладзена не толькі захапленне перад красой і веліччу прыроды – сваё жыццё (і гэта не перабольшанне) ён прысвяціў яе абароне. Яго “зялёны фронт” шматаблічны:
– аўтарская газета “Белавежская пушча”(прыродалюбнае асветна-публіцыстычнае выданне);
– каляндарная серыя “Маляўнічая Бацькаўшчына” (сёлета ёй 20 гадоў);
– газета “Святаяннік” (школа дзіцячай экалагічнай журналістыкі);
– дзіцячыя экалагічныя пленэры на беразе ракі Гавязнянкі;
– літаратурна-мастацкая серыя “Мне сонцам свеціць Наднямонне”;
– выданне кнігі У. Дацкевіча “Маё жыццё ў Белавежскай пушчы”;
– выданне ўласных кніг на абарону роднай прыроды, роднах назваў: “Белавежская пушча. Рэзалюцыя SOS”, “Мае кантрапункты. За акіянам і дома”, “Кажу дзецям…”, “Воблакі-лебедзі”, “Гавязна і Гавязнянка”;
– пастаноўка крыжа-абярэга на месцы прыбранага сметніка на ўтаймаванне страт у прыродзе і ў самім чалавеку. Ды колькі яшчэ ўсяго, штодзённага і абавязковага ў гэтага чалавека, які верай і праўдай служыць прыродзе і людзям, – не пералічыць!
Валянціна Холадава,
Новы Свержань.
Валер Дранчук у гэтым годзе юбіляр. Мы, сябры, шчыра віншуем яго і выказваем словы падзякі за ўсё, што ім зроблена!
Унікальнасць і велічнасць Валерыя Аркадзевіча – у бязмерным жаданні абараніць прыроднае асяроддзе ад неразумнай дзейнасці чалавека. Ён нібыта бацька, як малых атуляе то рэчку Гавязнянку, якую асушаюць меліяратары, то Белавежскую пушчу, якую ўціхую высякаюць, то бацькоўскі хутар, побач з якім наровяць ссекчы векавы дуб… І во цуд! – шмат што яму ўдаецца абараніць і захаваць (і адзін у полі воін!). Мяркую, што так робіцца дзякуючы спалучэнню Богам дадзеных талентаў: мастака, фатографа, журналіста, эколага.
Яго шматгранны талент і імпэт зачароўвае і прыцягвае. Сябраваць і сустракацца з ім – гэта свята для душы, гэта як наталяць смагу вадой з крынічкі, што выцякае з-пад царквы ў Лагойску. Да яго цянуцца і дзеткі, ужо ўнукі, з якімі ён ладзіць экалагічныя пленэры, распавядае пра родны кут, друкуе для іх кніжкі.
Планаў ды праектаў у Валерыя Аркадзьевіча бясконца. I на ўсё яму хапае часу … акрамя сябе! Нават у дні сваіх юбілеяў ён ладзіць вандроўкі па родных мясцінах, лірычныя і змагарныя.
Вось такім і зараз фіксую вобраз майго дарагога сябра – па-юнацку максімалісцкім абаронцам нашага краю, смелым і непахісным.
Сябар Валянцін.
Валер – гэта Чалавек, які не пакіне без абароны і дапамогі ніводную раслінку, ніводную жывёліну ці птушку, ніводную культурную каштоўнасць роднай краіны.
Марыся Гладкая.
Вітаю і віншую шаноўнага юбіляра. Бязмерна ўдзячная за вялікую працу па захаванні прыроды нашай Бацькаўшчыны, за абарону яе красы, каб мае дзеці і ўнукі, усе будучыя пакаленні маглі наталяцца водарам чыстага паветра, любавацца хараством і гармоніяй роднага наваколля.
Здароўя, моцы, добрых набыткаў, невычэрпнай творчай энергіі сёння, заўтра, назаўжды.
Станіслава Вальчык.
У мяне слоў не хапае, каб выказаць сваё захапленне.
Галіна Каржанеўская
(пра апошнія фотаработы).
За адзін дзень не стала і следу ад стогадовага клёна, што вольна раскашаваў у полі, утвараў густоўны відагляд ды меў у кроне мілую прасветліну-сэрцайка. Адны гэтай страты і не заўважылі, другія адзначылі – дый на гэтым. Валер Дранчук займеў болю і клопату на доўгі час, нібыта забілі яго дарагога сябра. А дзесяцігоддзямі змагацца за адно даўняе слова продкаў – за пракаветную назву Гавязна. А вучнем-сямікласнікам паўстаць супраць гвалту на рэчцы дзяцінства і весці змаганне за малыя беларускія рэкі да сваіх сямідзесяці, ахвяруючы спакоем, здароўем, жыццёвай уладкаванасцю, творчай рэалізацыяй!
Не давялося за жыццё сустрэць чалавека большай мэтаскіраванасці, смелай праўдзівасці, канструктыўнай паслядоўнасці, зацятай настойлівасці, стваральнай упартасці ў святой справе зберажэння роднага. Болей бы падобных хоць крыху на яго – было б усё інакш.
Наталля Плакса,
старшыня Нясвіжскай раённай арганізацыі ТБМ.
Душэўнай і цялеснай моцы, Божага дабраслаўлення на Вашы дабрачынна-ахвярныя справы.
Пётр Шарко,
ксёндз касцёла Божага
Цела ў Нясвіжы.
У псалме цара Давіда чытаем: “Дзён гадоў нашых – семдзясят гадоў, а пры большай моцы – восемдзясят, а самая лепшая іх пара – праца і хвароба, бо праходзіць хутка і мы ляцім.”
Хочацца пажадаць глыбока паважанаму мною спадару Валеру, каб пара большай моцы заўжды прыносіла плён у змаганні за беларушчыну, захаванне дараванага нам Творцам сусвету прыроднага быцця, мовы і культуры продкаў.
Уладзімір Бруй, пісьменнік.