Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Юры Дракахруст. Беларуская мова ад перапісу да перапісу

Юры Дракахруст. Беларуская мова ад перапісу да перапісу

15 снежня 2020, 06:49 Мова 48
Юры Дракахруст. Беларуская мова ад перапісу да перапісу

Леташні перапіс паказаў, што тэндэнцыя рэзкага скарачэння абшару беларускай мовы спынілася і павярнула ў адваротны бок.

 

Сцісла

 

– Паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў паказнікі беларускай мовы як роднай і мовы хатніх зносінаў змяніліся неістотна;

– За 10 гадоў захаваўся характар сувязі моўных паводзінаў з адукацыяй і ўзростам: чым вышэйшы ўзрост і чым ніжэйшая адукацыя, тым больш беларускай мовы – і як роднай, і як мовы хатніх зносінаў;

– На працягу 10 гадоў павялічыўся абшар беларускай мовы ў групах з сярэдняй і вышэйшай за сярэднюю адукацыяй, а таксама ўва ўзроставых кагортах да 40 гадоў (адносна беларускай як мовы хатніх зносінаў – да 60 гадоў);

– Павелічэнне долі беларускай мовы як роднай і мовы хатняга ўжытку не заўсёды адлюстроўвае рэальныя змены моўных паводзінаў, але яно сведчыць пра ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці

Леташні перапіс паказаў, што тэндэнцыя рэзкага скарачэння абшару беларускай мовы спынілася і павярнула ў адваротны бок.

Падчас перапісу 2019 года роднай назвалі беларускую 54% грамадзян Беларусі; за 10 гадоў да таго такі адказ далі 53,2%; на перапісе 1999 года беларускую назвалі роднай 73,7% жыхароў краіны.

Прыкладна такая ж дынаміка назіралася і ў адказах пра мову хатняга ўжытку – у адказах на пытанне перапісаў “На якой мове Вы звычайна гаворыце дома?”. Летась беларускую мовай хатняга ўжытку назвалі 26%, у 2009 годзе – 23%, у 1999-м – 36,7%.

Як гэтыя змены пазіцыяў беларускай мовы аказаліся звязанымі з сацыяльна-дэмаграфічнымі характарыстыкамі?

 

Дзякуй, Белстат!

 

Белстат на сваім сайце і ў афіцыйных публікацыях не дае і не даваў раней дадзеных пра сувязь адказаў на моўныя пытанні перапісаў з узростам і адукацыяй.

Аднак на маю просьбу спецыялісты Белстату падрыхтавалі і перадалі мне гэтыя дадзеныя, летась – аб перапісе 2009 года, сёлета – аб перапісе 2019 года. Выказваю ім сваю шчырую ўдзячнасць.

Я атрымаў ад Белстату дадзеныя не па ўсіх масівах перапісаных за 2009 і 2019 гады, а толькі па тых перапісаных, хто мае ўзрост 15 і больш гадоў, пазначыў падчас перапісу сваю адукацыю, а таксама назваў роднай мовай беларускую альбо расейскую.

Гэта прыкладна па 80% усіх перапісаных і ў 2009 і ў 2019 гадах. Абмежаванне ў гэтым выпадку не надта істотнае, бо паводле закону адказы на пытанні пра родную мову і мову хатняга ўжытку за грамадзян узросту да 18 гадоў даюць іх бацькі, а не яны самі. У перапісе 2009 года дзеці і падлеткі (0-14 гадоў) складалі 14,7% ад усіх перапісаных, у перапісе 2019 года – 16,9%.

 

Мова і адукацыя

 

У далейшым выкладзе тэрмін “усе” будзе азначаць менавіта гэтыя групы апытаных – узросту 15 гадоў і больш, з пазначанай адукацыяй, з беларускай ці расейскай роднай мовай.

Навідавоку шчыльная сувязь паміж адказамі на моўныя пытанні перапісаў і адукацыяй: чым вышэйшы ўзровень адукацыі, тым часцей у адпаведнай групе ніжэйшая доля асобаў, у якіх беларуская – родная ці мова хатняга ўжытку. Перапісаныя з вышэйшай адукацыяй – адзіная група, у якой асобы з роднай беларускай складаюць меншасць.

Графік 1. Сувязь роднай мовы з адукацыяй

Графік 2. Сувязь мовы хатняга ўжытку з адукацыяй

Разам з тым варта адзначыць змены, якія адбыліся ў моўных прэферэнцыях групаў насельніцтва з рознымі ўзроўнямі адукацыі.

Паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў доля людзей з роднай беларускай знізілася ў групах з самай нізкай адукацыяй – базавай і ніжэйшай. У той жа час амаль ва ўсіх іншых адукацыйных групах гэтая доля альбо засталася прыкладна ранейшай (як у групе з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй), альбо павялічылася.

