• Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Наша Слова штодзень
  • 28 студзеня 2021
  • Пра нас
  • Кантакты
  • Рэкламадаўцу
Наша Слова штодзень
  • Навіны
  • Грамадства
  • Мова
  • ТБМ
  • Культура
  • Навука
  • Выданні
  • Спорт
  • У свеце
  • Відэаслова
Share
You are reading
Шклоўская ратуша – галоўная славутасць горада

Шклоўская ратуша – галоўная славутасць горада

29 верасня 2020, 18:22 Культура, ТБМ 5
Шклоўская ратуша – галоўная славутасць горада

6 лістапада 1999 года ў жыцці шклаўчан адбылася вялікая і радасная падзея. У горадзе ўзамен старой школы была адкрыта новая арыгінальная пабудова. У адзіны ансамбль “упісаны” гістарычны архітэктурны помнік “Ратуша” і сучасная навучальная ўстанова. Зараз ратуша з’яўляецца самым наведваным месцам г. Шклова сярод турыстаў і гасцей горада. Перад сусветным святам Дня турыста (27 верасня) адбылася сустрэча з удзельнікам тых падзей па аднаўленні помніка Аляксандрам Грудзінам.

– Аляксандр Пятровіч, што Вас асабіста звязвае з ратушай у Шклове?

– Асабістым лёсам мне было наканавана атрымаць агульную сярэднюю адукацыю ў школе № 3 горада Шклова. Школьны будынак быў двухпавярховы, цагляны і атынкаваны, пабудаваны яшчэ напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны і здаваўся вельмі вялікім і, безумоўна, непарушным. У пачатку 60-х гадоў 20 стагоддзя гэта была адзіная двухпавярховая школа ў горадзе і самая вялікая па колькасці вучняў. У тыя часы школа выконвала ролю своеасаблівага цэнтра ўсяго дзіцячага жыцця і была месцам не толькі вучобы, а і шматлікіх гульняў і забаў. Кожны дзень, знаходзячыся ў школьным двары, погляд міжвольна сустракаўся з паўразбураным будынкам з вежай, які знаходзіўся побач і меў мясцовую назву “каланча”. Унутраныя пакоі са скляпеннямі, высокая вежа і цагляная муроўка падзямелляў заўсёды вабілі і прыцягвалі. Будынак у асноўным быў нічыйны, таму была магчымасць вольна наведваць яго і па-свойму вывучаць. У дзіцячай свядомасці мроіліся неверагодныя падзеі, якія нібыта тут павінны былі адбывацца ў мінулым. Сярод бітай цэглы і смецця вельмі хацелася “нешта” знайсці і даведацца аб якой-небудзь цікавай падзеі. 

– Але гэта дзіцячыя ўражанні, а што было ў дарослым жыцці?

– Прайшоў пэўны час. Скончыўшы вышэйшую навучальную ўстанову, я зноў вярнуўся ў родны Шклоў. Мясцовая раённая газета “Ударны фронт” у тыя часы шмат увагі ўдзяляла гісторыі Шклоўшчыны, друкуючы матэрыялы Міхаіла Ільюшэнкі, Івана Кулікава, Івана Маісеева і іншых аўтараў. Пазнаёміўшыся бліжэй з гэтымі цікавымі людзьмі, я таксама захапіўся краязнаўствам і паступова далучыўся да гэтай цікавай дзейнасці.

Адным з галоўных аб’ектаў даследчыцкай працы, безумоўна, становіцца “каланча”. Вывучаючы разнастайную літаратуру, я даведаўся, што знаёмае з дзяцінства паўразбуранае збудаванне з вежай нішто іншае, як помнік архітэктуры, былы будынак гарадской ратушы, пабудаваны яшчэ ў 18 стагоддзі. 

Адшукваючы новыя звесткі пра будынкі гарадскіх ратуш, я спазнаў, што на Беларусі  16-18 стагоддзі характарызуюцца росквітам гарадоў, насельніцтва якіх імкнулася да своеасаблівай вольнасці і самабытнасці. Адпаведных мэт жыхары тагачаснага горада маглі дасягнуць праз атрыманне Магдэбургскага права. Уражвала, што правінцыяльны невялікі горад – і раптам збудаванне, якое мае найцікавейшую гістарычную і культурную каштоўнасць. Унутраная свядомасць напачатку напоўнілася своеасаблівай асалодай, а потым і пачуццём гонару за свой родны кут. Гонар мясцовага жыхара цешыўся і тым, што падобных помнікаў на Беларусі засталіся адзінкі.

– Надышоў перабудовачны час. Якія падзеі адбываліся ў Шклове ў дачыненні да ратушы?

