(Пачатак у нумары 48 ад 2 снежня 2020 г.)
Працяг гісторыі невялічкай вёскі Балонаўка на шляху Магілёў – Бабруйск недалёка ад Чачэвічаў
Адам Стрыжак, як адзіны Сымонаў сын, атрымаў у спадчыну вялізную маёмасць: пад 60 дзесяцін толькі надзельнай зямлі (праўда, большая частка была пад лесам), вялізную хату, якую пазней перабудаваў на свой манер пад пяцісцен, быдла, пчолы… Быў ён, як кажуць, ледзь не пра кожнага заможнага гаспадара, даволі сквапны, дзяцей трымаў у чор-ным целе, бадай не стасаваўся з суседзямі, але, як ужо пісалася вышэй, было на тое і тлумачэнне: ён ажаніўся з багатай быхаўкай Варкай Бусловай, якая прынесла ў сям’ю своеасаблівы праклён – ген псіхічнага захворвання, якое праявілася на некаторых дзецях і пазнейшых нашчадках.
Усяго Стрыжачыха нарадзіла Адаму 7 сыноў і 6 дачок. Трое з іх па-мерлі немаўлятамі. Яшчэ траіх кранула шызафрэнія: Лукір’я, як казалі, “была дурная”, “брындала туды-сюды”, “гаварыла абы-што”. Бывала, ужо пасля раскулачвання, калі яе, як хворую і безмаёмасную, пакінулі жыць у адным з пакойчыкаў бацькавай хаты, пакуль не здалі ў лякарню ў славуты магілёўскі Пячэрск, яна забягала да маёй прабабы Настасі (што была ёй траюраднай сяструхай, унучкай беднага рэкрута Амброжа), станавілася пры печы і няспынна паўтарала: “Чычэўка – ты! А мая мамка – з Быхава, ого!” (чычэўцы – жыхары суседніх Чачэвіч), а пасля хуценька некуды збягала.
Тут трэба трохі патлумачыць. Балонаўцы агулам лічыліся ў нава-коллі нелюдзімымі (іх звалі “ваўкі балонаўскія”), а ў выпадку Чачэвіч у стасунках адбіваўся і сацыяльны фактар – паходжанне сялян. Чычаўляне былі панскімі, мелі меншыя на-дзелы зямлі, а балонаўцы ж – казённымі, былі больш узбітымі на грошы, чычэўцы нярэдка парабкавалі ў Балонаўцы. Таму і адносіны між жыхарамі суседніх (4 км) вёсак былі, мякка кажучы, дыстанцыяванымі, а міжасабовыя стасункі – мінімальнымі. Адсюль і згаданае вышэй пагардлівае “Чычэўка – ты!” Чычаўляне таксама не заставаліся ў крыўдзе: па аналогіі з сапраўднымі ваколічнымі шляхціцамі з суседняй Кароўчыні яны лічылі балонаўцаў падпанкамі і кпілі з іх па-бядняцку трапна: “Ці свінні елі, ці балонаўская/караўчанская шляхта чай піла”, намякаючы на відавочную неадпаведнасць між маёмасным узроўнем і панскімі звычкамі.
