• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 25 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Аўтару паэмы “Каранацыя Міндоўга” – 90

Аўтару паэмы “Каранацыя Міндоўга” – 90

23 снежня 2020, 23:20 Культура 8
Аўтару паэмы “Каранацыя Міндоўга” – 90

10 снежня споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння беларускага паэта, літаратуразнаўца, перакладчыка, доктара філалагічных навук Міколы Арочкі (1930-2013). Апошнія дваццаць тры гады жыцця ён пражыў у роднай вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне.

Там яго і правялі ў апошні шлях вяскоўцы на мясцовы пагост, правялі да сыноў, лёс якіх быў трагічным і кароткім. У вясковай хаце засталіся на стале недапісаныя вершы і паэмы Міколы Арочкі, а на кніжных паліцах сумуюць сёння без свайго гаспадара дзясяткі кніг, многія з якіх падараваныя пісьменнікамі з аўтографамі і пажаданнямі. Жонка паэта Марыя Іванаўна Арочка дазволіла мне пазнаёміцца з бібліятэкай літаратара, а таксама ўзяць у сваю асабістую бібліятэку тыя выданні, якія мяне зацікавяць. Некалькі гадзін я сядзеў каля кніг асабістай бібліятэкі Міколы Арочкі. Даставаў з паліц то адну, то другую, то сотую кнігі… Усе яны напаміналі мне пра таленавітага літаратара-земляка, якога ведаў і з якім сябраваў шмат гадоў. Найбольш кніг з аўтографамі ў асабістай бібліятэцы Міколы Арочкі ад слонімскіх літаратараў. Алега Лойкі, Уладзіміра Сакалоўскага, Анатоля Іверса, Аляксандра Талерчыка, Уладзіміра Кароткага. Сваім земляком Міколу Арочку лічылі і Мікола Грынчык, і Янка Брыль. У бібліятэцы Міколы Арочкі захаваліся і іх кнігі з аўтографамі. “Дарагому Міколу Арочку, земляку і сябру з сардэчнымі пачуццямі і пажаданнем далейшых, яшчэ большых і большых творчых поспехаў – аўтар. 8.4.1969. Мінск”, – такі аўтограф пакінуў Мікола Грынчык (1923-1999) на сваім даследаванні “Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі” (Мн.. 1969). А Янка Брыль (1917-2006) на кнізе сваіх апавяданняў, замалёвак і нарысаў “Працяг размовы” (Мн.,1962) напісаў: “Міколу Арочку – земляку і паэту. Янка Брыль. 31.8.62”. 

Я шмат гадоў шчыра сябраваў з Мікалаем Мікалаевічам. Таму і цяпер не мінаю роднай вёскі Вецявічы Міколы Арочкі. Там стаіць яго пустая хата. А вясковую вуліцу работнікі Сялявіцкага сельскага Савета назвалі ў гонар двух Арочкаў – Міколы Арочкі і Эдуарда Арочкі. Эдуард Арочка некалі ўзначальваў мясцовы калгас, пісаў па-беларуску артыкулы на розныя тэмы і друкаваўся ў рэспубліканскіх газетах. 

Сумна, што ўжо няма ў Вецявічах Арочкаў, а Мікалая Мікалаевіча ніколі не ўбачу ні ў хаце, ні на панадворку. Не крочыць ён з роварам па вёсцы, не вядзе на аселіцу сваіх коз, не малоціць і не жне. Паэт і сялянскі сын за вёскай прылёг назаўсёды адпачыць. Пасля таго, як у сталіцы трагічна загінулі яго два сыны, а невядомыя зламыснікі абрабавалі і падпалілі яго кватэру, Мікола Арочка з жонкай і маленькім тады ўнукам Валерыкам, вярнуліся ў родную вёску. Тут і ратаваўся ён вясковай працай, прыродай, паветрам і, вядома ж, паэзіяй. Еду да яго ў Вецявічы і ў памяці прыгадваюцца радкі з першага зборніка Міколы Арочкі:

Іду, як заварожаны,

А спеў плыве з-за гаці:

“Ці ўсе лугі пакошаны,

Ці ўсе сенажаці!…”

Мне заўсёды здаецца, што гэта гаць не толькі за алешнікам паміж слонімскімі вёскамі Вялікая Кракотка і Вецявічы, але і гаць за маёй роднай вёскай. Слаўны мой, дзядзька Мікола! Так я яго часам клікаў, слухаў яго жыццёвыя былі, якіх пісьменнік ведаў даволі шмат. Ён мог распавядаць бясконца. Распавядаў ён і пра газаправод Ямал-Еўропа. Гэты газаправод праходзіць побач за вёскай Вецявічы. Калі клалі трубы, а дзядзька Мікола якраз там пасвіў кароў, дык каровы ў гэтыя трубы рыкалі. “Магчыма, прапаноўвалі, каб газу, хоць струменьчык, далі ў Вецявічы”, – казаў жартам мне славуты вясковец. Ніхто не даў і не пачуў вецявіцкіх кароў Міколы Арочкі. Газ з Расеі пайшоў на Захад. Дзядзька Мікола заўсёды хадзіў з роварам. На руль ён вешаў услончык і кошык, а ў кошыку былі вершы і Біблія. У вершах слонімскага паэта мне шчыра імпанавалі тыя постаці, якія стаялі на ахове духоўнасці нашага народа, яго культуры, мовы, калі Бацькаўшчына была ў небяспецы, калі варожыя сілы спрабавалі пазбавіць народ волі, гістарычнай памяці, роднай мовы. Давайце прыгадаем яго драматычныя паэмы “Крэва”, “Судны дзень Скарыны”, “Каранацыя Міндоўга” – творы пра Міндоўга, Кейстута, Вітаўта, Францішка Скарыну. З прагнай цікавасцю чытаю сёння вершы Міколы Арочкі пра лёс Валянціна Таўлая, Гальяша Леўчыка, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Кастуся Каліноўскага, Браніслава Тарашкевіча, Францішка Багушэвіча – ды ўсіх пералічыць немагчыма. Скарб Мікола Арочка нам пакінуў і як крытык. Ён быў удумлівым, сталым, вопытным, аўтарытэтным літаратурным крытыкам. Такога сёння ў нашай літаратуры няма. Асабліва пісьменнік дасканала даследаваў жанр паэмы, сатырычнай беларускай паэзіі, асноўных заканамернасцяў беларускага паэтычнага слова. Крытык спыняўся на эстэтычных каштоўнасцях, якія былі створаны аўтарамі, у прыватнасці Максімам Танкам, Кандратам Крапівой, Міколам Аўрамчыкам, Рыгорам Барадуліным, Аляксеям Пысіным, Алегам Лойкам, Валянцінам Таўлаем, на высокім узроўні літаратурнай культуры ХХ стагоддзя, разглядаў майстэрства, паэтыку, багацце жанрава-стылявых пошукаў пісьменнікаў. Як крытык з шырокімі творчымі інтарэсамі, глыбокай эрудыцыяй, самабытным мысленнем ён шчыра вёў размову пра ўсю беларускую паэзію 1960-х-1970-х гадоў.

Чытаю-перачытваю сёння кнігі свайго земляка Міколы Арочкі. І вучуся ў яго майстэрству, якое будзіла і будзіць душу чытача, прымушае думаць над нашым жыццём, чалавечымі ўзаемаадносінамі, павагай да сваёй культуры, рэлігіі і гісторыі наогул. Дзякуй Вам, дзядзька Мікола, за тое, што я Вас ведаў, за Вашы кнігі і гутаркі.

Сяргей Чыгрын,

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з архіва аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі  ТБМ
Мова

Міжнародны дзень роднай мовы ў Гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ

11 сакавіка 2020, 22:1219
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0617
Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы
Выданні

Кніга пра Ваўкавыск выйшла з друку ў Польшчы

12 студзеня 2021, 19:0317
Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне
Грамадства

Развітальнае падарожжа па роднай Дзятлаўшчыне

12 студзеня 2021, 19:1416
Далучайцеся да нас