Станіслаў Суднік, прадстаўляючы вынікі падпіскі на “Наша слова” ў першым квартале 2021 года (зменшылася на 13 асобнікаў), адзначыў: “Разам з тым газета жывая. Сёння ёсць магчымасць гэтую падпіску падняць. Попыт на газету пачаў павялічвацца, але гэты попыт пакуль у павелічэнне падпіскі не выліўся” (“НС”, № 2, 13 студзеня 2021 г.).
Зразумела, рэдактар дбае пра падпіску, як умее і як можа. Газета перыядычна традыцыйным, прыгожым заклікам (“КАЛІ ЗА АДРАДЖЭННЕ МОВЫ, ЧЫТАЙ, СПАДАРСТВА, “НАША СЛОВА!”) напамінае чытачам пра неабходнасць прадоўжыць падпіску, публікуе штоквартальныя звесткі пра колькасць падпісчыкаў па ўсіх раёнах краіны, а таксама публікуе агітацыйныя звароты.
У мінулым годзе са спасылкай на Беларускае Радыё Рацыя ў газеце быў апублікаваны зварот са Слоніма пад назвай “Падтрымаем беларускамоўныя выданні”: “Сябры Слонімскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы прынялі зварот да ўсіх жыхароў Беларусі. У звароце сябры ТБМ просяць падтрымаць беларускамоўныя выданні “Наша слова” і “Краязнаўчую газету”. І падпісацца на чацвёрты квартал на гэтыя выданні. Падпіска вельмі танная. Таму просьба падпісаць на гэтыя выданні і бібліятэкі, школы, клубы, медыцынскія ўстановы, вышэйшыя навучальныя ўстановы, а таксама райгарвыканкамы. Сябры ТБМ са Слоніма просяць жыхароў Беларусі падтрымаць гэтыя выданні, бо кожны падпісчык – гэта новы голас у падтрымку нашага краязнаўства і роднай мовы” (“НС”, № 37, 16 верасня 2020 г.).
Падпіска ў чацвёртым квартале павялічылася – на 17 асобнікаў. Павялічэнне дасягнута дзякуючы Магілёўскай гарадской арганізацыі ТБМ і з’яўляецца плёнам сістэмнай працы ў гэтым кірунку тамтэйшага лідара Алега Дзьячкова і ягоных паплечнікаў. У чацвёртым квартале 2019 года ў Магілёве было 17 падпісчыкаў, у 2020 годзе па кварталах адпаведна 20, 18, 36, 53. Цяпер, у 2021 годзе – 50 падпісчыкаў.
У самім Слоніме колькасць падпісчыкаў у чацвёртым квар-тале 2020 года зменшылася. Было 8, стала 7. Адно не памянялася. З пяці сяброў раённай рады ТБМ падпісчыкамі “Нашага слова” па-ранейшаму з’яўляюцца двое – старшыня Сяргей Чыгрын і намеснік старшыні Святлана Бушчык. Як бачым, зварот слонімцаў быў няшчыры. Ніхто з сяброў рады ТБМ не падпісаў на “Наша слова” дзяржаўную ўстанову, у тым ліку трое сябе не падпісалі.
Зварот праігнаравалі і чытачы “Нашага слова”. Чаму? На маю думку, сталы падпісчык “Нашага слова” калі і падпіша нейкую дзяржаўную ўстанову за ўласныя грошы, дык у апошнюю чаргу. Хутчэй такім спосабам ён далучыць да супольнасці чытачоў беларускай газеты сяброў, знаёмых. Аднак, аналіз падпіскі “Нашага слова” за апошнія паўтара гады паказвае, што падпісваць за свае грошы кагосьці таксама не самы эфектыўны шлях. Так, у першым квартале 2020 года колькасць падпісчыкаў “НС” павялічылася на 105 адзінак (на 19%) – у асноўным за кошт Слуцка, Ліды і Нясвіжа. У канцы 2019 годзе ў гэтых гарадах было адпаведна 5, 7 і 8 падпісчыкаў, а ў 2020 годзе дабавілася: +39 (Слуцк), +38 (Ліда), +18 (Нясвіж). Мабыць, знайшліся фундатары ў гэтых трох гарадах і прафінансавалі падпіску на першы квартал 2020 года. Не стала фундатараў, і адразу ж, у другім квартале, падпіска ў гэтых гарадах вярнулася на зыходныя пазіцыі.
