Арганізатар шматлікіх спеўных сходаў, папулярызатар беларускай песні і традыцыйнай народнай культуры Сяржук Доўгушаў стварае пазітыўную шчырую атмасферу і ўносіць аптымістычную настроенасць у пратэстныя будні.
Больш за 200 слухачоў сабрала прэзентацыя “Народнага спеўніка” ў Галерэі “Ў” на вул. Кастрычніцкай, 19 у Менску. У цяжкі час супольныя спевы напаўнюць душы радасцю і ўпэўненасцю ў моцы і еднасці, таленавітасці нашага народа.
Артыст прадставіў укладальнікаў спеўніка: Яніну Грыневіч, Насту Някрасаву і Аляксандра Ясінскага, і рэдактараў – Элу Кулеш і Насту Карпенка. Спеўнік выйшаў накладам у 2000 асобнікаў у выдавецтве “Мінск-Медыял”. Госці вечарыны заспявалі разам з Сяржуком Доўгушавым народныя песні: “Туман ярам”, “Вэлітай”, “Дарожка”, “Ой, да ішлі хлопцы”.
На прэзентацыі выступілі: гурт “Астроўна”, Патрыцыя Свіціна, Ларыса Сімаковіч, Іван Кірчук, гурт “РАДА” і акторы Купалаўскага тэатра на чале з Юліяй Шпілеўскай і Міхасём Зуем. Іван Кірчук, кіраўнік этна-трыа “Троіца”, выканаў песні з праекта “Спадчына забытых вёсак”, які быў выпушчаны сольнай праграмай студыяй PAN-Records у 2000 г.
Горача прывітала зала актораў-купалаўцаў, з вуснаў якіх прагучаў урывак з паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.
Мы звярнуліся з пытаннем да артыста:
– Спадар Сяржук, многія адчуваць, што народныя песні падбадзёрваюць, падымаюць дух, можна сказаць, што яны ўмацоўваюць наш імунітэт. Што Вы адчуваеце, калі праводзіце спеўныя сходы і ладзіце спеўныя практыкі?
– Па-першае, само гучанне нашага голасу – сувязь са сваім целам. Даказана, што спевы лечаць, пра гэта напісана шмат прац. Нашы галасавыя вібрацыі ўплываюць на нас. Калі мы спяваем песні нашай зямлі, нашага краю, яны падсвядома дзейнічаць на нас! Каля я спяваю, мне робіцца цяплей на душы, у мяне з’яўляецца адчуванне зямлі пад нагамі, што я – частка гэтага свету. Прыходзіць душэўная, духоўная і фізічная моц. Хочацца лятаць пасля спеваў! Я даю практыкі па дыханні, па гучанні, па пошуку свайго тэмбру, заўважаю, як голас дзейнічае. Песнямі можна вылячыцца ад унутранай дысгармонii, калі ў душы чагосьцi не хапае, перарвалася пупавiна роду. Беларусам патрэбна песенная тэрапiя. Пасля супольных спеваў настрой змяняецца і на тварах расцвiтаюць усмешкi! Песня яднае людзей, дорыць ім хвiлiны радасцi.
Слухаеш артыстаў і думаеш: “Як можна не любіць такіх прыгожых, таленавітых, паэтычных, пяючых беларусаў!”
Сяржук Доўгушаў стаў адным з герояў новай кнігі “Лініі святла”, якая летам 2020 года выйшла ў выдавецтве “Кнігазбор”.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.