Беларускія актывісты, якія жывуць у Берліне, арганізавалі насупраць афіцыйнага пасольства Беларусі альтэрнатыўнае – у драўляным вагончыку з бела-чырвона-белым сцягам. Як яно з’явілася і чым займаецца – у рэпартажы DW.
Праз дарогу ад будынка беларускага пасольства ў Берліне стаіць драўляны вагончык з прымацаваным да яго шасцімятровым флагштокам, на якім развіваецца бела-чырвона-белы сцяг – знак пратэстаў у Беларусі. Беларускія актывісты, якія жывуць у Берліне, завуць гэтую хатку-прычэп са светлых дошак з плоскім дахам і рассоўнымі зашклёнымі дзвярамі альтэрнатыўным пасольствам вольнай і дэмакратычнай Рэспублікі Беларусь у Германіі. За няпоўныя два месяца яны правялі тут больш за сорак акцый салідарнасці з пратэстуючымі адна-думцамі на радзіме.
Вагончык знайшоўся па шчаслівай выпадковасці
Альтэрнатыўнае пасольства з’явілася, дзякуючы шчаслівай выпадковасці і іні-цыятыве аднаго з суарганізатараў акцый пратэсту Тараса Сякеркі. Усмешлівы берлінец родам з Гомеля распавядае, што падчас прэзідэнцкіх выбараў на радзіме і пасля іх ён доўгі час правёў у Беларусі, галасаваў, потым удзельнічаў у дэманстрацыях і вярнуўся ў Берлін “зараджаны нашай беларускай атмасферай”. Актывісцкую дзейнасць ён працягнуў у Германіі і спачатку кожны дзень стаяў па некалькі гадзін у пікеце перад уваходам у пасольства. На плакаце ў яго было напісана па-нямецку “Сігналь за волю Беларусі”.
Пра не самы відавочны выбар месца для акцый, якое знаходзіцца далёка ад цэнтра і ажыўленых вуліц, побач з Трэптаў-паркам, Тарас кажа:
– Тут аднабаковая трохпалосная праезная частка, і мой плакат убачыла вялікая колькасць кіроўцаў. Яны былі не знаёмыя з ужо звыклай беларусам формай пратэсту, але заўважылі надпіс, прачыталі і, ізноў праязджаючы міма, сапраўды, сталі ўсё часцей сігналіць.
Аднойчы падчас чарговага адзіночнага пікету да актывіста падышоў малады хлопец. Ён выказаў словы падтрымкі і сказаў, што яму належыць вагончык, ужо паўгода прыпаркаваны насупраць беларускага пасольства. У Тараса маментальна нарадзі-лася ідэя папрасіць дазволу на выкарыстанне вагончыка. Яго гаспадар пагадзіўся.
Цяпер вагончык упрыгожваюць самаробныя плакаты, улёткі з інфармацыяй на розных мовах, фатаграфіі, якія сведчаць пра гвалт сілавікоў супраць беларусаў, а таксама аб’явы з дадзенымі фондаў, што збіраюць грошы для сем’яў бастуючых і пацярпелых. Усярэдзіне хаткі захоўваюцца расцяжкі і сцягі, якія актывісты выкарыстоўваюць падчас акцый пратэсту.
Афіцыйнае пасольства Беларусі не рэагуе
Актывісты кажуць, што ніякай прыкметнай рэакцыі з боку афіцыйнага пасольства на такое суседства дагэтуль няма – ні пазітыўнай, ні негатыўнай. Але арганізатары альтэрнатыўнага пасольства не выключаюць, што беларускія спецслужбы спрабуюць выгнаць іх адтуль: пасля таго, як вагончык стаў інфармацыйным цэнтрам беларускай дыяспары, ім раптам зацікавіліся “ананімныя кліенты з інтэрнэту” і некаторы час настойліва спрабавалі арандаваць яго ва ўладальніка.
На адным з плакатаў на сцяне вагончыка прымацавана фатаграфія цяперашняга амбасадара Рэспублікі Беларусь у Германіі Дзяніса Сідарэнкі з надпісам: “Звольнены”. Актывісты незадаволены тым, што ён і яго калегі дагэтуль захоўваюць маўчанне, якое можна прыняць за лаяльнасць да дыктатарскага рэжыму. Па словах адной з удзельніц акцый Веранікі Кругловой, актывісты “хацелі б, каб супрацоўнікі афіцыйнага пасольства нашай краіны ў Германіі перайшлі на бок народа, выказалі сваю падтрымку, як гэта зрабіў, напрыклад, найгодны чалавек – амбасадар Беларусі ў Аргентыне”.
Альтэрнатыўнае пасольства адкрыта штодня. На пытанне, ці будзе яно, напрыклад, у якасці мастацкай акцыі выдаваць альтэрнатыўныя візы і пашпарты, Тарас Сякерка падморгвае:
– Ды мы яшчэ і вяселлі будзем праводзіць!
DW.
nv.online.