Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
З аўтабіяграфіі навукоўца паўстае цэлая эпоха

З аўтабіяграфіі навукоўца паўстае цэлая эпоха

20 кастрычніка 2020, 15:45 Выданні 35
З аўтабіяграфіі навукоўца паўстае цэлая эпоха

Новая кніга акадэміка Радзіма Гарэцкага  “Пра сябе, пра жыццё, пра гісторыю…”  пабачыла свет з дапамогай  Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”, выдавецтва  “Медыял”  і  Глеба Лабадзенкі.

Перадаючы сваім чытачам двухтомнае выданне, аўтарытэтны навуковец вырашыў маральна падмацаваць беларусаў, якія сёння змагаюцца, церпяць несправядлівасць і ціск, перажываюць за будучыню краіны. “Падтрымаем уздым беларускага народа за пабудову вольнай Беларусі! Будзьма! Жыве Беларусь!”– пазначыў шаноўны акадэмік на першай старонцы кнігі ў дарчым надпісе.

“Праз успаміны, роздум, біяграфію галоўнага героя, жыццё сям’і Гарэцкіх-Парфяновічаў, праз партрэты-характарыстыкі, лёсы блізкіх, знаёмых, родных і сяброў, калег паўстае гісторыя, раскрываецца эпоха, пазначаная трагічнымі катаклізмамі, у якіх трэба было вы-жываць цэламу пакаленню людзей,” – напісала ў прадмове да кнігі кандыдат філалагічных навук Лідзія Сямёнаўна Савік.

Нягледзячы на цяжкія выпрабаванні, жорсткую дыктатуру, рэпрэсіі, вайну, пасляваенныя нястачы, людзі жылі з надзеяй на лепшае. Пра гэта ідзе аповед у першых двух частках кнігі “Сын ворага народа” і  “У Акадэміі навук СССР ( Масква)”.  Дзве апошнія часткі ахопліваюць працу аўтара ў Акадэміі навук БССР  і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, захоўваюць летапіс беларускага жыцця ў асобах, раскрытага па гарачых слядах падзей ва ўсёй шматграннасці праблем нацыянальнай ку-льтуры, навукі, гісторыі, мовы, літаратуры, духоўнасці.

У двухтомніку акадэмік, доктар геолага-мінералагічных навук, грамадскі дзеяч Радзім Гаўрылавіч Гарэцкі апавядае пра свой пакручасты, нялёгкі, але вельмі цікавы лёс. Кніга, напісана ў жанры аўтабіяграфіі, чытаецца як прыгодніцкі раман.

Надзвычайную каштоўнасць набываюць успаміны, дзе сцверджаны лепшыя сямейныя традыцыі, заснаваныя на сапраўдным каханні, моцным сяброўстве, узаемапаразуменні, высокай маралі і духоўнасці.

Калегі і паплечнікі не перастаюць здзіўляцца нястомнай працаздольнасцю Радзіма Гаўрылавіча, акадэміка АН БССР і РАН, доктара геолага-мінералагічных навук, прафесара-педагога, лаўрэата многіх прэмій і ўзнагарод, аўтара звыш 600 навуковых кніг, манаграфій, артыкулаў, аўтара 50 карт геалагічнага зместу. На працягу 20 гадоў акадэмік Р.Г. Гарэцкі праводзіў і выдаваў матэрыялы навуковай канферэнцыі – Гарэцкіх чытанняў, унёс багаты ўклад ў беларускае літаратуразнаўства.

Кніга “Пра сябе, пра жыццё і гісторыю” ў адрозненне ад “Ме-ланжу 1, 2”- строгая храналогія лёсу аўтара, Гарэцкіх-Парфянові-чаў старэйшага і малодшага пака-ленняў, якая разгортваецца ў цес-най суаднесенасці з жыццём суай-чыннікаў на працяглым часовым фоне.

Умацаванню і ўздыму Інстытута геахіміі і геафізікі ў Мен-ску Радзім Гарэцкі аддаў больш за 30 гадоў свайго жыцця. Гэтую часту кнігі можна лічыць своеасаблівым запаветам акадэміка Гарэцкага – яна багатая навуковым матэрыялам, глыбінёй роздуму, імкненнем аўтара данесці да маладога пакалення жыццёвы вопыт, які з дзяцінства, юнацтва набываўся праз выпрабаванні нялёгкага часу, самаадданую працу, вернасць прафесіі, сямейныя традыцыі, выдатную спадчыннасць, добрыя, справядлівыя адносіны  да людзей. “Такой  кнігі-запавета яшчэ не было ў нашай літаратуры.  Яна цікавая тым, што служыць прыкладам адданасці беларускай справе, нацыянальнаму адраджэнню”, – прызнае Лідзія Сямёнаўна Савік.

Шмат старонак прысвечаны дзейнасці Радзіма Гарэцкага за незалежнасць, дзяржаўнасць і дэмакратыю Беларусі, аб’яднанню беларусаў свету – правядзенню з’ездаў у Менску і сустрэч з беларускай дыяспарай у ЗША, Кана-дзе, Беластоку, Лондане, Празе, Бельгіі.  З 1990 года Р.Г. Гарэцкі быў сябрам Рады, а з 1993 года – прэзідэнтам Згуртавання белару-саў свету “Бацькаўшчына”.

