Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ПАМЯЦІ НАСТАЎНІКА, ДЫРЭКТАРА, КАЛЕГІ, СТАРЭЙШАГА СЯБРА…

ПАМЯЦІ НАСТАЎНІКА, ДЫРЭКТАРА, КАЛЕГІ, СТАРЭЙШАГА СЯБРА…

20 кастрычніка 2020, 19:30 Грамадства 49
ПАМЯЦІ НАСТАЎНІКА, ДЫРЭКТАРА, КАЛЕГІ, СТАРЭЙШАГА СЯБРА…

Калі мяне спытаюць, што для мяне Бердаўка, то я адкажу: “Гэта наша школа”. І не важна, як называлася або называецца гэтая ўстанова адукацыі – сямігодка, сярэдняя школа ці дзіцячы сад-сярэдняя школа. Галоўнае іншае – яна была, ёсць і будзе. Але ж наша школа – гэта не толькі трохпавярховы будынак, не толькі светлыя з вялізнымі вокнамі класы і шырокія калідоры. Школа – гэта людзі! Людзі, якія кожную старонку гісторыі пісалі сваім лёсам! І самая багатая, самая непаўторная старонка належыць Анатолю Леанідавічу Крупе, які 34 (!) гады кіраваў штурвалам школьнага карабля ў Бердаўцы. Але, на жаль, ужо былому ветэрану педагагічнай працы, былому дырэктару Бердаўскага дзіцячага сада-сярэдняй школы, былому настаўніку гісторыі, былому заснавальніку і кіраўніку Бердаўскага гістарычна-краязнаўчага народнага музея. Гэта страшнае слова былому…

8 кастрычніка 2020 года сэрца Анатоля Леанідавіча Крупы перастала біцца. Сёння многія і многія людзі – родныя і сябры, былыя калегі і выпускнікі, аднавяскоўцы і таварышы, знаёмыя блізкія і далёкія – прамаўляюць ва ўнісон: такога не можа быць!

Не верыцца… Не ўсведамляецца… Не прымаецца ні розу-мам, ні сэрцам…

Ніводзін яго дзень на пасадзе дырэктара школы і ў якасці настаўніка гісторыі не прайшоў дарма. Адзін толькі школьны музей склаў бы славу кіраўніку любой школы! А кожны з бердаўчан ведае, што без Анатоля Леанідавіча Бердаўскі гістарычна-краязнаўчы народны музей не стаў бы тым, чым ён сёння ёсць.

На розных узроўнях годная праца настаўніка і кіраўніка Бердаўскай школы адзначалася шмат-лікімі ўзнагародамі. З 1996 года Анатоль Леанідавіч Крупа – Выдатнік асветы Рэспублікі Беларусь. Любові да роднага краю, да Беларусі і роднай мовы мясцовыя хлопчыкі і дзяўчынкі вучыліся найперш у свайго настаўніка гісторыі. Маладыя калегі захапляліся энтузіязмам і вытрымкай дырэктара, бралі за прыклад асноўнае яго правіла як настаўніка: урок – гэта святое! За арганізаванасць і тактоўнасць, за чуласць і дабразычлівасць паважалі кіраўніцтва і калегі, педагогі і работнікі ўстановы адукацыі, былыя вучні і іх бацькі, аднавяскоўцы…

Так, немагчыма словамі выказаць тыя роспач і смутак, якія сёння ахінаюць усіх, хто ведаў Анатоля Леанідавіча Крупу. Але няхай жа добрыя словы і ўспаміны пра гэтага светлага і чулага Чалавека і Педагога дапамогуць вылечыць душу і сэрца тых, у каго яны разбітыя непапраўным горам – яго родным і блізкім.

 

Галіна Альшэўская.

 

Лідскія сябры ТБМ смуткуюць з нагоды смерці нашага вернага паплечніка Анатоля Крупы.

Будучы дырэктарам Бердаўскай школы, ён не толькі падтрымаў стварэнне суполкі ТБМ у Бердаўскай школе, але і даў юрыдычны адрас у школе для рэгістрацыі суполкі. Такіх школ у Лідскім раёне аказалася ўсяго дзве.

Анатоль Крупа ўзначаліў Лідскую раённую арганізацыю Таварыства беларускай школы і рабіў усё, каб лідскія школы былі беларускімі па духу і форме, прынамсі Бердаўская школа была адной з самых беларускіх, апорнай для любых мерапрыемстваў ТБМ.

Няхай будзе яму не цяжкай родная беларуская зямля.

Вечная памяць.  

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У роднай школе
літаратура

У роднай школе

17 мая 2026, 09:4617
На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму
Грамадства

На Паўночных могілках у Менску адкрылі помнік акадэміку Радзіму Гарэцкаму

18 ліпеня 2026, 21:4714
Дажынкі ў Бераставіцы
Грамадства

Дажынкі ў Бераставіцы

11 кастрычніка 2022, 16:2014
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1114
Далучайцеся да нас