Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Рыбак на Сумбары, або Айцец Грынкевіч зноў сустрэўся з гваюлай? Мітрафорны протаіерэй у туркменскім ауле

Рыбак на Сумбары, або Айцец Грынкевіч зноў сустрэўся з гваюлай? Мітрафорны протаіерэй у туркменскім ауле

11 жніўня 2021, 07:05 Навука 33
Рыбак на Сумбары, або Айцец Грынкевіч зноў сустрэўся з гваюлай? Мітрафорны протаіерэй у туркменскім ауле

Такім мог бы быць энцыклапедычны артыкул пра нашага героя: “Грынкевіч Мікалай Сцяпанавіч (1864 – не раней 1924), праваслаўны святар, педагог. Ураджэнец с. Рэпкі Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер в. Рэпкі Побалаўскага сельсавета Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці). З сям’і святара. Скончыў Гомельскае духоўнае вучылішча, Магілёўскую духоўную семінарыю; “дзейны студэнт” Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі (1888). Кандыдат багаслоўя (1896). Псаломшчык (1888), святар (1891), член Аляскінскага духоўнага праўлення (з 1891), яго справавод і (з 1892) скарбнік. Протаіерэй (1895), настаяцель кафедральнага сабора ў Сан-Францыска (1895-1896). Настаўнік у царкоўнай школе (багаслоўскім вучылішчы) у Сан-Францыска (1888-1892; апісаў яе ў нататцы “Пра школу”, надрукаванай у 1895 і двойчы ў 1902), наглядчык Арэнбургскага (з 1896) і Бялёўскага (з 1903) духоўных вучылішчаў, законавучыцель Ташкенцкага кадэцкага корпуса (прыкладна з 1908 па 1917). У 1924 настаўнік у ауле Кара-Кала (Туркменская вобласць). Даследаваў заканадаўства аб шлюбе ЗША і Расіі. Пераклаў з англійскай мовы арты-кулы пра гісторыю Усходу, мусульманства, кнігу А. Ралі “Хрысціяне ў Мецы” (рускае выданне: “Мекка в описаниях европейцев” , Ташкент, 1913)”.

Наша біябібліяграфія айца Мікалая Грынкевіча налічвае каля 240 запісаў. Першыя нашы чатыры артыкулы з фундаментальнымі звесткамі пра яго з’явіліся ў 2009-2011 гг. З таго часу знаходзіліся некаторыя істотныя дапаўненні, зусім няшмат, але і пра яго погляды, у прыватнасці, наконт спраў на Алясцы і ў цэлым у епархіі. З нарыса Сяргея Пратапопава (спадарожнік Уладзіміра Караленкі, які 27 жніўня 1893 г. выехаў з Чыкага ў Сан-Францыска і ў адсутнасць епіскапа атрымаў статыстычныя і іншыя звесткі пра прыходы і настаяцеляў ад нашага рэпкаўца) “Сучасная Аляска” (апублікаваны ў 1897 г.) можна даведацца і пра інтанацыю, манеру паводзін – стрыманую – айца Грынкевіча (апавядае “более покойным тоном”, у той час як яго дыякан дазваляе сабе павышаную эмацыянальнасць, калі гаворка заходзіць пра знішчэнне коцікаў, спойванне тубыльцаў, нажыву амерыканцаў).

– Мне здаецца, – сказаў айцец Мікалай, – што праваслаўе ў Алясцы растае, і растае па дзвюх прычынах: па-першае, праваслаўнымі ў Алясцы з’яўляюцца карэнныя мясцовыя жыхары, гэтыя карэнныя мясцовыя жыхары, эскімосы, алеуты і інш., несумненна, выміраюць; а па-другое, праваслаўе растае пад напорам пропаведзі каталіцызму, пратэстантызму, прэсвітарыянства і інш. веравучэнняў.