Вернемся да дзяцей Адама Стрыжэўскага. Згаданую Лукір’ю ў 1935 годзе знайшлі мёртвай: яна нібыта выпадкова скінулася з печы і задушылася ў нітах у кроснах. Адамаў сын Клім таксама пакутваў ад псіхічнай хваробы і засіліўся ў той самай Пячэрскай бальніцы яшчэ да рэвалюцыі, у 1916 годзе, маючы 24 гады. З малодшым Сідарам выйшла трохі інакш. У сярэдзіне 1920-ых, нягледзячы на тое, што старэйшы Адамаў сын Лявон аддзяліўся, большую частку зямлі дзяржава ў Стрыжакоў экспра-прыявала. Сідар пасля смерці бацькі застаўся жыць у бацькавай палове з маці і сястрой Лукір’яй. У 1928 годзе, маючы 25 год, ён ажаніўся з Наталляй Леснікоўскай з пасёлка Навумяты насупраць вёскі Кароткія. У той час савецкае грамадзянскае права было вельмі ліберальным: пры адсутнасці дзяцей развод ЗАГС-ы давалі адразу ж па першым патрабаванні аднаго з сужэнцаў. Так сталася і тут: Наталля, прарабіўшы лета на мужавай гаспадарцы, адчула, што з Сідарам нешта не тое, дый рабіць у іх было прынята ад світанку да позняга вечара, бо па-рабкаў наймаць было забаронена, і таму ўжо праз тры месяцы яна развя-лася і вярнулася жыць да сваіх бацькоў. Сідар, якога неўзабаве, як кулака, пазбавілі выбарчых правоў, дужа перажываў не толькі з-за сыходу Наталлі як такога, але і з-за таго, што яна падала ў суд на выдзяленне ёй часткі мужавай маёмасці, як былой жонцы. У канцы лютага яны нейк вячэралі з маці, Варкай і гаманілі менавіта пра гэта: Сідар даказваў, што суд аддасць Наталлі запатрабаваную ёю частку гаспадаркі і зямлі, пажылая ж, 70-гадовая маці ўпарта даводзіла яму, што закон такога дапусціць не можа. Размова перарасла ў спрэчку. У пэўны момант раз’юшаны Сідар выскачыў з-за стала, знайшоў сякеру, схапіў матку за валасы, дацягнуў яе да парога і на ім адсек ёй галаву. Пасля – з сякерай у адной руцэ і галавой сваёй ахвяры ў другой – ён пачаў бегаць па Балонаўцы і хаатычна ламіцца ў два-ры, секчы вароты, дзверы. Вёска маленечкая: жудасная вестка разляцелася імгненна, спужаныя людзі пазамыкаліся ў хатах. Сабралася купка мужчын, яны ўзялі стрэльбы, жэрдзе і пабеглі супакойваць мацізабойцу. Доўга гэтага не ўдавалася зрабіць, Сідар нема крычаў, пагражаў сякерай. У рэшце рэшт, адзін з мужчын здолеў ударыць яго даўгой жардзіной, збіў з ног. Мужчыны падбеглі, скруцілі яго… Сідар памёр праз некалькі год у той самай лякарні ў Пячэрску.
Два сыны Адама загінулі на вайне: Іван, яшчэ не жанатым, быў забіты ў японскую, Ілля – у імперыялістычную. У Іллі засталіся жонка ды 3 малыя сыны, яны не падпалі пад раскулачванне, але старэйшы Сашка, усё ж, трапіў пад жорны сталінскага малоха. У канцы 1930-ых, рыхтуючыся да немінучай вайны, у Быхаве пачалі будаваць слынны вайсковы аэрадром, не ставала работнікаў, то іх па разнарадцы набіралі сярод калгаснікаў. З Балонаўкі ў 1938 годзе паехалі туды працаваць швагры Хведзька Маркоўскі і Сашка Стрыжэўскі. Адрабіўшы сваё, яны вярнуліся ў родную Балонаўку. І не проста вярнуліся, а з форсам: на… “лісапетах”, што былі надзвычайнай раскошай у нашых згалелых падкалгасных мясцінах. Старшыня балонаўскага калгаса імя І.В. Сталіна Хведзька Палавікоў і малады, 26-гадовы мясцовы настаўнік Сашка Гейсцер (заўважце: і там, і там – Хведзька і Сашка), добра падпіўшы, праз зайздрасць напісалі на нядаўна прыбылых “буржуяў” паперу, “куды трэба”. Праз некалькі тыдняў абодвух фігурантаў з розніцай у тры ночы забралі чорныя варанкі. І яны зніклі назаўжды. Іхнія жонкі – родныя сёстры Алена і Вера – чакалі іх перад вайной, усю вайну, пасля вайны да смерці Сталіна, пасля яе. У канцы 1950-ых абедзве атрымалі аднолькавыя паведамленні, маўляў, вашыя мужы загінулі ў месцах зняволення ў выніку сталінскіх рэпрэсій і цяпер рэабілітаваныя. І толькі ў са-мым пачатку 2000-ых мне ўдалося адшукаць на сайце расійскага таварыства “Мемориал” звесткі пра тое, што і Хведзька, і Сашка, арышта-ваныя ў ліпені 1938 г., былі абодва расстраляны ў Магілёўскай турме НКУС у адну ноч – 11.10.1938 г. – як польскія шпіёны, бо ў сваёй заяве іхныя цёзкі-паклёпнікі напісалі, што яны – палякі і працуюць на польскую дэфензіву, бо і прозвішчы ў іх польскія – Маркоўскі і Стрыжэўскі, хоць у абодвух родах былі спрадвек адны вуніяты, а пасля праваслаўныя. Розум не можа спасцігнуць подласці сталінскіх карнікаў, якія маглі хоць бы злітавацца над беднымі ўдовамі, зусім маладымі, якія маглі яшчэ раз выйсці замуж, заручыцца мужчынскай падтрымкай, але, будучы вернымі дадзенаму некалі слову, вымушаныя былі 20 год праліваць слёзы, чакаючы весткі пра жыццё ці смерць сваіх каханых.
