Герой Беларусі, праваслаўны царкоўны дзеяч, ганаровы Патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт (у свеце – Вахрамееў Кірыл Варфаламеевіч) нарадзіўся 21 сакавіка 1935 года ў Маскве. Царкоўнае служэнне пачаў у 1954 годзе іпадыяканам Найсвяцейшага Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Алексія.
У 1959 годзе ў Троіца-Сергіевай Лаўры прыняў манаскі пострыг з імем у гонар святога Філарэта Міласцівага і быў пасвечаны ў іераманаха. У 1978 годзе Філарэт быў прызначаны мітрапалітам Менскім і Беларускім, Патрыяршым экзархам Заходняй Еўропы, а ў 1989-м – мітрапалітам Менскім і Гарадзенскім, Патрыяршым экзархам всея Беларусі, сталым чальцом Святога Сінода. У 1992-2013 гадах быў мітрапалітам Менскім і Слуцкім, Патрыяршым экзархам всея Беларусі, свяшчэннаархімандрытам Свята-Успенскай Жыровіцкай абіцелі.
Дзейнасць уладыкі Філарэта атрымала шырокую вядомасць як у блізкім, так і далёкім замежжы. Разам з tut.by згадаем факты яго біяграфіі.
Родам з Масквы, але больш за 40 гадоў пражыў у Беларусі
Уладыку Філарэту было 85 гадоў, з 1990 па 2013 год ён быў прэдстаяцелем Беларускай праваслаўнай царквы. Родам з Масквы.
– Я – карэнны масквіч. Наша сям’я жыла ў раёне Вялікай Ардынкі ў прыходзе Царквы ў гонар абраза Божай Маці “Усіх журботных Радасць”. У нашым Шчацінінскім завулку была Царква Вялікапакутніцы Кацярыны, дзе бралі шлюб мае бацькі, яе потам зачынілі. Бацька скончыў музычную вучэльню пры Маскоўскай кансерваторыі і 40 гадоў выкладаў у ёй. Мама таксама працавала ў музычнай школе ў Маскве на Сафійскай набярэжнай, – гаварыў уладыка ў 2003 годзе ў эксклюзіўным інтэрв’ю журналістцы “Камсамольскай праўды ў Беларусі” Ганне Ляшкевіч.
Філарэт быў выхаванцам Маскоўскай духоўнай семінарыі, вучыўся ў Маскоўскай духоўнай акадэміі. Пра сваю сям’ю ў тым жа інтэрв’ю “Камсамольскай праўдзе ў Беларусі” ён распавёў, што яго род – старадаўні, купецкі. Яго прадзед быў гарадскім галавой у Яраслаўлі. Дзед уладыкі быў чальцом гарадской управы і таксама нямала зрабіў для горада.
Ворагам незалежнасці Філарэт не быў. Калі яго перавялі ў Беларусь, то папрасіў сустрэчу з Караткевічам
Дэпутат Вярхоўнага Савета (1990 – 1996) Сяргей Навумчык успамінае свой досвед сумеснай працы ў парламенце з мітрапалітам Філарэтам.
“НН” пацікавілася ў Навумчыка, як Філарэт глядзеў на пытанне беларускай незалежнасці.
– Магу дакладна сказаць, што ставіўся неварожа. У цэлым у мяне засталіся добрыя ўражанні ад супрацы з мітрапалітам. Я скажу дакладна, што да моманту прыходу Лукашэнкі да ўлады Філарэт дакладна не быў ворагам незалежнасці, што было потым – іншыя пытанні. Яму даводзілася супрацоўнічаць і з Кебічам, і з Лукашэнкам.
Цікавы факт, калі Філарэта толькі перавялі ў Беларусь напрыканцы 1970-х, то ён папрасіў сустрэчу з Уладзімірам Караткевічам.
Я не помню, каб Філарэт калісьці публічна выступаў з крытыкай апазіцыі, БНФ.
Дабраславіў аднаўленне Крыжа Ефрасінні Полацкай
Падчас адзначэння тысячагоддзя Полацкай епархіі і Праваслаўнай царквы ў Беларусі ў 1992 годзе было вырашана ўзнавіць Крыж Ефрасінні Полацкай. Працу дабраславіў іерусалімскі патрыярх Дыядор і патрыяршы экзарх усяе Беларусі мітрапаліт Філарэт. Узнаўленне крыжа было даручана берасцейскаму ювеліру-эмальеру Мікалаю Пятровічу Кузьмічу. 24 жніўня 1997 года мітрапаліт Філарэт высвянціў копію Крыжа Ефрасінні Полацкай, якая ў наш час захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага жаночага манастыра.
Выступаў супраць смяротнага пакарання
Уладыка Філарэт выступаў супраць смяротнага пакарання. У 2013 годзе ён накіраваў прывітанне ўдзельнікам круглага стала “Рэлігія і смяротнае пакаранне смерцю”.
