Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Адышоў у вечнасць ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц

Адышоў у вечнасць ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц

26 кастрычніка 2020, 21:45 Грамадства 162
Адышоў у вечнасць ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц

Курыя Гарадзенскай дыяцэзіі са смуткам паведамляе, што 13 кастрычніка адышоў па ўзнагароду да Пана кс. канонік Юзаф Ганьчыц, пробашч парафіі Святой Сям’і ў Лідзе.

Развітальныя абрады адбываліся 15-16 кастрычніка ў касцёле Святой Сям’і ў Лідзе. У касцёле, пабудаваным намаганнямі душпастыра, развітацца з ім 16 кастрычніка сабраліся шматлікія святары, манахіні і вернікі. Узначаліў развітальныя абрады і пахавальную святую імшу Генеральны вікарый Гарадзенскай дыяцэзіі біскуп Юзаф Станеўскі, які вучыўся са спачылым на адным курсе ў духоўнай семінарыі, разам з ім прыняў святарскае пасвячэнне i ведаў яго на працягу 30 гадоў.

Таксама на развітанне прыбылі генеральны вікарый Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі і біскупскі вікарый для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскуп Аляксандр Яшэўскі. У пахаванні ўзялі ўдзел каля сарака каталіцкіх святароў, прадстаўнікі праваслаўнай і ўніяцкай цэркваў з Ліды.

Пахавалі спачылага святара каля касцёла, які ён сам і пабудаваў ад пачатку да канца. Магіла была заткана жывымі кветкамі ў бел-чырвона-белай гаме, але пасля паверх чырвонай паласы былі расстаўлены белыя ружы.

Па паведамленні супрацоўнікаў Лідскай ЦРБ, ксёндз Юзаф Ганьчыц паступіў у пульманалагічнае аддзяленне з пнеўманіяй, пасля атрымання станоўчага тэсту на COVID-19 быў пераведзены ў каронавіруснае аддзяленне, дзе яго адчуванне стала цяжкім.

Ксёндз канонік Юзаф Ганьчыц нарадзіўся 3 ліпеня 1960 г. Паходзіў з парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата ў Сапоцкіне.

Атрымаў сакрамэнт пасвячэння ў ступені прэзбітэрату 17 чэрвеня 1995 года з рук біскупа Гарадзенскага Аляксандра Кашкевіча ў кафедры св. Францішка Ксаверыя ў Гародні. Стаў разам з сён-няшнім дапаможным біскупам Гарадзенскай дыяцэзіі Юзафам Станеўскім адным з першых выпускнікоў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гародні.

Пасля пасвячэння быў прызначаны вікарыем парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. З 10 ліпеня 1996 г. да смерці быў пробашчам новаўтворанай парафіі Святой Сям’і ў Лідзе. Дзякуючы яго старанням была пабудавана новая парафіяльная святыня.

За час яго служэння ў лідскай парафіі было створана шмат малітоўных груп. Шмат увагі і часу ён прысвячаў выхаванню дзяцей і моладзі, фармацыі сем’яў. Таксама пры парафіі актыўна дзейнічае каталіцкая харызматычна-евангелізацыйная супольнасць “Gloriosa Trinita”, духоўным правадніком якой быў кс. Юзаф Ганьчыц.

У 2003 г. ён скончыў вывучэнне тэалогіі сужэнства ва ўніверсітэце кардынала Стэфана Вышынскага, а ў 2007 г. – катэхетычна-пастаральнае паслядыпломнае навучанне ў Люблінскім каталіцкім універсітэце ў Польшчы.

Ад часу яго прыезду ў Ліду ксёндз Юзаф меў цесныя стасункі з самымі рознымі грамадскімі арганізацыямі, у тым ліку з БНФ і ТБМ.

Гэта ён служыў імшу на месцы пахавання паўстанцаў 1863 г. у былым фальварку Шчытнікі ў 1996 годзе, калі мерапрыемства было забаронена ўладамі.

Гэта ён асвячаў крыж, які быў устаноўлены ў 1998 г. на месцы расстрэлу героя паўстання 1863 г. ксяндза Адама Фалькоўскага ў Лідзе.

Гэта яму прысвечана кніжка Станіслава Судніка “Пілігрымка дадому” (2018 г.). На тытульнай старонцы кніжкі напісана:

“Гэты аповед пісаўся з пачуццём глыбокай падзякі да ксендза Юзафа, пробашча парафіі Святой Сям’і ў горадзе Лідзе, чыя святая малітва цудоўным чынам засланіла аўтара ад вялікай бяды”.

Малітва гэтая мела месца гадоў 10 назад і сапраўды мела вялікую сілу. І не толькі гэтая. Пра сілу малітвы ксяндза Юзафа ведала ўся Ліда.   

Сёлета кс. Ганьчыц адзначыў 60-годдзе і 25-годдзе прыняцця прэзбітэрскага пасвячэння.

Вечны супакой дай яму, Пане…

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2818
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2217
Далучайцеся да нас