Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Дзятлаўчане і іх прозвішчы

Дзятлаўчане і іх прозвішчы

2 чэрвеня 2021, 00:11 Навука 208
Дзятлаўчане і іх прозвішчы

Прозвішча (па-руску фамілія) азначае “сям’я”, “род”. У старажытным Рыме гэта была сямейна-гаспадарчая адзінка, у склад якой, акрамя кроўных сваякоў, уваходзілі і работнікі. З цягам часу прозвішча набывала родавае найменне, а пры нараджэнні пераходзіла ў спадчыну, мяняючыся толькі ў шлюбе для асоб жаночага полу ці падчас усынаўлення. “Словарь русского языка” пад рэдакцыяй С.Г. Ожагава трактуе прозвішчы як тое, што перадаецца ў спадчыну ў якасці дадатка да асабістага імя.

Першыя ўстойлівыя прозвішчы на тэрыторыі сучаснай Беларусі прымаліся магнатамі і з’явіліся толькі ў другой палове 15 стагоддзя – Хадкевічы, Сапегі, Пышкевічы, Ільінічы, Гарнастаі, Грамыкі і г.д. Аднак асноўная колькасць шляхты ў першай палове 16 ста-годдзя яшчэ карысталася найменнямі па бацьку ці дзеду.

На аснове інвентароў 17-га пачатку 18-га стагоддзяў можна сцвярджаць, што пастаяннае прозвішча набываюць усе саслоўі: шляхта, гандляры, рамеснікі і асноўная колькасць сялян. Аднак яны не былі ўстойлівыя і абавязковыя.

Беларуская сістэма прозвішчаў канчаткова аформілася толькі ў другой палове 19-га стагоддзя.

Што ж такое беларускае прозвішча?

Да самых характэрных беларускіх прозвішчаў адносяцца тыя, што маюць канчатак -овіч, -евіч. Яны найчасцейшыя і настаражытнейшыя. Такога тыпу прозвішчы маюць да 90% сербаў і харватаў, што яшчэ раз пацвярджае наша славянскае радство з імі.

Сёння ў Беларусі, згодна з апошнім перапісам насельніцтва, прозвішчы з гэтым суфіксам, такія як Пашукевіч, Самайловіч, Макарэвіч, Петрыкевіч, Капковіч, Мацюкевіч, Хартановіч, Урбановіч, Юшкевіч, Ярмаловіч, Місцюкевіч, Станкевіч, Пранкевіч, Капаткевіч і г.д., маюць звыш 1.5 мільёна жыхароў і 88% іх прозвішчаў, як сцвярджае доктар філалагічных навук М.В. Бірыла, аўтар дзясяткаў навуковых прац і даследаванняў па антрапалогіі, бэрэ пачатак ад імён, атрыманых пры хрышчэнні ў царкве ці касцёле ў поўнай ці скарочанай форме: Клім – Клімовіч, Восіп – Асіповіч, Барыс – Барысевіч, Косця – Касцюкевіч, Якуб – Якубовіч, Багдан – Багдановіч. Найбольш такіх прозвішчаў у Менскай і Гарадзенскай абласцях. Натуральна, вялікая колькасць такіх людзей і ў нашым раёне.

Дастаткова на Дзятлаўшчыне жыхароў з прозвішчамі з канчаткам -ко. У Беларусі носьбітаў прозвішчаў дадзенага тыпу каля 700 тысяч чалавек. Па сутнасці канчатак -ко спаланізаваны варыянт старажытнага беларускага суфікса -ка. Ён можа дадавацца да любой асновы імя (Федзя – Фядзько), фізічных асаблівасцей чалавека (глухі – Глушко), прафесіі (каваль – Кавалько), да дзеясловаў (прыходзіць – Прыходзька) і г.д.

Найбольш пашыраныя ў нас з прозвішчаў гэтага тыпу наступныя: Бойка, Мялешка, Лойка, Сянько, Куцко, Дудко, Санько, Ламака, Шышко, Цярэшка, Бабко, Клімко, Зубко, Шурко, Латушка, Ражко, Харошка, Кашко, Лашко, Юшко, Сіўко, Мілейка, Губко, Лянко, Пышко, Васько, Бялко, Грамко, Саўко, Хацько. Прычым -о або -а на канцы прозвішча залежыць ад націску на слове. Пад націскам у беларускай мове пішацца літара о.

