Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У барацьбе са злом мастацтва на баку праўды і дабра

У барацьбе са злом мастацтва на баку праўды і дабра

29 верасня 2020, 08:59 Культура 24
У  барацьбе са злом мастацтва на баку праўды і дабра

У  Палацы Мастацтваў з 3 па 17 верасня дэманстравалася вялікая юбілейная выстава Аляксея Марачкіна “Армагедон”. Былы старшыня Рады суполкі “Пагоня” Беларускага саюза мастакоў, лаў-рэат прэміі імя В. Быкава “За свабоду думкі” Алесь Мара стварае надзвычай актуальныя палотны, якія хвалююць гледачоў і выклікаюць эмацыянальнае ўзрушэнне. У экспазіцыі былі прадстаўлены больш за 100 жывапісных і графічных прац выбітнага мастака і дзеяча нацыяльнага Адраджэння.

Сёлета ў сакавіку, калі майстру споўнілася 80-гадоў, Аляксей Антонавіч знаходзіўся на каранціне ў Чарнагорыі. І  толькі цяпер яго сябры, знаёмыя і ўсе, хто ціка-віцца сучасным жывапісам, прыйшлі да выставу, каб убачыць новыя творы і паслухаць аповед пра іх з вуснаў аўтара.

Майстар прадставіў гледачам палотны розных гадоў, на якіх адлюстравана гісторыя нашай краіны, пошукі вызначэння нацыянальнай ідэнтычнасці, нялёгкія шляхі змагання за волю. На выставе дэманструюцца літаратурныя партрэты 80-тых гадоў, такія, як “Алаіза Пашкевіч”, “Максім і Вераніка” (1981), партрэты Алега Бембеля ( Зніча), Міколы Ермало-віча, Зянона Пазняка.

Значнае месца ў творчасці Аляксея Марачкіна займаюць вобразы гістарычных асобаў. Ім прысвечаны цыкл графічных прац “Жыгімонт Стары” (2009), “Януш Радзівіл” (2010), ” Васіль Цяпінскі”, “Казімір Семяновіч”, “Адам Міцкевіч” (2011). Трывогай прасякнуты хвалюючыя працы, прысвечаныя экалагічнай тэматыцы “Планета Палын” ( 1987 г), “Маці Божая ахвяраў Чарнобыля”, “Палеская мадонна” ( 1991) і іншыя.

Жывапісец звяртаўся да вобразаў дарагіх яму асобаў – жонкі Ірыны, аднакурсніка, мастака з трагічным лёсам Анатоля Сухана і іншых. Аўтапартрэт на чырвоным фоне перадае стан натхнення мастака, выражае яго імклівы рух у будучыню. Па-ранейшаму малады душой аўтар напісаў  карціну “Юнацтва”.

Мастацтвазнавец Пётр Васілеўскі даў высокую адзнаку творчасці Алеся Мары і адзначыў, што па працах, прадстаўленых на выставе, можна не толькі прасачыць творчую эвалюцыю аўтара, але і вывучаць гісторыю краіны і фарміраванне беларускай тоеснасці за апошнія 25 гадоў. Сябар мастака з 1989 года Мечыслаў Бурак выступіў на сустрэчы з прамовай, якую падрыхтваваў яшчэ да яго дня народзінаў 30 сакавіка:

– Аляксей Марачкін – прызнаная ў грамадстве асоба жыццёвай сілы волатаўскага кшталту, – адзначыў Мечыслаў Бурак.- Ён валодае талентам мастакоўскага духоўнага мыслення, яго творчасць натхняецца  цывілізацыйнай ідэяй каштоўнасці беларускай нацыі. Аляксей Марачкін належыць да тыпу людзей глыбокай прыроднай маральнасці, тых, у каго  душа, розум і сэрца жывуць у згодзе. Яго беларускі патрыя-тычны дух натхняе! Ён вызначае гістарычную перспектыву развіцця беларускай нацыі.

