26 лістапада адзначалася 90 год з дня нараджэння Уладзіміра Сямёнавіча Караткевіча – цікавага і самабытнага беларускага пісьменніка, які змог стварыць высакаякасную гістарычную прозу. Ён аўтар вершаў і паэм, апавяданняў і аповесцей, раманаў і п’ес, эсэ і літаратурных артыкулаў, публіцыстыкі і нарысаў. Патрыятызм, рамантычнае светаўспрыманне, вольны палёт фантазіі, адчуванне глыбіні, шырыні і багацця народнага жыцця сталі вызначальнымі рысамі яго творчасці.
З нагоды 90-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча ў рэжыме відэаканферэнцыі адбыўся круглы стол “Быў. Ёсць. Буду” ў рамках штогадовых караткевічаўскіх чытанняў. Арганізатарамі круглага стала выступілі Цэнтр беларускай мовы і літаратуры інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі, інстытут мова-знаўства імя А. Патэбні Нацыянальнай акадэміі навук Украіны і пасольства Рэспублікі Беларусь ва Украіне. У навуковай канферэнцыі ўдзельнічалі больш за трыццаць прадстаўнікоў Беларусі, Украіны і Польшчы, студэнты-беларусісты інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Сярод удзельнікаў відэаканферэнцыі быў і навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. У анлайн-эфіры Алесь часткова зачытаў матэрыял, падрыхтаваны да круглага стала. Поўнасцю гэты матэрыял будзе змешчаны ў зборніку караткевічаўскіх чытанняў за 2020 год. Асобнымі вытрымкамі са сваёй даследчай працы Алесь Хітрун падзяліўся ў нашым інтэрв’ю.
– Алесь, у тваім матэрыяле для навуковай канферэнцыі адзначаецца, што Караткевіч прыязджаў у Ліду. Калі і пры якіх абставінах гэта было?
– Уладзімір Караткевіч прыязджаў у Ліду 9 лютага 1964 года. Сустрэча з ім, а таксама з некаторымі іншымі беларускімі пісьменнікамі адбылася ў рэдакцыі лідскай раённай газеты “Сцяг працы” *, якая размяшчалася па вуліцы Кірава, 24. Праз дзень пасля той сустрэчы ў газеце была змешчана нататка “У літаратурным аб’яднанні”. У ёй гаварылася, што ў нядзелю ў рэдакцыі газеты “Сцяг працы” сабраліся маладыя літаратары Лідчыны на сход раённага літаб’яднання. У госці да мясцовых аўтараў прыйшлі беларускія творцы Янка Брыль, Уладзімір Караткевіч, Рыгор Барадулін, а таксама журналіст, супрацоўнік “Сельской газеты” Якаў Міско. На жаль, падрабязна пра тое, што гаварыў Караткевіч падчас сустрэчы з маладымі лідскімі аўтарамі, у той невялікай нататцы не сказана. Але пацвярджаецца сам факт, што пісьменнік прыязджаў у Ліду.
– Табою сабраны ўспаміны лідскіх паэтаў аб сустрэчах з Уладзімірам Караткевічам. Раскажы падрабязней, хто з паэтаў Лідчыны меў шчасце з ім сустрэцца і як гэта адбывалася.
– Аб сустрэчах з Уладзімірам Караткевічам згадвалі Уладзімір Васько, Міхась Мельнік, Васіль Варошка, Віктар Бачароў. Так, Уладзімір Васько ў пачатку 60-х гадоў вучыўся ў Гарадзенскім педінстытуце. Ён успамінае, што ў той дзень, калі прыехалі беларускія пісьменнікі, студэнты з усіх факультэтаў і выкладчыкі сабраліся ў актавай зале. Уладзімір Караткевіч чытаў штосьці з прозы. Запрошаныя творцы з задавальненнем адказвалі на пытанні студэнтаў. Калі пісьменнікі спусціліся са сцэны, студэнты (у асноўным дзяўчаты) гістарычна-філалагічнага факультэта атачылі іх і не хацелі адпускаць, задавалі пытанні, цікавіліся іх жыццём, творчасцю. Пытанні задавалі ў асноўным Уладзіміру Караткевічу. На той імпрэзе прысутнічаў і Уладзімір Васько, але пытанняў Караткевічу не задаваў.
Міхась Мельнік у час працы ў Красноўскай сярэдняй школе паралельна з настаўніцкай дзейнасцю кіраваў літаратурным гуртком “Крынічка”. Дзесьці ў сярэдзіне 70-х гадоў у школу прыйшло запрашэнне на літаратурную вечарыну. Сустрэча была арганізавана ў Старым замку ў Гародні. З лідскіх паэтаў тады, акрамя Міхася Мельніка, на ёй прысутнічалі Віктар Бачароў, Леанід Віннік, а таксама навучэнка Красноўскай школы Валянціна Шылкоўская (яе вершы неаднаразова друкаваліся ў раённай газеце “Уперад”). Акра-мя Уладзіміра Караткевіча, з вядомых пісьменнікаў на мерапрыемстве былі Васіль Быкаў, Аляксей Карпюк, Данута Бічэль-Загнетава.
