Большасць сучасных нямецкіх імёнаў можна падзяліць на дзве групы. Першая – гэта імёны старажытнагерманскага паходжання (Karl, Ulrich, Wolfgang, Gertrud), другая – іншамоўныя імёны, запазычаныя з каталіцкага календара (Johann, Katharina, Anna, Margarete). Нямецкае заканадаўства забараняе даваць дзецям у якасці імёнаў геаграфічныя назвы, прозвішчы ці выдуманыя імёны (як гэта прынята, напрыклад, у ЗША), але затое дазваляе даваць неабмежаваную колькасць імёнаў, што адпавядае каталіцкім традыцыям, якіх прытрымліваецца траціна насельніцтва Германіі.
У апошні час у якасці пашпартных усё часцей выступаюць кароткія ці памяншальныя імёны: Kathi (замест Katharina), Heinz (замест Heinrich). Практыкуецца таксама зрашчэнне падвойных імёнаў: Marlene = Maria+ Magdalene, Annegret= Anna+ Margarete, Annemarie = Anna+ Marie.
Транскрыпцыя нямецкіх імёнаў
У беларускай мове прынята перадаваць нямецкі гук [h] як “г”: Hans – Ганс, Helmut – Гельмут, Burkhard – Буркгард. Мы кажам і пішам Генрых Гейне, Вільгельм Гогенцолерн. Жаночыя імёны, якія заканчваюцца на -e, у беларускай транскрыпцыі ў асноўным перадаюцца з канчаткам -а: Martine – Марціна, Magdalene – Магдалена (тым больш, што ў нямецкай мове таксама ёсць формы Martina і Magdalena).
Самыя папулярныя нямецкія імёны
Таварыства нямецкай мовы (GfdS) у Вісбадэне прааналізавала, якія імёны бацькі ў Германіі давалі сваім дзецям у 2019 годзе. Большасць немцаў выбіраюць для сваіх дзяцей традыцыйныя імёны, якімі звалі іх бацькоў, дзядуляў і бабуль. Мала таго, яны з года ў год паўтараюцца ў рэйтынгах.
Ганна і Ноа былі самымі папулярнымі імёнамі для нованароджаных. Сярод імёнаў для дзяўчынак на другім месцы апынулася Эма, саступіўшы па папулярнасці лідару зусім нязначна. Затым стаіць Міа на трэцім месцы. У тройцы самых папулярных імёнаў для хлопчыкаў значацца Бэн і Паўль.
Адметна тое, што бацькам падабаюцца, як і ў мінулыя гады, мілагучныя і мяккія імёны для дзяўчынак, тлумачыць лінгвіст і чалец кіравання GfdS прафесар Дамарыс Нюблінг (Damaris Nubling). Так, у першую дзясятку ўваходзяць Эмілія (4), Ліна (6) і Міла (9). “Імёны хлопчыкаў у гэтым сэнсе некалькі больш разнастайныя”, – сказала Нюблінг інфармацыйнаму агенцтву dpa. Спектр галосных і зычных у імёнах для хлопчыкаў значна багацейшы. У спіс самых папулярных першых імёнаў летась у Германіі ўвайшлі, у прыватнасці, Луіс (5), Фелікс (7) і Фін (10).
У 2018 годзе спіс самых папулярных імёнаў узначалілі такія імёны, як Мары (Marie), Сафі (Sophie/Sofie), Паўль (Paul), Аляксандр (Alexander).
Нароўні з так званымі “класічнымі” ў спіс самых папулярных імё-наў у 2018 годзе ўвайшлі і кароткія імёны – Міа (Mia), Ганна (Anna), Лявон (Leon) і Ноа (Noah). Новымі ў рэйтынгу аказаліся Ёганна (Johanna) і Генры (Henry).
У 2017 годзе дзяцей, якія нарадзіліся ў Германіі, часцей за ўсё звалі Эма (Emma) і Бэн (Ben).
Сёлета Таварыства нямецкай мовы склала рэйтынг з улікам толькі першых імёнаў. Раней даследнікі мовы ў Вісбадэне ўлічвалі ўсе імёны, якія дзеці атрымліваюць пры нараджэнні. GfdS абапіраецца на дадзеныя 700 цэнтраў запісу актаў грамадзянскага стану па ўсёй краіне, што ахоплівае 89 адсоткаў усіх нованароджаных.
