У год стагоддзя Івана Шамякіна чытачы даацэньваюць яго багатую і разнастайную творчую спадчыну: апавяданні, аповесці, раманы, драматычныя і публіцыстычныя творы, эпісталярый, дзённікі, мемуары і яго добрыя рысы як чалавека.
Творчасць і грамадская дзейнасць І. Шамякіна знайшла шырокае прызнанне. Ён быў Народным пісьменнікам Беларусі, Героем Сацыялістычнай працы (1972), акадэмікам НАН Беларусі (1994), лаўрэатам Сталінскай прэміі СССР (1951) і Дзяржаўнай прэміі БССР (1968), Дзяржаўнай прэміі БССР у галіне тэатральнага мастацтва, кінематаграфіі, радыё і тэлебачання (1982), узнагароджаны шматлікімі ордэнамі і медалямі.
Заслужаны фармацэўт з Менска, дачка партызанскіх дактароў, Валянціна Іванаўна Салавей не аднойчы сустракалася з І. П. Шамякіным. “Іван Пятровіч быў вельмі даступным, шчырым, чалавечным”, – узгадвае Валянціна Іванаўна.
– Я вельмі люблю перачытваць яго творы “Сэрца на далоні”, “Гандлярка і паэт”, – кажа Валянціна Іванаўна. Асабліва блізкай для мяне з’яўляецца аповесць “Слаўся, Марыя” з кнігі “Пошукі прытулку”, у якой пісьменнік апісаў жыццё сваёй жонкі. Іх каханне было ўзаемным і ахвярным, яны жылі адзін для аднаго. Марыя Філатаўна стала прататыпам многіх жанчын у шамякінскіх раманах, аповесцях. Бліжэй за ўсіх з іх – Саша Траянава з “Трывожнага шчасця”. Чытач даведаецца больш пра Марыю Філатаўну са старонак кнігі Міхася Мушынскага “Летапіс жыцця і творчасці І. Шамякіна”.
Яны пазнаёміліся яшчэ дзецьмі падчас вучобы ў Церухскай школе. Бацька Машы быў лесніком, яго пераводзілі з месца на месца. Пасля заканчэння 5-га класа Іван Шамякін з сям’ёй пераехаў у іншую вёску. Зноў ён сустрэўся з Машай ў Гомелі, дзе ён вучыўся ў тэхнікуме будаўнічых матэрыялаў, а яна – у медвучэльні. Хадзілі ў кіно, гулялі ў парку Паскевічаў-Румянцавых.
26 красавіка 1939 года ён апісаў у дзённіку спатканне з Машай :
“Маша была без паліто, без платка. Прыгожыя яе прыродна-завітыя пасмы валос шавяліў пяшчотна вецер. Яна выглядала такой маленькай, але такой прыгожай і добрай, была вясёлай і ласкавай.”
Яе накіравалі фельшарам-акушэрам у Рэчыцкі раён, а Івана – у Беластоцкую вобласць. Яны падтрымлівалі кантакты праз ліставанне.
“1 мая 1940 года Іван Пятровіч Шамякін пабраўся шлюбам з Марыяй Філатаўнай Кротавай, фельдшарам-акушэрам вёскі Артукі Рэчыцкага раёна”, – адзначыў у “Летапісе…” Міхась Мушынскі.
Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Марыю Філатаўну накіравалі ў вёску Пракопаўка, дзе яна загадвала фельчарскім пунктам і аптэкай. На перавязкі да яе ішлі інваліды, іх нельга была пакінуць без ёду і бінтоў. Па медыкаменты яна ездзіла ў Гомель у аптэкакіраванне. У 1944 годзе здарылася эпідэмія сыпняку. У бальніцы, разлічанай на 20 ложкаў, на падлозе ляжала да сотні чалавек. У такіх умовах Маша заразілася тыфам і заразіла маленькую дачку Ліну. Ратавалі іх хворыя, тыя ж інваліды: прыносілі прадукты, хто што меў, гаіла чалавечая дабрыня.
