У Менску 18-21 лютага праходзіў ХХVIII Міжнародны кніжны кірмаш, дзе было прадстаўлена шмат густоўных выданняў беларускіх і замежных выда-вецтваў.
У Міжнароднай выставе-кірмашы ўзялі ўдзел прадстаўнікі блізкага і далёкага замежжа: Расіі, Украіны, Азейрбайджана, Аўстрыі, Ірана, Венсуэлы і іншых краін. Прадстаўнікі далёкіх краін распавялі пра гісторыю сваіх дзяржаў і падзяліліся яркай і цікавай паліграфічнай прадукцыяй. Распаўсюднікі з Венсуэлы прапаноўвалі гасцямі кнігу пра нацыянальнага героя, змагара за незалежнасць Лацінскай амерыкі ад Іспаніі Сімона Балівара “Вызваліцель”.
Беларускія выдавецтвы “Мастацкая літаратура”, “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, “Адукацыя і выхаванне” прадставілі новыя кнігі па мастацтвазнаўстве, гісторыі і краязнаўстве Беларусі. Дзіцячыя каляровыя выданні на беларускай, рускай, англійскай мовах прыцягвалі ўвагу маладых бацькоў.
18 лютага адбылася прэзетацыя мастацкага альбома У. Пракапцова, прысвечанага вядомаму пейзажысту Вітольду Бялыніцкаму- Бірулю і іншых кніг з серыі “Славутыя мастакі з Беларусі”. Выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі” прадставіла новую змястоўную энцыклапедыю “Уладзімір Караткевіч”. Кніга падсумавала пласт даследванняў, якія зроблены на сённяшні дзень. Аўтары артыкулаў Пётр Пятровіч Жаўняровіч, Віктар Іванавіч Іўчанкаў, Ганна Вячаславаўна Запартыка , Вольга Карпаўна Шанкарэнка, Галія Фатыхава і іншыя аўтары энцыклапедыі атрымалі падзякі за ўнёсак у даследванні.
“Гэта тая скарбніца, якая дапаможа студэнтам, магістрантам, аспірантам знайсці свайго Караткевіча. Калі я пачаў займацца ў 80-я гады вобразнай сістэмай і мовай У. Караткевіча, я не мог сябе нават ўявіць такой сённяшней імпрэзы. Вялікі вам дзякуй і нізкі паклон!”
“У. Караткевіч пражыў не доўгае жыццё, але быў настолькі і пладавітым аўтарам, што мы спадзяемся да яго стагоддзя выпусціць 3-томную энцыклапедыю!”, – адзначыў выдавецкі калектыў.
19 лютага Уладзімір Ліпскі прадствіў сваю новую кнігу для дзяцей “Я тут жыву”. Рэдактар часопіса ” Вясёлка”, былы старшыня Беларускага дзіцячага фонду, які нядаўна атрымаў тытул “Рыцара дзяцінства”, запрасіў юных чытачоў у захапляльнае падарожжа па Беларусі з загадкамі і квэстамі, і заахвоціў шукаць свае сем цудаў роднай краіны.
– Часопіс “Вясёлка” – адзначыў Уладзімір Ліпскі, – гэта мінівыдавецтва, якое выкрышталізоўвае на сваіх стронках лепшыя творы беларускіх аўтараў. “Вясёлка” ідзе ў 4,5 тысячы сем’яў Беларусі. А яшчэ калі ўлічыць, што часопіс чытае не адзін падпісчык, а ўся сям’я, то можна памножыць тыраж на пяць!
У “Вясёлкі” ёсць прэмія Васіля Віткі, заснавальніка часопіса, і сёння мы ўручылі яе вядомаму пісьменніку і паэту Віктару Шніпу, чыя казка ў часопісе была прызнана галоўным творам года, – падвёў вынікі У.С. Ліпскі
Гісторык і экскурсавод Іван Іванавіч Сацукевіч выступіў аўтарам-складальнікам кнігі “Мінск: з руінаў да росквіту”, якая прысвечана пасляваеннай гісторыі сталіцы ў перыяд з 1944 па 1979 год.
Багатыя матэрыялы (калекцыя чорна-белых фотаздымкаў), пакладзеныя ў аснову кнігі, былі знойдзены ў Дзяржынскім архіве кіна- і фотадакументаў.
– Архіў, які знаходзіцца ў былым Койданаве – распавёў Іван Сацукевіч, – гэта сапраўдны Кландайк цікавых фотадакументаў, па якіх можна вывучаць гісторыю краіны. У новай кнізе мы хацелі паказаць, як змяніўся Менск за першыя 30 гадоў пасля вайны. Мы раздзялілі яе на 15 раздзелаў-блокаў, якія паступова раскрываюць для нас гісторыю Менска. Праз кнігу можна даведацца, як Менск пацярпеў падчас вайны, якія раёны былі найбольш разбураныя і чаму, і як аднаўляўся наш горад, чаго каштавала гэта праца нашым дзядам, каб горад зноў пачаў жыць. Можна даведацца, як выглядалі Прывакзальная, Цэнтральная і Круглая плошчы, якія былі архітэктурныя формы, як выглядалі першыя тралейбусы ў 50-я гады. Залатая Горка, Доўгі Брод, Пярэспа – такімі назвамі карысталіся нашы продкі, сёння пра гэта можна прачытаць у кнізе.
Выдавецтва “Мастацкая літаратура” разгарнула дэманстраванне кніг, прысвечанае юбілеям класікаў: Івана Шамякіна, Івана Мележа і Кандрата Крапівы.
Госці кірмаша наведалі стэнды Нацыянальнай бібліятэкі, дзе былі прадстаўлены навуковыя выданні, прысвечаныя 500-годдзю беларускага кнігадрукавання, выдавецкі праект “Партызанскі архіў”, рэпрынтныя выданні, паштоўкі і інш. Наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з інтэрнет-праектам, прысвечаным У. Дубоўку і конкурсу чытальнікаў “О, Беларусь, мая шыпшына”.
На жаль, у гэтым годзе ў выставе-кірмашы не змаглі ўзяць удзел шматлікія недзяржаўныя прыватныя выдавецтвы Беларусі.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.