Пасля абрання мяне намеснікам старшыні ні на першым паседжанні Рады, ні на другім ніякіх асаблівых даручэнняў я не атрымаў ні ад старшыні, ні ад Рады.
З’езд даручыў мне выдаць “Летапіс ТБМ” за апошнія 5 гадоў, што паспяхова было зроблена, і “Летапіс…” выдадзены. Да слова, толькі некалькі арганізацый прыслалі матэрыялы ў “Летапіс…”, таму ён складаўся на аснове публікацый у “Нашым слове”, а паколькі многія арганізацыі “Наша слова” ігнаруюць і пра свае мерапрыемствы пішуць хто ў “Новы час”, хто ў “Радыё Рацыю”, то ў “Летапісе…” яны прадстаўлены слабей, а тыя, што не пішуць нікуды, не прадстаўлены ніяк.
На працягу гэтых трох гадоў я атрымліваў ад старшыні шэраг персанальных даручэнняў, з якімі, як мне падаецца, справіўся паспяхова.
Але ад пачатку такіх даручэнняў не было, і я сам усклаў на сябе абавязкі “палявога камандзіра” па Заходняй Беларусі і трохі па Цэнтральнай. Пажаданне некаторых сяброў, каб Суднік персанальна ездзіў па Гомельскай і Магілёўскай абласцях ды агітаваў за падпіску на “Наша слова”, я вырашыў не выконваць.
Што тычыцца Заходняй Беларусі, то і тут з усімі задачамі, якія я для сябе намеціў, нажаль, справіцца не змог.
Асноўная задача, якая ставілася: актывізацыя існых структур ТБМ і адраджэнне былых, але заснуўшых, не хочацца ўжываць слова “памерлых”.
Былі адроджаны тры арганізацыі:
Нясвіжская раённая (4 суполкі: Нясвіжская гарадская, Карцэвіцкая, Гарадзейская, Новасвержанская) – старшыня Наталля Плакса;
Дзятлаўская раённая – старшыня спачатку Алена Абрамчык, потым Валер Петрыкевіч;
Слонімская раённая (незарэгістраваная) – старшыня спачатку Святлана Бушчык, потым Сяргей Чыгрын.
Нармальна адпрацавалі Гарадзенскія гарадская і абласная арганізацыі. З іх дапамогай актывізавалася Скідзельская арганізацыя.
Старшыня ТБМ Алена Анісім зрабіла шэраг намаганняў, каб актывізаваць Стаўпецкую арганізацыю.
Актыўна працавалі Слуцкая і Валожынская арганізацыі, дзейнічала Заслаўская ў Менскай вобласці, чатыры Лідскія і Наваградская арганізацыі ў Гарадзенскай вобласці, Баранавіцкая ў Берасцейскай вобласці. Можа не так актыўна, але дзейнічалі Пружанская і Пінская арганізацыі Берасцейскай вобласці.
Падчас справаздачна-выбарчай кампаніі ўдалося актывізаваць Менскую абласную арганізацыю, дзе з усяго кіраўніцтва застаўся адзін старшыня. Была абрана Менская абласная рада ТБМ.
Не падавалі прызнакаў жыцця: Свіслацкая, Ваўкавыская, Бераставіцкая, Смаргонская і Шчучынская арганізацыі Гарадзенскай вобласці, Берасцейская гарадская арганізацыя, Клецкая, Салігорская, Маладзечанская, Мядзельская і Пухавіцкая арганізацыі Менскай вобласці.
Рабіліся захады па стварэнні Берасцейскай абласной, Капыльскай раённай, Воранаўскай раённай, Мастоўскай раённай і Івейскай раённай арганізацый, а таксама Радуньскай і Гавязнянскай (Вішнявецкай) местачковых суполак. Пакуль безвынікова.
Такім чынам кадравая работа ў Заходняй і Цэнтральнай Беларусі патрабуе далейшых і актыўных намаганняў.
Праца ў шырокіх колах грамадства.