У апошнія гады прынцыповых змен у спісах самых папулярных імёнаў, па словах Дамарыс Нюблінг, не адбывалася. Затое зусім іншая карціна складаецца, калі паглядзець на рэйтынгі мінулых дзесяцігоддзяў.
Імёны для хлопчыкаў атрымалі “жаночы” канчатак
У 1950-х і 1960-х гадах папулярныя імёны для хлопчыкаў былі кароткімі і мелі больш цвёрдае гучанне, напрыклад Петар, Вернер ці Клаўс. Наадварот, дзяўчынак у той час часта звалі Габрыэлай, Урсулай ці Анжалікай, гэта значыць імёнамі даўжэйшымі і плаўнымі. З 1970-х гадоў імёны хлопчыкаў таксама сталі даўжэйшымі і больш маляўнічымі – Міхаэль, Крысціян ці Андрэас. Новы трэнд азначыўся ў 1990-я гады, калі імёны хлопчыкаў пачалі станавіцца ўсё больш жаноцкімі, і працягваўся аж да 2000-х, калі ў рэйтынгах у лідары вырваліся такія імёны, як Лука ці Ноа. Да гэтага галосная “а” ў канцы імя стаяла толькі ў імёнах для дзяўчынак, падкрэслівае Нюблінг.
У самым канцы актуальнага рэйтынгу сабраліся, па меркаванні эксперта, будучыя фаварыты: у спіс папулярных імёнаў для хлопчыкаў ужо некалькі гадоў запар уваходзяць Матеа (13), Ліам (20) і Мілан (14). Сярод жаночых імёнаў Дамарыс Нюблінг бачыць патэнцыял у Іды (18), Фрыды (13) і Шарлоты (17).
Старажытнагерманскія імёны
Старажытнагерманскія імёны фармаваліся на базе старажытнагерманскіх моваў.
Старажытнагерманскія мовы – мовы германскіх плямёнаў, якія паводле пэўных тэорый (магчыма, спрэчных) паходзяць ад прагерманскай мовы-асновы. Старажытнагерманскія мовы прынята падзяляць на тры групы: заходнюю, паўночную і ўсходнюю.
Да заходніх моў (пісьмовыя крыніцы – VII – X стст.) адносяцца старажытнаверхненямецкая – продак сучаснай нямецкай мовы, старажыт-наніжненямецкая (старажытнасаксонская) – продак ніжненямецкіх дыялектаў, на якіх цяпер гавораць на поўначы Германіі і паўночным усходзе Нідэрландаў, старажытнаніжнефранкскавя – продак сучаснай нідэрландскай (галандскай, фламандскай) мовы і афрыкаанс, старажытнафрызская і старажытнаанглійская (англа-саксонская).
Мовы паўночнай групы падраздзяляюцца на заходнескандынаўскія (старажытнанарвежская і, пазней, старажытнаісландская – мова нашчадкаў нарвежскіх перасяленцаў, каланізаваўшых Ісландыю ў IX-X стст.) і ўсходнескандынаўскія (старажытна-дацкая, старажытнашведская і вельмі блізкія да апошняй гаўцкая і гутнійская).
