Землякам Сяргея Васільевіча Тарасава пашанцавала: яны першыя ўбачылі ПЕРШЫ асобнік яго новай кнігі, прысвечанай асветніцы і заступніцы зямлі Полацкай – Ефрасіньні. Ці Афрасіньні? А можа Офрасіньні? У назве кнігі “Ефрасіньня, Офросіньня, Афрасіньня, яе час – яе крыж” тры імені ідуць адзін за адным. Чаму аўтар паставіў пад сумнеў імя Ефрасіньня? Пра гэта распавядаў Сяргей Васільевіч падчас сустрэчы, якую ладзіла грамадскае аб’яднанне “Беларуская жаночая ліга”, арганізацыя, якая доўгі час займаецца вывучэннем жыцця вядомых беларусак, якія ўнеслі свой уклад ў грамадска-палітычнае жыццё Беларусі, але доўгі час гэтыя імёны былі вядомы толькі гісторыкам.
Ва ўводзінах, якія аўтар, як прызнаецца, пісаў не адразу, бо ў навукоўцаў ёсць правіла: пакуль працу не зробіш – уводзіны не пішаш, Сяргей Тарасаў напісаў: “Паўтарыць яе шлях немагчыма. Паўстаць з Ёй можна толькі побач. З вераю і шчырымі думкамі яна здолела не проста пра-жыць зямное жыццё, але і застацца ў гісторыі і вечнасці.”
Аўтар прызнаецца, што яго не адпускае адна думка: “Усё сваё жыццё зямное, па смерці і ў надзеі на вечнае яна спланавала і ажыццявіла сама. У маленькім, амаль дзіцячым целе, трымаўся такі моцны дух, што падобных прыкладаў і на сёння няма!”
Пераказваць доказы аўтара твора, які ён рыхтаваў больш за два гады – справа няўдзячная і проста немагчымая, таму зацікаўленым асобам знаёмства з гэтым выданнем будзе вельмі карысным і пазнавальным. І не толькі таму, што ён паставіў пад сумнеў імя Ефрасінньня, а і таму, што кніга багатая і на іншыя гістарычныя цікавінкі, бо аўтар, як кажуць, абмацаў у Полацку кожны каменьчык, як археолаг, і ведае да драбніц гісторыю месца, дзе ён нарадзіўся.
А арганізатар сустрэчы, кандыдат гістарычных навук Ніна Стужынская, акрамя сухіх гістарычных звестак пра вядомых беларусак, вырашыла “ажывіць” іх праз тэатралізацыю, і рэжысёрка Людмілы Клінцова ўвасобіла вобраз самай знакамітай жанчыны Беларусі, які суправаджаўся цу-доўнымі відэакадрамі пра Полацкую Сафію.
Падчас гэтай сустрэчы жанчыны ўзгадалі шмат цікавых ініцыятываў, якія здзейснілі беларускія жанчыны за апошнія некалькі год: пра дабрачынныя справы наваполацкіх прафсаюзных актывістак гаварыла Ніна Турчына, экскурсавод Ларыса Паўлаўна Яцкова, па ініцыятыве якой і яе сябровак у мясцовым музеі распрацавалі асобную экскурсію аб знакамітых навапалачанках, якія ўжо сёння – гісторыя горада.
Пра гэта давялося распавядаць і мне асабіста, як аўтару і удзельніцы жаночых ініцыятываў, бо гісторыя кожнага куточка нашай зямлі – вялікая скарбніца, якая адчынена толькі часткова. А што тычыцца жаночага ўнёску ў справы краіны, то тут працаваць не толькі гісторыкам у архівах, але і мясцовым краязнаўцам. Тэма багатая, вартая, цікавая.
Увогуле, калі быць амаль аб’ектыўным – жаночы ўнёсак у розныя сферы нашага жыцця, бадай, самы важкі. Але гендэрная тэматыка, аб чым гаварыла мадэратар сустрэчы, псіхолаг Таццяна Трафімава, пакуль яшчэ на ўзро-ўні навучання, як у першым класе.
Падчас сустрэчы прагучала нямала цікавых прапаноў пра тое, як жанчыны могуць уплываць на вырашэнне шматлікіх праблемаў і як, у сувязі з гэтым, могуць “працаваць” жыццёвыя гісторыі нашых папярэдніц.
Валянціна Болбат,
ТБМ, Верхнядзвінск.