Праца ў шырокіх колах грамадства з’яўляецца крайне важнай і неабходнай для прасоўвання нашых праграмных палажэнняў, ідэй і прынцыпаў. Дайсці да шырокіх масаў грамадства не так проста. Адна з форм працы, якая дае такую магчымасць, – напісанне Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Большасць актыўных арганізацый ТБМ ужо многія годы займаюцца гэтым пытаннем. На справаздачны перыяд прыпалі 11-я, 12-я і 13- дыктоўкі. Мы падымалі на дыктоўкі арганізацыю за арганізацыяй, раён за раёнам. Лідскія арганізацыі нарошчвалі колькасць удзельнікаў і давялі лічбу да 9700 і 9200 на 12-й і 13-й дыктоўках. Вельмі актыўна ўсе тры гады адпрацавала Нясвіжская арганізацыя, якая імкнулася выходзіць на шырокія масы. Нясвіж, Наваградак, Дзятлава і Слонім раз ад разу выходзілі на тысячныя паказчыкі.
Кульмінацыяй гэтай дзейнасці быў 2020 год. У Гарадзенскай вобласці дыктоўку падтрымаў аблвыканкам. На адной з Радаў я абяцаў падняць на дыктоўку 100 тысяч у Гарадзенскай вобласці. Не ўдалося. Умяшаўся асабіста міністр адукацыі, які не рэкамедаваў прыцягваць да дыктоўкі вучняў школ. Таму ў Гарадзенскай вобласці дыктоўку пісалі ўсяго каля 20 тысяч чалавек, але ў 227 населеных пунктах. Пры гэтым былі такія факты. Дыктоўку пісалі супрацоўнікі Гарадзенскага аблвыканкама, пісала рэдакцыя дзяржаўнай “Воранаўскай газеты”, у Карэлічах, дзе ў нас нікога няма, рэй павяла раённая бібліятэка, і дыктоўку пісалі 5 бібліятэк. БРСМ. У Лідзе дыктоўку пісалі 120 арганізацый БРСМ, па вобласці удзел бралі каля 1500 арганізацый.
Улады падтрымалі дыктоўку ў Нясвіжы, хаця, што праўда, паспрабавалі адсунуць ТБМ, але гэта паправіцца. Нясвіж фактычна адзіны раён, дзе па запрашэнні ТБМ на справаздачна-выбарчы сход прыйшла прадстаўніца райвыканкама, ды яшчэ і выступіла на цудоўнай беларускай мове.
У Менскай вобласці абласны камітэт БРСМ сабраў на дыктоўку актывістаў з усіх раёнаў вобласці.
На наступны год знізу дыктоўку абяцалі падтрымаць Стаўпецкі аддзел адукацыі і Капыльская раённая бібліятэка.
Падтрымліваюць дыктоўку ўлады ў Віцебску і некаторых іншых месцах, але сёлета ў нас рэвалюцыя і каронавірус, таму цвёрда нешта гарантаваць не выпадае.
Як сіраце жаніцца, то і ноч кароткая. Як у нас справы трошкі пайшлі, на табе – рэвалюцыя з каронавірусам напару.
Другі кірунак выхаду на масы – літаратурна-мастацкія мерапрыемствы.
У Гарадзенскай вобласці ўстанавілася цеснае супрацоўніцтва паміж ТБМ і Гарадзенскім абласным аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў. Воляй лёсу я стаў намеснікам старшыні гэтага аддзялення. Праведзены многія дзясяткі мерапрыемстваў у асноўным у школах, ліцэях, каледжах. Нажаль, гэта ў асноўным ізноў усё тыя ж Лідскі, Дзятлаўскі, Слонімскі раёны. Трохі Наваградскі і Нясвіжскі.
Праводзяцца тры абласныя літаратурныя акцыі.
- Дзень народзінаў Ларысы Геніюш стаў штогадовым літаратурным фэстам у Зэльве. Тут задзейнічаны ў асноўным Гарадзенская і Слонімская арганізацыі з удзелам Дзятлава і Ліды. З 2020 года тут уручаецца прэмія імя Анатоля Іверса. Першым лаўрэатам стала Антаніна Хатэнка.
- Абласное свята паэзіі праводзіцца на Дзятлаўшчыне з канцавым пунктам у гняздзе паэтаў Зачэпічах. Тут да гарадзенцаў, дзятлаўцаў, слонімцаў і лідзян традыцыйна далучаюцца наваградцы.
