Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Жывы покліч працягвае гучаць

Жывы покліч працягвае гучаць

15 чэрвеня 2021, 20:18 Грамадства, Культура 74
Жывы покліч працягвае гучаць

1 чэрвеня адзначыў 75-годдзе адзін з лепшых сучасных беларускіх празаікаў, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі і літаратурнай прэміі імя І. Мележа – Генрых Вацла-вавіч Далідовіч, аўтар раманаў на гістарычную тэматыку “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом”, “Заходнікі”, стваральнік зборнікаў апавяданняў “Жывы покліч”, “Жар кахання” і іншых.

Генрых Далідовіч нарадзіўся 1 чэрвеня  1946 года на хутары Амшарок, паблізу вёскі Янковічы Стаўпецкага раёна ў сям’і каваля. Ён мае звесткі пра сваіх прадзедаў з 1710 года. Прозвішча “Далідовічы” паходзіць ад назвы продкаў-дойлідаў, якіх князі Радзівілы запрасілі працаваць у яго родныя мясціны.

У 1968 годзе ён скончыў філфак БДУ, некалькі гадоў настаўнічаў на Барысаўшчыне, з 1973 года стала займаецца літаратурнай працай. Амаль 6 гадоў Генрых Вацлававіч працаваў у аддзеле прозы часопіса “Полымя”, з 1979 па 2002 – быў намеснікам, галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, працаваў у “Краязнаўчай газеце”.

Важнай у яго творчым багажы была невялічкая кніга “БНР-БССР”, дзе ён з падрабязнай факталогіяй апісваў час стварэння і дзейнасці БНР і запачаткавання БССР, апісваў лідараў беларускага нацыянальнага руху.

– У 1980-1995 гадах я ў  прозе  далучыўся да даследчыкаў часу ўтварэння БНР і БССР, выклаў сваю версію ў раманах “Гаспадар-камень”, “Пабуджаныя”, “Свой дом” – на аснове асэнсавання ўсяго надрукаванага ў нас  і за мяжой у сілу сваіх здольнасцей імкнуўся надрукаваць творы не толькі ў белых і чорных, але і ў шматколерных фарбах, каб не ганьбіць шчырых, высакародных герояў, і не ўзвышаць непрыяцеляў.

У кручаным 1918 годзе, у самых што ні на ёсць жудасных умовах было проста не пад сілу зрабіць шмат, ды, бадай, удалося тады дабіцца самага галоўнага – паўстаць з попелу, сцвердзіцца і заявіць свету пра яшчэ адну дзяржаву – БЕЛАРУСЬ!!!”- падкрэсліваў Генрых Далідовіч.

 

Узнёслыя старонкі сваіх аповесцяў і апавяданняў у кнігах “Міг маладосці”, “Жар кахання” пісьменнік  прысвяціў галоўнаму чалавечаму пачуццю – любові да роднай зямлі, прыроды і чалавека, з якой нараджаецца і доўжыцца жыццё, выдатна перадаў псіхалогію  і перажыванні дзяцей і падлеткаў.

Аповесць “Жывы покліч” Г. Далідо-віч прысвяціў лёсу сваіх маладых бацькоў – Вацлава і Яніны – якія пасля вянчання ў касцёле і запісу ў сельсавеце пачалі сямейнае жыццё на папялішчы, збудаваўшы зямлянку. У гэтай зямлянцы і нарадзіўся ён ў 1946 годзе – адзін з першых дзяцей адро-джаных Янковічаў. На хутары Амшарок пабачылі свет дзве сястры і два браты пісьменніка. 

Генрых Далідовіч шчодра апісвае свой Налібоцкі край і землякоў. Ён любіць працу на зямлі і юбілей сустрэў на лецішчы. Мы павіншавалі аўтарытэтнага літаратара з важнай датай у яго жыцці.

– Дзякуй за памяць сябрам ТБМ! Я рады, што газета “Наша слова” працягвае выходзіць. Музей гісторыі беларускай літаратуры прапанаваў мне правесці юбілейную вечарыну, але я пакуль адмовіўся, бо не магу святкаваць, калі ў краіне пакутуюць і смуткуюць людзі.

Меня працягвае цікавіць гістарычная тэматыка. Не адзін год я збіраю матэрыял на тэму Грунвальдскай бітвы, ездзіў у Польшчу да эпідэміі, аглядаў Варшаву, Віслу, крыжацкі замак у Мальборку.

– Генрых Вацлававіч, як Вы перажываеце цяперашні складаны час?

– З пачатку эпідэміі Кавіду я больш часу праводжу на лецішчы. Там жыву і зараз. Суседскі пяцікласнік прачытаў мае апавяданні, якія ўвайшлі ў школьную праграму. Падышоў да таты і запытаўся пра прозвішча: “Тата ці не наш гэта сусед? Мужчына звярнуўся да мяне з пытаннямі. Я патлумачыў, што два мае апавяданні “Губаты” і “Страта” ў свой час уключылі ў школьную праграму, каб дзеці раслі больш гуманнымі і чуллівымі.

 “Губаты” – пра маладое ласянятка, якое выратаваў і выгадаваў ляснік і якое, атрымаўшы свабоду і даверыўшыся людзям, сустрэлася з браканьерамі.

Апавяданне “Страта” я напісаў з уласнага досведу, які атрымаў у час настаўніцкай працы. У ім гаворыцца пра сяброўства двух хлопчыкаў. Адзін з янкавінскіх падлеткаў Міця Бокуць захварэў на лейкамію і знаходзіўся на хатнім навучанні, а яго сябра Стась наведваў яго і спагадаў яму. На жаль, хлопчык памёр… Усёй школай, з настаўнікамі хавалі яго на могілках. Апавяданне “Страта”  было перакладзена на балгарскую мову.

Калі я наведваю Налібокі, заходжу на могілкі, стаю ля агароджы і помніка, з журбой успамінаю маладзенькага Міцю. Аднойчы да мяне падышла жанчына, і запыталася, чаму я даў яму такое імя ў апавяданні. Гэта была яго матуля. Я адказаў, што пісаў не нарыс, а ствараў мастацкі вобраз. Яна падзякавала і пацалавала мяне…

Гутарыла Э. Дзвінская,

фота з архіва пісьменніка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам
Выданні

«Аржавень кідае выклік Шрэку». Беларускіх нячысьцікаў вяртаюць беларусам

4 снежня 2018, 16:2531
Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў
Грамадства

Вуснае права. Як у ВКЛ жылі да Статутаў

16 лістапада 2018, 11:3331
Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта
Выданні

Алесь Смалянчук прэзентаваў у Варшаве кнігу пра Скірмунта

14 лістапада 2018, 11:2030
Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў
Грамадства

Трэцяму Статуту ВКЛ спаўняецца 430 гадоў

15 лістапада 2018, 21:3930
Далучайцеся да нас