У 2020 годзе ў выдавецтве “Каўчэг” выйшла новая кніга сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў, заслу-жанага дзеяча культуры Васіля Аляксеевіча Жуковіча “Бязмежжа памяці і любові”. У яе ўключаны эсэ, партрэты, роздумы пра настаўнікаў у літаратуры – педагога-прафесара і аўтарытэтнага крытыка, вядомых пісьменнікаў і дзеячаў культуры, з якімі аўтара звязвала доўгае сяброўства, сумесныя жыццёвыя і творчыя шляхі.
Васіль Жуковіч добра вядомы, як прачулы паэт, празаік, эсэіст, журналіст, перакладчык з украінскай, расійскай, польскай і грузінскай моваў, аўтар шматлікіх літаратурна-мастацкіх выданняў. Запомніліся яго зборнікі вершаў “Паклон”, “Мелодыя святла”, “Цана цішыні”, “Золата лістападу” і іншыя, кніга прозы “Арабінавая ноч”. Васіль Жуковіч з’яўляецца стваральнікам цудоўных песень і перакладчыкам на беларускую мову твораў замежных аўтараў.
У новым зборніку аўтар пранікнёна распавядае аб творчасці і цяжкіх выпрабаваннях славянскіх геніяў – Янкі Купалы, Тараса Шаўчэнкі, Адама Міцкевіча, неўміручай славе К. Каліноўскага. Закранае загадкай К. Чорнага, расказвае пра ўплыў Багдановіча на школьнікаў, пра адзінокага Я. Коласа, пакінутага С. Новіка – Пяюна, памяткую 95-гадовую А. Васілевіч, стогадовага Барыса Кіта, пра маштабную постаць Анатоля Вярцінскага.
Васіль Жуковіч піша з любоўю і пра тых, каго страціў, – дарагіх сэрцу У. Калесніка, Н. Мацяш, Ф. Янкоўскага, Я. Брыля, Я. Пархуту, Я. Янішчыц, В. Пісьмянкова, В. Куксу, У. Содаля.
Васіль Аляксеевіч вучыўся ў Берасцейскім дзяржаўным педагагічным інстытуце, дзе яго выкладчыкам быў інтэлектуальна абаяльны педагог прафесар Уладзімір Андрэевіч Калеснік, які амаль 40 гадоў нёс літаратурную варту на кафедры беларускай літаратуры. Ён магічна ўздзейнічаў на моладзь, з’яўляўся непахісным носьбітам і правадніком нацыянальнай ідэі. Асветнік-гуманіст абуджаў у студэнтаў пачуццё годнасці, любоў да літаратурна-мастацкай спадчыны Бацькаўшчыны, дэманстраваў сваю грамадзянскую пазіцыю і эстэтычны густ. “Уладзімір Калеснік, – піша аўтар,- нястомна сілкаваў душы людзей, уздымаў іх, як сонца ўздымае ўсё жывое, даваў магчымасць адры-вацца ад жыцейскіх клопатаў і пераносіцца ў свет духоўнасці, і хараства. Ён плённа працаваў у літаратуры, яго творчасць клікала і сёння кліча ў свет мудрасці Францішка Скарыны і Міколы Гусоўскага, вольналюбівага Уладзіміра Караткевіча”, – так характэрызуе Васіль Жуковіч свайго настаўніка, выдатнага педагога, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, аўтара глыбокіх літаратуразнаўчых кніг, чалавека маральнай чысціні, які перанёс драму ваеннага ліхалецця, прайшоў суровую школу кулямётчыка, мінёра-падрыўніка, камандзіра звяза і начальніка штаба атрада. Яго духоўная вышыня і чысціня застаюцца арыенцірамі для пісьменніка.
З такой жа павагай піша Васіль Жуковіч пра вучонага-лінгвіста, доктара філалагічных навук, заслужанага дзеча навукі прафесара Фёдара Міхайлавіча Янкоўскага, якога ён асабіста добра ведаў. Янкоўскаму даводзілася сустракацца з мноствам людзей і заўсёды ён занатоўваў трапныя і дасціпныя словы, словазлучэнні, прыказкі і прымаўкі, цікавыя гісторыі і зберагаў іх. Сэрцам ён заставаўся верным роднаму слову. Яго адданасць любімай справе, шчыраванне на грунце высокай адукацыі і культуры аказалася магутным рухавіком плённай навукова-творчай дзейнасці. Трыадзінства пісьменніка, вучонага і педагога сталася гарманічным і паспрыяла стварэнню жыццядайнай навуковай і літаратурнай спадчыны.
Піша ў сваёй новай кнізе Васіль Жуковіч і пра цудадзейны талент Алеся Пісьмянкова, і пра рэалістычна-праўдзівую прозу Генрыха Далідовіча, яго герояў, узятых з роднай вясковай стыхіі, і пра крышталёвую чысціню малюнка пейзажнай лірыкі Фелікса Баторына.
“Калі б крытыка была маёй стыхіяй, – я паказаў бы ўсю красу і сілу прозы Андрэя Федарэнкі, яго бліскучае майстэрства, кампазіцыйную вытанчанасць, разняволенную раскошу яго мовы, тое, як удала пісьменнік сумяшчае сваё моўнае багацце з народнымі залацінкамі, чысціню літаратурнае мовы з размаітасцю палескага дыялекту, элементамі трасянкі, і тое, які ён памяткі, як ведае класікаў,” – адзначае аўтар.
З цяплынёй піша аўтар пра шчодрую на гадочкі адораную яскравым талентам, трапяткую, удумлівую, духоўна багатую Алену Васілевіч. Аддае даніну павагі яскраваму, чалавечаму і дэмакратычнаму таленту Ігара Лучанка і іншым асобам, якія рупіліся над захаваннем музычна-спеўнага залатога фонду Беларусі. Кніга напоўнена дабрынёй, цяплынёй і ўдзячнасцю людзям, якіх аўтар сустрэў на сваім жыццёвым шляху. Яна ёсць у продажы ў сталічнай “Акадэмкнізе”.
Э. Дзвінская.