Праўда, позвішчы такога тыпу, але з канчаткам -эйка з’яўляюцца старажытналітоўскімі па паходжанні: Мажэйка (малы), На-рэйка, Нарэйчык (жадаць, хацець), Барэйка (папракаць).

Значная частка жыхароў Дзятлаўшчыны валодае прозвішчамі з заходнеўкраінскім (валынскім) суфіксам на -ук, -юк, -чук. Гэта Касцюк, Паўлюк, Пятрук, Мацюк, Радзюк, Пасюк, Кавальчук, Пінчук, Федарук, Антанюк, Лазюк, Маярчук, Манчук, Ванчук, Грынчук, Герасімук.

Каля паўмільёна беларусаў карыстаецца сёння прозвішчамі на -ік, -чык. Таму і на Дзятлаўшчыне прозвішчы Дубовік, Новік, Кулік, Чыжык, Царык, Філіпчык, Кухарчык, Юрчык, Гарэлік, Дзямідчык, Дзям’янчык, Дзялендзік, Альховік, Аляксейчык, Данільчык, Яскельчык, Абрамчык, Максімчык, Барысік, Сончык, Лейчык, Сідорчык, Купрыянчык і іншыя зусім не рэдкасць.

Тое ж самае можна сказаць і пра прозвішчы на -іч: Акуліч, Кузьміч, Мікуліч, Бабіч, Анапіч, Бародзіч, Ахрамовіч, Асіповіч, Капковіч, Шымановіч. Іншы раз, калі аснова прозвішча заканчваецца на -к, суфікс -іч у беларускай мове мяняецца на -ыц: Кончыц, Казючыц, Саўчыц, Мамчыц. Праўда, у нашым раёне такія прозвішчы вельмі рэдкія.

У першабытных людзей, як вядома, прозвішчаў не было, але, каб неяк адрозніваць аднаго чалавека ад другога, адпаведна з іх здольнасцямі, паводзінамі, рысамі характару, фізічнай падрыхтоўкай ім даваліся мянушкі, якія атаясамлівалі іх з тым зверам, птушкай, рыбай ці насякомым, на якіх палявалі, якія іх атачалі. Многія з гэтых мянушак аказаліся досыць трывалымі і праз стагоддзі набылі статус прозвішчаў. Так, у шэрагах прозвішчаў жыхароў Дзятлаўшчыны з’явіліся Мядзведзі і Мядзведзевы, Ваўкі і Воўкавы, Лісы і Лісіцыны, Сабалі і Сабалеўскія, Зайцы, Зайко і Зайцавы, Бабры і Баброўскія, Норкі, Выдры, Каты і Котавы, Краты і Кротавы, Петухі, Ку-рачкі і Курачкіны, Лебедзі, Гусевы, Буселы, Каршуны, Голубы, Жаваронкі, Дразды, Салавей і Са-лаўёвы, Чайка і Чайкоўскія, Шпакі і Шпакоўскія, Сокалы і Сакалоўскія, Вераб’і, Вераб’ёвы, Варо-ны і Варонкі, Гілі, Сарокі, Карпы, Карповічы, Ракі і Ракавы, Сліжы, Сліжэўскія, Яршы, Шчукі, Маляўкі, Акуневічы, Шэршні, Мухі, Камары, Матылі, Мурашкі, Жукі, Кляшчы, Шашалі, Прусакі, Блашынскія, Баравікі, Апенькі, Груздзевы, Грыбы, Буякі і г.д.

Бурнае развіццё рамесніцтва ў познім сярэднявеччы дало падставу для ўтварэння прозвішчаў людзям па роду іх заняткаў. Так з’явіліся Ганчары і Бандары, Рыбакі і Рыбачонкі, Краўцы і Шаўцы, Бортнікі і Мельнікі, Скрабцы і Шорнікі, Дайліды і Ткачыкі, Садоўскія і Садаўнічыя, Кухарчыкі і Кухарэвічы, Конюхі, Піваварчыкі і Вінакуравы, Седляры і Кажамякі, Смаляры, Смалякі і Смолкі, Дзягцевічы (здабывалі дзёгаць), Будары і Літавары (музыкі, якія гралі на літаўрах).

