Значная падзея ў літаратурным жыцці Лідчыны адбылася 13 кастрычніка: у рамках цыклу мерапрыемстваў літаратурна-музычнага салона “Над Лідзейкай” у Доме Валянціна Таўлая прайш-ла прэзентацыя літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” № 9. Прэзентацыя зборніка была прымеркавана да 10-годдзя з дня адкрыцця літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея, больш вядомага як Дом Валянціна Таўлая. На мерапрыемства былі запрошаны аўтары, чые творы змешчаны ў альманаху.
Гісторыю літаратурнага аддзела нагадаў прысутным навуковы супрацоўнік музея, куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун. За дзесяць гадоў у сценах Дома Таўлая было арганізавана каля 40 выстаў. Пастаянныя экспазіцыі, якія тут дзейнічаюць, – “З маста-цкім словам па жыцці” (прысвечаная літаратурнай Лідчыне) і мемарыяльны пакой Валянціна Таўлая. Абедзве экспазіцыі папаўняюцца. Зацікаўлены літаратурны аддзел і ў эскспанатах і матэрыялах, звязаных з жыццём і дзейнасцю сяброў Валянціна Таўлая, сярод якіх – паэты Васіль Струмень, Пятро Граніт, Герасім Прамень. А яшчэ дзесяцігадовая гісторыя Дома Таўлая – гэта каля сотні культурна-масавых мерапрыемстваў, сустрэчы з паэтамі ў рамках цыкла “Перад тым як на Парнас, завітай, паэт, да нас” (які ў мінулым годзе трансфармаваўся ў літаратурна-музычны салон “Над Лідзейкай”), заняткі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта “У школу да Цёткі”. Нельга таксама не згадаць, што на працягу васьмі гадоў тут праводзіліся пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”. Зборнік “Ад лідскіх муроў” – так-сама вынік плённай дзейнасці Дома Таўлая. Дарэчы, у хуткім часе кожны ахвотны зможа паўдзельнічаць у анлайн-экскурсіі ў гісторыю гэтай установы.
Старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Валынец ад імя дырэктара музея Вольгі Піліпчук павіншавала супрацоўнікаў літаратурнага аддзела з юбілеем, пажадала, каб гэты ўтульны дом па вуліцы Замкавай і далей заставаўся месцам, дзе збіраюцца неабыякавыя да літаратуры людзі, каб тут адкрываліся новыя літаратурныя імёны, праводзіліся новыя цікавыя сустрэчы і выстаўкі. А яшчэ Наталля Міхайлаўна перадала даўняму сябру музея – лідскаму краязнаўцу, паэту, галоўнаму рэ-дактару часопіса “Лідскі летапісец” і зборніка “Ад лідскіх муроў” Станіславу Судніку – грамату Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі за актыўную дзейнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Лідчыны.
Далей слова ўзяў Станіслаў Вацлававіч. Ён нагадаў аб гісторыі альманаха “Ад лідскіх муроў”, які выдаецца з 1998 года, расказаў аб яго новым – дзявятым – нумары. У гэты нумар увайшлі творы лідзян і ўраджэнцаў Лідчыны, напісаныя або апублікаваныя галоўным чынам у 2016-2019 гадах, а таксама матэрыялы, якія датычацца літаратурнага жыцця Лідчыны ў гэты перыяд. Зборнік выйшаў вельмі аб’ёмны (464 старонкі), у ім дзесяць раздзелаў (“Эпас”, “Паэзія”, “Пераклады”, “Проза”, “Драматургія”, “Успаміны” і інш.). Гэта першы альманах “Ад лідскіх муроў”, які выйшаў у цвёрдай вокладцы. Тут упершыню прадстаўлены раздзел “Эпас”, які заняў каля 130 старонак.
У гэты раздзел увайшлі: навуковы артыкул даследчыка бе-ларускай літаратуры Юрыя Пацюпы аб “паляўнічай” паэме лідскага паэта XIX стагоддзя Вільгельма Пратасэвіча “Суседчык гавейскі” і сама паэма; паэма Вітольда Пі-лецкага “Сукурчы”, “энцыклапе-дыя аднаго саду і аднаго дома на лапіку беларускай зямлі”, напісаная ў 30-я гады мінулага стагоддзя і перкаладзеная з польскай мовы Станіславам Суднікам; паэма Васіля Струменя “Забастоўка” (аб забастоўцы ў 1936 годзе на шклозаводзе “Нёман”), напісаная ў 50-60-я гады і ўпершыню поўнасцю апублікаваная ў 2020 годзе, у 9-м нумары альманаха “Ад лідскіх муроў”, артыкул аб гэтай паэме і аб яе аўтары, напісаны Алесем Хітруном; паэма Генаэфы Міхаловіч, сваячкі Дануты Бічэль, “Святая праўда пра ўсё жыццё…”, у якой захаваны дыялектныя асаблівасці мовы жыхароў вёскі Біскупцы.
Можна падрабязней расказаць і пра іншыя раздзелы зборніка, але рамкі газетнага артыкула гэтага не дазваляюць – лепш зборнік узяць і пачытаць.
Як адзначыў Станіслаў Суднік, у апошнія тры-чатыры гады свае літаратурна-мастацкія зборнікі пачалі выдавацца і ў Наваградку, Слоніме, Нясвіжы. “Падняўся цэлы літаратурны рэгіён, – піша галоўны рэдактар “Ад лідскіх муроў” у прадмове да зборніка. – Вось яго не было, і вось ён ёсць. Недзе там – у Менску, Гародні – элітная літаратура, элітныя выданні, а тут масавы пад’ём літаратурнай глыбінкі”. І далей падкрэсліваецца, што без гэтай рэгіянальнай літаратуры беларуская літаратура была б няпоўнай, няцэльнай: “А калі-небудзь, праз шмат гадоў, нейкі даследчык зразумее, што менская элітная літаратура і гэтыя рэгіянальныя выданні разам і ёсць яе вялікасць цэльная беларуская літаратура. Даследчык напіша дысертацыю, а мы напісалі чарговы лідскі альманах і прапануем яго чытачам”.
У заканчэнне імпрэзы некаторыя з паэтаў, чые творы ўвайшлі ў зборнік, прачыталі свае вершы перад аўдыторыяй.
Выхад наступнага – 10-га – нумара альманаха “Ад лідскіх му-роў” запланаваны на канец 2021 года. Часткова – на паўтары сотні старонак – матэрыял для яго ўжо сабраны. Работа па падрыхтоўцы літаратурнага выдання Лідчыны будзе працягвацца.
Аляксей МІХАЛОВІЧ.