Галоўчын звычайна суадносяць з летапісным горадам Галацічаскам, які згадваецца ў Аповесці мінулых часоў пад 6579 (1071) годам: “Того же лета победи Ярополкъ Всеслава у Голотичьска”. Таму сёлета самаму старажытнаму паселішчу на Бялыніччыне спаўняецца 950 год.
Галацічаск таксама названы ў складзеным у канцы ХIV ст. “Спісе рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх” у ліку так званых “літоўскіх гарадоў”. Аднак гэты загадкавы горад не атрымлівае ў Спісе нават прыблізную арыенціроўку, і яго месцазнаходжанне невядома. Верагодна, традыцыя атаесамлення Галоўчына з Галацічаскам пачынаецца з другой палове XIX ст. Напрыклад, звесткі пра гэта знаходзяцца ў 3-м томе кнігі “Живописная Россия”, выдадзеным у 1882 годзе, а потым і ў 2-м томе кнігі “Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, этнаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах” (1884 г.), аўтарам якой быў магілёўскі губернатар А. С. Дамбавецкі.
Шматвяковая гісторыя Галоўчына багатая на самыя розныя падзеі, у тым ліку і ў рэлігійным жыцці. Але, на вялікі жаль, старажытныя культавыя пабудовы, што былі ў мястэчку, не захаваліся да нашага часу. Пра іх мы ведаем у асноўным з пісьмовых і картаграфічных крыніц, таму кожнае новае адкрыццё ўяўляе сапраўдную каштоўнасць.
Вайсковы і дзяржаўны дзеяч ВКЛ Багуслаў Радзівіл, праязджаючы праз Галоўчын у сярэдзіне ХVII стагоддзя, налічыў у мястэчку пяць храмаў розных канфесій. Згодна з падра-бязным апісаннем мясцовасці Галоўчынскай бітвы паміж шведскім і рускім войскамі, у пачатку XVIII стагоддзя ў паселішчы дзейнічалі тры царквы, адна з якіх – могілкавая. Калі ж паглядзець на Генеральны план Магілёўскага павета ад 1783 года, то высвятляецца, што на тэрыторыі Галоўчына адзначаны чатыры храмы. Можна нават вызначыць іх прыблізнае месцазнаходжанне.
Акрамя таго, да нас дайшлі назвы храмаў. Гэта праваслаўныя Успенская, Спаская і Свята-Троіцкая цэрквы, каталіцкі касцёл Найсвяцейшай Тройцы і кляштар дамініканцаў. Была ў Галоўчыне і іўдзейская сінагога.
У розных крыніцах пра дату заснавання касцёла і кляштара сустракаюцца супярэчлівыя звесткі. Але наўрад ці касцёл маглі пабудаваць тут раней сярэдзіны ХVII стагоддзя. Справа ў тым, што князь Мацвей Мікіцініч, які прыехаў з Масковіі разам з князёўнай Аленай Іванаўнай і пачаў валодаць мястэчкам у пачатку ХVI стагоддзя, быў праваслаўны. Яго сын Яраслаў перайшоў у модны на той час сярод шляхецкага саслоўя ВКЛ кальвінізм. Таксама і Шчасны Галоўчынскі, які быў уладаром Галоўчына па 1610 год, з’яўляўся кальвініствам. Вядома, што ў Галоўчыне існаваў нават кальвінскі збор, адзін з чатырох на тэрыторыі сучаснай Магілёўшчыны. Таму вельмі сумніўна, што Шчасны мог выступаць фундатарам кляштара дамініканцаў. Тым больш, што ў мястэчку Бальверышкі (у сучаснай Літве), якім таксама валодалі князі Галоўчынскія, каталіцкі касцёл быў перададзены кальвіністам і пераабсталяваны ў збор.
У 1-й кнізе 5-га тома энцыклапедыі “Гарады і вёскі Беларусі” ў раздзеле, прысвечаным Бялыніцкаму раёну, можна знайсці звесткі пра тое, што ва ўладанні кляштара да-мініканцаў знаходзіўся шэраг населеных пунктаў. Усе вёскі згадваюцца пад 1681 годам, які можна прыняць за верагодную дату заснавання Галоўчынскага дамініканскага кляштара, а магчыма і мураванага касцёла. Тым больш, што гэтым жа годам датуецца пачатак будаўніцтва касцёла ў Княжыцах, якія, нагадаем, таксама некалі з’яўляліся ўладаннем князёў Галоўчынскіх. Фундатарам яго выступіў гаспадар мястэчка, іх нашчадак па жаночай лініі, Канстанцін Уладзіслаў Пац.
На генеральнай капітуле, зборы вышэйшых чыноў ордэна дамініканцаў, якая адбылася ў Рыме ў 1686 годзе, у якасці фундатара Галоўчынскага дамініканскага кляштара і касцёла Найсвяцейшай Тройцы названы Андрэй Патоц-кі. Хаця ў іншых гістарычных крыніцах у гэтай ролі выступаюць магнаты Слушкі. Так, да прыкладу, у “Слоўніку геаграфічным Каралеўства Польскага і іншых краёў славянскіх” змешчаны кароткі запіс, што Слушкі перадалі будынак Галоўчынскага кальвінскага збору католікам і паспрыялі размяшчэнню тут манахаў-дамініканцаў.