Тэрыторыя Дзятлаўскага раёна густа пакрыта лясамі і пушчамі, таму ў нас нярэдкія прозвішчы, утвораныя ад расліннасці, якая акаляла жытло таго ці іншага чалавека, ці месцазнаходжання населенага пункта  адносна рэльефа. У спісах жыхароў  хапае Бароўскіх, Дубіцкіх, Грабоўскіх, Лазоўскіх, Вярбіцкіх, Яловікаў, Альшэўскіх, Асінскіх, Шавялёў, Чамяроў і Чамярыцкіх, Асокіных, Самалянкаў, Аўсянскіх, Нагорных, Запольскіх, Залескіх, Загорскіх, Забалотных.            

Зрэдку можна сустрэць чалавека з прозвішчам, якое паходзіць ад прыладаў працы ці хатняга ўжытку: Лапата, Качарга, Шчотка, Дзяркач, Грэбень, Бязмен, Баклага, Апалонік, Барана, Бубен, Шыла.

Калісьці ў горадзе Вільні мая сястра жыла на вуліцы Шыла. Адкуль такая назва, у гонар каго? Высветлілася, што вуліца перасякала хваёвы бор. Па-літоўску “шылутэ” – хвойка, а вострыя калючыя лісточкі – “шыла”. Напэўна, ад іх і атрымаў назву такі патрэбны шаўцу і краўцу інструмент, як шыла. Гэта назва перакачавала з літоўскай мовы ў беларускую, а камусьці і ўвогуле стала прозвішчам. Людзі старэйшага веку добра помняць і невялічкі тэлевізар “Шыляліс” (“Хваінка”), што вырабляўся ў Літве і быў у дэфіцыце.

Пласт балтызмаў на Дзятлаўшчыне абумоўлены глыбокім і доўгім кантактам беларусаў з балтыйскімі народамі і ў першую чаргу – з літоўцамі. Асабліва гэта датычыць такіх вёсак, як Засецце, Погіры, Норцавічы, Страла, у якіх, згодна з гістарычнымі крыніцамі, яшчэ ў канцы 13 стагоддзя літоўскі князь Трайдзень даў прытулак плямёнам прусаў і борцяў, што шукалі паратунку ад крыжацкай навалы. Мінулі стагоддзі, але і сёння ў гэтых вёсках і ўвогуле на Дзятлаўшчыне жывуць Дайліды, Гедвілы, Жыбарты, Везгіры, Стульгевічы, Гярвы, Лойлы, Рымшы, Ленкі, Кашкі, Канусы, Сташайцісы, Шыкасы, Жалойды і Жалойдзікі, Шыкуці, Герусы.

Невялікая колькасць жыха-роў нашага краю носіць прозвішчы, якія падказваюць паходжанне і нацыянальнасць яго першага ўладара. Гэта Русіны, Русакі, Маскалі, Хахловы, Палякі, Татарчыкі, Латышонкі, Туркі, Якуты, Шведы, магчыма, Літвінскія і Грэцкія.

Даволі вялікі пласт прозвішчаў, спаланізаваных накшталт Брычкоўскі, Стракоўскі, Іваноўскі, Бараноўскі, Зайкоўскі, Чудзілоўскі, Камароўскі, Пятроўскі, Венславоўскі і г.д.

Сустракаюцца, хоць і рэдка, прозвішчы на аснове германізмаў – Шульц, Гольц, Гаўпт, Грос.

А вось Кардаш і Бекіш – найхутчэй мадз’яра-венгерскага паходжання.

Вялікія літоўскія князі ў сярэднявечча не толькі ваявалі з татарамі, але і запрашалі іх, здольных ваяроў, на службу, надзяляючы землямі і прывілеямі ў абмен на гатоўнасць па першым патрабаванні стаць на абарону межаў ВКЛ. З таго часу ўжо шмат вякоў жывуць побач з намі беларускія татары, якія часткова абеларусіліся і ахрысціяніліся. З людскога натоўпу яны нічым, практычна, не выдзяляюцца, хіба што характэрнымі прозвішчамі – Басай, Шайбак, Шайпук, Арда, Чучэйка, Іода (што азначае “чорны”), Ёда, Лябецкія і Лебяцкія, Чорныя і Чарняўскія.