“Беларуская праваслаўная царква настойліва звяртала ўвагу грамадскасці на праблему смяротнага пакарання смерцю яшчэ ў дзевяностых гадах мінулага стагоддзя. У 1996 годзе, напярэдадні ўсенароднага рэферэндуму, на якім сярод іншага абмяркоўвалася пытанне пра смяротнае пакаранне, мы заклікалі беларускі народ адмовіцца ад такой меры пакарання: мы, хрысціяне, не можам апраўдваць смярот-нае пакаранне, бо гэта грэх забойства… Жыццё любога чалавека належыць яго Творцу, Богу. Не мы, грэшныя людзі, даравалі быццё чалавеку – не нам і пазбаўляць чалавека існавання. Бо за жыццё кожнага з нас Бог Ісус Хрыстос аддаў сваё жыццё, зведаўшы пакуты, зневажэнні, здзекі і смерць на Крыжы… Дзяржава, караючы смерцю сваіх грамадзян, кожны раз нанова крыжуе Хрыста. Такой была наша пазіцыя ў год рэферэндуму. На сёння яна засталася нязменнай”, – падкрэсліваў Філарэт.
Герой Беларусі
Мітрапаліту Філарэту ў 2006 годзе за шматгадовы асабісты ўнёсак у духоўнае адраджэнне беларускага народа, умацаванне сяброўства і братэрскіх сувязяў паміж народамі, развіццё міжканфесійнага дыялогу прысвоена званне Героя Беларусі. Гэта не адзіная яго ўзнагарода. Уладыка ўзнагароджаны таксама ордэнам Айчыны III ступені, ордэнам Дружбы народаў, ордэнам Пашаны, ордэнам Францыска Скарыны, медалём Францыска Скарыны, граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, Ганаровай граматай Савета міністраў. У мітрапаліта ёсць узнагароды і іншых краін: у тым ліку Расіі, Украіны, Польшчы.
Падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку
Уладыка падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку. Напрыклад, у 2004 годзе, калі ў краіне праходзіў рэферэндум, ён лічыў, што народ на рэферэндуме скажа “так”.
– У мінулыя гады беларускі народ не раз выяўляў мудрасць. Упэўнены, што і цяпер нашы суайчыннікі зробяць правільны выбар, – казаў уладыка. – Так, я ведаю, што адбываецца ў краіне. І я стаўлюся да існай улады так, як і павінен кожны хрысціянін. Таму што апостал Павел у сваім пасланні да рымлян раз і назаўжды запаведаў хрысціянскі прынцып стаўлення да свецкай улады: “Усякая душа ды будзе пакорлівая вышэйшым уладам, бо няма ўлады не ад Бога; існыя ж улады ад Бога ўсталяваны” (Рым. 13:1). А кіраўніком улады ў дэмакратычнай дзяржаве з’яўляецца той, каго абраў народ, – казаў уладыка ў 2003 году ў эксклюзіўным інтэрв’ю журналістцы “Камсамольскай праўды” ў Беларусі” Г. Ляшкевіч.
Прапанаваў рэгуляваць доступ у інтэрнэце
Уладыка прапанаваў на заканадаўчым узроўні рэгуляваць змесціва ў інтэрнэце і ў гэтым пытанні абапірацца на досвед Кітая. Пра гэта ён казаў у 2009 годзе, паведамляюць РІА “Навіны” на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з чальцамі Сінода Беларускай праваслаўнай царквы.
– Для Царквы інтэрнэт – гэта не больш чым прылада. Прычым далёка не ўніверсальная… Хуткі доступ да патрэбнай інфармацыі, хуткасць абмену дадзенымі, аператыўнасць у распаўсюдзе інфармацыі: усё гэта выдатна і бясспрэчна. Але балбатня, плёткі, спрэчкі, якія ні да чога не прыводзяць – гэта забойства часу. Мяркую, што многія здзяйсняюць гэта забойства ад адзіноты ці з-за якіх-небудзь асабістых комплексаў, нерэалізаваных амбіцый, – лічыў Філарэт.
Заступіўся за экс-кіраўніка “Беннафтахіма” падчас суда
У 2008 годзе ўладыка заступіўся за Аляксандра Бароўскага, які быў старшынём канцэрна “Беннафтахім”. Яго судзілі за злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі, з асабістай зацікаўленасці пацягнулым прычыненне істотнай шкоды дзяржаве.
“…Да мяне звярнуліся вернікі горада Бабруйска… з прашэннем пра заступніцтва, – цытаваў адвакат Бароўскага ліст уладыкі, паведамляла “Камсамольская праўда” ў Беларусі”. – Бароўскі нам вядомы як уважлівы і спагадны чалавек. Ён не пакідаў без адказу просьбы жыхароў Бабруйска. І аказаў істотную дапамогу ў аднаўленні найстаражытнага храма горада – гістарычна-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь, які 40 год выкарыстоўваўся як плавальны басейн. З гэтым храмам звязаны лёсы многіх гараджан. У гэтым храме яны хрысціліся, бралі шлюб, выпраўлялі ў апошні шлях сваіх блізкіх”.