Да ўсходняй групы (пісьмовыя крыніцы – IV – VI стст.) прылічаюцца мовы готаў, бургундаў, вандалаў (віндылаў), карынаў, варынаў, герулаў і яшчэ некалькіх плямёнаў. Пра большасць з іх практычна нічога невядома; выключэнне складае гоцкая мова, якая мела сваё пісьменства, створанае ў IV ст. вестгоцкім біскупам Вульфілам на аснове грэцкага і, магчыма, лацінскага і руніцкага алфавітаў. Да нашых дзён дайшлі ўрыўкі перакладу на гоцкую мову Новага Запавету, зробленага Вульфілам. Меркавана, першапачаткова готы насялялі на тэрыторыі сучаснай Паўднёвай Швецыі, па суседстве з роднасным племем гаўтаў (гетаў), хоць, магчыма, этнонім “гаўты” з’яўляецца ўсяго толькі варыянтам назвы готаў. На мяжы новай эры готы перасяліліся на паўднёвае ўзбярэжжа Балтыйскага мора, а затым, у III ст. н.э., рассяліліся ў прычарнаморскіх стэпах, таксама захапіўшы Крым. Да гэтага часу яны падзяляюцца на два вялікія племянныя саюзы: остготаў (остраготаў, усходніх, стэпавых готаў) і вестготаў (візіготаў, заходніх, лясных готаў). У IV стагоддзі остготы і вестготы пад націскам гунаў накіроўваюцца на захад. Вестготы пад правадырствам Аларыха напачатку V стагоддзя заваёўваюць Рым, аднак утрымацца ў Італіі ім не ўдалося, і вестготы перавандроўваюць у Паўднёвую Галію, дзе ствараюць незалежнае Тулузскае каралеўства, якое праіснавала да 507 г. Пазней вестготы, выцесненыя з Аквітаніі, ствараюць новае каралеўства з цэнтрам у Таледа, якое праз два стагоддзі ўпадзе пад ударамі арабскіх заваёўнікаў, і раманізаваныя нашчадкі вестготаў, якія ўжо змяшаліся з мясцовымі плямёнамі, адступяць на поўнач Пірэнейскага паўвострава. Остготы, якія таксама перасяліліся на захад, у 493 годзе заваёўваюць Рым, аднак, у адрозненне ад іх вестгоцкіх субраццяў, ім удалося ўмацавацца ў Італіі, дзе яны стварылі остгоцкае каралеўства, што ўключала ў сябе тэрыторыю сучаснай Італіі, Ілірыю і Далмацію і якое праіснавала да сярэдзіны VІ стагоддзя. Пасля распаду гоцкіх каралеўстваў гоцкія дыялекты канчаткова знікаюць на тэрыторыі Заходняй Еўропы. Даўжэй за ўсё гоцкая мова захоўваецца ў Крыме: нашчадкі готаў, якія не перасяліліся на захад, працягвалі гаварыць па-гоцку. У XVI ст. фламандскі купец Бусбек сустракае ў Канстанцінопалі двух готаў (або гота і грэка, які разумеў гоцкую мову) і запісвае некалькі дзясяткаў крымска-гоцкіх слоў. Аднак інфармацыя Бусбека не занадта надзейная, паколькі асобныя словы яго спісу маюць прыкметы, характэрныя для заходнегерманскіх моў.
Пра старажытнагерман-скія імёны. Асноўную частку германскіх імёнаў, якія дайшлі да нас, складаюць двухсастаўныя (двухас-ноўныя) імёны. Большасць падобных імёнаў-кампазітаў сфармавалася, відаць, яшчэ ў прагерманскі перыяд – пра што сведчаць наяўнасць ідэнтыч-ных формаў у розных старажытнагерманскіх мовах. Не выключана таксама, што асобныя імёны пазней запазы-чваліся аднымі плямёнамі ў іншых, падвяргаючыся фанетычным зменам. Як правіла, двухасноўныя імёны насілі прадстаўнікі сацыяльных вярхоў (пар. імёны старажытнарускіх князёў: Свята-слаў, Яра-слаў, Яра-полк), што тлумачыць іх высокі адсотак сярод дайшоўшага да нас германскага ана-мастыкону: гістарычныя дакументы значна часцей згадваюць пра правадыроў і ваяводаў, чым пра сялян і шараговых ваяроў.
Аднаасноўныя імёны маглі ўяўляць сабою як самастойныя ўтварэнні ад слова-асновы (часцяком з памяншальным або патранімічным суфіксам: Wulf, “воўк” – Wulfila, літар. “маленькі воўк, ваўчанё”, Hwita, “белы” – Hwiting, “сын/нашчадак Гвіты, сын/нашчадак Белага”), так і кароткія формы двухасноўных імёнаў (Berta – Bertrada).