Яшчэ адзін сын – Андрэй, адваяваўшы на франтах імперыяліс-тычнай і грамадзянскай, у 1922 паступіў на матэматычны факультэт Петраградскага ўніверсітэта, скончыўшы ж яго, з’ехаў працаваць настаўнікам у Казахстан, каб не мець праблем з тым, што ён з’яўляецца выхадцам з кулацкай сям’і. Там ён і памёр на самоце.
З астатніх Адамавых дачок старэйшая Сцепаніда шчасліва пайшла за Марка Палавікова, Аксіння, якая адна з дужа нешматлікіх дзяўчынак скончыла школу граматы ў суседняй Галееўцы, пазней, яшчэ да рэвалюцыі, сама вучыла балонаўскіх падшыванцаў чытаць і пісаць. Малодшая Антоля пайшла за Хведара Станкевіча ва Уюноўскую Сялібу, пазней яны жылі ў Быхаве, іхні сын у вайну рабіў шафёрам у немцаў, з імі ж і з’ехаў. Далейшы ягоны лёс невядомы.
Застаўся Лявон, якому, пасля смерцяў, гібелі ці ад’езду братоў, фак-тычна засталася ўся бацькоўская маёмасць, хоць і пакуцаная савецкай уладай цягам 1920-ых гг. У 1928 годзе ён, як кулак, быў пазбаўлены выбарчых правоў, а ў 1930 г. ён, жонка і чацвёра малых дзяцей былі сасланы на Урал. Праз пэўны час, не дабыўшы ссылку да канца, яны ціхма вярнуліся на Радзіму, пасяліліся ва ўласнай лазні, бо ў сканфіскаванай на карысць калгаса вялізнай бацькавай хаце размясціліся школа, дзіцячы садок і калгасная кантора. Лявон употай улад-каваўся працаваць на смалакурны завод у Гамарню (за 20 км), ніхто нікога пэўны час не здаваў, аж пакуль – дзесь ужо ў другой палове 1930-ых – па яго не прыехалі паўторна. Больш Лявон на Радзіму не вярнуўся…
Яшчэ нейкі час пасля апошняй вайны на высокай частцы балонаўскіх могілак стаялі некалькі невялічкіх рубленых церамкоў, якія балонаўцы аздаблялі на Радуніцу, Тройцу і ў іншыя памінальныя дні. Пасля адзін нехарошы жыхар Балонаўкі пасек іх, каб гнаць самагонку, бо складзеныя яны былі з якаснага смаляку. Унутры тых церамкоў стаялі жорны: іх у нашых краях укопвалі – напалову ў зямлі – над магіламі мельнікаў. Жорны тыя выкінулі долу, але высілкамі неабыякавых людзей іх удалося выцягнуць са смецця, ачысціць. Усяго захавалася 6 цэлых ці фрагментаваных млынарскіх надмагілляў: на адным з жорнаў пазначаны год – “1787”, а таксама прыведзена даволі вялікая, але, на жаль, нечытэльная эпітафія. Яшчэ на двух – гады пахавання: “1809” і “1817”. На ўсіх – тыповыя ўніяцкія крыжы і абрэвіятуры “ІС ХС”. Няма аніякага сумневу, што бальшыня з гэтых жорнаў з’яўлялася помнікамі над магіламі прадстаўнікоў дынастыі балонаўскіх мельнікаў – Стрыжакоў, Стрыжэўскіх.
(Працяг будзе.)
Анатоль Прасаловіч,
Магілёў.