Гаворка ішла пра Свята-Мікольскі храм, збудаваным у кан-цы XIX стагоддзя ў Бабруйску. Пры савецкай уладзе ў 60-я гады мінулага стагоддзя да царквы пры-будавалі трохпавярховы бетонны корпус.
“Нам вядома, што Бароў-скі не зусім здаровы. Напярэдадні арышту ён знаходзіўся на стацы-янарным лячэнні. І далейшае зна-ходжанне ва ўмовах ізаляцыі мо-жа негатыўна адбіцца на яго здароўі. Гэтыя акалічнасці пад-ахвочваюць нас звярнуцца да вас, шаноўны Аляксандр Рыгоравіч, з просьбай праявіць у стаўленні да Бароўскага літасць, знаходзіцца дома, у коле сям’і да высвятлення ўсіх акалічнасцяў справы”, – га-ворыцца ў звароце Філарэта.
Прасіў Адміністрацыю Прэзідэнта пракаментаваць публікацыю пра царкву ў газеце
У 2006 годзе ўладыка Філарэт накіраваў у Адміністрацыю Прэзідэнта ліст з просьбай пракаментаваць публікацыю ў газеце “Савецкая Беларусь”, якая змяшчае “некарэктныя выказванні і абразлівыя для вернікаў палажэнні”. Гаворка ішла пра артыкул акадэміка Анатоля Лалавая.
Як тады паведамлялася, па меркаванні БПЦ, у сваім артыкуле акадэмік адзначаў: “Залішняя ак-тыўнасць царквы, імкненне пра-красціся ў сярэднюю і вышэйшую адукацыю выклікаюць заклапочанасць. Усё-такі дамінантнымі ў нас павінны быць свецкія адукацыя і выхаванне, заснаваныя на матэрыялістычным светапоглядзе. Інакш адукацыйны і творчы статус нашага грамадства будзе паніжацца… Рэлігія не павінна вызначаць нормы свецкага жыцця грамадства, дыктаваць яму свае ўмовы ці ўстанаўліваць забароны”.
Па меркаванні навукоўца, празмернае ўзмацненне ўплыву рэлігіі ў грамадстве можа мець шэраг адмоўных наступстваў. Напрыклад, зніжэнне ўстойлівасці грамадства ў выніку яго дзялення па рэлігійным прынцыпе, калі ў краіне развіваюцца розныя канфесіі, паслабленне ўплыву дзяржавы і дзяржаўнай ідэалогіі.
Садзейнічаў устаноўцы помніка Ларысе Геніюш у Зэльве
У 2003 годзе мітрапаліт Філарэт асабіста даў дазвол на ўстаноўку бюста Ларысы Геніюш каля Зэльвенскай царквы, а калі зэльвенскія ўлады памкнуліся было зняць яго, так прыгразіў, што адбіў ахвоту рыпацца ў гэты бок назаўсёды.
Падарыў ДФР абраз апостала Паўла
У 2010 годзе ўладыка ўручыў кіраўніцтву фінансавай мілі-цыі Камітэта дзяржкантролю абраз апостала Паўла, які стане нябесным заступнікам ДФР КДК.
Абраз быў створаны вядомым іканапісцам прыходу храма абраза Божай Маці “Усіх журботных Радасць” у Менску Вольгай Чарняк. Копіі абраза былі ўручаны кіраўнікам абласных кіраванняў Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК, а таксама старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю.
Садзейнічаў пераадоленню наступстваў аварыі на ЧАЭС
Уладыка быў старшынём камісіі Святога сінода РПЦ па садзейнічанні высілкам у пераадоленні наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС. І ў цэлым тэма Чарнобыльскай трагедыі была яму блізкая. Падчас тэлезвароту з нагоды адной з гадавін адзначыў, што аварыя на ЧАЭС – вынік нашага грахоўнага жыцця.
“Вынік нашай чалавечай няўвагі да жыцця, нядбалага стаўлення да сваіх абавязкаў і іншае, і іншае. Таму і нагнала нас гэтае пакаранне за нашу нядбайнасць”, – казаў Філарэт.
Мітрапаліт лічыў, што толькі агульнымі высілкамі і малітвамі можна палегчыць сітуацыю і супрацьстаяць гэтай бядзе.
Яшчэ ў 2010 годзе хацеў сысці са свайго паста
Мітрапаліт Філарэт сышоў са свайго паста ў 2013 годзе, пасля яго кіраўніком БПЦ стаў мітрапаліт Павел. Аднак пра магчымасць сысці ён папрасіў сінод яшчэ ў 2010 годзе, калі яму споўнілася 75 гадоў, пісалі ў “Камсамольскай праўдзе” ў Беларусі”. На чале БПЦ ён прабыў 23 гады.