– Трэба сказаць, што мясцовая каштоўнасць з гістарынага пункту погляду знаходзілася ў занядбаным стане. Першы паверх і невялікую заходнюю частку былых гандлёвых радоў займалі пажарнікі, потым у гэтых памяшканнях гаспадарылі прадпрыемства Гаргаз і школа № 3. Але тое, што будынак яшчэ некаму быў патрэбны, захавала яго ад канчатковага разбурэння. А сярод неабыякавых людзей яшчэ на пачатку 1980-х гадоў узнікае і пачынае лунаць ідэя адраджэння помніка, якая ўсё мацней бударажыць і мяне асабіста. Добра памятаю сваё выступленне на ІІІ раённай справаздачна-выбарчай канферэнцыі Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў верасні 1981 года. Крыху блытана і з хваляваннем я выказаў заклапочанасць аб гаротным стане будынка ратушы і заклікаў дэлегатаў прыняць неадкладныя меры па захаванні помніка.

У тыя часы вялікі грамадскі рэзананс мела друкаванае слова. Ар-тыкулы пра ратушу ў Шклове рэгулярна пачынаюць з’яўляцца ў раённай і абласной газетах, а 14 ліпеня 1982 года мой невялікі артыкул пад назвай “Возродится ли красота?” друкуе га-зета “Знамя юности”.

Падтрымка мясцовай заклапочанасці рэспубліканскім выданнем надае ідэі аднаўлення помніка дадатковы станоўчы штуршок. Паведамленні ў друку не спыняюцца. Вядомасць Шклоўскай ратушы ўзрастае як і пашыраецца кола саміх аўтараў. У друку выступаюць Сяргей Пікас, Іван Кулікоў і іншыя. Усяго, пачынаючы з 1981 года, пра шклоўскую славутасць распавядаецца ў 37 артыкулах і паведамленнях.  Адначасова, каб зрушыць справу, робіцца некалькі дадатковых захадаў. Група найбольш актыўных гараджан накіроўвае пісьмы ў Прэзідыум Вярхоўнага Савета і Савет Міністраў БССР з просьбай аказаць падтрымку і дапамогу ў вырашэнні пытання рэстаўрацыі помніка ў Шклове. Неўзабаве прыйшоў адказ ад Старшыні Савета Міністраў Вячаслава Кебіча, у якім паведамлялася, што пісьмо прынята і ўзята на кантроль.

– Але гэта была пазіцыя краязнаўцаў-адзіночак. Ці рэагавала на падзеі вакол ратушы нейкім чынам грамадскасць?

– На VI раённай канферэнцыі таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, якая адбылася ў сакавіку 1986 года, дэлегаты прынялі зварот да насельніцтва горада і раёна з мэтай збору добраахвотных грашовых сродкаў на рэстаўрацыю ратушы на спецыяльна адкрыты банкаўскі рахунак. Да снежня адпаведнага года грашовыя сродкі паступілі ад супрацоўнікаў райкама КПБ – 270 рублёў, міжгаспадарчага вучэбнага камбіната і райаграпрамтэхнікі – па 100 рублёў, прэзідыума раённага аддзялення Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры – 60 рублёў, фабрыкі “Спартак” і аддзела народнай адукацыі адпаведна – 46 і 30 рублёў, дзіцячых садоў №№ 1, 2, 4 – адпаведна 14 рублёў, 26 рублёў, 17 рублёў. Сярод асобных грамадзян найбольшую суму ўнёс святар Спаса-Прэабражэнскай царквы айцец Валянцін Цвікевіч – 50 рублёў

– А якія канкрэтныя дзеянні разгарнулісь каля будынку ратушы?

– Першыя зрухі непасрэдна на помніку пачынаюцца ў 1988 годзе. Упершыню за пасляваенны перыяд на будынку з’яўляюцца рабочыя і над збудаваннем з’яўляецца часовы дах. Праз два гады пачынаецца ачышчэнне падзямелляў ад смецця, якое назапашвалася тут некалькі дзесяцігоддзяў. Першапачаткова на будынку працуе студэнцкі атрад “Брама” з Белдзяржуніверсітэта, а 5 жніўня 1990 года па ініцыятыве створанага ў Шклове грамадска-палітычнага клуба быў праведзены працоўны нядзельнік. Разам з аўтарам на нядзельніку працавалі Ўладзімір Снегаў, Аляксандр Шчарбак, Іван Кірыленка, Барыс Стральцоў, Сяргей Старасцін і некаторыя іншыя гараджане. Разам з усімі рупіўся на нядзельніку тагачасны дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, дырэктар саўгаса “Гарадзец” Аляксандр Лука-шэнка. Прыйшоў на нядзельнік падтрымаць працоўных і Іван Віктаравіч Кулікаў, якому на той момант ужо было амаль 80 гадоў. 

Дзякуючы агульным намаганням і сапраўднаму энтузіязму ўдалося выканаць шэраг падрыхтоўчых работ да пачатку рэстаўрацыі помніка. Здавалася, што лёс ратушы будзе хутка вырашаны: на будынку з’явіліся рабочыя, аб’ект быў абнесены агароджай, зроблены падмурак, пачалі кладку сцен гандлёвых радоў. Аднак у кастрычніку 1993 года работы прыпыніліся. Верагодней за усё, па прычыне адсутнасці адпаведных фінансавых сродкаў. 

– Але ж зараз мы бачым ратушу, як вельмі прывабнае збудаванне.

