Пакупка для бундэсвера баявых дронаў была практычна вырашаным пытаннем, пакуль супраць гэтага раптам не выступіла СДПГ. Што прымусіла партыю змяніць рашэнне, і да якіх наступстваў для нямецкага войска гэта прывядзе?
У найбліжэйшыя некалькі месяцаў узброеныя сілы Германіі атрымаюць пяць новых беспілотных лётных апаратаў Heron TP. Беспілотнікі вытворчасці ізраільскага абароннага канцэрна Israel Aerospace Industries могуць знаходзіцца ў паветры больш за 30 гадзін, і нават пры дрэнным надвор’і здольныя перадаваць на зямлю выявы дамоў, машын і людзей у рэжыме рэальнага часу. Міністэрства абароны ФРГ збіралася ў паскораным парадку абсталяваць новыя беспілотнікі ракетамі, здольнымі паражаць цэлі на зямлі. Планавалася, што бундэстаг дасць зялёнае святло на пакупку ўзбраення яшчэ да Каляд, і Мінабароны ўжо падрыхтавала кантракт на закуп.
Але беспілотнікі пакуль што абсталёўваць ракетамі не будуць: сацыял-дэмакраты – малодшыя партнёры кансерватараў па кіраўнічай “вялікай кааліцыі” – 16 снежня адмовіліся падтрымаць гэты план.
– Паміж абаронай жыцця нашых салдатаў і магчымасцю забойства з дапамогай джойсціка ляжыць толькі тонкая грань, – заявіў сустаршыня Сацыял-дэмакратычнай партыі Германіі Норберт Вальтар-Бор’янс (Norbert Walter-Borjans) і падкрэсліў, што такое важнае рашэнне нельга прымаць без папярэдняга грунтоўнага абмеркавання.
Адзін з асноўных аргументаў, якім сацыял-дэмакраты растлумачылі сваю адмову ўхваліць куплю новых сістэм узбраення, быў наступны: поўная “аўтаматызацыя вайны”, на іх погляд, небяспечная тым, што можа ўхіліць апошнія псіхалагічныя бар’еры, якія яшчэ стрымліваюць праціўнікаў. Падзеяй, якая прымусіла СДПГ змяніць сваю пазіцыю, стаў канфлікт у Нагорным Карабаху і “вайна дронаў”, якую вялі Арменія і Азербайджан, заявіла намеснік старшыні парламенцкай фракцыі СДПГ Габрыэла Гайнрых (Gabriela Heinrich).
– Упершыню ў гісторыі зыход узброенага канфлікту вырашыла выключна выкарыстанне беспілотнікаў, – сказала яна.
Гэтая вайна, па словах Гайнрых, стала відавочным доказам таго, што дроны можна выкарыстоўваць як зброю нападу. І гэта “зрушыла ўсю сістэму каардынат”, якая грунтавалася на перакананні, што беспілотнікі павінны выкарыстоўвацца выключна як дадатковы элемент абароны салдатаў наземных войскаў. Пасля канфлікту ў Карабаху стала ясна: “Неабходна тэрміновая дыскусія, якая ўлічвае гэтую новую філасофію вядзення практычнай вайны”, канстатавала Гайнрых.
Раптоўная змена пазіцыі СДПГ выклікала здзіўленне ў дэпутатаў бундэстага, прычым, як у прыхільнікаў, так і праціўнікаў ідэі ўзбраення дронаў. І тыя, і другія адзначаюць, што дыскусія на гэтую тэму вядзецца на працягу доўгага часу. Дэпутат ад партыі “Саюз-90″/”Зялёныя” Тобіяс Лінднер (Tobias Lindner) яшчэ напачатку снежня казаў пра тое, што ў бундэстагу гучала досыць аргументаў па гэтым пытанні. Лінднер папракнуў СДПГ у непаслядоўнасці: па яго словах, можна быць “за” ці “супраць” узбраення беспілотнікаў, але пара б вызначыцца з выбарам.
Некаторыя нямецкія СМІ ўгледзелі ў змене настрояў сацыял-дэмакратаў тактычны ход: у наступным годзе ў Германіі адбудуцца парламенцкія выбары, і раптоўны нахіл СДПГ налева можа азначаць, што партыя спрабуе заваяваць сімпатыі новага электарату і адначасова расчысціць шлях для магчымай кааліцыі з “зялёнымі” і левымі, якія традыцыйна займаюць пацыфісцкія пазіцыі.
На дэмарш партнёраў па кааліцыі найбольш раздражнёна адрэагавала міністр абароны ФРГ Анегрэт Крамп-Карэнбаўэр (Annegret Kramp-Karrenbauer). Яшчэ 9 снежня падчас дэбатаў у бундэстагу па абаронным бюджэце яна заявіла:
– Аргумент “мы не абмяркоўвалі гэтае пытанне” не ўлічваецца – мы ўжо восем гадоў абмяркоўваем гэтае пытанне.
Раздражненне кіраўніка абароннага ведамства Германіі цалкам вытлумачальнае: у апошнія месяцы Мінабароны па просьбе сацыял-дэмакратаў неаднаразова выступала ініцыятарам дыскусій па пытанні ўзбраення дронаў. Да ўдзелу ў іх запрашаліся вайскоўцы, праваабаронцы, палітыкі і эксперты ў вобласці абароны. Падчас гэтых дыскусій нямецкія салдаты – удзельнікі міжнародных міратворчых місій распавядалі, у прыватнасці, пра тое, як з дапамогай няўзброенага беспілотніка Heron 1 – папярэдніка дрона Heron TP – яны неаднаразова станавіліся сведкамі нападаў на лагеры ці патрулі бундэсвера ў Афганістане і Малі, і ніяк не маглі абараніць сваіх таварышаў.
У аргумента пра больш надзейную абарону салдатаў у нямецкім бундэстагу таксама шмат прыхільнікаў. Войскі іншых краін ужо даўно выкарыстоўваюць баявыя беспілотнікі, кажа эксперт па абароннай палітыцы фракцыі ХДС/ХСС Генінг Ота (Henning Otte). Ён лічыць “амаральным адмаўляць нямецкім салдатам у тэхналогіях, якія абараняюць жыцці людзей”. У Еўропе ўзброеныя дроны ёсць, да прыкладу, у войсках Вялікабрытаніі, Францыі, Сербіі і Украіны…
Паводле СМІ.