Відавочна, сама правільны шлях павялічэння падпісчыкаў – марудная, працаёмкая і карпат-лівая агітацыя шляхам індывідуальнай размовы з канкрэтным чалавекам. Бывае і не раз трэба пагаварыць, бывае – і не адну гадзіну.
Менавіта такім нялёгкім шляхам крочыць старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ТБМ Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч. У чацвёртым квартале 2019 года ў Дзятлаве было 7 падпісчыкаў, у 2020 годзе па кварталах адпаведна 8, 5, 7, 12. Цяпер, у 2021 годзе – 9 падпісчыкаў. Замацавацца на дасягнутым у мінулым годзе перашкодзіла ўласная хвароба Валерыя Міхайлавіча, а, найперш, страта жонкі і паплечніцы Наталлі Гергіеўны. Але! Сёння ў нашай вобласці болей падпісчыкаў толькі ў Гародні (25) і Гарадзенскім раёне (13), у суседняй Зэльве ўсяго – 1 падпісчык, у Слоніме – 8. Каб дацягнуцца да Дзятлава прапарцыйна колькасці насельніцтва, у Лідзе мусіць быць 120 падпісчыкаў, а ў Менску – 2350 (сёння ў Менску 148 падпісчыкаў) . Тут я цалкам згодзен з крытыкай А. Дзьячкова на адрас кіраўнікоў ТБМ, якія “любяць казыраць на сваіх пафасных справаздачах, што ў суполку г. Менска ўваходзіць аж 2000 чалавек!” (НС”, № 41, 14 кастрычніка 2020 г.). Во, дзе не аранае поле для павялічэння колькасці падпісчыкаў “Нашага слова”!
Аўтар гэтай нататкі (як і падпісчыкі “Нашага слова”, вядомыя сябры ТБМ Мікола Канановіч і Таццяна Трафімчык) не мае дачынення да вераснёўскага звароту Слонімскай арганізацыі ТБМ. Аднак жа пачуваўся я ніякавата – з-за таго, што нікога не сагітаваў падпісацца на чацвёрты квартал 2020 года. Хоць прычына бяздзейнасці была важкая. Эпідэмія каронавіруса – не час для сустрэчаў і размоваў. Урэшце не вытрымаў. Аднаму патэлефанаваў, другому напісаў ліст, з трэцім сустрэўся. У выніку на першы квартал гэтага года падпісаўся адзін з іх – мой даўні і надзейны сябар Віталь Ешану. Буду і надалей, колькі здолею, так рабіць.
Некалі ў часы так званай перабудовы ў Савецкім Саюзе, Генеральны сакратар ЦК КПСС Міхаіл Гарбачоў любіў гаварыць: “Нам патрэбны справы, а не гучныя словы!”. Гарбачоў – рускі імперац, на яго сумленні ўтойванне праўды пра радыеактыўную небяспеку ў першыя гады пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС імя У.І.Леніна і я, ураджэнец Брагіншчыны, гэта добра помню. Але фраза генсека правільная. Лепей і не скажаш. Савецкае мінулае ўспомнілася найперш вось чаму. Я быў камуністам і, адпаведна, выпісваў рускамоўную газету “Правда” – галоўную газету КПСС. Быў афіцэрам Савецкай Арміі і выпісваў рускамоўную газету “Красная Звезда” – галоўную газету Міністэрства абароны СССР. Але! Заўжды меў і маю найвышэйшую годнасць – беларус! Таму выпісваю “Наша слова” – галоўную беларускую газету на беларускай мове, таму раблю беларускую справу.