Семантыка старажытнагерманскіх імёнаў
Семантыку імянных асноў можна падзяліць на некалькі асноўных катэгорый:
- Асновы “ваеннай” тэматыкі: sigiz, sigaz – “перамога” (гоцк. sigis, sigus, стар.ісл. sigr, стар.англ. sige, syge, стар.верхненям. sigu, sigi, sig): Sigibodo (“перамога” + “пасланец, ганец”), Sigihard/Sigeheard (“перамо-га” + “моцны, устойлівы, адважны”), Sigimar/Sigmarr (“перамога” + “знакаміты, хвалебны”), Vulfsig/Wulfsige (“воўк” + “перамога”)…
- Назвы вышэйшых істот, асабістыя імёны багоў: ansu-z, ansi-z – “боства, бог, ас” (стар.ісл. ass, стар.англ. as, стар.сакс. as, стар. верхненям. ans): Ansger/Osgar/Asgeirr (“ас, асы” + “дзіда”), Oslaf/Аsleifr (“ас, асы” + “спадчына, спадчыннік”) Answart/Osweard/Аsvarоr (“ас, асы” + “вартавы, захавальнік”), Ansovin/Oswine (“ас, асы” + “сябар”) Ansiulf/Oswulf/Аsоlfr (“ас” + “воўк”) alba-z, albi-z – “эльф, альв” (гоцк. albs, alfs, стар.ісл. аlfr, стар.сакс. alf, стар. верхненям. alb):
- Фізічныя і маральныя якасці: hauha-, hauhaz – “высокі, узнёслы” (гоцк. hauhs, стар.ісл. hаr, hа, стар. англ. hаah, hаh, стар.сакс., стар. верхненям. hаh): Heahmund/Hаmundr (“высокі” + “абарона, абаронца”) Hohstein/Heahstan/Hаsteinn (“высокі” + “камень”), Sigihoh/Sigeheah (“перамога” + “высокі”), alda-, aldaz – “стары” (гоцк. alda, стар.англ. eald, стар.сакс. ald, стар.верхненям. alt): Aldiger/Ealdgar (“стары” + “дзіда”) Aldulf/Ealdwulf (“стары” + “воўк”), Altheri/Ealdhere (“стары” + “войс-ка”)…
- Сацыяльныя катэгорыі: Ermanarich/Eormenric (“велізарны, усёабдымны” + “багаты, магутны; правадыр, кіраўнік”) Frideric/Frit-huric/Fridrekr (“свет, бяспека” + “багаты, магутны; правадыр, кіраўнік”) waldan-, walda-n, waldia-n – “кіраваць, панаваць” (гоцк. waldan, стар.ісл. valda, стар.англ. wealdan, стар.сакс. waldan, стар.верхненям. waltan): Answald/Osweald/Аsvaldr (“ас, асы” + “улада, які валодае”)
- Назвы жывёл wulfa-, wulfaz – “воўк” (гоцк. wulfs, стар.ісл. ulfr, стар.англ., стар.сакс. wolf, wulf, стар. верхненям. wolf): Wolfger/Wulfgar/Ulfgeirr (“воўк” + “дзіда”) Wolfihilda/Wulfhild/Ulfhildr (“воўк” + ” бітва, бой”), Vulfsig/Wulfsige (“воўк” + “перамога”), Gundulf/Gunndlfr ( “бой, бітва” + “воўк”), Asculf (“ясень/дзіда” + “воўк”), Ansiulf/Oswulf (“ас” + “воўк”), Aldulf/Ealdwulf (“стары” + “воўк”), Hardulf/Heardwulf (“моцны, устойлівы, адважны” + “воўк”).
Як бачна, імёны-кампазіты складаліся са стандартных, часта паў-таральных імянных асноў. Камбінуючы гэтыя асновы, старажытныя германцы зважалі не гэтулькі на “агульнае” значэнне атрыманага імя, колькі на значэнне саміх асноў. Чым прэс-тыжней было паняцце, якое пазначаецца асновай, тым часцей яно выкарыстоўвалася пры складанні імёнаў.