Найбольшы рост (прыкладна на 5 адсоткавых пунктаў) назіраўся ў групах з сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. У гэтых дзвюх групах доля асобаў з роднай беларускай у перапісе 2019 года стала вышэйшай, чым у групе з базавай адукацыяй.

Дакладна такія ж тэндэнцыі назіраліся і адносна мовы хатняга ўжытку: сярод тых, хто мае адукацыю не вышэйшую за базавую – зніжэнне долі беларускамоўных; сярод усіх астатніх адукацыйных групаў – павелічэнне гэтай долі; найбольш істотнае – у групах з сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй.

Іншымі словамі, за 10 гадоў беларуская мова страціла свае пазіцыі сярод асобаў з невысокай адукацыяй, але ўмацавала – у групах з больш высокай адукацыяй. Пры гэтым найбольшае ўмацаванне адбылося сярод асобаў з не самай высокай, але і не з самай нізкай адукацыяй.

Фактычная нязменнасць паказнікаў моўных паводзінаў насельніцтва ў цэлым аказваецца вынікам рознаскіраваных працэсаў у групах з розным узроўнем адукацыі.

Мова і ўзрост

 

Сувязь адказаў на моўныя пытанні перапісаў з узростам у нечым падобная да іх сувязі з адукацыяй.

На графіках 3 і 4 дадзеныя па самых маладых перапісаных прыводзяцца з пяцігадовым інтэрвалам з прычыны важнасці гэтых групаў для прагназавання будучыні. Хоць, як паказваюць графікі, моўныя паводзіны гэтых групаў ня вельмі розняцца. Дадзеныя па іншых узроставых групах, акрамя найстарэйшай, прыводзяцца з дзесяцігадовым інтэрвалам.

Графік 3. Сувязь роднай мовы з узростам

Графік 4. Сувязь мовы хатняга ўжытку з узростам

Графікі 3 і 4 паказваюць, што адказы на моўныя пытанні шчыльна звязаны і з узростам: чым старэйшая ўзроставая кагорта, тым больш у ёй людзей з роднай беларускай і беларускамоўных. Але звяртаюць на сябе ўвагу змены, якія адбыліся на працягу 10 гадоў.

Што тычыцца роднай мовы, то сярод насельніцтва, маладзейшага за 40 гадоў, доля людзей з беларускай роднай павялічылася, а сярод насельніцтва ўзросту 40 гадоў і старэйшага – зменшылася. А ў адказах на пытанне пра мову хатняга ўжытку доля беларускамоўных павялічылася ва ўсіх узроставых кагортах, акрамя дзвюх найстарэйшых – 60 і больш. У гэтых дзвюх кагортах – 60-69 і 70 і старэйшых – адсотак беларускамоўных і ў 2019 годзе застаўся больш высокі, чым у іншых узроставых кагортах, але ў іх доля беларускамоўных зменшылася, а ў маладзейшых кагортах павялічылася.

Як і ў сітуацыі з адукацыяй, нязменнасць агульных лічбаў – раўнадзейная рознаскіраваных зменаў у розных узроставых гру-пах.

Мова як чыннік нацыянальнай ідэнтычнасці

 

І практычны досвед, і навуковыя даследаванні паказваюць, што адказ на моўныя пытанні перапісу – гэта нярэдка не столькі канстатацыя рэальных моўных паводзінаў людзей, колькі акт нацыянальнай ідэнтыфікацыі паводле формулы: я называю беларускую мову сваёй роднай ці нават мовай хатняга ўжытку, таму што я беларус.

Пацверджаннем дзеяння гэтага культурна-псіхалагічнага механізма з’яўляюцца дадзеныя двух наступных графікаў, якія ўяўляюць сабой пэўную мадыфікацыю прыведзеных вышэй графікаў 3 і 4. У графіках 3 і 4 супастаўляліся моўныя паводзіны ад-нолькавых узроставых кагортаў у перапісах, адлеглых адзін ад аднаго на 10 гадоў.

У наступных графіках супастаўляюцца моўныя паводзіны адных і тых жа ўзроставых кагортаў, але пасталелых на 10 гадоў: людзі, якім у 2009 годзе было ад 30 да 39, параўноўваюцца з тымі, якім у 2019 годзе было ад 40 да 49 гадоў, іншымі словамі, з імі ж самімі праз дзесяцігоддзе.

На першы погляд, дадзеныя графікаў 5 і 6 вельмі дзіўныя. Зра-зумела, за 10 гадоў нехта памёр, нехта эміграваў, нехта прыехаў у Беларусь, нехта мог быць перапісаны адзін раз і не перапісаны другі, так што поўнага супадзення адпаведных узроставых кагортаў, адлеглых на 10 гадоў, няма. Тым не менш збольшага гэта адны і тыя ж людзі, толькі пасталелыя на дзесяцігоддзе.

