На Магілёўшчыне нямала цікавых гістарычных мясцін. Але адзінае мястэчка, дзе захаваўся мураваны замак часоў Вялікага Княства Літоўскага – гэта наш невялікі гарадок Быхаў.
27 верасня ТБМ імя Ф. Скарыны г. Магілёва на мікрааўтобусе рушыла ў падарожжа ў “Быхаўскае графства” па маршруце: Магілёў – Дашкаўка – Баркалабава – Сапяжынка – Быхаў – Лудчыцы – Грудзінаўка – Сідаравічы. Спачатку завіталі ў Дашкаўку. Двухпавярховы палац князёў Жукоўскіх 19-га стагоддзя, дзе месціцца сельсавет, некалькі год таму быў адрэстаўраваны, і зараз зноў у памяшканні праводзіцца рэканструкцыя. Бо ёсць добрая ідэя – адкрыць у старажытным будынку музей гісторыі Магілёўскага раёна. Маёнтак быў пабудаваны на ўскрайку парку, на самай кручы Дняпра, адкуль раней адкрываліся выдатныя краявіды поймы ракі. Да рэвалюцыі паміж палацам і Дняпром дрэвы не саджалі і таму з балкона палаца адкрываліся шырокія далягляды. Гэтыя старажытныя мясціны ў 19 стагоддзі наведаў нават сам Напалеон Орда – выбітны беларускі мастак і кампазітар. А ў часы Першай сусветнай вайны, калі ў Магілёве знаходзілася стаўка Мікалая II, жонка імператара Аляксандра Фёдараўна хацела набыць у Жукоўскіх гэты маёнтак у сваю ўласнасць. Але князі адмовілі ёй у гэтай просьбе… За палацам пры спуску да ракі на тэрасе захаваўся сціплы надмагільны помнік любімаму сабаку князя Жукоўскага – гэта звычайны валун з незвычайным надпісам… У мясцовай сярэдняй школе, дзякуючы перадусім намаганням гісторыка, дырэктара ўстановы Сяргея Ягорыча Лугавога, створаны выдатны краязнаўчы музей, які складаецца з некалькіх пакояў. Але, на вялікі жаль, у сувязі з эпідэміяй, мы ў гэтым падарожжы вырашылі не наведваць музеяў.
Баркалабава – вялікае мястэчка, якое складаецца ўласна з вёскі і праваслаўнага Узнясенскага манастыра 17 – 21 стагоддзяў. У цэнтры мястэчка захавалася царква Казанскай Божай маці 1904 года, пабудаваная ў неарускім стылі. А побач месціцца невялікі двухпавярховы будынак былой царкоўна-прыхадской школы. Храм у савецкія часы быў зачынены, і тут знаходзіўся спартзал мясцовай школы. А калі вярнулі царкву вернікам, то аднавілі велічную званіцу, якая здалёк прываблівае паломнікаў і турыстаў. За некалькі кіламетраў ад самога мястэчка знаходзіцца Свята-Узнясенскі праваслаўны манастыр, які заснаваў у 1641 годзе Багдан Статкевіч. Да рэвалюцыі было некалькі цэркваў і гаспадарчыя будынкі. У апошнія гады на тэрыторыі манастыра былі праведзены раскопкі і даследаваны парэшткі мураванага храма 17-га стагоддзя. Да самага манастыра падыходзіць затока Дняпра і ўтвараецца непаўторны краявід, які можна назіраць з агляднай пляцоўкі. У савецкія часы, калі манастыр быў зачынены, тут месціўся піянерскі лагер, які зачынілі пасля Чарнобыльскай катастрофы. Але перадусім гэтая святыня вядомая сваім Баркалабаўскім летапісам і цудадзейным абразом Баркалабаўскай Божай Маці. Раней, у савецкія часы, калі манастыр быў зачынены, абраз хавалі вернікі па хатах, затым ён знаходзіўся ў Траецкай царкве ў Быхаве. А пару год таму, калі ў Баркалабаве пабудавалі новы храм, то святыню вярнулі ў адноўлены манастыр. Мастацтвазнаўцы мяркуюць, што абраз належыць беларускай школе жывапісу і быў створаны ў 16-17 стагоддзі ў цэнтральнай Беларусі, магчыма, у Слуцку. У вандроўку з сабой я ўзяў факсімільнае выданне Баркалабаўскага летапісу, якое выйшла ў 2013 годзе пры падтрымцы нашага земляка і сябра ТБМ спадара Валерыя Казакова. І кожны ўдзельнік падарожжа змог пагартаць старонкі грунтоўнага сучаснага выдання, якое яскрава і цікава распавядае пра гісторыю старажытнага беларускага пісьменства. Каля самага Быхава на беразе невялічкай рачулкі Макранкі мы завіталі ў мястэчка Сапяжынка. На ўзгорку, ля самай шашы, знаходзіцца невялікі памятны знак ахвярам халакосту, які быў усталяваны некалькі год таму за грошы з фонду сям’і Лазарус. На помніку лаканічны надпіс: “Ахвярам нацызму. Тут увосень 1941 года былі па-зверску закатаваны 70 яўрэяў вёскі Сапяжынка.” Далей мы прайшлі ў самы цэнтр мястэчка, дзе захавалася да нашага часу драўляная яўрэйская малітоўная школа хедэр і помнік, прысвечаны падзеям 1812 года. У ліпені 1812 года ў Сапяжынцы пэўны час знаходзіўся штаб камандуючага другой расійскай арміі генерала Баграціёна. Помнік быў усталяваны яшчэ ў савецкія часы.