“Маша працавала з вялікай самааддачай, – успамінае Іван Пятровіч на старонках аповесці “Слаўся, Марыя,” – Я яшчэ спаў, а яна ўжо прымала ў амбулаторыі хворых. Жылі мы вельмі бедна. Можа, гэта гучыць парадаксальна, але я упэўнены, што нястачы, беднасць і бескарысная адданая праца для людзей умацоўвалі нашу любоў. Менавіта – любоў, яднанне дзвюх душ. Каханне – гэта агонь, які запаліста ўспыхвае, але лёгка можа патухнуць. Гэта – песня, якая дае асалоду, але можа і скончыцца. А калі з’яўляецца любоў, то яна звязвае навечна. Яна жыла з цвёрдай упэўненасцю ў трываласці наша-га кахання, нашага жыцця. І гэта напаўняла нашыя адносіны асаблівай, самай высокай радасцю.
Пасля пераезду ў Мінск я наняў пакойчык метраў на дванадцаць па Лагойскім тракце, амаль побач з Домам друку ў старым драўляным доме. Мілая, родная, блізкая, хадзіла па нашых разліках на апошнім месяцы цяжарнасці. З вялікім хваляваннем мы спяшаліся пераехаць. Добра, што да 1-ай бальніцы рукой падаць…Накарміўшы Ліну, я пабег у радзільнае аддзяленне.
Выйшла сястра:
– У вас толькі што нарадзілася дачка.
Ледзьве не самлеў ад шчасця. З глыбокім хваляваннем напісаў Машы пісьмо…
А за год да новай кватэры 8 верасня 1950 года, менш як праз 2 гады пасля Танечкі, у нас нарадзіўся сын Саша, наша радасць і наш найбольшы боль у жыцці. Само яго нараджэнне прынесла бяду: у раддоме Машы занеслі інфекцыю, тры дні яна знаходзілася ў крытычным стане. Які жахлівы страх я перажыў! Страціць Машу – о, Божа! Застацца ўдаўцом, маючы трох дзяцей! Бог быў літасцівы да Машы, да дзяцей, да мяне. Праз месяц я прывёз яе ў цесныя пакойчыкі.
Трое дзяцей, муж, дабрабыт на сярэднім узроўні. Саюз пісьменнікаў выдзеліў нам у студзені 1950 года на дваіх адну чатырохпакаёвую кватэру, у новым доме, у цэнтры горада на вул. Карла Маркса”.
Пасля ўгавораў дачкі Таццяны, доктара філалагічных навук, прафесара БДУ, Іван Шамякін пачаў весці дзённік больш рэгулярна, і ў канцы 1990-ых гадоў ім была створана аповесць “Слаўся, Марыя”, а таксама цыкл “Начныя ўспаміны”.
“Чаго табе хочацца, а, жанчына?”- разважаў пісьменнік. – З пераезду ў Мінск яна марыла пра вучобу. Але паступіць у медыцынскі на дзённае аддзяленне, маючы трох дзяцей было немагчыма. Яна пайшла ў педагагічны інстытут на вячэрняе аддзяленне, бо разумела, які мне трэба памочнік – філолаг! Маючы грудное дзіця, Маша пачала рыхтавацца ў інстытут. Выдатна вытрымала ўступныя экзамены і стала студэнткай педінстытута. На заняткі хадзіла, як на свята, хоць нямала і прапускала – хварэлі дзеці. Маша хутка асвоіла пішучую машынку, друкаваць ёй даводзілася шмат. Акрамя раманаў, аповесцяў, у тыя гады я выдаваў шмат публіцыстыкі.
У бальніцах яна наведвала ўсіх, хто быў блізкі да нашай сям’і. Дзяцей Маша песціла, больш, чым трэба, ні ў чым не адмаўляла ім.
Нельга не адзначыць яшчэ адной яе істотнай рысы: яе прастаты, дэмакратычнасці, для яе ўсе людзі былі роўныя – ці міністр, ці просты рабочы. Яна жыла ў пісьменніцкім асяроддзі, яе там паважалі, любілі, але ў яе нямала было блізкіх работніц, сялянак, з якімі яна шчыра сябравала”.
“27 мая 1998 года памерла Марыя Філатаўна”, – адзначыў Міхась Мушынскі ў “Летапісе жыцця і творчасці І. Шамякіна”.
На памінальным абедзе ў дзень пахавання Марыі Філатаўны Іван Пятровіч сказаў, што Марыя была “бясцэннай і незамянімай памочніцай” у яго пісьменніцкай працы, яна перадрукавала ” не адзін дзясятак тысяч старонак рукапісаў” і прачытала тысячы старонак карэктур.
Падрыхтавала Э. Дзвінская.
На здымках: Іван Шамякін з сям’ёй, фота з архіва пісьменніка.