29 снежня – чарговая гадавіна ўводу войскаў СССР у Афганістан. Сёння бачацца некаторыя аналогіі, гістарычныя паралелі, пэўнае падабенства паміж Рэспублікай Беларусь і тагачаснай Дэмакратычнай Рэспублікай Афганістан.
У 1979 годзе Савецкі Саюз умяшаўся ва ўнутраныя справы ДРА. Былі ўведзены войскі для “аказання садзейнічання афганскаму народу ў адбіцці ўзброенай агрэсіі звонку”, хоць, насамрэч, ніхто не збіраўся нападаць на Афганістан. Кіраўніка краіны Хафізулу Аміна забілі і замест яго паставілі Бабрака Кармаля. Аміну не даравалі самавольнае, без адабрэння кіраўніцтва СССР, забойства папярэдняга кіраўніка Афганістана Нур Мухамеда Таракі. Рэжым у Афганістане не памяняўся. Як быў недэмакратычны і прасавецкі, так і застаўся. Памянялася першая асоба рэжыму.
Сёлета Расея, правапераемніца СССР, у чарговы раз умяшалася ва ўнутраныя справы Беларусі. Расея як ніколі актыўна ўключылася ў так званыя “выбары” прэзідэнта нашай краіны не для таго, каб усталяваць у нас дэмакратыю і ўмацаваць суверэнітэт Беларусі, а каб аслабіць дзяржаву Беларусь, яшчэ мацней прывязаць да Расейскай імперыі і “рускага свету”, замяніць свавольніка Лукашэнку на другога свайго стаўленіка – газпрамаўскага банкіра Бабарыку. Уладзімір Уладзіміравіч пакрыўдзіўся, што Лукашэнка ў снежні 2019 года не падпісаў так званую “31-ю дарожную карту”, якая прадугледжвае стварэнне наднацыянальных органаў (агульны парламент Беларусі і Расеі, агульны прэзідэнт і інш.), увядзенне агульнай валюты і адзінага эмісійнага цэнтра.
Але! Здарылася нечаканае і для бабарыкінскай каманды і яе маскоўскіх лялькаводаў, і для самога беларускага кіраўніка. Пасля бойні 9-12 жніўня беларусы паўсталі супраць Лукашэнкі. У такой сітуацыі дыктатар Пуцін не рашыўся стаць “вызваліцелем” беларусаў ад дыктатара Лукашэнкі. І гэта зразумела. Сёння падчас народнага паўстання ў Менску зрынуць Лукашэнку, а заўтра рускія (“дрэнны” прыклад заразны) зрынуць у Маскве Пуціна. Ды і дзе гарантыя, што ў запале беларусы не расхістаюць і не зрынуць і сам рэжым? І зноў жа гэта будзе “кепскі” прыклад для рускага народа! Натуральна, абодва дыктатары адклалі свае міжусобныя спрэчкі на потым, і ў жніўні 2020 года расейская дыктатура выратавала беларускую.
40 гадоў таму кіраўнікі Афганістана і Савецкага Саюза расказвалі сваім грамадзянам “казкі” пра абарону цэласці і суверэнітэту Афганістана перад пагрозаю знешняй агрэсіі з боку Пакістана і ЗША.
Пасля 9 жніўня 2020 года кіраўнікі Беларусі і Расеі расказваюць сваім грамадзянам “казкі” пра абарону цэласці і суверэнітэту Беларусі перад пагрозаю знешняй агрэсіі з боку По-льшчы і НАТА. Адно, цяпер да прамой ваеннай інтэрвенцыя справа (пакуль) не дайшла. “Інтэрнацыянальная” дапамога Расеі беларускаму народу на сёння аналагічна той, якую СССР аказваў афганскаму рэжыму да ўводу Савецкай Арміі 29 снежня 1979 года (дарадчыкі, журналісты-прапагандысты, узбраенне і напагатове расейская нацыянальная гвардыя і армія).
41 год таму Амін, перакананы сталініст, сябар і верны саюзнік Савецкага Саюза, паплаціўся галавою за сваё свавольства. Невядома, які лёс наканаваны Лукашэнку. Адно добра вя-дома! Планы імперскай Расеі праглынуць Беларусь (з Лукашэнкам ці без яго) не памяняліся!
Найважнейшая задача беларусаў сёння – захаваць нашу дзяржаўную незалежнасць да таго часу, пакуль Расея не стане на шлях дэмакратычнага развіцця альбо калі там здарыцца нешта такое, што прымусіць расейскую ўладу заняцца сваімі ўласнымі праблемамі, а яшчэ лепей – праблемамі сваіх грамадзян, каб ёй (расейскай уладзе) было не да Беларусі. Перакананы, пасля гэтага ў Беларусі непазбежна пачнуцца дэмакратычныя пераўтварэнні.
Не – “рускаму свету”! Жыве Беларусь!
Міхась Варанец,
ветэран баявых дзеянняў на тэрыторыі Афганістана ў складзе
Савецкай Арміі, г. Слонім.