Шэсць гадоў таму ў “Газеце Слонімскай” доктар і грамадскі актывіст Івана Шэга так напісаў пра 25 сакавіка – Дзень аб’яўлення Беларускай Народнай Рэспублікі: “Гэтая дата для патрыётаў-беларусаў мае асобае значэнне. У 1918 годзе ўпершыню прадстаўнічым сходам дэлегатаў з усяго “Паўночна-Заходняга краю” было заяўлена пра намер аднавіць сваю незалежную дзяржаву з новай назвай Беларусь. Сённяшняя незалежнасць краіны родам менавіта адтуль, як бы каму ні жадалася падправіць гісторыю”.
Даная публікацыя пад назвай “Чаму ўлада баіцца 25 сакавіка?” змешчана і ў кнізе І. Шэгі “Пра краіну і пра нас” (2016 год).
У артыкуле “Чаму ўлада баіцца 25 сакавіка?” Іван Шэга называе Беларусь краінай вялікіх і маленькіх фобій: “абы не было вайны”, боязнь не дагадзіць начальству, “як бы чаго не выйшла”, боязнь страціць працу, боязнь зніжэння ўзроўню жыцця. У такіх умовах, разважае І. Шэга, нядрэнна б мець грамадзянам агульную ідэю, якая аб’ядноўвае. Не калека-ватую, як у Расіі сёння, – захоп сілай зброі новых тэрыторый, а годную ідэю, якая дапаможа нашай краіне перажыць цяперашні цяжкі час. “Такой ідэяй, – на думку І.Шэгі, – магла б стаць нацыянальная ідэя, для ажыццяўлення якой грамадзяне краіны, напрыклад, добраахвотна, а не па прымусу куплялі б беларускія тавары і лекі, як гэта было ў свой час у Турцыі. Здаровы нацыяналізм, безумоўна, дапамог бы беларусам вылечыцца ад празмернай боязі і адчування сябе людзьмі другога гатунку перад расійцамі”.
– Іван Іванавіч Шэга паказваў прыклад здаровага нацыяналізму і самапавагі. У 1992 годзе турэцкая фірма “Энка” будавала ў Слоніме жылы мікрараён для савецкіх вайскоўцаў. Турэцкія начальнікі дамовіліся з мясцовымі, што слонімскія ўрачы будуць абслугоўваць туркаў па-за чаргой. Але! Доктар Шэга адмовіўся выконваць такое ўказанне свайго медычнага кіраўніка, бо гэта была непавага і прыніжэнне беларусаў, прыніжэнне слонімцаў, якія таксама працуюць, таксама шануюць свой час і не мусяць адчуваць сябе людзьмі другога гатунку перад турэцкімі работнікамі.
Такі факт узгадаў слонімец Павел Севасцьян 25 сакавіка 2021 года каля магілы І. Шэгі. У гэты дзень сябры і паплечнікі Івана Іванавіча, жонка Маргарыта Уладзіміраўна і сын Аляксандр ушанавалі яго памяць, усклалі бела-чырвона-белыя кветкі.
“Гэтую гістарычную падзею ўлада цалкам магла б выкарыстаць у мэтах кансалідацыі беларускага грамадства. З’явілася б аб’ядноўваючая ўсіх грамадзян Беларусі, незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці і палітычных пераваг, цэласная ідэалогія незалежнасці і беларускай дзяржаўнасці, заснаваная на гістарычнай праўдзе. І, на аснове такой ідэалогіі, грамадзянін Беларусі дакладна змог бы пераадолець свае фобіі”, – такія словы Івана Іванавіча з ягонага артыкула “Чаму ўлада баіцца 25 сакавіка” нагадаў прысутным каля магілы І. Шэгі аўтар гэтай нататкі.
Роўна шэсць гадоў таму Іван Іванавіч са скрухай і здіўленнем напісаў, што замест таго, каб адзначыць свята 25 сакавіка, улады робяць выгляд, што такой даты ў гісторыі ўвогуле не існуе. “Складваецца ўражанне – піша І. Шэга, – што яны яе панічна баяцца. Напрыклад, магу засведчыць, што ў гэты дзень кожны год я знаходжуся пад вонкавым назіраннем людзей у цывільным, якія на аўтамабілі суправаджаюць мяне ва ўсіх маіх рухах, як быццам я нейкі тэрарыст… Вось такая “пашана”.
А 17-ай гадзіне 25 сакавіка 2021 года жонка, сын, сябры Івана Іванавіча Шэгі каля ягонай магілы ўшанавалі памяць мужа, таты, паплечніка, патрыёта Беларусі. І за ўсім гэтым назіралі людзі ў цывільным на аўтамабілі. І пасля смерці доктар Іван Шэга на свята 25 сакавіка знаходзіцца пад вонкавым назіраннем…, і пасля смерці – вось такая “пашана”…
Чаму людзі ў цывільным і сёння баяцца Івана Шэгі? Адказ відавочны. 25 сакавіка 2021 года Івану Іванавічу Шэга было б 68 год. Было б… Чатыры гады таму яго не стала. Але ў слонімцаў засталася добрая памяць пра гэтага чулага чалавека і мужнага грамадзяніна нашай краіны (прадаўшчыца не ўзяла грошы за кветкі, калі даведалася, што гэта для І. Шэгі). У нас засталася яго кніга “Пра краіну і пра нас”, на якой Іван Іванавіч 29 траўня 2016 года напісаў аўтару гэтай нататкі: “З любоўю да Беларусі. І. Шэга”.
Любоў да Беларусі доктара Івана Шэгі і пасля ягонага жыцця страшыць людзей у цывільным. Любоў да Беларусі доктара Івана Шэгі і пасля ягонага жыцця дапамагае нам вылечыцца ад празмернай боязі, дапамагае адчуваць сябе паўнавартаснымі людзьмі на сваёй зямлі…
Міхась ВАРАНЕЦ,
г. Слонім.