Апавядаючы пра свой  удзел у розных мерапрыемствах – святкаванні 100-годдзя БНР, Усебеларускім кангрэсе за незалежнасць, з’ездзе вучоных, Міжнародным кангрэсе беларусістаў, канферэнцыі беларусаў краін Балтыі ў Вільні, аб вечарынах, прысвечаных юбілейным датам і творчасці беларускіх пісьменнікаў і мастакоў, працы ў складзе Рады ТБМ імя Ф. Скарыны, Радзім Гаўрылавіч ахоплівае велізарны пласт беларускага жыцця і сваёй непасрэднай прысутнасці ў ім.

Актыўную пазіцыю займае Радзім Гаўрылавіч у Саюзе беларускіх пісьменнікаў, сябрам якога ён з’яўляецца. Ён зрабіў усё для ўвекавечання памяці і творчасці Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх, значныя раздзелы ў двухтомніку прысвечаны ім, падрабязна апісаны іх біяграфіі, творчасць, згаданы даследванні пра іх.

У новым выданні ёсць раздзел пра знакамітых дзеячаў, паэтаў, пісьменнікаў і навукоўцаў, славу і гонар Беларусі: Алеся Адамовіча, Янку Брыля, Васіля Быкава, Барыса Кіта, Сяргея Грахоўскага, Міхася Мушынскага, Аляксандра Махнача, Віталя Скалабана, Уладзіміра Конана. Аўтар змог для кожнага з іх знайсці добрыя, цёплыя словы, якія высвятляюць рысы характараў, незвычайныя  ўчынкі, асаблівасці іх творчай манеры і ўзаемаадносін.

У свой час Алесь Адамовіч як асабісты запавет пажадаў Радзіму Гаўрылавічу “несці далей выдатны цяжар дабрыні, сумленнасці і таленту роду Гарэцкіх…”. Сваёй новай кнігай Радзім Гаўрылавіч стварыў своеасаблівы помнік роду Гарэцкіх, далучыўшы яе да сваіх папулярных кніг, як навуковых, так і мастацкіх.

“У характары Радзіма Гарэцкага, як і ў бацькі, незвычайная мэтанакіраванасць, дысцыплінаванасць, глыбіня і сумленнасць, адданасць прафесіі, дасканалая методыка працы, літаратурны талент”, – падсумоўвае Лідзія Сямёнаўна Савік.

– Кніга цалкам мяне захапіла, я ўжо прачытыла 200 старонак! – кажа кандыдат геолага-мінералагічных навук Роза Адамаўна Зінава.- Мне знаёмыя праблемы геалогіі  і маршруты экспедыцый Гаўрылы Іванавіча і Радзіма Гаў-рылавіча Гарэцкіх. Рамантычна, з выдатным літаратурным майстэрствам апісвае аўтар маляўнічыя прыродныя мясціны, рэкі, атмасферу геалагічных пошукаў, характары людзей. У бязлюдных мясцінах група на чале  з палеантолагам Р. Меркліным трапіла пад вялізную страшэнную атамную хмару…

Добра вядомы мне таксама Інстытут геалагічных навук АН СССР  ў Маскве. Там я вучылася ў аспірантуры і абараняла кандыдацкую дысертацыю. Там адбылася мая першая сустрэча з акадэмікам Гаўрылам Гарэцкім. Па яго прапанове я вярнулася ў Беларусь і прайшла па конкурсе ў Інстытут геахіміі і геафізікі ў Менску. 4 гады я працавала ў лабараторыі тэктонікі ў Радзіма Гарэцкага і больш за 15 гадоў пад кіраўніцтвам Гаўрылы Іванавіча Гарэцкага. З сям’ёй Гарэцкіх мяне звязвае жыццёвы лёс і прафесійная дзейнасць, пачуцці глыбокай пашаны засталіся ў маім сэрцы да Ларысы Восіпаўны і Гаўрылы Іванавіча, з Галінай Максімаўнай Гарэцкай  мы ліставаліся на працягу многіх гадоў…

Падрыхтавала 

Эла Дзвінская.

На здымках:

1-2. Вокладка кнігі,  3. Радзім Гарэцкі і Сяргей Парфяновіч, 1957 г. Фота з архіва навукоўца.

 

Паходжанне прозвішча

 

Р.Г. Гарэцкаму

 

Адкуль яно, гэтае ” імярэк”?

Адначасова ад “гор” і “рэк”.

І не толькі ад “гаротнага”.

Ёсць тут доказ ад зваротнага:

Бо яны цвёрдай, скальнай пароды,

Іх душы – ад чыстых рэчак воды.

Адкуль яно, гэта найменне?

Ад – ” гараванне” і ” гарэнне”.

Ляталі – гайдалі лёсу арэлі…

Яны гаравалі і гарэлі.

Кідалі – ўздымалі

                            жыццёвыя хвалі…

Яны гарэлі і гаравалі.

Гарт набывалі ў суровым горане,

Лепшую долю мужна агорвалі.

Такія яны ўжо – Гарэцкія,

Арэшкі – мацнейшыя за грэцкія.

Арэх – ад арэшыны.

Жолуд – ад дуба.

Слухаць усцешна, бачыць люба.

Шукальнік радовішчаў,

Стваральнік карт.

Гонар.

Гордасць.

Горан.

Гарт.                                            

  1. Анатоль Вярцінскі.
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас