Home
Культура

Моладзевая сталіца 2021 года запрасіла ў госці

Моладзевая сталіца 2021 года запрасіла ў госці

Гарадзенская вобласць вельмі багатая на аб’екты гістарычна-культурная спадчыны. Пра гэта вучні сярэдняй школы № 11 г. Ліды ведаюць дакладна. Іх турыстычныя маршруты прайшлі праз шматлікія райцэнтры Гарадзеншчыны: Наваградак, Дзятлава, Слонім, Іўе, Ашмяны, Смаргонь, Астравец. Чарговае падарожжа прывяло школьнікаў у Моладзевую сталіцу 2021 года – горад Гародню. Надзвычай цікавай і запамінальнай для вучняў 6-8 класаў стала гэтая паездка.

Гародня – горад, які называюць сёння і горад-музей, і каралеўскі горад. Сапраўды, як заўважылі дзеці, кожны будынак у гістарычным цэнтры горада мае сваю багатую гісторыю. Два замкі, храмы розных канфесій, палацы, музеі, помнікі і шмат іншых аб’ектаў. А яшчэ ўразіў вучняў і той факт, што захаваліся ў Гародні будынкі розных гістарычных эпох: ад XII да XIX стагоддзяў. Гораду пашчасціла, бо ў цэнтры захавалася яго гістарычная планіроўка.

Што ж убачылі юныя падарожнікі і якія аб’екты наведалі? А пачалося знаёмства з Моладзевай сталіцай з пешаходнага шпацыру: вучні ўбачылі і пачулі цікавыя факты аб такіх значных гістарычна-культурных аб’ектах як сінагога, пажарная каланча, стары і новы замкі. Падчас экскурсіі школьнікі даведаліся, што гісторыя і развіццё горада ў розныя часы залежыла ад такіх вядомых у гісторыі нашай краіны людзей, як Давыд Гарадзенскі, Вітаўт, Стэфан Баторы, Станістаў Аўгуст Панятоўскі, Антоні Тызенгаўз і шмат іншых.

Сярод музеяў, якія наведалі школьнікі, сталі адзіны ў Беларусі Музей гісторыі рэлігіі, Музей-аптэка і Анатамічная экспазіцыя “Гродзенская кунсткамера”. Багатыя і змястоўныя экспазіцыі, рознапланавыя па накірунку і тэмах, музеі выклікалі ў дзяцей вялікую цікавасць.

Працягам знаёмства з горадам-музеем стала наведванне храмаў і памятных мясцін. Самымі старажытнымі і значнымі са шматлікіх святынь Гародні, якія наведалі школьнікі, сталі: Кафедральны сабор Святога Францішка Ксаверыя, пабудаваны ў пачатку XVIII стагоддзя, памятны знак на месцы, дзе калісьці ўзвышалася Фара Вітаўта (Сафійскі сабор), якая праіснавала з XIV стагоддзя да 1961 год, і, канешне, Каложская царква, помнік архітэктуры XII стагоддзя. Кожны храм запомніўся дзецям і знешне, і сваім унутраным убраннем, і святынямі, якія беражліва зберагаюцца там на працягу не аднаго стагоддзя.

Атрымаўшы шмат новых і змястоўных ведаў, крыху змораныя, але задаволеныя падарожжам па старажытным вуліцам Моладзевай сталіцы 2021 года, вучні адзінаццатай школы вярнуліся ў Ліду і падзяліліся ўражаннямі з роднымі і сябрамі, каб заахвоціць іншых наведаць цудоўны і надзвычай цікавы горад Гародню!

Наталля Анашкевіч,

класны кіраўнік 8 Б класа

 сярэдняй школы № 11

г. Ліды.

 

Previous article Марадзёры на старажытных могілках у Магілёве
Next article Суполка "Пагоня" - сэрца Саюза мастакоў

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202526
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202016
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201915