Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Аднаму з найлепшых беларускіх краязнаўцаў – 60

Аднаму з найлепшых беларускіх краязнаўцаў – 60

23 снежня 2020, 23:36 Культура 53
Аднаму з найлепшых беларускіх краязнаўцаў – 60

9 снежня споўнілася 60 гадоў з дня нараджэнння беларускага краязнаўца, пісьменніка і педагога Ігара Пракаповіча з Паставаў. Зацікаўленне родным краем пачалося ў Ігара Пракаповіча ў далёкім 1985 годзе, калі ён, выпускнік геаграфічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта, вярнуўся са сталіцы на радзіму і быў накіраваны на працу ў невялікую васьмігодку ў вёску Апідамы, што на мяжы з Літвой. Там паспрабаваў ладзіць першыя вандроўкі з вучнямі і быў уражаны, што амаль у кожным вакольным паселішчы былі нейкія цікавосткі: стараверскія храмы, каплічкі, помнікі, легенды, паданні, гісторыі, пра якія нідзе ніякай інфармацыі знайсці не ўдавалася. Таму і пачаў занатоўваць, фатаграфаваць, запісваць на магнітафонную стужку. Спачатку гэта ўсё збіралася хаатычна, ад вандроўкі да вандроўкі. Пазней работа набыла больш сістэмны характар. На гэта паўплываў і ўдзел у 1990-я гады ў Віцебскіх абласных краязнаўчых спаборніцтвах “Мой родны кут”, якія арганізаваў метадыст аддзела краязнаўства цэнтра пазашкольнай работы Віцебскага упраўлення адукацыі Алег Куржалаў. Ён зрабіў вялікі ўплыў і на Ігара, і на многіх краязнаўцаў Віцебшчыны, быў іх “хрышчоным бацькам” у гэтым напрамку дзейнасці. Менавіта дзякуючы яму, Ігару ўдалося наведаць архівы і музеі Віцебска, Менска, Вільні, Пецярбурга, здзейсніць цікавую паездку ў Польшчу (Беласток, Варшава, Кракаў, Люблін). Гэта быў вялікі досвед, добрая навука. І ён зразумеў тады, што не трэба марнаваць час на тое, каб агітаваць і заклікаць некага да пэўных відаў дзейнасці, праводзіць разборкі і гаварыльню па нейкіх пустых справах, а трэба дзейнічаць і сваімі справамі, і пазіцыяй даваць прыклад іншым: размаўляць на роднай мове, шанаваць родную гісторыю, культуру, геаграфію, у межах абставін змяняць жыццё да лепшага. У сярэдзіне 1990-х Ігар Пракаповіч паступіў у аспірантуру Нацыянальнага інстытута адукацыі, дзе на аснове агульнай тэорыі сістэм распрацаваў сістэму школьнага краязнаўства, галоўныя палажэнні якой апісаў у адной са сваіх манаграфій. Працуючы ў школе і ў гімназіі, Ігар стараецца далучыць да краязнаўства вучняў: разам з імі выдаў сем невялічкіх кніжачак пра вёскі, вуліцы горада Паставы, дзіцячыя гады У. Дубоўкі і іншыя. З-пад пяра самога Ігара Пракаповіча выйшлі з друку больш за 50 кніг па краязнаўстве.

Ён з’яўляецца адным з найлепшых даследчыкаў роднага краю ў Беларусі. Калі б па адным такім Ігару Пракаповічу на кожны раён Беларусі, то наша Бацькаўшчына была б грунтоўна даследавана. Краязнаўчая і літаратурная творчасць Ігара Пракаповіча ўшанавана Нацыянальнай літаратурнай прэміяй Рэспублікі Беларусь… Са святам, з юбілеем Вас, спадар Ігар! Няхай і надалей Вам шчыра і плённа працуецца і пішуцца новыя кнігі!

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
З літаратурнай спадчыны. Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову
літаратура

З літаратурнай спадчыны. Першы пераклад "Слуцкіх ткачых" на польскую мову

11 студзеня 2025, 05:0616
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4715
БНР не атрымалася, бо ў Беларусі не аказалася беларусаў
Грамадства

БНР не атрымалася, бо ў Беларусі не аказалася беларусаў

22 сакавіка 2019, 15:4814
Гісторыя беларускай мовы
Мова

Гісторыя беларускай мовы

31 жніўня 2020, 12:5714
Далучайцеся да нас