Асобныя асновы імя маглі “ўспадкоўвацца” ад бацькоў да дзяцей або з’яўляцца ў імёнах дзяцей адной сям’і, служачы своеасаблівым радавым маркерам. Пар. імёны каралёў дынастыі Меравінгаў: Сігіберт I – сын Сігіберта Хільдаберт II – дзеці Хільдаберта II Тэадаберт II, Тэадарых II і Тэадалінда. У асобных выпадках імя дзіцяці магло складацца з асноў, наяўных у імёнах бацькоў. “Так, сына Эльфгівы (Еlfgifu) і караля Этэльрэда II (Еthelred) звалі Эльфрэд (Еlfred). Падобны спосаб канструявання асабістых імёнаў быў адлюстраваны ў крыніцах, якія адносяцца да пазнейшага часу, калі сам прынцып вар’іравання бацькоўскіх імёнаў ужо патрабаваў каментароў і тлумачэнняў.
Пытанне значэння імя паступова страціла сваю важнасць – тым больш, што мова, з якой запазычаліся імянныя асновы, часцяком была ўжо незразумелая тым, хто насіў гэтыя імёны. На пярэдні план выступілі іншыя фактары: сацыяльны прэстыж імя і наяўнасць знакамітых “цёзак”.
Распаўсюд германскіх імёнаў
Германскія імёны (уключаючы старажытнаанглійскія і скандынаўскія) аказалі велізарны ўплыў на еўрапейскі анамастыкон. Заваёўваючы тэрыторыі, населеныя негерманскімі плямёнамі, германцы, як правіла, праз некалькі стагоддзяў гублялі сваю мову, але захоўвалі свае імёны. Франкі, якія заваявалі Рымскую Галію, змяшаліся з мясцовым насельніцтвам і да канца VIII стагоддзя канчаткова перайшлі на гала-раманскую гаворку, якая з’яўляецца продкам сучаснай французскай мовы. Аднак арыстакратыя, якая з’яўлялася (ці лічыла сябе) нашчадкамі франкаў, працягвала насіць германскія імёны: Carl/Karl (суч. фр. Charles), Chlodovech (суч. фр. Clovis, Louis), Theoderic (суч. фр. Thierry), Henric/Henrich (суч. фр. Henri). Аналагічным чынам гоцкія заваёўнікі пакінулі ў спадчыну продкам сучасных іспанцаў і італьянцаў імёны гоцкай шляхты: Alareiks, Alarich (суч. іт. Alarico), Hrodareiks, Hroderich (суч. ісп. Rodrigo), Theoderic/Theodoric (суч. ісп. і іт. Teodorico).
Скандынавы, якія аселі на тэрыторыі паўночнай Францыі і заснавалі напачатку X ст. герцагства Нармандыя, досыць хутка перайшлі на нармандскі дыялект старажытнафранцузскай мовы, але таксама працягвалі захоўваць свае старажытнагерманскія імёны. Пасля нашчадкі заснавальнікаў Нармандскага герцагства прынеслі іх у заваяваную Сіцылію, а таксама ў Англію, дзе кантынентальныя германскія і скандынаўскія імёны (у іх паўночнафранцузскім варыянце) часткова выцеснілі старажытнаанглійскія аналагі.
Папулярнасць германскіх імёнаў на працягу Сярэдніх вякоў вызначалася першым чынам іх “арыстакратызмам”. Гоцкія, франкскія і нарманскія заваёўнікі стаялі ля вытокаў генеалогіі значнай часткі шляхетных сямействаў, адпаведна, германскія імёны валодалі высокім сацыяльным прэстыжам. Іх насілі каралі, ваяводы, феадальныя сеньёры, а таксама прадстаўнікі вышэйшага духавенства. Пасля Рымская царква кананізуе немалую колькасць выхадцаў з арыстакратычных родаў – першым чынам, біскупаў, абатаў, плябанаў найболей вядомых манастыроў, і такім чынам германскія імёны трывала замацуюц-ца ў каталіцкім іменаслове. Пазней, калі царкоўны каляндар стане асноўнай (і ці ледзь не адзінай) крыніцай хрысцільных імёнаў, гэта сыграе сваю ролю ў пашырэнні іх папулярнасці. І, нарэшце, не апошнюю ролю ў распаўсюдзе германскіх імёнаў у негерманскай Еўропе сыграў народны эпас, у прыватнасці, так званы “каралінгскі цыкл”. Большасць яго герояў, стаўшых для сярэднявечных еўрапейцаў узорам рыцарства, носяць германскія імёны.
Паводле dpa.