У “Гродзенскай праўдзе” за 22 сакавіка 1977 года быў змешчаны матэрыял “На смену молодость идет…” з фотаздымкам, на якім Уладзімір Караткевіч засняты сярод пачынаючых паэтаў і празаікаў Гарадзенскай вобласці. Сярод пачынаючых паэтаў на здымку – і малады лідскі паэт Васіль Варошка. Яго тады ад рэдакцыі газеты “Уперад” запрасілі прыняць удзел у семінары маладых паэтаў і празаікаў Гарадзеншчыны. У тым семінары ўдзельнічалі і лідскія паэты Уладзімір Васько, Пётр Макарэвіч, Міхась Мельнік, Віктар Бачароў, Леанід Віннік. Сустрэча адбылася ў Гарадзенскім абкаме камсамолу. Пасля семінара паэты сабраліся ў фае, і фотакарэспандэнт “Гродзенскай праўды” прапанаваў сфатаграфавацца на памяць разам з Уладзімірам Караткевічам. Усе прысутныя, сярод якіх быў і Васіль Варошка, акружылі пісьменніка.
Віктар Бачароў аб сустрэчы з Караткевічам згадвае ў празаічным творы “Фотаздымак, што застаўся толькі ў памяці”, змешчаным у літаратурна-мастацкім часопісе “Ад лідскіх муроў” за 2001 год. Ён апісвае, верагодна, той самы семінар маладых паэтаў і празаікаў Гарадзеншчыны, хаця пазначае, што сустрэча адбылася ўжо ў 80-я гады. “Да нас прыехаў Уладзімір Караткевіч, – пісаў Віктар Бачароў. – Такі вядомы і, як аказалася, такі просты чалавек з намі ў зале. І разам з яго прыходам зала напаўняецца жыццярадасным смехам, бадзёрымі жартамі. Яго ўсмешка дорыцца адразу ўсім прысутным. Ён абуджае да сябе ўсеагульную прыхільнасць, гіпнатызуе сваёй энергіяй, прыцягвае ўвагу. Пасля выступлення Уладзімір Караткевіч запрашае ўсіх, хто будзе ў Менску, заходзіць у госці. Я карыстаюся момантам і прашу адрас пісьменніка. І ён размашыста чыркае яго ў мой нататнік… Караткевіч раскінуў свае рукі і, як штосьці дарагое, што сімвалізуе жыццё, абняў нашых дзяўчат, пазіруючы фатографу “Гродзенскай праўды”. Побач з дзяўчатамі стаяў і я, радуючыся, што “засвяціўся” з самім Караткевічам”.
– Не абышоў ты ўвагай і ўдзел лідзяніна ў здымках мастацкага фільма па рамане Караткевіча…
– Вядома, што па рамане Уладзіміра Караткевіча “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” ў 1967 годзе была знята аднайменная кінастужка, якая мае прамое дачыненне да жыхара Ліды Мікалая Анісімавіча Удовіка. У гэтай трагікамедыі, якую кінакрытыкі называюць энцыклапедыяй народнага жыцця Беларусі XVI стагоддзя, Мікалай Удовік здымаўся разам са знакамітымі савецкімі артыстамі. Фатаграфіі з месца здымак дагэтуль захоўваюцца ў яго сямейным альбоме. А трапіў ён на здымкі фільма наступным чынам. У той год Мікалай Анісімавіч разам з жонкай адпачываў у Ялце, у санаторыі Міністэрства абароны. Туды прыехалі прадстаўнікі “Беларусьфільма” і адабралі некалькіх чалавек для здымак у кінакарціне, у тым ліку Мікалая Удовіка. Чатыры дні разам з іншымі акцёрамі масоўкі ён удзельнічаў у стварэнні эпізодаў для фільма.
– У верасні гэтага года, – адзначае ў канцы нашай гутаркі Алесь Хітрун, – я ўдзельнічаў у экскурсіі па вуліцах Менска. Гідам быў мой даўні знаёмы і калега Павел Каралёў. У ходзе экскурсіі мы ўбачылі дом на вуліцы Чарнышэўскага, 7, дзе жыў Уладзімір Караткевіч. Менавіта ў гэтым доме, у сваёй халасцяцкай аднапакаёўцы на пятым паверсе, у 1965 годзе Караткевіч пэўны час трымаў… мядзведзяня Тупу, мыў яго ў ванне, абціраў ручніком, як дзіця, а потым ранютка, каб не пужаць людзей, выводзіў мядзведзяня на павадку на здымкі савецка-чэхаславацкага мастацкага фільма “Пушчык едзе ў Прагу” (Тупу ў фільме звалі Пушчыкам).
Пра гэтага ручнога звярка пісьменнік планаваў напісаць твор, але далейшы лёс Тупы склаўся трагічна, і Караткевіч цяжка пераносіў боль ад той трагедыі. Такі вось незвычайны факт з біяграфіі пісьменніка, які любіў і людзей, і жывёл.
Гутарыў
Аляксей КРУПОВІЧ.