Як жа так істотна могуць адрознівацца іх адказы на моўныя пытанні? Па ідэі, гэтым могуць адрознівацца толькі самыя маладыя кагорты. Як было адзначана вышэй, амаль за ўсю самую малодшую кагорту (15-18) на моўныя пытанні адказваюць бацькі. Пасталеўшы на 10 гадоў, гэтыя юнакі могуць даваць іншыя адказы.

Да таго ж у маладосці людзі самавызначаюцца, у тым ліку і ў моўных прэферэнцыях.

Але, як бачна з графікаў 5 і 6, грамадзяне Беларусі самавызначаюцца ў моўных прэферэнцыях усё жыццё. І кірунак гэтага самавызначэння адзін для ўсіх кагортаў, якія фігуруюць на графіках 5 і 6 – рост долі беларускай мовы і як роднай, і як мовы хатняга ўжытку.

Графік 5. Родная мова аднолькавых узроставых кагортаў

Графік 6. Мова хатняга ўжытку аднолькавых узроставых кагортаў

Здавалася б, калі дарослы чалавек мае ўзрост 30 і тым больш 50 гадоў, то якая ў яго родная мова і на якой мове ён пераважна размаўляе дома – ён вызначае назаўжды, гэтыя мовы не павінны мяняцца праз 10 гадоў.

Але яны, як бачым, мяняюцца і ў гэтых людзей, прычым мяняюцца істотна. І тлумачэнне – апісаны вышэй механізм: я беларус (беларуска) – значыць, мая родная мова беларуская і я мушу гаварыць па-беларуску (значыць, я і дома размаўляю па-беларуску). У розных узроставых кагортах на гэты механізм прыпадае да 9 адсоткавых пунктаў прыросту беларускай як роднай ці мовы хатняга ўжытку ў адных і тых жа людзей на працягу 10 гадоў.

Яшчэ адзін парадокс графікаў 5 і 6 у параўнанні з графікамі 3 і 4 – чаму на графіках 5 і 6 істотнае павелічэнне беларускай мовы ва ўсіх узроставых кагортах, чаму яно значна меншае на графіках 3 і 4?

Таму што значнай колькасці людзей узроставай кагорты “70 і старэйшыя”, якія трапілі ў перапіс 2009 года, у 2019 годзе ўжо не было на свеце, яны памерлі за гэтыя 10 гадоў. Як бачна на графіках 3 і 4, менавіта самыя старыя давалі самыя высокія адсоткі і роднай беларускай (74%), і беларускай як мовы хатняга ўжытку (48,9%).

За 10 гадоў ладная частка іх пайшла з жыцця, іх унёсак у беларускамоўнасць у 2019 годзе ўжо знік. Але іх сыход скампенсаваўся ростам беларускай мовы прынамсі як чынніка ідэнтычнасці ва ўсіх іншых узроставых кагортах, якія яшчэ жывыя.

 

* * *

 

За 10 гадоў, якія прайшлі паміж перапісамі 2009 і 2019 гадоў, распаўсюд беларускай мовы істотна не змяніўся. Тыя змены, якія адбыліся, далёка не наблізіліся да ўзроўню, на якім беларуская мова была ў грамадстве ў 1999 годзе.

Захаваўся і характар сувязі моўных паводзінаў з адукацыяй і ўзростам: чым вышэйшы ўзрост і чым ніжэйшая адукацыя, тым больш беларускай мовы і як роднай, і як мовы хатніх зносін у адпаведнай дэмаграфічнай групе.

Аднак на працягу 10 гадоў павялічыўся абшар беларускай мовы ў групах з сярэдняй і вышэйшай адукацыяй, а таксама ўва ўзроставых кагортах да 40 гадоў (адносна беларускай як мовы хатніх зносін – да 60 гадоў).

Павелічэнне долі беларускай мовы як роднай і як мовы хатняга ўжытку не заўсёды адлю-строўвае рэальныя змены моўных паводзінаў, але яно сведчыць пра ўмацаванне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці.

Паводле Радыё Свабода.

narodny.org.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне
Культура

ХХІV Нацыянальны фестываль песні і паэзіі ў Маладзечне

19 чэрвеня 2025, 23:4521
Перамога ў сэрца кожнага жыве
Культура

Перамога ў сэрца кожнага жыве

7 чэрвеня 2025, 04:5017
velcom YOUTH для старшакласнікаў
Грамадства

velcom YOUTH для старшакласнікаў

24 кастрычніка 2018, 00:0116
Самая праўдзівая мова – народная
Мова

Самая праўдзівая мова – народная

19 чэрвеня 2025, 22:5716
Далучайцеся да нас