Быхаў – невялікі старажытны гарадок, калісьці, у часы ВКЛ, цэнтр Быхаўскага графства. У самім мястэчку захавалася сінагога і замак 17 стагоддзя. Сінагога будавалася ў абарончым стылі, і ў інтэр’еры ёсць біма з ляпным дэкорам. На вялікі жаль сінагога руйнуецца і прыходзіць у заняпад. Замак, які будавалі Хадкевічы і Сапегі ў часы ВКЛ, быў адным з самых магутных абарончых збудаванняў на усходзе Беларусі. Помнік таксама знаходзіцца ў аварыйным стане, і калі раней можна было зайсці ўнутр велічных муроў, то зараз гэта вельмі небяспечна. Недалёка ад замка праз абарончы роў захаваўся будынак пачатку 19-га стагоддзя былога каталіцкага кляштара рэгулярных канонікаў латэранскіх. Менавіта ў гэтым будынку ўвосень 1917 года знаходзіліся пад арыштам удзельнікі Карнілаўскага мецяжу. У тым ліку генералы Карнілаў, Дзянікін, Маркаў, Лукомскі і іншыя. Напрыканцы шпацыру па Быхаве мы паехалі паглядзець былы вайсковы аэра-дром з наведваннем двух бункераў, у якіх у савецкія часы захоўвалася ядзерная зброя. Гэтыя “сакрэтныя” аб’екты нам з задавальненнем паказаў мясцовы жыхар, які займаецца ваеннай рэканструкцыяй, Віктар Пузанаў. Бункеры паступова прыходзяць у заняпад, хаця з’яўляюцца ўнікальнымі абарончымі збудаваннямі савецкай эпохі. Па шляху з Быхава на Рагачоў у 1984 годзе быў створаны мемарыял “Лудчыцкая вышыня”, прысвечаны вызваленню Быхаўшчыны летам 1944 года.
Грудзінаўка – адно з нешматлікіх мястэчак на Магілёўшчыне, дзе захаваўся старажытны парк з палацам 19 стагоддзя. Калісьці тут быў маёнтак графа Дзмітрыя Талстога, які ў 1812 – 1820 гадах быў Магілёўскім губернатарам. У парку ёсць унікальная алея з туі, якая была пасаджана яшчэ ў 19 стагоддзі!
Сідаравічы. На трасе Магілёў – Гомель мы наведалі паштовую станцыю 19 стагоддзя, якая зараз зачынена на рэканструкцыю. У цэнтры самой вёскі знаходзіцца занядбаная невялікая праваслаўная царква з фрэскавымі роспісамі. За савецкім часам у храме знаходзіўся млын. А ў апошнія гады святыня прыйшла ў поўны заняпад, фрэскі напалову асыпаліся…
Наша падарожжа па “Быхаўскім графстве” для многіх удзельнікаў было сапраўдным адкрыццём. І вялікае засмучэнне засталося ад таго, што многія гістарычныя помнікі застаюцца па-за ўвагай нашых уладаў і грамадскасці. А калі ў аднаўленне старажытнага Быхава ўкласці з розумам грошы, то гэта будзе выдатны турыстычны аб’ект на ўзроўні Міра і Нясвіжа.
Алег Дзьячкоў.
Магілёў.
На здымках: 1. Быхаўскі замак; 2. Каля бункера з Віктарам Пузанавым; 3. Грудзінаўка. Палац 19 ст. графа Талстога;
- Сідаравічы. Занядбаная царква 19 ст.