Пра характар яго дастаткова канкрэтна нам упершыню стала вядома толькі сёлета, дзякуючы звароту да стваральнікаў сайта “Туркестанская Галгофа”: епіскап Інакенцій (Ціханаў) і яго калега, якіх накіравалі ў сяло (аул) Кара-Кала паблізу ад савецка-персідскай граніцы (пазней пасёлак, стаў горадам, а ў 2005 г. перайменаваны ў Махтумкулі), сустрэ-ліся з Грынкевічам, які перасяліўся туды з Ташкента. Гэта было ў красавіку 1924 г. і адлюстравана ў другім і трэцім лістах з першых трох апублікаваных (да астатніх неапублікаваных трох з захаваных шасці неабходны доступ). І з’яў-ляецца істотным дабаўленнем фактаграфіі, разам са звесткамі, якіх няма ў публікацыі 2011 г., – што Грынкевіч у 1918 г. быў выбраны  сакратаром Туркестанскага епархіяльнага савета, потым яго згадвалі абнаўленцы перад саборам у Маскве 1923 г. як святара, на якога спадзяваліся, і што ён быў ужо мітрафорным протаіерэем. 

У 1927 г. у Кара-Кале быў створаны апорны пункт Усесаюзнага інстытута раслінаводства (ВИР), але (і ў тым ліку і таму што) яшчэ ў 1925 г. там было высаджана насенне каўчуканоса гваюлы, якое прывёз з Мексікі славуты М. Вавілаў. Гваюла расце і ў Каліфорніі, праўда, Паўднёвай, але сцвярджаюць, што арэал гваюлы даходзіць да Салінаса, сталіцы графства Мантэрэй. Туды – у прэстыжнае курортнае месца Дэль-Монтэ (цяпер частка горада Мантэрэй) – Грынкевіч ездзіў у вясельнае падарожжа ў пачатку 1891 г., і  там ён з матушкай Аляксандрай тэарэтычна мог бачыць гэтую расліну.

Епіскап Інакенцій: “Пакуль апішу, як мы ўладкаваліся. Сёння ўжо восьмы дзень, як мы тут. Прыехалі мы позна вечарам у суботу 30 сакавіка / 11 красавіка вельмі стомленыя пасля вельмі цяжкай дарогі. Начальства нас пакуль што накіравала да ташкенцкага протаіерэя Мікалая Сцяпанавіча Грынкевіча (памаліся за яго), што ўжо жыў у Кара-Кала. У яго мы выпілі чаю і правялі ноч. Гэта ўжо старац, – мітрафорны протаіерэй. […] А. Мікалай (я так і буду яго зваць) вельмі бадзёры стары, вельмі сур’ёзны і, бадай, суровы. Жыве адасоблена, бо любіць адзіноту і маўчанне. Пра нас ён, аднак, паклапаціўся, як бацька родны, і першыя два дні літаральна спакою не ведаў, жадаючы дапамагчы нам уладкавацца. Але пасяліцца з намі, нягледзячы на нашы ўзмоцненыя просьбы, ён адмовіўся”.

Прапусцім душэўныя, пахвальныя словы праасвяшчэннага Інакенція пра сумесныя спевы, якіх шмат, заўважым толькі, што раней лічылі, што ў а. Мікалая бас, а ў прадгор’і Капетдага гаворка ідзе пра “тэнарок”.

“А. Феадор таксама выдатны кампаньён. Ён знайшоў сабе часовы заробак у “хлопкоме”, а я пакуль толькі дапамагаю маме па гаспадарцы, а. Мікалай настаўнічае па раніцах, а днём ідзе на рыбную лоўлю. Нягледзячы на нязначную шырыню і каламутную ваду рэчкі Сумбара, у ёй водзіцца буйная рыба вусач, сом. Хадзіў лавіць і а. Феадор. Прынёс вусача ў фунт. Я яшчэ не быў, не мог сабрацца. На Вялікадні пайду і я. На Страсным тыдні рыбу есці не будзем, а на сённяшні дзень, калі рыба належыць паводле статуту, у нас яна ёсць”.

Можна ўявіць сабе, як хлопчык Мікалай лавіў рыбу ў Добысне, рэчцы каля яго роднай вёскі Рэпкі на Рагачоўшчыне.