У Аляксея Марачкіна адважны характар. Божы дар  ён скіраваў на служэнне Айчыне. Чалавеку прыстойнаму нічога не можа быць даражэй за вольнасць. Такія асобы дазваляюць нам духоўна ўзрастаць у нацыянальным усведамленні. Дзякуй, дарагі мастак, за высокую культуру ўзаемадачыненняў, за жыццёвы аптымізм, які сілкуе наша сяброўства!” Іншыя сябры адзначалі, што іх па жыцці прываблівае добразычлівая аўра Аляксея Антонавіча.

Найбольшую цікавасць выклікалі ў гледачоў працы, звязаныя з падзямі апошніх 10 гадоў. На карцінах лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі і стужкі, дзейнічаюць адважныя і рашучыя героі. Гэта “Плошча Каліноўскага” з незабыўнымі светлымі юнакамі (2007), карціна “Сцяна”( 2001) , сведчанне пакутаў за кратамі, “Сённяшнія Ку-рапаты” (2019) з выявай Паўла Севярынца ў атачэнні яго сяброў на варце ў Курапатах, і  адлюстраванне гістарычнага дня перапахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага “Вільня 22 лістапада 2019 года”. Апошняе палатно – своеасаблівы дакумент эпохі, бо на ім захаваны выявы ўдзельнікаў вялікай падзеі. Сярод іх – сам мастак, яго сябры і паплечнікі Мікола Купава, Алесь Пушкін, Уладзімір Някляеў,  даследчык спадчыны К. Каліноўскага гісторык Сяргей Абламейка, а таксама лідар суполкі беларускіх габрэяў у горадзе Ашдод (Ізраіль) Барыс Давід Балтэ.

Працяглы час жывапісец працаваў над партрэтам Яна Паўла II. Пра гісторыю стварэння партрэта распавёў на выставе гісторык Максім Крывіцкі, які ў якасці валанцёра МDE наведваў Італію. Там ён даведаўся пра ліст пантыфіка, накіраваны падрэ Муцыё  Вентрэла, у якім ён выказваў пра свой клопат пра Беларусь і жаданне  наведаць нашу краіну:

– Я вельмі ха-цеў бы ступіць на зямлю, якую я люб-лю. Супольна будуйце ваш сённяшні дзень і вашу будучыню. Не згубіце Беларусь!

Малады гісторык нагадаў мастаку пра гэтыя факты. Аляксей Антонавіч вырашыў прысвяціць карціну святому айцу да 100-годдзя з яго дня нараджэння. На палатне ён спалучыў выявы пляца святога Пятра ў Рыме і краявіды Наваградчыны, партрэт Яна Паўла II і беларускія абразы: Маці Божую Вастрабрамскую і Маці Божую Курапацкую. Аўтарам апошняга абраза з’яўляецца сам Аляксей Марачкін.

Найбольш актуальнае палатно “Армагедон” (2020) адлюстроўвае абвостраную драматычную барацьбу дабра і зла, якая разгарнулася на нашых вачах і доўжыцца па сёняшні дзень. Ланцугу АМАП-а супрацьстаяць не толькі людскія згуртаванні, але і нябесны вершнік на кані. Сродкамі мастацкага гратэску аўтар прыносіць прысуд сілам цемры.

Наведвальнікі выставы адзначылі вя-лікі ўнёсак творцы-патрыёта ў айчынную гістарычна-культурную спадчыну і пацікавіліся: ці існуе персанальны музей мастака? Пад Смалявічамі ў вёсцы Забалацце на сядзібе Таццяны Процькі сабраны працы Аляксея Марачкіна з сацыяльным зместам,  і яшчэ дзесяткі твораў знаходзяцца ў прыватных зборах.

У канцы сустрэчы Аляксей Антонавіч пазнаёміў з малюнкамі розных перыядаў і падараваў некаторыя з іх прыхільнікам яго творчасці.

Эла Дзвінская.

Фота аўтара.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас