1 траўня 2021 г. у Лідскай 116-й штурмавой авіяцыйнай базе адбылася развітальная цырымонія з трагічна загінулымі пад Баранавічамі лётчыкамі гвардыі маёрам Андрэем Нічыпорчыкам і гвардыі лейтэнантам Мікітам Куканенкам.
Нагадаем, што падчас планавых палётаў на борце самалёта Як-130, якім кіраваў экіпаж, узнікла тэхнічная няспраўнасць. Імкліва губляючы вышыню, пілоты здолелі накіраваць паветраны карабель на невялікую пустую пляцоўку, размешчаную ў жылой зоне населенага пункта. Ратуючы горад ад магчымых разбурэнняў, абодва лётчыкі загінулі.
І трэба скаць бы,
не ўдаўся палёт,
Ды рухне на горад
пусты самалёт
“Па першых папярэдніх выніках расшыфроўкі ўжо пэўна магу сказаць: аварыйная сітуацыя адбылася з самалётам Як-130 у гарызантальным палёце над аэрадромам Баранавічы. Экіпаж пасля ўзнікнення аварыйнай сітуацыі даклаў кіраўніку палётаў пра адмову сістэмы кіравання, што пацвярджаецца матэрыяламі аб’ектыўнага кантролю чорных скрынь. У дадзенай сітуацыі, паводле патрабаванняў кіраўніцтва па лётнай эксплуатацыі самалёта Як-130, экіпаж абавязаны быў катапультавацца. На што кіраўнік палётаў не меней дзесяці разоў у эфір падаў каманду: “Катапультуйся! Скачы!” Тым часам самалёт пачаў зусім хаатычны рух, траекторыя палёту зрушылася налева. Экіпаж не пакінуў самалёт, а працягваў змагацца. Ім ўдалося перайсці на рэзервовую сістэму кіравання. Але гэта дазволіла стабілізаваць толькі кірунак палёту, не вышыню. Яна працягвала падаць”, – распавёў падрабязнасці камандуючы ВПС і СПА Ігар Голуб. – Нажаль, ужо перад гарантаваным падзеннем у гэтую кропку экіпажу не хапіла вышыні для таго, каб бяспечна пакінуць самалёт. Па дадзеных бартавых самапісцаў мы бачым, што экіпаж кіраваў, уздзейнічаў на ручку кіравання самалётам і на педалі, якія змяняюць кірунак палёту, да моманту дотыку да зямлі”.
Ад сябе як камандуючага ён падкрэсліў, што ў гэтай сітуацыі экіпаж выявіў самыя лепшыя якасці беларускага вайскоўца, які да канца выканаў свой вайсковы абавязак: коштам сваіх жыццяў выратаваў жыцці нашых грамадзян. “Гэ-та сапраўдныя патрыёты нашай краіны, – адзначыў Ігар Голуб.
Развітанне з маладымі хлопцамі – 22-гадовым Мікітам і 33-гадовым Андрэем – было арганізавана ў Лідзе ў клубе вайсковай часткі. Ад кіраўніка дзяржавы А. Лукашэнкі і ад сябе асабіста Міністр абароны Рэспублікі Беларусь Віктар Хрэнін выказаў спачуванні сем’ям загінулых. У развітальнай цырымоніі таксама прынялі ўдзел чальцы Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Кацярына Серафіновіч і Аляксандр Шышко, а таксама прадстаўнікі Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Лідскага раённага Савета дэпутатаў і Баранавіцкага гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня Гарадзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, старшыня Лідскага райвыканкама Сяргей Ложачнік і іншыя/
Жалобная цырымонія прайшла з вайсковымі ўшанаваннямі, з удзелам роты і аркестра ганаровай варты Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь. Праводзіць у апошні шлях авіятараў, якія выявілі ў няштатнай сітуацыі мужнасць і гераізм, прыйшлі многія. Людская рака з вайскоўцаў Лідскай штурмавой авіябазы, лётчыкаў-калегаў з 61-й знішчальнай авіяцыйнай базы ў Баранавічах, вайскоўцаў Лідскага памежнага атрада, выратавальнікаў МНС, прадстаўнікоў ваенкамата, Следчага камітэта, РАУС і іншых арганізацый, цякла бесперапынным струменем.
Душыў боль беззваротнай страты, і па шчоках многіх людзей каціліся слёзы. Але надвор’е не замінала лідзянам праводзіць у апошні шлях маладых хлопцаў, якія ахвяравалі сваімі жыццямі дзеля жыцця ін-шых людзей. Аднак неўзабаве пасля канца развітальнай цырымоніі, не вытрымаўшы, неба “заплакала” разам з людзьмі: лінуў лівень.
Гвардыі маёра Андрэя Нічыпорчыка пахавалі на могілках у Зосіна. Цела Мікіты Куканенкі для пахавання ваенна-транспартным самалётам было дастаўлена на радзіму маладога лётчыка ў Полацак.
Лілея Лапшына.