– Ішоў час. Пра Шклоўскую ратушу нібыта забылі. Успомнілі, калі шукалі пляцоўку пад будаўніцтва новай школы –  менавіта тады і ўзнікла думка спалучыць будаўніцтва школы з рэстаўрацыяй будынка ратушы. З улікам аднаўлення архітэктурнага помніка і быў распрацаваны праект новай установы адукацыі.

Будаўніцтва пачалося ў 1998 годзе. На новабудоўлі гаспадарылі будаўнікі трэста № 18 горада Оршы. Старшы прараб Анатоль Ліпінскі ўспамінаў, што за 26 гадоў працы на будаўнічых пляцоўках такі складаны аб’ект у яго жыцці першы.

У другой палове траўня 1999 года на будынку ратушы была выканана адна з самых адказных аперацый – пад’ём і ўстаноўка на вежу ратушы купалападобнага даху, на шпілі якога быў размешчаны флюгер. Выява флюгера адлюстроўвае герб Шклова з лічбамі 1762 год. Герб і дата пацвярджае Магдэбургскае права горада і надае яму адпаведны статус.

– Якую ролю ў жыцці горада зараз адыгрывае ратуша?

– Як некалі і марылася, непасрэдна ў будынку былой ратушы быў створаны і працуе школьны гістарычна-краязнаўчы музей. Статус некалі роднай школы ўзвысіўся да гарадской гімназіі. Ратуша стала прываблівым аб’ектам турызму, дарэчы, абавязкова яе наведваюць ўсе вучні не толькі Шклоўскага, але і суседніх  раёнаў вобласці. Усё гэта вельмі радуе і цешыць думкі.  Шлях, які прайшоў будынак, ад паўразбуранай “каланчы” да прыгожага архітэктурнага ансамбля, натхняўся самымі рознымі людзьмі. Непасрэдна, або ўскосна, яны рупіліся над адраджэннем гэтага цудоўнага помніка. Многія з іх ужо адыйшлі ў іншы свет. Але галоўнае, што справы не былі дарэмныя А ў нацыянальнай гістарычна-культурнай спадчыне Беларусі захоўваецца найцікавейшы аб’ект, які па-ранейшаму надае годнасць нашаму народу.

– І апошняе пытанне. Як на Ваш погляд, ці выкарыстоўваецца галоўны гістарычна-архітэктурны брэнд Шклова ў турыстычным плане на поўную магчымасць?

– Лічу, што ў гэтым накірунку ўладам і грамадскасці неабходна больш працаваць, і найцікавейшы помнік будзе прыносіць нашаму го-раду дадатковыя дывідэнты як ў турыстычным, так і ў гістарычна-выхаваўчым накірунку. У свой час грамадзянская  ініцыятыва “Шклоўскі магістрат”, якая створана ў нашым горадзе, прапанавала наступныя на-кірункі дадатковага выкарыстання славутага шклоўскага брэнда:

  1. З мэтай вывучэння існых напрацовак у выкарыстанні будынкаў былых гарадскіх ратуш стварыць працоўную групу, якая павінна збіраць адпаведныя звесткі як на Беларусі, так і ў суседніх дзяржавах з аднолькавай гістарычнай спадчынай. Набытая інфармацыя павінна перыядычна абмяркоўвацца і найбольш карысныя і цікавыя напрацоўкі павінны выкарыстоўвацца ў Шклове.
  2. Надаць адной з вуліц горада назву “Магдэбургская”.
  3. Злучыць існы будынак ратушы з найбольш яскравай гістарычнай спадчынай Шклова – славутым шляхетным вучылішчам Сямёна Зорыча, або, больш дакладна, стварыць на базе існай у Шклове гімназіі кадэтскае вучылішча (або філіял). У адукацыйна-выхаваўчым накірунку Шклова і ўвогуле Беларусі Шклоўскае шляхетнае вучылішча, створанае ў 1778 годзе, мае найцікавейшую гістарычную спадчыну.
  4. Прапанаваць турыстычным арганізацыям стварыць адмысловы маршрут у Шклоў з наведваннем будынка ратушы.
  5. У сучасны момант музей гімназіі, які находзіцца непасрэдна ў будынку ратушы, мае абмежаваную даступнасць. Неабходна павысіць статус музея, да філіяла раённага гістарычна-краязнаўчага музея, што паспрыяе большаму наведванню турыстамі будынка ратушы.

– Дзякуй вялікі за цікавы росповед.

Петр Мігурскі, 

намеснік старшыні

Шклоўскай раённай арганізацыі ТБМ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца
ТБМ

У Шклове ўзгадалі Леаніда Анціпенку - журналіста, літаратара, краязнаўца

11 лютага 2020, 23:4218
“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ
Мова

“МОВА НАНОВА” Ў НЯСВІЖЫ

4 лютага 2020, 09:0616
Свята Дня Незалежнасці
Грамадства

Свята Дня Незалежнасці

18 жніўня 2019, 21:5216
Урок любові да гісторыі роднага краю
ТБМ

Урок любові да гісторыі роднага краю

23 снежня 2020, 23:2916
Далучайцеся да нас