- Фестываль патрыятычнай песні і паэзіі на Лідчыне. Сёлета прайшоў у 4-ты раз. І ад сёлета набывае статус абласнога фестывалю. У фестывалі ўдзельнікі з усёй Беларусі. Так што абласны статус праз некаторы час можа быць заменены на нацыянальны.
Гэта праводзяць грамадскія арганізацыі.
Непасрэдна з удзелам Лідскага ТБМ Лідская ЦРБ імя Янкі Купалы раз на два гады праводзіць конкурс імя Веры Навіцкай “Дарослыя дзецям” на лепшы літа-ратурны твор для дзяцей. Сёлета – 5-ты конкурс. Падвядзенне вынікаў у снежні.
На верасень быў спланаваны 3-ці міжрэгіянальны фестываль песеннага фальклору імя Земавіта Фядэцкага “Цёплыя вечары, ды халодныя ранкі”, які заснаваны па ініцыятыве Лідскага ТБМ, а праводзіць яго Лідскі цэнтр народнай творчасці. З-за каронавіруса фестываль пройдзе летам 2021 года.
На травень 2020 года было спланавана Менскае абласное свята паэзіі на радзіме Уладзіміра Жылкі ў в. Макашы Нясвіжскага раёна. Акрамя Нясвіжскага ТБМ падключалася Гарадзеншчына і Саюз беларускіх пісьменнікаў. Усё сарвалася з-за віруса.
Сёння мы маем магчымасць правесці дзясяткі мерапрыемстваш па школах Лідскага і Дзятлаўскага раёнаў. Але школы Лідскага раёна пакуль закрыты для наведвання. Дзятлаўскі раён прыкрылі не так шчыльна і непасрэдна перад з’ездам там прайшлі два мерапрыемствы з удзелам гарадзенскіх літаратараў, якія групуюцца вакол часопіса “Новы замак”, а таксама дзятлаўскіх і лідскіх сяброў ТБМ.
У рамкі гэтага кірунку дзей-насці ўкладваюцца выданні літаратурных зборнікаў:
“Ад лідскіх муроў” – выйшаў 9-ты выпуск. Гэта кніга на 464 старонкі. Прэзентацыя доўга адкладвалася з-за віруса, нарэшце 13 кастрычніка прайшла ў Лідскім літаратурным музеі.
“Нясвіжскі ўток”- № 1;
“Стольны град” – Нава-градак, № 1;
“Паланэз” – Слонім, № 1.
Зімой выйдзе “Ятранка” – Дзятлаўскі раён.
Рэдактар абласнога часопіса “Новы замак” Янка Трацяк увайшоў у Гарадзенскую абласную раду ТБМ.
Яшчэ ёсць краязнаўства, турызм, спорт, дзе арганізацыі ТБМ бяруць удзел. Візуальнае афармленне вуліц, абвесткі ў транспарце і г.д. Тут арганізацыі працуюць самастойна, хто як можа. І ёсць пэўныя поспехі. У выніку актывізазацыі нясвіжскім ТБМ тутэйшага грамадства пад 120-я ўгодкі Уладзіміра Жылкі ў верасні гэтага года тут з’явілася вуліца Жылкі.
Арганізацыі змагаюцца за беларускія першыя класы. Актыўна працуюць гарадзенцы. У Лідзе сіуацыя такая: калі ёсць 7-8 заяў, то ёсць і клас. Сёлета адзін клас у Лідзе ў СШ № 12 і адзін клас у Бярозаўцы ў СШ № 3.
Нашы арганізацыі актыўна супрацоўнічалі з курсамі “Мова нанова”. Так кіраўнікі курсаў уваходзяць у мясцовыя рады ТБМ у Лідзе і Нясвіжы.
Як мне падаецца, непасрэдная праца намесніка старшыні ТБМ у рэгіёне мае пэўны сэнс. Таму, магчыма, на новы тэрмін намеснікам трэба выбраць, скажам, Алега Дзьячкова з Магілёва, каб прыпадняць усход Беларусі.