Пра неафіцыйную службу ў ауле: “Мы, вядома, не маем права запрашаць каго-небудзь, але і гнаць, калі хто прыйдзе, не можам. Стаяць нясмела, дакладна ўсё ім зусім незнаёмае. Бедныя, здзічэлі яны тут зусім. Бо з 1916 года яны тут службы не бачылі. Абедню служыў а. Феадор, мы з а. Мікалаем спявалі. Ён тыповы прадстаўнік лепшай часткі рускага духавенства старога часу. Строгі, старанны, акуратны. Ён ніколькі не палохаўся той статутнасцю службы, якую мы стараліся выконваць. А я вельмі задаволены, што мы маем такога суслужэбніка і сумалітвеніка”.

 

Зусім дакладна растлумачыць з’яўленне яго ў туркменскім сяле дапамагае ліст абнаўленчага епіскапа Мікалая Коблава ў ДПУ (Центральный государственный архив Республики Узбекистан (ЦГА РУз). Ф. Р-39. Оп. 1. Д. 659а. Л. 224-225):

 

“В. Ц. С.

Туркестанскае

Епархіяльн. Упраўленне.

22 ліпеня 1923 г.

№ 1619,

г. Ташкент

 

Цал. сакрэтна

 

У ДЗЯРЖАЎНАЕ ПАЛІТЫЧНАЕ ЎПРАЎЛЕННЕ

У Народны Камісарыят Унутраных Спраў і Аддз. Упраўлення н/гарадск. Выканкама

Усе асобы, што ніжэй названыя, аўтакефалісты-ціханаўцы акрамя таго, што нацкоўваюць адну частку насельніцтва на другую /сваіх прыхільнікаў на абнаўленцаў, з прычыны чаго апошнія падвяргаліся апляванню, выгнанню, пагрозам расправы/, з’яўляюцца прамымі контррэвалюцыянерамі, палітычнымі злачынцамі. […]

ТЕУ, даводзячы да ведама вашага аб непапраўнай палітычнай злачыннасці названых у спісе асоб, што натхняюцца да анархіі царкоўнай і да контррэвалюцыйнасці палітычнай самазванцам Лукой, просіць выслаць іх з краю або абясшкодзіць нейкім іншым спосабам.

[…]

Спіс [20 чалавек]

[…]

СЕРГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА

  1. протаіерэй ГРЫНКЕВІЧ Мікалай;

[…]

Епіскап Мікалай”.

 

Якраз перад гэтым у ссылку, але ў Сібір, у Енісейск і Туруханск, быў адпраўлены і славуты, па каранях “магілёвец”, Лука (Война-Ясянецкі), які служыў у той жа царкве Сергія Раданежскага (знішчанай у 1932 г.).

Асцярожнасць і некаторы кампраміс у паказаннях наконт царкоўнай школы не дапамаглі Грынкевічу не быць урэшце высланым з Сан-Францыска. Ракавую ролю ў яго кар’еры адыграла нататка, напісаная па просьбе земляка доктара Руселя, магчыма, рэалізаваная як форма пратэсту. Далей яго перамяшчэнні па службе ішлі з няўхільным паніжэннем.

І для чаго ён добра авалодаў англійскай мовай, калі вярнуўся ў амаль цалкам рускамоўнае асяроддзе?

У дзясятках артыкулаў мы расказвалі пра розныя падзеі ў жыцці нашага, без сумнення, ужо знакамітага земляка. З самых хвалюючых момантаў, якія не ўдалося высветліць, – ці ездзіў ён непасрэдна на Аляску, каб пабачыць у тым ліку і бацькоў сваіх вучняў з абарыгенаў, і дзе прайшлі яго апошнія дні. Колькі мітрафорных протаіерэяў было ў першыя паслярэвалюцыйныя гады – і лёс колькіх з іх невядомы?

Алесь Сімакоў,

даследчык жыцця і дзейнасці протаіерэя Мікалая Грынкевіча.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4518
Памёр Чэслаў Сенюх
Культура

Памёр Чэслаў Сенюх

21 кастрычніка 2021, 08:4718
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0018
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2615
Далучайцеся да нас