Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Малюнак палаца Адама Хмары паклікаў у падарожжа

Малюнак палаца Адама Хмары паклікаў у падарожжа

2 сакавіка 2021, 14:46 Культура, Навука, Спорт 31
Малюнак палаца Адама Хмары паклікаў у падарожжа

11 лютага адзначаецца дзень народзінаў вядомага жывапісца, музыканта, літаратара, педагога Напалеона Матэвуша Тадэвуша Орды. Да гэтай даты быў прымеркаваны шэраг мерапрыемстваў, якія праходзілі 7 лютага на Меншчыне з удзелаў вядомых навукоўцаў, гісторыкаў, экскурсаводаў і папулярызатараў гістарычнай спадчыны.

 

Пад Менскам, у Сёмкаве, у мясцовай аграсядзібе “Даліна Утульнасць” адбылася прэзентацыя кнігі-альбома “Напалеон Орда” ад намесніка генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алеся Сушы і канцэрт-лекцыя Святланы Немагай “Музыка шляхецкіх сядзібаў: Орда, Манюшка, Міладоўскі” з удзелам салісткі Белдзяржфілармоніі Тамары Рэмез.

Экскурсавод Таццяна Хамянкова пазнаёміла гасцей з сядзібна-паркавым комплексам дру-гой паловы ХVIII стагоддзя, які быў пабудаваны менскім ваяводам Адамам Хмарам па праекце італьянскага архітэктара Карла Спампані.

Госці з Менска змаглі прыехаць у Сёмкава дзякуючы падарожжу, арганізаванаму “Арт-Вандроўняй” з турыстычным менеджарам Валерыяй Чарнаморцавай і экскурсаводам Цімохам Акудовічам. Нягледзячы на моцны мароз, аматарам беларускай мінуўшчыны было цікава даведацца пра жыццё шляхецкіх магнацкіх родаў Меншчыны, сярод якіх у ХVIII стагоддзі, акрамя Сапегаў і Радзівілаў, значны ўплыў мелі Хмары і Пшаздзецкія. Менскі ваявода Адам Хмара пабудаваў два касцёлы ў Сёмкавым Гарадку і Сёмкаве ў памяць сваіх бацькоў і свайго роду, і стварыў сядзібна-паркавы комплекс. Само мястэчка Сёмкава было заснавана ў 1567 годзе, з 1755 года маёнтак належаў Адаму Хмары. Малюнак яго палаца пакінуў Напалеон Орда.

Алесь Суша прадставіў новы альбом гравюр і распавёў пра лёс і дзейнасць Напалеона Орды:

– Імя Напалеона Орды раней было малавядомым, часам яго ўзгадвалі на Палессі. Ён быў прадстаўніком двух уплывовых дынастый – Ордаў і Бутрымовічаў.

У 2007 годзе ў час святкавання 200-годдзя творцы пачалося вяртанне памяці пра яго. Помнік Напалеону Ордзе быў пастаўлены ў Янаве, творца ўшанаваны ў назвах вуліц.

Яго жыццё вучыць нас захоўваць нязломнасць духу ў самых цяжкіх сітуацыях. Пасля многіх жыццёвых выпрабаванняў, ва ўзросце больш за 60 гадоў Напалеон Орда звярнуўся да графічнага  адлюстравання сядзіб і сакральных забудоваў Палесся, Менскай, Га-радзенскай, Валынскай  і Кіеўскай губерніў, каб захаваць спадчыну і запэўніць сваіх сучаснікаў і аднадумцаў  у  каштоўнасці беларускай гісторыі і культуры.

На сёмым дзясятку гадоў ён ездзіў па вёсках, сядзібах да позняй восені, сустракаўся са шляхціцамі, а потым звярнуўся ў Варшаве да Максімільяна Фаянаса, каб за свой кошт выдаць альбом з гравюрамі і зрабіць ім прамоцыю. Яго альбомы сталі паспяховымі пры жыцці. Орда захаваў спадчыну, і пацвердзіў, што наша агульная гісторыя вартая многага!

 

Прэзентацыю кнігі і вечарыну арганізавала суполка валанцёраў “Сёмкава”, якая налічвае больш за 30 чалавек. Краязнаўчае аб’яднанне “Сёмкаўскі край” дзейнічае пры Сёмкаўскай сярэдняй школе. У школьным музеі ёсць краязнаўчы куток, дзе знаходзяцца каштоўныя дакументы і артэ-факты.

– Мы ўдзельнічаем у краязнаўчых конкурсах, – распавяла Таццяна Хамянкова,- стварылі YOUTUBE-канал  “Сёмкаўскі край”, з валанцёрамі робім добраўпарадкаванне парку, ладзім гістарычныя, батанічныя, арнаталагічныя экскурсіі  з элементамі анімацыі, квэсты, экалагічныя акцыі сумесна з Цэнтрам экалагічных рашэнняў у Менску і культурна-адукацыйныя мерапрыемствы – да дня нараджэння Адама Хмары і Напалеона Орды, Юзафа Пешкі.

Таццяна Хамянкова займаецца з дзецьмі музейнай дзейнасцю, рыхтуе юных экскурсаводаў. Яна па першай адукацыі – педагог-псіхолаг, па другой – экскурсавод, больш 10 год працуе экскурсаводам.

– Восеньскі валанцёрскі злёт у нас быў прысвечаны добраўпарадкаванню парку  і дыскусіі па пошуку актуальнага прызначэння сядзібна-паркавага комплекса. Мы плануем цыкл мерапрыемстваў  да юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа сумесна з літаратурным музеем Максіма Багдановіча.

У лістападзе да угодкаў вянчання бацькоў М. Багдановіча  ў Сёмкавым гарадку плануецца адмысловая імпрэза (у нас ёсць копія дакументаў аб іх вянчанні), а ў чэрвені мы маем намер правесці фестываль “Х-мара” з майстар-класамі, традыцыйнымі спе-вамі і танцамі, разнастайнымі экскурсіямі, горадам майстроў, фермерскай прадукцыяй, кірмашом. Рыхтуемся да 250-годдзя пачатку будаўніцтва палаца  ў Сёмкаве.

 

Кіраўнік студыі “Калекшн” Канстанцін Вашчанка і Баграт Дзьячэнка пазнаёмілі гасцей з праектам па выданні календароў, якія адлюстроўваюць гістарычную спадчыну  “З мінулага – у будучыню”.

Усе мерапрыемствы былі прысвечаны дням народзінаў знакамітых мастакоў: Напалеона Орды і Юзафа Пешкі, якія ў свой час рабілі выявы палаца ў Сёмкаве.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Памёр драматург Аляксей Дудараў
Культура

Памёр драматург Аляксей Дудараў

15 сакавіка 2023, 18:2618
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0017
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4516
Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску
Грамадства

Арцыбіскуп Станеўскі прызначыў новага пробашча ў Менску

31 ліпеня 2024, 06:1916
Далучайцеся да нас