Справа ў тым, што пасля смерці бяздзетнага Яна Шчасна-віча Галоўчынскага яго ўдава Але-на Валовіч выйшла замуж за Крыштафа Патоцкага. У выніку шматхадовай камбінацыі склалася сітуацыя, калі спадчыннае права на Галоўчын перайшло да Патоцкіх, але мястэчка заставалася да пачатку ХVIIІ стагоддзя ў фактычным валоданні паноў Слушкаў.
У кнізе “Спіс дамініканскіх кляштараў рускай правінцыі”, выдадзенай у 1923 годзе ў Кракаве ёсць цікавыя звесткі пра кляштар. Падзеі Паўночнай вайны не абмінулі яго. У 1702 годзе казакі закатавалі айца Казіміра Орду, які прыехаў у Галоўчын з Пінска, а шведы ў 1708 годзе разбурылі “сядзібу ордэна”. У 1714 годзе сядзіба была адбудавана. Акрамя даходу ад навакольных вёсак, кляштар меў капітал у 1 000 злотых, “запісаны праз нейкага Кіркора на шклоўскім кагале”.
Пры кляштары існавала пачатковая школа граматы, у якой навучаліся дзеці, што наймаліся для дапамогі касцёлу або пражывалі пры ім.
На жаль, дагэтуль застаецца невядомым, як выглядалі пералічаныя вышэй храмы Галоўчына, акрамя Свята-Троіцкай царквы. І вось, дзякуючы намаганням архітэктара з Пінска Аляксандра Невара, адной загадкай стала менш. Ён зрабіў графічную рэканструкцыю касцёла Найсвяцейшай Тройцы кляштара дамініканцаў, выкарыстоўваючы чарцяжы з фондаў Расійскага дзяржаўнага гістарычнага архіва і публікацыі польскіх даследчыкаў культавай архітэк-туры.
У 1832 годзе Галоўчынскі кляштар дамініканцаў быў ліквідаваны, прыход касцёла пераведзены ў Бялынічы, а яго будынак перада-дзены праваслаўным. У архіве ў Санкт-Пецяр-бургу захоўваецца праект перабудовы касцёла ў праваслаўную Прэабражэнскую царкву. Як відаць з рэканструкцыі, першапачаткова касцёл уяўляў сабой трохнефавую базіліку, галоўны фасад якой завершаны двух’ярусным франтонам – ніжнім фігурным шчытом і верхнім трохвугольным. Будынак не меў вежаў і купалоў, яго сцены падзяляліся пілястрамі – плоскімі вертыкальнымі выступамі. Фасад быў дэкаратыўна аздаблены чатырма вазамі з медзі ці каменю. Пасля перабудовы над храмам павінен быў з’явіцца масіўны купал, а з левага боку – званіца. Аднак дакладна невядома, ці быў гэты праект рэалізаваны.
Апошнія звесткі пра Прэабражэнскую царкву датуюцца пачаткам 1870-х гадоў. Далейшы лёс будынка пакуль застаецца невядомым.
Каталіцкі касцёл і дамініканскі кляштар месціліся ў цэнтры Галоўчына, захаваўся падмурак храма. Зараз побач з гэтым месцам з аднаго боку знаходзіцца магазін райспажыўтаварыства, з другога – дамы галоўчынцаў. Мінулай восенню, збіраючы ўраджай бульбы на сваім прысядзібным участку, адзін з іх жыхароў адкапаў нейкі невялічкі прадмет. Падняўшы і ачысціўшы яго ад зямлі, мужчына ўбачыў старадаўні нацельны медны крыжык. Яго памеры складаюць 7,5 см на 3,5 см. На крыжы адлюстраваны архангел Міхаіл у поўны рост, у даспехах, з мячом у правай руцэ і ножнамі ў левай. У верхнім пашырэнні дрэва ёсць надпіс у два радкі. Расчытаць яго складана, але напісаны ён кірылічнымі літарамі. Па баках гарызантальных перакладзін і знізу выгравіраваны выявы святых. Адваротны бок крыжа гладкі. Ён завяршаецца круглай адтулінай для вяровачкі або ланцужка.
Паводле Бібліі, Святы архангел Міхаіл узначальвае ангельскае войска ў барацьбе супраць Сатаны. Таксама ён стаіць на варце райскай брамы, трымаючы ў руках меч, якім паражае сілы зла. Архангел Міхаіл з’яўляецца абаронцам воінаў. Але і звычайныя людзі маліліся яму аб заступніцтве. Згодна з апакрыфічнымі крыніцамі, Ісус Хрыстос даручае праведныя душы архангелу Міхаілу для іх абароны.
Улічваючы час знаходжання на гэтым месцы праваслаўнага храма, уладальнік рэліквіі мог жыць у Галоўчыне паміж 1830 і 1880-м гадамі. Магчыма, знойдзены крыжык указвае на статус чалавека, які яго насіў. Гэта мог быць прадстаўнік духавенства або вайсковец. У любым выпадку, гэта цікавая знаходка з’яўляецца каштоўным матэрыяльным сведчаннем пра багатую канфесійную гісторыю старажытнага Галоўчына.
Андрэй СУПІТАЛЁЎ,
настаўнік гісторыі Галоўчынскай СШ, краязнавец.
На здымках:
- Графічная рэканструкцыя Галоўчынскага касцёла Найсвяцейшай Тройцы.
- Праект перабудовы касцёла ў Прэабражэнскую царкву.
- Нацельны крыжык з выявай архангела Міхаіла з мячом.