Відавочна, “Наша слова” па сваім ўзроўні – газета так сабе. І пра гэта, лічу, трэба чэсна гаварыць людзям, якіх мы заклікаем падпісацца. Чаму такі ўзровень – асобная гаворка. Сёння ж прывяду маленькі прыклад і добрага, і так сабе ўзроўняў з папярэдняга, ад 3 сакавіка, нумара “Нашага слова”.
У нумары апублікаваны выдатны артыкул Інгі Вінарскай пра тое, як дзень роднай мовы адзначылі менскія літаратары і музыкі. Гэта – узровень! Інфармацыя з рэгіёнаў пра дзень роднай мовы таксама і патрэбная і цікавая. Але не бачна агульнай карціны па краіне, за дрэвамі не відно лесу. У тым ліку няма параўнання з мінулым драматычным і трагічным для беларусаў годам. Аналізаваць, бачыць агульную карціну і праз газету інфармаваць сяброў нашага таварыства – гэта кампетэнцыя і клопат кіраўніцтва ў Менску, найперш старшыні ТБМ Алены Анісім.
Заключэнне.
Наша беларуская мова і газета “Наша слова” – наша зброя ў барацьбе з імперыяй цяперашняй і наступнай! Калі будзем чытаць “”Наша слова” і гаварыць на нашай мове, тады ніводны сабака не гаўкне, што Беларусь – “русский мир”, тады ніхто не скажа, што беларусы “радасна” хочуць стаць часткай Расеі, тады ніхто не скажа, што беларусы – рускія са знакам якасці.
Ёсць яшчэ чыннік, чаму для мяне “Наша слова” з’яўляецца галоўнай беларускай газетай. Сярод недзяржаўных газет “Наша слова” – адзіная без двукоссяў дэмакратычная газета, адзіная сумленная і непрадажная, а падпісчыкі газеты – (за рэдкім выключэннем) самыя бескарыслівыя, самыя беларусы. І калі я чытаю “Наша слова”, дык адчуваю сваю прыналежнасць да супольнасці найлепшых людзей нашай краіны!
Міхась ВАРАНЕЦ,
г. Слонім.
Калі за адраджэнне мовы,
чытай, спадарства,“Наша слова”!
Шаноўныя сябры, ідзе падпіска на другі квартал 2021 года. У каталогу інфармацыя пра газету знаходзіцца на ст. 59. Цана не змянілася. У 2021 годзе мы працягнем выходзіць на васьмі палосах. Газета мае добры рэдакцыйны партфель і плануе для друку тэксты самых розных матэрыялаў, з рознымі поглядамі і падыходамі, у тым ліку і адрознымі ад пазіцыі рэдакцыі. Мы будзем працягваць друк мовазнаўчых і гістарычных матэрыялаў у выкладанні тых аўтараў, якіх вы не знойдзеце на старонках іншых выданняў. Мы не стараемся навязваць чытачу сваю думку ці погляды, а падаём паведамленні і меркаванні саміх чытачоў. Чытайце, даведвайцеся, думайце.
Будзьце з намі, і вы будзеце з усёй Беларуссю.
Шаноўнае спадарства!
Хто не паспеў падпісацца, хто не змог, заходзьце на сайт nslowa.by. Там вы знойдзеце газету ў фармаце pdf. Там вы зможаце прачытаць і “спампаваць” большасць матэрыялаў газеты і шмат чаго іншага, цікавага і карыснага.
Але памятайце, што сайт – гэта дапаможная форма, гэта дадатак да газеты. Можа, калі-небудзь ён стане самастойным СМІ, але сёння гэта – дадатак да папяровай версіі. І зусім верагодна, што калі не стане папяровага “Нашага слова”, хутчэй за ўсё не стане і сайта. Карыстайцеся сайтам, калі трэба лёгка спампаваць тэкст, пазычыць каляровую фатаграфію, але перш за ўсё выпісвайце папяровую версію. Яна ў аснове ўсяго.