Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ПА НЯСВІЖСКІХ СЦЕЖКАХ ЛЬВА ГУМІЛЕЎСКАГА

ПА НЯСВІЖСКІХ СЦЕЖКАХ ЛЬВА ГУМІЛЕЎСКАГА

14 ліпеня 2021, 21:31 Грамадства, Культура, ТБМ 11
ПА НЯСВІЖСКІХ  СЦЕЖКАХ    ЛЬВА ГУМІЛЕЎСКАГА

Ёсць добры  сімвалічны сэнс, што першая экскурсія “Нясвіж Льва Гумілеўскага” праведзена ў першы дзень ліпеня, акурат напярэдадні Дня Незалежнасці. Народны мастак Беларусі, знакаміты айчынны скульптар сваё творчае жыццё прысвяціў шанаванню тых, хто праз нягоды і паняверку памнажаў славу роднай зямлі, вёў Радзіму да свабоды, дзяржаўнай самастойнасці. Скарына, Астрожскі, Касцюшка, Каліноўскі, Багушэвіч, Купала, Багдановіч, Караткевіч, Гілевіч… З гадамі  (размяняў ужо дзясяты дзясятак!) скульптар,  не заўважаючы таго, сам  стаў у ганаровы шэраг з героямі сваіх твораў.

Падрыхтавалі і правялі экскурсію валанцёры Нясвіжскай арганізацыі ТБМ. Для хуткасці перамяшчэння спатрэбіўся аўтобус, за які ўдзячны кіраўніцтву раённай бібліятэкі імя Паўлюка Пранузы, ды дзве гадзіны прыемнага летняга часу. Менавіта столькі ўсе ахвочыя з задавальненнем патрацілі на тое, каб наведаць і пабачыць  мясціны нашага горада, што звязаны з жыццём і творчасцю Льва Гумілеўскага, які называе Нясвіж сваёй духоўнай радзімай.

Першы прыпынак – палац Радзівілаў. Тут, у пакойчыку на першым паверсе ў 1944 годзе жыў Леў Гумілеўскі са старэйшым братам і маці, якая працавала ў санаторыі. Пасля ў парку за замкам разгледзелі алею славутасцяў – плён працы бацькі і сына Гумілеўскіх. Валанцёры-экскурсаводы падрыхтавалі цікавыя звесткі пра Юрыя Нясвіжскага, Мікалая Радзівіла (Сіротку), Яна Бернардоні, Томаша Макоўскага, Уладзіслава Сыракомлю, Якуба Коласа. А крыху далей, у зялёнай засені палюбаваліся грацыёзнай “Русалкай”.  Другі прыпынак – касцёл Божага цела. Ушанавальная пліта ў гонар ксяндза Гжэгажа Каласоўскага выканана таксама Гумілеўскім, як і тая, што ў 2010 годзе з’явілася на франтоне царквы, дзе служыў Богу і людзям яшчэ адзін паважаны святар Дзмітрый Пятровіч Хмель (трэці прыпынак экскурсіі).

Не абмінулі і раённы краязнаўчы музей: там яшчэ адна работа Льва Мікалаевіча – скульптурны партрэт “вясковага лірніка” ,  аўтара краязнаўчых вандровак Уладзіслава Сыракомлі. А нашы вандроўнікі хоць крыху і прытаміліся, аднак пагадзіліся наведаць нясвіжскія могілкі, дзе пахаваны мастак Міхал Сяўрук – першы творчы настаўнік скульптара. У 2015 годзе надмагільная пліта мастака дапоўнена густоўным барэльефам, які выканаў яго ўдзячны вучань.Такі ж барэльеф аздабляе і ўваход у музей-кватэру Міхала Сеўрука. На завяршэнне экскурсіі каля гарадской ратушы яе ўдзельнікі па даўняй завядзёнцы сям’і Гумілеўскіх ціха паклікалі: “Міхал Канстанцінаві-і-іч!”

Падчас экскурсіі  гучала шмат пытанняў, вяліся зацікаўленыя дыялогі і панавала пачуццё нейкай светлай з’яднанасці. А з’яднаў усіх светлы чалавек – Леў Гумілеўскі, якому ўсе зычылі здароўя і Божай ласкі ў гэты няпросты жыццёвы час.

Вольга Карчэўская.

Нясвіж.

На фота: Пра Льва Гумілеўскага і яго творчасць распавядае Станіслава Вальчык, старшыня Карцэвіцкай суполкі ТБМ.

 

Гэты матэрыял паступіў у “Наша слова”  2 ліпеня. На вялікі жаль, праз два дні сябры ТБМ з Нясвіжчыны даслалі яшчэ адзін ліст, напоўнены шчырым смуткам ад сыходу Льва Гумілеўскага ў Беларускую Вечнасць  і такімі ж шчырымі спачуваннямі яго родным, якія заўсёды былі аднадумцамі і паплечнікамі майстра ў святой справе служэння народу і Айчыне.

Недзе ў балоце нясвіжскай бюракратыі загразлі паперы, падрыхтаваныя нясвіжскім ТБМ, аб наданні Льву Гумілеўскаму звання Ганаровага грамадзяніна Нясвіжа. Але сябры ТБМ маюць надзею, што нясвіжскія сцежкі Льва Гумілеўскага не зарастуць і не патонуць у балоце бяспамяцтва, а  яго “светлы след будзе вечна жывым”.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Памёр пісьменнік Віктар Гардзей
літаратура

Памёр пісьменнік Віктар Гардзей

2 лютага 2025, 10:5815
Далучайцеся да нас