Дарэчы, і беларусы часта прымалі прозвішчы згодна з колерам валасоў, скуры ці асаблівасцей характару і паводзінаў, пра што яскрава сведчаць прозвішчы Сівы і Сіўко, Чырвоны, Белы, Бяляк, Бельскі, Бялятка, Зялёны, Сіняк, Хітрук, Бягун, Скараход, Ліхарад, Дабрук, Дабрыян, Чорт, Чартко, Доўгі, Бойка, Кароткі, Кіслы, Драка, Трус, Крывы, Крывеня, Глушкевіч, Храмы, Хромчанка, Стары, Старыкевіч, Малышчык, Малы, Жадзейка, Касы, Касач, Гарбачык, Губарэвіч, Звягін, Лішык (пазбаўлены чагосьці), Мілейка, Мілевіч, Мякіш, Зуй, Харошка, Даўгач, Сухоцкі, Самахвал.

Прысутнічае некалькі прозвішчаў, у аснове якіх – лічбы: Траян, Трайнель, Чацвяртак, Семярнік, Сёмуха, Дзевятоўскі, Дзясятнік, а таксама з царкоўна-касцельнай асновай – Духоўнік, Паноў, Дз’яканаў, Званар, Свяцкі, Прыхадоўскі.

Вельмі цікавае паходжанне прозвішчаў Патыш і Буднік. У пушчах нашай мясцовасці ў 18-19 стагоддзі магнатамі была наладжана вытворчасць паташа, які атрымлівалі з попелу спаленай нетаварнай драўніны, хмызняку і нават асакі. Працэс быў доўгім, даволі складаным. Попел доўга замочваўся ў вялікіх чанах і карытах, па некалькі разоў прамываўся, сушыўся, ператвараючыся амаль у пудру, якая беражна запакоўвалася ў вырабленыя бочкі і па Нёмане і Шчары сплаўлялася на рынкі ў Еўропу, дзе каштавала вялікія грошы. Паташ выкарыстоўваўся ў мылаварнай, шкляной, ткацкай і іншых галінах прамысловасці. Для работнікаў у лясах рабіліся часовыя будынкі, якія называліся будамі. Тых, хто там працаваў, пазней празвалі Буднікамі і Паташамі. А нейкі пісар пасля літары “т” замест “а” напісаў “ы” – і атрымаўся Патыш.

  У сярэдзіне 20 стагоддзя ў мястэчках і вялікіх вёсках значны пласт насельніцтва складалі яўрэі. За некалькі стагоддзяў жыцця на Беларусі многія з іх змянілі свае гістарычныя прозвішчы, прыстасаваўшы іх да месца жыхарства. І побач з Фельдманамі, Берманамі, Гольдбергамі, Гальштэйнамі, Ляйбовічамі, Капланамі з’явіліся Навагрудскія, Мірскія, Турэцкія, Лідскія, Пінскія, Слонімскія, Слуцкія, Дварэцкія, Карэліцкія, Дзенцёльскія, Жухавіцкія. Пасля падзей Вялікай Айчыннай вайны, утварэння дзяржавы Ізраіль і развала СССР, калі адкрыліся граніцы, прадстаўнікоў гэтай самабытнай творчай нацыі ў нашым раёне амаль не засталося.

І ў заключэнні хочацца сказаць, што каля 30% прозвішчаў з’яўляюцца непатлумачанымі. Таму для зацікаўленых асоб у пошуках каранёў свайго роду, гісторыі ўтварэння прозвішча – шырокае поле дзейнасці. І яшчэ хачу нагадаць, што не прозвішча ўпрыгожвае чалавека, а чалавек – прозвішча сваёй працай, паводзінамі, учынкамі.

Буду рады і ўдзячны за слушныя і справядлівыя заўвагі, за новыя звесткі пра этымалогію тых ці іншых прозвішчаў жыхароў нашага раёна.

Валерый Петрыкевіч, краязнавец.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

26 сакавіка 2024, 18:3645
Светлай памяці  Яўгена Анішчанкі
Грамадства

Светлай памяці Яўгена Анішчанкі

1 чэрвеня 2021, 23:5345
"Вёска мілая мая"
Культура

"Вёска мілая мая"

26 чэрвеня 2024, 09:0945
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3445
Далучайцеся да нас